Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ва́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Прымаць паважны выгляд; фанабэрыцца.

ва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.

2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.

3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.

4. у знач. наз. ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.

ва́жысты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і вагавіты.

ва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

1. Вызначаць сваю вагу шляхам узважвання.

2. Разм. Праяўляць жаданне, намервацца зрабіць што‑н. Былі моманты, калі Саўка важыўся вярнуцца назад, каб расказаць Цімоху ўсю праўду. Колас.

3. Абл. Адважвацца, асмельвацца. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі.

4. Зал. да важыць (у 1 знач.).

ва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каго-што. Вызначаць вагу; узважваць. Там.. [Толя] моўчкі важыў мяхі, браў мерку, высыпаў збожжа ў скрыню, рабіў запісы ў кнізе. Брыль.

2. Мець пэўную вагу. Важыў.. [зубр] больш за тысячу кілаграмаў, але быў, нягледзячы на сваю масіўнасць, вельмі шпаркі і спрытны ў руху. В. Вольскі.

3. Абл. Наважвацца, намервацца. Глядзіць — прывезлі тры цыстэрны, Шэсць грузавых, відаць, снарады. Што важыць вораг крыважэрны? Колас.

ва́за, ‑ы, ж.

Пасудзіна для кветак, садавіны і пад. або проста дэкаратыўнага прызначэння. У вазе крыштальнай — Адкуль узяліся зімою? — Цудоўныя ружы. Тарас. [Вера] пасцірала пыл, з шафы падаставала ўсялякія рэчы, якія ўпрыгожвалі калісьці гэтую ўтульную кватэру: сурвэткі, вазы, статуэткі. Мікуліч.

[Фр. vase.]

ваза́к, ‑а, м.

Той, хто перавозіць грузы на конях. [Лейтэнант Камар] памкнуўся быў прыпыніць вазака, які заварочваў каня, але, кінуўшы вокам на груз.., махнуў рукою. Лынькоў.

вазго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Спец. Непасрэдны пераход рэчыва пры награванні з цвёрдага ў газападобны стан (мінаючы вадкую фазу); сублімацыя.

вазелі́н, ‑у, м.

Мазь, якую атрымліваюць з нафты (ужываецца ў тэхніцы і медыцыне). Борны вазелін. Тэхнічны вазелін.

[Фр. vaseline.]

вазелі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вазеліну. Вазелінавае масла. // Які змяшчае ў сабе вазелін. Вазелінавае мыла.