Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бясха́тнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто не мае хаты. У Скіп’ёўскім Пераброддзі аселі і забудаваліся пасля восені дзевяцьсот семнаццатага года тутэйшыя беззямельцы і бясхатнікі. Чорны.

бясхво́сты, ‑ая, ‑ае.

Які не мае хваста; куртаты. Бясхвосты кот, певень.

бясхі́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бясхібнага; адсутнасць хібаў, памылак. Бясхібнасць поглядаў. Бясхібнасць вывадаў.

бясхі́бны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае недахопаў, якому неўласцівы хібы. Бясхібныя доказы. Бясхібнае пачуццё.

бясхле́б’е, ‑я, н.

Разм. Тое, што і бясхлебіца. Цяжка было.. [Акіліне] з дачкою выкідацца з бясхлеб’я, з холаду. Вітка.

бясхле́біца, ‑ы, ж.

Адсутнасць, нястача хлеба. З любоўю прыбяры, [хлебароб], усё да каліўца, абмалаці да зярнятка! Каб поўным-поўным былі засекі ў краіне. Каб не зналі, не чулі ў нас пра бясхлебіцу. Хадкевіч.

бясхле́бны, ‑ая, ‑ае.

Для якога характэрны адсутнасць, нястача хлеба. У цяжкія бясхлебныя гады прадала.. [гаспадыня] дом і пераехала ў Ташкент. Васілевіч.

бясхма́р’е, ‑я, н.

Адсутнасць хмар; чыстае неба. Добры жаўранак бясхмар’е Прывітаў Лірычнай гамай І пазваў на неба сонца З-за лясоў, З-за небакраю... Карызна. // перан. Нічым не засмучанае жыццё. Жартавалі іншыя замнога, Што ў бясхмар’і човен наш плыве, Што, нібы за пазухай у бога, Пакаленне юнае жыве. Калачынскі.

бясхма́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бясхмарнага.

бясхма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Без хмар; ясны. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Чорны. Кветкі даверліва пазіралі ў бясхмарны блакіт неба. Марціновіч.

2. перан. Нічым не засмучаны; шчаслівы. Мне ішоў васемнаццаты год. Такі ўзрост, калі ўсё наперадзе здаецца светлым, бясхмарным, шчаслівым, калі ў душы жыве вера на будучае, калі, здаецца, на свеце няма такіх вышынь, якіх ты не можаш узяць. Чарнышэвіч.