фо́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Шкляныя дзверцы ў акне для праветрывання памяшкання. [Сідараў] пашукаў у кішэнях, дастаў некалькі зярнятак. Адчыніў фортку і высыпаў іх на падаконнік. Хомчанка. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык. // Акенца ў дзвярах, сцяне (для назірання і пад.). А з вокнаў адзіночак сочаць вязні і чакаюць: загрыміць ці не загрыміць фортка ў дзвярах іх камеры. Машара.
2. Невялікія дзверы ў варотах, агароджы; веснічкі. Ліпка стаяла ў адчыненай фортцы зялёнага плота і глядзела туды, за шашу. Брыль. Зайшоў [дзед] праз фортку на двор і сам адчыніў браму. Якімовіч. // перан. Выхад з якога‑н. становішча; магчымасць зрабіць што‑н. У апошніх словах Грушкі для.. [мужчын] адкрылася фортка, каб выступіць канчаткова з патрабаваннем зацвердзіць план. Пестрак.
3. Створка дзвярэй, варот, акон і пад. Клямка ціха бразнула, і дзве цяжкія форткі варот павольна расхінуліся. Крапіва. [Адам] саскроб рыдлёўкай закарэлую гразь на ганку, з-за якой не магла на ўсю шырыню адчыняцца фортка дзвярэй. Чорны.
4. Разм. Акно (у 3 знач.). Пасля першага ўрока ў Святланы Мікалаеўны была «фортка». Шахавец.
[Польск. furta, furtka — брамка, веснічкі.]
фо́ртэ,
Спец.
1. прысл. Моцна, громка, на поўную сілу гуку (пра музычнае, вакальнае выкананне); проціл. піяна.
2. нескл., н. Месца ў музычным творы, якое выконваецца такім чынам, а таксама само такое выкананне.
[Іт. forte.]
фо́ртэль, ‑ю, м.
Разм. Выхадка, выбрык. Нямала непрыемнасцей [у сына] і ў школе: То сябрука штурхне, То спозніцца ў клас, То двойка запаўзе ў дзённік іншы раз, — Не абыходзіцца без фортэляў ніколі. Корбан.
[Польск. fortel.]
фо́рум, ‑а і ‑у. м.
1. ‑а. У Старажытным Рыме — плошча, рынак, дзе збіраўся народ, адбываліся сходы, суды і пад. // ‑у. Народны сход, суд на гэтай плошчы. Гувернёр стаяў .. у позе Гракха на форуме: рука выцягнута дагары далонню, вялікі палец адстаўлен убок. Караткевіч.
2. ‑а; перан.; каго-чаго або які. Месца вялікіх сходаў, грамадскіх выступленняў, чыёй‑н. дзейнасці.
3. ‑у. Шырокі прадстаўнічы сход, з’езд. Сусветны форум моладзі. □ Па вялікіх пісьменніцкіх форумах у Маскве нацыянальныя літаратуры выступаюць як роўныя, аднолькава правамоцныя ў вырашэнні творчых праблем. Гіст. бел. сав. літ. / у перан. ужыв. Сёння птушак, Гоман бору, Далячынь зямлі вялікай На ўрачысты майскі форум Небасхіл вясны паклікаў. Матэвушаў. І там, дзе над грэчкаю белай Пчолы сабралі свой форум, Неба, як шкло, зазвінела — Лайнер шугнуў метэорам. Непачаловіч.
[Лац. forum.]
фо́рынт, ‑а, М ‑нце, м.
Грашовая адзінка Венгерскай Народнай Рэспублікі.
[Венг. forint.]
фо́сфар, ‑у, м.
Хімічны элемент, які адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывёл і раслін, існуе ў трох разнавіднасцях. Белы фосфар. Чырвоны фосфар. Чорны фосфар. // Разнавіднасць гэтага элемента — воскападобнае самаўзгаральнае, вельмі ядавітае рэчыва, якое свеціцца ў цемнаце. / у перан. ужыв. Выскачыў з бярлогі сумны воўк, Ад голаду сухі, бы корч, І пырснуў фосфарам вачэй. Бядуля.
фосфарабактэры́н, ‑у, м.
Бактэрыяльнае ўгнаенне, якое ўтрымлівае споры бактэрый, здольных пераводзіць арганічныя фосфарныя злучэнні глебы ў даступныя для раслін формы.
фосфарнакі́слы, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сабе фосфарную кіслату; утвораны з фосфарнай кіслаты. Фосфарнакіслыя ўгнаенні. Фосфарнакіслыя солі.
фо́сфарны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фосфару, уласцівы яму. Фосфарны пах. // Які мае ў сваім саставе фосфар. Фосфарныя солі. □ Звеннявая вырашыла правесці дадатковую падкормку пасеваў фосфарнымі і калійнымі ўгнаеннямі. «Звязда». // Зроблены з выкарыстаннем фосфару; пакрыты фосфарам. Фосфарныя запалкі. □ Мы з Тарлецкім маўчым. Можа і лепш, каб фосфарныя шарыкі падкінуць у вагон. Навуменка.
2. Які свеціцца падобна фосфару мігатлівым блакітным святлом. Фосфарнае святло месяца.
фо́сфарысты, ‑ая, ‑ае.
1. Які змяшчае ў сабе фосфар, злучаны з фосфарам. Фосфарыстая кіслага.
2. Тое, што і фосфарны (у 2 знач.).