Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бюрэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Трубка з дзяленнямі для адмервання пэўнай колькасці вадкасці.

[Ад фр. burette.]

бюст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Скульптура верхняй часткі чалавечага цела (да грудзей або да пояса). Граф.. паглядаў.. на свой бронзавы бюст, што стаяў на падстаўцы з чорнага дубу мастацкай разьбы. Бядуля. З беларускага фарфору зроблены бюст і статуэткі Суворава, Багдана Хмяльніцкага, Міцкевіча. «Беларусь».

2. Жаночыя грудзі. Назаўтра раніцаю каля калонкі я сустрэў жанчыну гадоў пад пяцьдзесят, але на дзіва маладжавую, са стройныя станам, па-маладому прыўзнятымі плячамі, моцным бюстам. Дуброўскі.

бю́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бюста (у 1 знач.). Бюставая падстаўка.

бюстга́льтар, ‑а, м.

Жаночы ліфчык для падтрымання бюста; станік.

[Ням. Büstenhalter.]

бяга́, ‑і, ДМ бязе, ж.

Разм. Тое, што і бег. — Дзе гэта ты [Аўдолька] была? — задыхаўшыся ад бягі, запытала Зося. Крапіва.

бягля́к, бегляка, м.

Разм. Уцякач. Беглякі прыслухоўваліся да гэтых галасоў [партызан] і на бягу паварочвалі ў засценак. Якімовіч.

бягля́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да бягляк.

бяго́м, прысл.

Хутка пераступаючы нагамі, у тэмпе бегу, не шагам. — Я іду, паненка! Я ўжо бягу! — адказаў Казік і прыпусціўся бягом. Чарнышэвіч. [Арцём:] — Ну, тут дзеўка бягом да начальніка. Здзівіла яго, што зноў з’явілася. Ракітны.

•••

Бягом бегчы — вельмі хутка, падбягаючы, ісці.

бяго́ніевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бягоніі. Бягоніевы ліст.

2. у знач. наз. бяго́ніевыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога належыць бягонія.

бяго́нія, ‑і, ж.

Дэкаратыўная, трапічная і субтрапічная расліна сямейства бягоніевых з прыгожым пярэстым лісцем.

[Ад уласнага імя.]