Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фонаграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак. і незак., што.

Спец. Запісаць (запісваць) на фанаграму. Фонаграфаваць песню.

фонакардыягра́ма, ‑ы, ж.

Графічная рэгістрацыя гукавых з’яў, выкліканых дзейнасцю сэрца.

фонакардыягра́фія, ‑і, ж.

Метад даследавання сардэчна-сасудзістай сістэмы, які заключаецца ў графічнай рэгістрацыі гукавых з’яў, выкліканых дзейнасцю сэрца.

фонд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Грашовыя сродкі або матэрыяльныя каштоўнасці дзяржавы, прадпрыемства, якія выкарыстоўваюцца для розных мэт. Фонд заработнай платы. □ [Далодка:] — Трэба будаваць сваю гідрастанцыю. Будаваць — трэба мець фонд, ці залезці ў крэдыт. Грамовіч. Высокія даходы дазваляюць рассветаўцам штогод адлічваць вялікія сумы на папаўненне непадзельнага фонду. Данілевіч. // Рэсурсы, запасы, рэзервы чаго‑н. Насенны фонд. Зямельны фонд. Жыллёвы фонд. Асноўны слоўнікавы фонд мовы. □ Што такое трус? Сена не патрабуе, зімуе і летуе без усякіх там збожжавых фондаў. Ракітны. Кантора не мела ўласнага падменнага фонду, і жыхары, перацягнуўшы ўсе рэчы ў калідор ці кухню, сяк-так масціліся, пакуль у кватэры ішоў рамонт. Даніленка. // Сховішча рукапісаў, гістарычных дакументаў, старадрукаў і пад. Рукапісны фонд. Архіўныя фонды. // толькі адз.; чаго або які. Грашовыя сродкі, якія накопліваюцца шляхам збору на карысць каго‑, чаго‑н. Фонд міру. □ Яшчэ ў пачатку работ па аднаўленню горада быў арганізаваны грамадскі фонд, у які добраахвотна ўнеслі свае ўзносы тысячы рабочых, служачых, сялян. «Беларусь».

2. толькі мн. (фо́нды, ‑аў). У капіталістычных краінах — каштоўныя паперы, якія даюць прыбытак у выглядзе вызначанага працэнта. Банкаўскія фонды. Зніжэнне фондаў на біржы.

3. з азначэннем. Арганізацыя для аказання матэрыяльнай дапамогі творчым работнікам (пісьменнікам, мастакам і інш.). Літаратурны фонд СССР. Мастацкі фонд СССР.

•••

Залаты фонд (запас) — дзяржаўны фонд золата ў злітках і манетах, які захоўваецца ў цэнтральным эмісійным банку або казначэйстве краіны.

Фонд накаплення — частка нацыянальнага даходу сацыялістычнай дзяржавы, што ідзе на расшырэнне вытворчасці, стварэнне рэзерваў, а таксама для павелічэння матэрыяльных запасаў невытворчай сферы.

Фонд спажывання — частка нацыянальнага даходу сацыялістычнай дзяржавы, прызначаная на задавальненне індывідуальных і грамадскіх патрэб у прадметах ужытку і паслугах.

[Фр. fonds.]

фондаадда́ча, ‑ы, ж.

Выпуск прадукцыі на адзінку вартасці вытворчых асноўных фондаў (асноўнага капіталу).

фо́ндавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фонду (у 1 знач.); які складае фонд, рэзерв. Фондавыя землі. □ На будоўлі ідзе лес фондавы, нарыхтаваны яшчэ зімой. Корбан.

2. Які мае адносіны да фондаў (у 2 знач.); звязаны з купляй-продажам фондаў. Фондавая біржа. Фондавы капітал.

фондаёмістасць, ‑і, ж.

Вартасць вытворчых асноўных фондаў (асноўнага капіталу) на адзінку прадукцыі.

фондаёмісты, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фондаёмістасці.

фо́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Спец. Гукавая арганізацыя паэтычнай мовы (гукавая інструментоўка, эўфанія); наогул — гукавы бок мовы.

[Ад грэч. phōnē — гук.]

фон-баро́н, ‑а, м.

Разм. іран. Фанабэрысты, пагардлівы чалавек.