бунта́р, ‑а, м.
Удзельнік бунту 1. Калі Радзівіл акрыяў, дык загадаў працаваць усе лясы аколіцы, каб знайсці бунтара Саўку Траяна. Гурскі. // Той, хто пратэстуе супраць чаго‑н., хто заклікае да рашучых дзеянняў, да перавароту ў чым‑н. [Абаронца:] — Паводка ўваходзіла ў берагі, і бунтары канчалі універсітэт, наступалі на дзяржаўную службу, рабіліся стараннымі чыноўнікамі і дзеячамі ў розных галінах жыцця. Колас.
бунта́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да бунтар.
бунта́рны, ‑ая, ‑ае.
Прасякнуты бунтарскім духам. Тут спатыкаў, казалі людзі, бунтарных хлопцаў ён [Янка] падчас. Машара. У юнацтве ж Мікола быў куды больш бунтарнай натурай, чым Цішка. Навуменка.
бунта́рскі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы бунтару. Бунтарскія настроі. Бунтарскі дух.
бунта́рства, ‑а, н.
Рэзкае абурэнне, пратэст, якія суправаджаюцца непакорнасцю. Казку дзіўную чуў у юнацтве: Нейкі волат, ці то чарадзей, Стагоддзі правёў у бунтарстве, Каб аздобіць шчасцем людзей. Чарот.
бунтаўшчы́к, ‑а. м.
Удзельнік бунту 1, бунтар. [Казацкі афіцэр:] — Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць? Колас.
бунтаўшчы́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бунтаўшчыка.
бунто́ўны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які па-бунтарску настроены, схільны да бунту. Бунтоўны чалавек.
2. Неспакойны, трывожны. [Дзяўчыне] і самой захацелася раптам сустрэць і пакахаць бунтоўнае, мяцежнае сэрца. Мехаў. І ў дні блакітна-роўныя, Калі гудуць станкі, Яшчэ жывуць бунтоўныя У сэрцы аганькі! Лявонны.
3. Які заклікае да бунту. Ёсць такое жаданне: калі загрыміць Непадкупнай расправы бунтоўная песня, Каб вы так жа ўпарта, як некалі мы, Роўны сонцу штандар рэвалюцыі неслі. Глебка.
бунчу́к, ‑а, м.
1. Дрэўка з шарам і конскім хвастом наверсе як знак улады ўкраінскіх і польскіх гетманаў, казацкіх атаманаў, турэцкіх пашэй.
2. Шумавы музычны інструмент у некаторых ваенных аркестрах, упрыгожаны конскім хвастом.