Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бры́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Выказваць, адчуваць агіду да каго‑, чаго‑н. адмоўнага, брыдкага; гадзіцца. [Арлоўскі:] — Не даваць ніякага спуску парушальнікам! Цягнуць іх на сход, на суд грамадскі! І сарамаціць так, каб парушальнік брыдзіўся самога сябе за свой учынак! Паслядовіч.

2. Тое, што і брудзіцца.

3. Зал. да брыдзіць.

бры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што і без дап.

1. Рабіць брыдкім, непрыгожым. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста. Караткевіч.

2. Тое, што і брудзіць (у 1 знач.). — Дык што гэта вы, таварыш старшыня, — ледзь не пакрыўдзіўся Валодзька. — Будзем мы рукі брыдзіць такім дабром. Брыль.

•••

Брыдзіць светам — хітраваць, круціць, баламуціць.

бры́дка,

1. Прысл. да брыдкі.

2. безас. у знач. вык. Сорамна, непрыемна, агідна. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца. Якімовіч.

брыдкасло́ў, ‑слова, м.

Чалавек, які любіць ужываць брыдкія, нецэнзурныя словы. Зеляноў не выпрабоўваў, ён не шэф жандараў, ён проста зневажальнік, патаемны брыдкаслоў і аматар адвесці душу. Караткевіч.

брыдкасло́ўе, ‑я, н.

Брыдкія, непрыстойныя словы, выразы; лаянка. Гультайства, брыдкаслоўе, п’янства — усё гэта трапляла ў поле зроку сатырыка. Бугаёў.

бры́дкасць, ‑і. ж.

Уласцівасць брыдкага. З-за пуні прагучаў прарэзлівы свіст, а за ім паляцелі ліпкія сваёй брыдкасцю абразлівыя словы... Галавач. // Нізкі, подлы, ганебны ўчынак. Другі, каб у дастатку жыць. Гатовы брыдкасць хоць каму зрабіць. Корбан.

бры́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Непрыгожы з выгляду, гадкі. [Тапурыя:] — Асілкам..[селянін] не быў, але да работы быў здатным і з твару быў не брыдкі. Самуйлёнак. // Непрыемны, дрэнны. Брыдкі настрой. Брыдкі характар. □ Няўжо яшчэ працягваецца той брыдкі сон! Чарнышэвіч.

2. Паганы, ганебны, благі. Брыдкія паводзіны. □ Алімпе не хапала яшчэ таго, каб родная маці яе стала завадатаркай брыдкіх спраў. Сабаленка. Перад.. [Юркам] было сорамна, і сам сабе Цімка здаваўся брыдкім. Карпаў. // Непрыстойны, брудны, пахабны. Пайшлі па вёсцы пра Зосю брыдкія плёткі. Крапіва.

брыдо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.

1. Тое, што выклікае агіду; брыда (у 1 знач.). [Міхал:] — Дык так, Антось, пераязджаем, Апошні час тут дажываем. — Куды? — ў Парэчча, у балота?.. Бадай ты спрахла! от брыдота! Цягніся зноў, а глуш такая! — Антось Парэчча праклінае. Колас.

2. Непрыстойнасць, паскудства; брыдкі ўчынак. [Галя:] — А здараецца, якая п’яная ляпа яшчэ і прыстае да цябе з усякімі брыдотамі. Лынькоў.

3. Брыда (у 2 знач.). — Пайшоў вон, брыдота! — крычала маці. Ваданосаў.

брыдо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да брыдоты. Брыдотны выпадак.

брыдчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Траціць прыгажосць, станавіцца брыдкім; проціл. прыгажэць.