ве́яцца, веецца; незак.
Зал. да веяць (у 1 знач.).
ве́яць, вею, вееш, вее; незак.
1. што. Ачышчаць збожжа ад мякіны веялкай. Бацька [сына] за вароты вывеў, махнуў рукою і пайшоў збожжа веяць. Каваль.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць (пераважна пра слабы вецер). У голым полі веяў халаднаваты ветрык. Гарэцкі. Вее ў твар Цёплы вецер вясны. Звонак. // Віхрыцца, круціць. Зіма, на дварэ мяцеліца вее, Халодныя песні заводзіць віхор. Купала.
3. пераважна безас., чым. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, паху і пад.). На дварэ зусім сцямнела. Цёплай вільгаццю веяла ад ракі. Чарнышэвіч. Зноў над роднаю зямлёю Вее водарам хмельным, вясновым. Гілевіч. // перан.; безас. Распаўсюджвацца, перадавацца. Ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч.
вёрстка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вярстаць.
2. Звярстаны набор; адбітак звярстанага набору. Чытаць вёрстку.
вёрткі, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны да хуткіх і спрытных рухаў. Каля става ў празрыстай вадзе мігцелі вёрткія плоткі. Броўка. Сівы па старасці год, Далодка быў яшчэ вёрткім чалавекам.. і не пераставаў цікавіцца ўсім, што адбывалася навокал. Грамовіч.
2. перан. Разм. Які хутка знаходзіць выхад з цяжкага становішча; пранырлівы. [Дзяжэвіч:] — Я чалавек вёрткі: ты мяне пад лёд, а я адтуль з рыбкай у руцэ. Асіпенка.
вёсачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да вёска (у 1 знач.); невялікая вёска. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас.
вёска, ‑і, ДМ вёсцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Сельскае паселішча. Палеская вёска. □ Вёска, дзе была.. школа, спадабалася мне — невялікая, з адной толькі вуліцай, і ўся нібы замаскіраваная ў зеляніне. Кавалёў.
2. Сельская мясцовасць. Паехаў працаваць на вёску. // Жыхары вёскі; сялянства, вясковае насельніцтва. [Мужык:] — [Хлопчык] як пачне іграць на дудачцы, дык уся вёска збягаецца слухаць. Якімовіч. З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ўдарная. Крапіва.
вёславы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да вясла 1; з вёсламі.
вібра́тар, ‑а, м.
Прылада, прыстасаванне для ўтварэння рытмічных хістанняў.