Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фрукто́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фрукта, фруктаў (у 1 знач.); уласцівы фрукту. Фруктовы сезон. Фруктовы пах. // Прызначаны для гандлю фруктамі. Фруктовы магазін.

2. Які дае фрукты, з фруктамі. Фруктовыя дрэвы. // Які складаецца з дрэў або кустоў, што даюць плады. Фруктовы сад.

3. Прыгатаваны з фруктаў. Фруктовае марожанае. □ На століках — фруктовая вада, яблыкі ў вазах, цукеркі. Савіцкі. А яшчэ ўсіх пачаставала [маці] цукеркамі-падушачкамі з фруктовай начынкай, якія вельмі любіла Васілінка. Ус.

фрукто́за, ‑ы, ж.

Вуглявод, які маецца ў пладах, мёдзе і пад., выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці і медыцыне.

[Ад лац. fructus — плод.]

фрыво́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць фрывольнага. Фрывольнасць паводзін.

2. Фрывольны выраз, слова. Гаварыць фрывольнасці.

фрыво́льны, ‑ая, ‑ае.

Не зусім прыстойны, брыдкі. Фрывольныя размовы. □ І зусім ужо дружна рагаталі [слухачы], калі адзін з князёў пачаў даволі бегла чытаць, замест прамовы, нейкае прыватнае інтымнае пісьмо, даволі фрывольнага зместу. Лынькоў.

фрыга́на, ‑ы, ж.

Нізкарослая расліннасць з калючых хмызнякоў і шматгадовых траў, распаўсюджаная ў краінах Міжземнамор’я.

[Ад грэч. phryganon — хвораст.]

фрыгі́ец,

гл. фрыгійцы.

фрыгі́йка,

гл. фрыгійцы.

фрыгі́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фрыгійцаў. [Тульба:] — Зараз прыйшла на памяць адна байка Эзопа, таго фрыгійскага раба, якога потым перапявалі ўсе байкапісцы свету. Радкевіч.

2. Такі, як у фрыгійцаў. Фрыгійскі каўпак.

фрыгі́йцы, ‑аў; адз. фрыгіец, ‑гійца, м.; фрыгійка, ‑і, ДМ ‑гійцы; мн. фрыгійкі, ‑гіек; ж.

Малаазіяцкая народнасць, якая жыла да н. э. на ўзбярэжжы Мармуровага мора.

фрыз 1, ‑а, м.

1. У архітэктуры — верхняя частка збудавання ў выглядзе паласы паміж галоўнай бэлькай і карнізам, звычайна ўпрыгожаная малюнкам. Дарычны фрыз. Арнаментальны фрыз.

2. У дэкаратыўнай скульптуры і жывапісе — выяўленчая ці дэкаратыўная кампазіцыя ў выглядзе гарызантальнай паласы, размешчанай на верхняй частцы сцяны ўсярэдзіне ці звонку будынка. А на сценах доўгі, .. і шырокі фрыз, на якім намаляваны высокія, у рост дзіцяці, казачна-бардовыя мухаморы. Караткевіч.

3. Аблямовачная арнаментальная паласа дывана, падлогі ці прадмета прыкладнога мастацтва.

[Фр. frise.]

фрыз 2, ‑у, м.

Уст. Грубая варсістая шарсцяная тканіна, падобная да байкі ​2. Пакрывала з тоўстага зялёнага фрызу.

[Фр. frise.]

фрыз 3,

гл. фрызы.