Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ветраго́н, ‑а, м.

1. Разм. неадабр. Легкадумны, пусты чалавек. Былі .. [хлапчукі] малыя, неразумныя ветрагоны. Шынклер. — Не жонка, а ветрагон, — сказала маці. — Гатаваць абеды не збіраецца... Ды на тых харчах, што ў сталоўцы, ногі выцягнеш... Гаўрылкін.

2. Спец. Прыстасаванне для ўтварэння моцнага патоку паветра.

ветраго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. неадабр. Жан. да ветрагон (у 1 знач.).

ве́тразь, ‑я, м.

Паэт. Парус. Нахіліўся ветразь, Човен хвалі рэжа. Пушча. Мірна на тонях, нібыта лілея, ветразь рыбацкі далёка бялее. Вялюгін.

ветрало́м, ‑у, м., зб.

Дрэвы, паваленыя ветрам; буралом. Дзе спарахнелы палёг ветралом, Дасвеццем спыніліся мы. Зарыцкі.

ветраме́р, ‑а, м.

Прылада для вызначэння сілы ветру.

ве́трана, безас. у знач. вык.

Пра наяўнасць ветру. Ветрана на дварэ. □ Было, як і раней, ветрана, хмарна, нібы збіраўся дождж. Мележ.

ве́траны, ‑ая, ‑ае.

1. З ветрам, які суправаджаецца ветрам. Ветраны дзень. Ветранае надвор’е.

2. перан. Разм. Легкадумны; пусты. [Дзіміна] здавалася Максіму Сцяпанавічу несур’ёзнай, ветранай. Карпаў. [Маша] ніколі не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Шамякін.

ветраны́, а́я, ‑о́е.

Які прыводзіцца ў рух ветрам. Ветраны млын.

•••

Ветраная воспа гл. воспа.

ветрарухаві́к, ‑а, м.

Рухавік, які прыводзіцца ў дзеянне ветрам.

ветрасілавы́, ‑ая, ‑ое.

Які выкарыстоўвае энергію ветру. Ветрасілавая ўстаноўка.

ветраўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Які добра вытрымлівае парывы ветру. Дуб — самая ветраўстойлівая парода дрэў.