Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

флегма́тык, ‑а, м.

Чалавек флегматычнага тэмпераменту. Нарэшце вядомы на ўвесь горад фотакарэспандэнт Пеця Чарнавус, душа хлопец, флегматык у працы і віхор у гульні, адчыніў дзверы. Шамякін.

[Ад грэч. phlegmaticos.]

флегматы́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць флегматычнага. Флегматычнасць і логіка, якія гучалі ў словах Шабанава, вывелі Савацеева з раўнавагі. Шыцік.

флегматы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які характарызуецца марудлівасцю, спакоем, ураўнаважанасцю, слабым праяўленнем эмоцый (пра тэмперамент, нервовую арганізацыю). Флегматычны тэмперамент.

2. Уласцівы флегматыку. Маючы спакойны, нават крыху флегматычны характар, .. [Таня] ніколі не давала поўнай волі дзявочаму сэрцу. Машара. // Блізкі да абыякавасці. Спакойны, нават нейкі флегматычны на працы, малады майстар выглядаў цяпер зусім іншым чалавекам. Паслядовіч. / у перан. ужыв. Можа і надзею страціла.. [Прыпяць] вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Колас. // Які выказвае непарушны спакой, раўнадушнасць; апатычны. [Кірыла] загрукаў у дзверы лабараторыі. Адгукнуўся флегматычны голас: — Хто там? Шамякін.

флегмо́на, ‑ы, ж.

Гнойнае запаленне падскурнай або міжмышачнай клятчаткі.

[Ад грэч. phlegmonē.]

фле́йта, ‑ы, ДМ ‑йце, ж.

Духавы музычны інструмент высокага рэгістра ў выглядзе драўлянай або металічнай трубкі з адтулінамі і клапанамі. Глуха войкнуў барабан. І флейты захваляваліся жалобнай мелодыяй. Мікуліч.

[Ням. Flöte.]

фле́йтавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да флейты, уласцівы ёй. Флейтавы гук. □ Ранняя вясна ці позняя, аднолькава гучна ў галінах зазелянелых бяроз спяваюць чырванагрудыя берасцянкі, выводзяць свае флейтавыя каленцы залацістыя івалгі. Ігнаценка.

флейты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на флейце.

флейты́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да флейтыст.

флейц, ‑а, м.

Спец. Плоскі шырокі пэндзаль з мяккага воласу, якім у жывапісе і малярнай справе згладжваюць свежапафарбаваную паверхню.

[Ад ням. Flöz — слой, пласт.]

флейцава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. флейцаваць.