бесканфлі́ктны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены канфлікту. Бесканфліктны твор.
бесканцо́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і бясконцы. Несціханы гул на высокай ноце бесперастанку імкнуўся ў бесканцовую прастору. Чорны.
бескаро́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае каровы. Бескароўны двор.
бескары́слівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бескарыслівага. [Сяргею] хацелася пераканаць.. [Таню] ў бескарыслівасці свайго пачуцця, але па сваёй нерашучасці ён не мог зрабіць гэтага. Машара.
бескары́слівы, ‑ая, ‑ае.
Які зроблены без жадання атрымаць асабістую карысць. Бескарыслівы высакародны ўчынак. Бескарыслівая дапамога. // Якому не характэрна карыслівасць, імкненне да асабістай выгады. Бескарыслівае служэнне народу.
бескары́сна,
1. Прысл. да бескарысны.
2. у знач. вык. Дарэмна, дарма. Бескарысна пра гібель пісаць на пергаменце. Куляшоў.
бескары́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бескарыснага; непатрэбнасць. У той жа час Клямт з прыкрасцю заўважыў, што некаторыя яго салдаты б’юцца без ўздыму, як бы загадзя разумеючы бескарыснасць сваіх ахвяр. Мележ.
бескары́сны, ‑ая, ‑ае.
Які не прыносіць карысці; дарэмны. Даўно ўжо кінуў Сымон пісаць заявы ў розныя інстанцыі — гэта была бескарысная работа. Самуйлёнак.
бескасцёвы, ‑ая, ‑ае.
Які не мае касцей, касцяка.
бескаштары́сны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае каштарысу, робіцца без каштарысу. Бескаштарысныя расходы.