прыплюсава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

Разм. Дадаць, дабавіць пры падліку, пераліку і пад. Я палез у кішэню па грошы, але Паўловіч затрымаў маю руку. — Прыплюсуй да майго рахунку, — сказаў ён буфетчыцы. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уба́віць, убаўлю, убавіш, убавіць; зак.

1. што і чаго. Зменшыць, паменшыць што‑н. (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). Убавіць выдаткі. Убавіць цану. Убавіць веку. □ І пасля вайны бярозы не ўбавілі соку. Грамовіч. // Зменшыць, аслабіць сілу чаго‑н. (дзеяння, стану і пад.). Убавіць крок. □ Ні акладу [Купчыну] не знізілі, ні гонару не ўбавілі, прызначыўшы майстрам. Мыслівец.

2. што і без дап. Устараніць, адкінуць што‑н., змяншаючы, скарачаючы (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). [Мая:] Гісторыя, Васілій Паўловіч, што тая песня: не ўбавіш, не прыбавіш, як кажуць. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які не змяняецца, не можа быць зменены; пастаянны. Нязменныя прынцыпы.

2. Заўсёдны, звычайны для каго‑, чаго‑н., заўсёды аднолькавы. Сваю нязменную спадарожніцу плашч-палатку трымаў [Сагура] на плячы. Ракітны. У зубах сенатара — нязменная цыгара, на галаве — чорны фетравы капялюш, у руках — сукаватая масіўная палка. Гамолка. Таго, хто выходзіць з аўдыторыі,.. сустракаюць нязменным пытаннем: — Ну як? Шахавец.

3. Такі, якога не зменьваюць. Андрэй Паўловіч вось ужо колькі год — нязменны дэпутат сельскага Савета. Шыловіч.

4. У граматыцы — часціны мовы, якія не маюць форм скланення і спражэння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экза́мен, ‑у, м.

Праверка ведаў па якім‑н. вучэбным прадмеце. Праграма выпускных экзаменаў. Уступныя экзамены. □ Ад імя камісіі Іван Паўловіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. А далей, разблытваючы прычыны сваёй няўдачы з паступленнем ва універсітэт, Клава думала цяпер і пра тыя балы, яна недабрала на экзаменах. Кавалёў. // перан. Якое‑н. выпрабаванне, праверка. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. Але на славу ўдаўся зруб, Ён на выдатна здаў экзамен. Танк. Непарушнае брацтва ўсіх савецкіх людзей.. вытрымала суровы экзамен у гады вайны, загартавалася і ўзмацнела ў агні свяшчэннай барацьбы. «Звязда».

•••

Дзяржаўныя экзамены — выпускныя экзамены ў вышэйшых навучальных установах.

[Лац. examen.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спабо́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Імкнуцца перасягнуць каго‑н. у чым‑н., старацца дабіцца лепшых вынікаў у чым‑н. Спаборнічаць у вучобе. Спаборнічаць у сіле і спрыце. □ Вавёркі не могуць спаборнічаць з бабрамі па аб’ёму корму, які яны нарыхтоўваюць. Самусенка. — Я вас выклікаў сюды не для таго, каб спаборнічаць у дасціпнасці, — гэтак жа памяркоўна, як і раней, казаў Паўловіч. Радкевіч.

2. Удзельнічаць у сацыялістычным спаборніцтве з мэтай дасягнуць высокай прадукцыйнасці працы. [Антось:] — Тэ-эмпы! Учора толькі прыехалі і ўжо спаборнічаюць. Паглядзім, паглядзім!.. Кулакоўскі. [Пракоп:] — Я ўжо брыгаду выбраў, спаборнічаць паспрабуем, хоць у іх па машыне пяць чалавек працуе, а ў нас чатыры. Карпаў.

3. Прымаць удзел у спаборніцтве (у 3 знач.). Спаборнічаць у стральбе з лука. □ — Не біцца, — зноў паправіла.. [Паўліка] сястра, — а весці бой на рапірах, спаборнічаць. Шыловіч.

4. Спец. Быць адным з бакоў у спаборным судовым працэсе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сум, ‑у, м.

1. Пачуццё смутку, жалю, душэўнай горычы. Неадольны сум застыў у карых вачах [Івана]. Новікаў. — Усё вельмі проста, — у Міколавым голасе непрыхаваны сум. Навуменка. З глыбокім сумам глядзіць стары. Клышка. // Тое ж самае пачуццё, але больш лёгкае і светлае; журба. У .. голасе [Антаніны Міхайлаўны] нават чулася нотка суму і спачування. Колас. І думкі новыя і сум нязведаны, салодкі. Брыль. Васіль Паўловіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі. Ціхі сум вачэй дзявочых Павязу ў сядле з сабою. Панчанка.

2. Душэўная трывога ў спалучэнні са смуткам, маркотай; туга. Апусцелыя лугі і палі навявалі сум. Чарнышэвіч. Максіма зноў агарнуў сум астрожных будняў. Машара. Але ў тую ж хвіліну .. [Асядовіча] апанаваў жудасны сум па дзецях. Чорны.

3. Пакутлівая маркота; нуда. [Яшчын:] — Якое ж можа быць жыццё без цвыркуна! Загінеш ад суму... Хадкевіч. Жыць люблю каля чыгункі, Тут не будзеш знацца з сумам. Прануза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысвяці́ць, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.

1. каго-што. Прызначыць каму‑, чаму‑н., для каго‑н., якой‑н. дзейнасці. Прысвяціць жыццё мастацтву. □ Надзея рашыла прысвяціць сябе любімай справе, якой так і не здолеў аддацца яе муж. Васілёнак. // што. Затраціць, выкарыстаць на што‑н. Другую палавіну дня напярэдадні адлёту касманаўты прысвяцілі развітанню з Масквой. Шыцік. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. Колас. У клас Віктар Паўловіч прыйшоў узбуджана вясёлы, увесь урок прысвяціў падагульненню. Шамякін. // што. Напоўніць пэўным зместам, зрабіць адпаведным якой‑н. тэме, якім‑н. пытанням. Чарговыя свае заняткі Зіна прысвяціла чытанню новых рашэнняў партыі і ўрада аб уздыме сельскай гаспадаркі. Кавалёў.

2. што. Зрабіць, стварыць што‑н. у гонар каго‑, чаго‑н., прызначыць каму‑, чаму‑н. (звычайна мастацкі твор) як знак павагі, пашаны да каго‑н. Прысвяціць раман памяці маці. Прысвяціць рэкорд гадавіне Кастрычніка. □ Перад ад’ездам на фронт .. [Пасмітны і Лыкоўскі] прысвяцілі адзін аднаму свае вершы. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

які́, ‑ая, ‑ое; займ.

1. пытальны. Абазначае пытанне аб якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. «Патрэбны тэмпы», — сказаў Куніцкі. — «Якія тэмпы?» — «Такія. Бальшавіцкія». Самуйлёнак. І хто яны? Якія людзі? Мо праўды светлае сыны? Куды ідуць? Чаго там блудзяць? З якою помстаю для суддзяў Нясуць на сэрцы кайданы? Трус. // Абазначае пытанне аб часе і парадку з’яўлення каго‑, чаго‑н. У якой колькасці і якім парадкам паедзем на палявыя работы? // Каторы іменна, каторы па парадку. Якая ж цяпер гадзіна? □ Ох, гэта дзецям знаць цікава, Калі якая будзе страва?.. Колас. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: «зусім не», «хіба», «ніякі». — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў выйсці за яго замуж. Корбан. І стралок з .. [Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас.

2. азначальны. Выражае захапленне, здзіўленне якасцю, уласцівасцю каго‑, чаго‑н. Якія горы! А сады якія! Панчанка. Час не так вялікі, а якія змены! Колас. — І якая дзяўчына! — хваліў Веру Рыгор Паўловіч. — Партызанка, камсамолка, мае медаль «За баявыя заслугі». Арабей. // (у спалучэнні са словам «вось»). Такі. Латаны кажушак Ці такая ж світка, Лапці на сем вушак — Вось які Мікітка. Крапіва. Калі строга разбірацца ў фактах, то хата, аб якой была тут гутарка, не зусім дведава хата.. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі.. Вось якім парадкам стаў Талаш уладаром гэтай хаты. Колас. // (у спалучэнні са словам «хоць»). Любы, магчымы, усякі. Хоць які там салдацкі пачастунак, але ён, відаць, быў дарагі для дзіцяці. Няхай. Можа, хоць сукеначку [Нюрка] якую сабе справіць, пальцечка, не будзе локцямі свяціць. Гіль.

3. неазначальны. Разм. Які-небудзь, якісьці. Праз якіх хвілін пяток вартавы асцярожна падсунуў.. [Васілю Іванавічу] пад галаву нечую ватоўку, пакрыў шынялём. Лынькоў. Пільня патроху скрыпела, і не на адны толькі вайсковыя патрэбы. Праўда, цывільных рабочых тут было ўсяго якіх чалавек дзесяць. Чорны. [Люська:] — Хто той чарнявы? У будзёнаўцы?.. Брат ваш ці сваяк які блізкі-далёкі? Ракітны. // Каторы. Дзе ж вы хаваліся? Мой жа стары які дзень шукае вас па лесе. Дзенісевіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Наперадзе.. цягнулася паласа альховых кустоў, праз якія працякаў ручай. Шамякін. Прыгоды, якія пачаліся яшчэ раніцой, не скончыліся для людзей пад самы вечар. Лынькоў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых камянях. Чорны. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. З-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы тую порцыю вады, якую прызначалі ёй будаўнікі. Колас. [Русаковіч:] Я гавару пра тыя дасягненні, якія ўжо выкарыстоўваюцца на перадавых заводах. Крапіва.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Не гадаю, з якое дарогі ўбачу я край любы мой. Панчанка. Якая гэта была надзея, на што накіроўвалася яна, якая яе была сутнасць — Раман не мог разабрацца. Колас. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Помню, я думаў пра тое, які дзень там, у нас, за Дняпром. Шамякін.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. Які ты ў быту, такі ты і на справе. Корбан. [Ціхан:] — А наш народ угору ўзняўся, Васіль Іванавіч, не той ён, якім быў у тыя гады. Лынькоў. Якая работа, такая і плата. Прыказка.

7. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Сустракаліся і такія, якія нібы абмяклі адразу, страцілі ўсякую волю і жылі раслінным жыццём, абы дзень пражыць. Лынькоў.

•••

З якой (гэта) ласкі? гл. ласка.

Калі што якое гл. што.

На якое ліха (лаянк.) гл. ліха.

Не лезе ні ў якія вароты гл. лезці.

Ні за якія грошы гл. грошы.

Ні ў якім выпадку гл. выпадак.

Ні ў якой меры гл. мера.

Якая розніца? гл. розніца ​1.

Які з сябе (сабою)? — як выглядае? (пра знешнасць чалавека).

Якім ветрам (прыгнала, занесла, прынесла) гл. вецер.

Якім макарам гл. макарам.

Якога чорта гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)