Паўловіч, гл. Красікаў П. А.

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Іван Міхайлавіч) (7.3.1896, в. Старое Сяло Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую паграншколу НКУС (1928), Школу ўдасканалення камсаставу НКУС (1938). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, потым у пагранвойсках на Д.​Усходзе. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах, удзельнік Курскай бітвы 1943. Полк на чале з нам. камандзіра стралк. дывізіі палк. П. вызначыўся ў ноч 19.7.1944 на ПнЗ ад Брэста пры адбіцці масіраванай атакі больш за 60 фаш. танкаў; П. загінуў у гэтым баі.

І.М.Паўловіч.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 2.7.1930, г. Красілаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі і магнітабіялогіі. Д-р мед. н., праф. (1970). Скончыў Івана-Франкоўскі мед. ін-т (1954). З 1979 у Гродзенскім мед. ін-це (заг. кафедры), з 1998 у Гродзенскім ун-це. Навук. працы па мед. мікрабіялогіі, механізме ўздзеяння магн. палёў на мікраарганізмы, магнітаадчувальнасці і ўспрымальнасці жывых арганізмаў і іх тканак (у т. л. хворых), перыёдыцы росту і біял. актыўнасці магнітаўспрымальных арганізмаў.

Тв.:

Магниточувствительность и магнитовосприимчивость микроорганизмов. Мн., 1981;

Магнитная восприимчивость организмов. Мн., 1985;

Основы иммунологии. 2 изд. Мн., 1998.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Уладзімір Свірыдавіч) (н. 25.8.1946, в. Бабы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і фатоніцы раствораў. Распрацаваў люмінесцэнтныя метады даследавання дыпольнай сальватацыі палярных шмататамных малекул, прапанаваў квазічасціцы хістоны для апісання арыентацыйнай калектыўнай вагальнай дынамікі малекул. Даследуе таксама маст. спадчыну і сімволіку Ф.​Скарыны.

Тв.:

Новые квазичастицы хистоны и когерентная фотоиндуцированная динамика молекул в полярных неупорядоченных средах // Журн. прикладной спектроскопии. 1998. Т. 65, выд. 2;

Чароўнае святло гравюраў Скарыны // Бел. думка. 2000. Вып. 2.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Мікалай Браніслававіч) (15.7.1897, в. Мазурына Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 26.6.1973),

контр-адмірал (1944). Канд. ваенна-марскіх н. (1942), праф. (1951). Скончыў Марскі корпус у Петраградзе (1917). Служыў на караблях Балт. флоту, камандаваў тральшчыкам, эсмінцам. З 1931 выкладаў у Ваенна-марской акадэміі (ВМА). У сав.-фінл. вайну 1939—40 нам. камандзіра і нач. штаба атрада асобага прызначэння Балт. флоту. З мая 1941 нач. кафедры ВМА. У час Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944 нач. паходнага штаба камандуючага Паўн. флотам. З 1954 у адстаўцы. Аўтар прац пераважна па тактыцы ВМФ, у т. л. падручнікаў для ваенна-марскіх навуч. устаноў.

Тв.:

Развитие тактики Военно-Морского Флота. Т. 1—4. М., 1990.

Б.​Дз.​Далгатовіч.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Яўген Мікалаевіч) (н. 28.3.1940, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. артыст балета, педагог. Засл. артыст Беларусі (1970). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1959), Мінскі ін-т культуры (1980). У 1959—79 саліст, з 1981 рэжысёр оперы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1984 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1995 дацэнт). Танцу П. былі ўласцівы строгае следаванне патрабаванням класічнай формы, мяккая лірычная манера. Сярод лепшых партый: Альберт («Жызэль» А.​Адана), Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Золушка» С.​Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Гармодый («Спартак» А.​Хачатурана). У опернай студыі Акадэміі музыкі паставіў оперы «Алеся» Я.​Цікоцкага, «Сельскі гонар» П.​Масканьі, «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ і інш., кампазіцыю «Мая Кармэн» па оперы «Кармэн» Бізэ.

А.​І.​Калядэнка.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Альберт Францавіч) (11.11. 1875, Мінск — 17.3.1951),

бел. паэт-гумарыст, драматург. Скончыў 4-класнае гар. вучылішча ў Мінску (1894). Працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Жыў у Мінску. З 1932 у Маскве, на Урале, з 1945 у Курску. Займаўся жывапісам, вышываў дываны. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 19 ст., у бел. друку выступіў у 1907 (газ. «Наша ніва»), Друкаваўся ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка» і інш. Выдаў зб. вершаў «Снапок» (1910), драму «Васількі» (1919). У лірычных вершах гучалі патрыят. матывы. Творчасць П. цесна звязана з фальклорам. Найб. вядомымі і папулярнымі былі яго вершаваныя гумарыст. апавяданні, жартоўныя сцэнкі, пераказы бел. нар. анекдотаў («Пан і акуляры», «Ракі», «Шчодрая ахвяра», «Маладая гаспадынька» і інш.). Аўтар арт. «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», 1925), «Сялянка» В.​Дуніна-Марцінкевіча на мінскай сцэне» (1929). На бел. мову перакладаў творы А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі, М.​Канапніцкай, У.​Сыракомлі.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1975.

С.​Х.​Александровіч.

А.Ф.Паўловіч.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Эдвард Баніфацы Францавіч) (7.6.1825, Тургеляй Вільнюскага пав., Літва — 10.2.1909),

мемуарыст, мастак. Вучыўся ў Жыровічах, Слоніме, Слуцку. Скончыў Пецярб. АМ. У 1853—56 падарожнічаў па Зах. Еўропе. Вынік яго паездак — брашура «Колькі слоў літвіна» (Парыж, 1857). З 1859 выкладчык гімназіі ў Навагрудку, заснаваў там жаночы пансіён і нядзельную школу для простанароддзя, у 1860 — самадз. т-р, дзе быў рэжысёрам, дэкаратарам, акцёрам. За ўдзел у паўстанні 1863—64 высланы ў Петразаводск, Алонец, Екацярынаслаў. З 1867 у Навагрудку, потым у Львове. Падрыхтаваў і выдаў каталогі фондаў музея Любамірскіх. У мемуарах «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), «Успаміны. Навагрудак—турма—выгнанне» (1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «З жыцця літвіна» і «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзесяткаў год назад» (абодва 1904), «Двое памятных сутак у Мінску. 1863 г.» (1906) звесткі пра культ.-грамадскае і літ. жыццё Беларусі 1840—60-х г., пра бел. паэта Ф.​Савіча, побыт беларусаў. Працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і яго ваколіц, пісаў абразы. Аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паўловіч Ж. 11/504

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Паўловіч С. (бел. дзеяч) 12/565

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)