спаборнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Імкнуцца перасягнуць каго‑н. у чым‑н., старацца дабіцца лепшых вынікаў у чым‑н. Спаборнічаць у вучобе. Спаборнічаць у сіле і спрыце. ▪ Вавёркі не могуць спаборнічаць з бабрамі па аб’ёму корму, які яны нарыхтоўваюць. Самусенка. — Я вас выклікаў сюды не для таго, каб спаборнічаць у дасціпнасці, — гэтак жа памяркоўна, як і раней, казаў Паўловіч. Радкевіч.
2. Удзельнічаць у сацыялістычным спаборніцтве з мэтай дасягнуць высокай прадукцыйнасці працы. [Антось:] — Тэ-эмпы! Учора толькі прыехалі і ўжо спаборнічаюць. Паглядзім, паглядзім!.. Кулакоўскі. [Пракоп:] — Я ўжо брыгаду выбраў, спаборнічаць паспрабуем, хоць у іх па машыне пяць чалавек працуе, а ў нас чатыры. Карпаў.
3. Прымаць удзел у спаборніцтве (у 3 знач.). Спаборнічаць у стральбе з лука. ▪ — Не біцца, — зноў паправіла.. [Паўліка] сястра, — а весці бой на рапірах, спаборнічаць. Шыловіч.
4. Спец. Быць адным з бакоў у спаборным судовым працэсе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)