Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́ріі ’птушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рей ’жаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.

Вы́рай2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віс1 ’назва травы’ (Мат.). Карскі (Труды, 479) лічыць слова толькі палескім, супастаўляючы яго з варыянтам віш; параўн. лун. віш ’трава другога ўкосу’, петрык. ’подсціл’ і бяроз. выша́р ’тс’ (Шатал.). Адпаведнікі знаходзім у гаворках польскай моўнай тэрыторыі: wis//wisz ’чарот, Scirpus L.’, wis ’аер, Acorus L.’; ’від кіслай травы (асака?)’; ’мокры з чаротам луг’, wisowata łąka ’благое сена’, wiszowaty (аб сене) ’тс’, н.-луж. wis ’чарот’, а таксама ў славенкай мове: víš ’асака, Carex L.’, серб.-харв. виш ’расліна’. У гэту групу ўваходзіць і палес. вішар (гл.), драг. выше́р ’старая, у свой час не скошаная трава, якую выкарыстоўваюць пераважна для подсцілу’, сюды ж укр. виш ’тс’, виша́р ’леташняя трава’, польск. wiszar ’гушчар, нетры, зараснік’, рус. кур. виш ’кусты, купіны ў паплавах, зарослыя леташняй травой’, калін., сіб. виша ’губка, Bodiaga fluviatilis et lacustris’. Відавочна, звязана з літ. viksvà ’асака’, vìkšris ’сіт, Jungus L.’, прус. wissene ’трава’, weysigis ’луг’, ням. Wiese ’луг’, ст.-ісл. veisa ’іл’ (Брукнер, 624–625).

Віс2 ’вісячае становішча цела гімнаста пры гімнастычных практыкаваннях’ (КТС), укр. вис, рус. вис, чэш., славац. vis, в.-луж. wis, польск. zwis, балг. вис ’тс’. У рускай мове гэта новая лексема (ССРЛЯ, 2, 389), якая паходзіць з чэш. мовы (КЭСРЯ, 63). Бел. слова запазычана з рус. мовы. Да вісе́ць (гл.).

Віс3тое, што вісіць’ (палес., Маш.), магчыма, в.-луж. wis ’схіл, склон, адхон, навісь, правес’. Палес. слова з’яўляецца (у фальклоры) дэсемантызаваным прасл. visъ. Да вісе́ць (гл.).

Віс4 ’мера вагі (для солі)’ (Кольб., 52, 78). Відавочна, да віс3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ці выклічнік, абазначае ўдзячнасць (Нас., КСТ), ’добры дзень, дзякую’ (Гарэц.), ацькі, ацінькі, ацічку памянш. ад аці, дзіцячае слова ’дзякую’ (Касп., Гарэц., Бяльк., КСП), ацкі, аценькі дзіцячае слова, дзіцячы паклон; удзячнасць’ (Нас.), аця ’ўдзячнасць’ (Нас.), аціць, 1 ас. адз. л. а́чу ’дзякаваць, вітаць’ (Гарэц.), дзіцячае ’кланяцца; дзякаваць’ (Нас.), ацю ’дзякую’, пааціць (Карскі, Белорусы, 144), рус. аття ’дзякую’, атить ’маліцца’ (рус. гаворкі на тэрыторыі Літвы), польск. aciu ’дзякую’ (у дзіцячай мове) з т. зв. «пальшчызны крэсовай» і ўсходніх раёнаў Польшчы, aczować ’віншаваць, калядаваць’ з XVII ст. (Брукнер, 2), літ. ãčiū, ačiúoti ’дзякую, дзякаваць’. Этымалогія няясная. Няма падстаў адносіць ’беларускае слова да паланізмаў, гэтаму пярэчыць геаграфія слова на польскай тэрыторыі; Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 335) лічыць літуанізмам у польскіх гаворках на беларускай аснове; Буга (Rinkt., 3, 306), выказвае сумненні адносна паходжання слова. З беларускай мовы выводзяць слова Фрэнкель, 1, і складальнікі акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы (LKŹ 1, 1). Урбуціс (Baltistica, V (1), 1969, 48 і наст.), адзначаючы больш шырокае ў параўнанні з іншымі мовамі ўжыванне слова ў літоўскай мове, у прыватнасці — у мове дарослых (на думку Брукнера, 2, пазнейшае), для беларускага слова дапускае магчымасць запазычання з літоўскай мовы, чаму, аднак, пярэчыць геаграфія слова на рускай тэрыторыі (перм., Даль). Апошняе Фасмер (1, 96) звязвае з комі atʼtʼі ’дзякуй’ (загадная форма ад atʼni дзякаваць’), дапускаючы магчымасць запазычання рускага слова, аднак гэтаму пярэчыць шырокая ўжывальнасць слова на беларускай тэрыторыі. Усё сведчыць пра тое, што гэта спецыфічнае ўтварэнне дзіцячай мовы, паходжанне якога, як і іншых т. зв. дзіцячых слоў, застаецца няясным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плаў1 ’бераг, падмыты вадой’ (чырв., З нар. сл.), ’зыбучы травяны дзірван на зарослым возеры’ (Сл. ПЗБ; ТС; в.-дзв., Нар. сл.; хойн., рэч., добр., Мат. Гом.), ’нізіна, якая ў разліў заліваецца вадой’ (Касп.), плав ’прорва, топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’, плаў ’акно на балоце’ (Сл. Брэс.; Нар. лекс.; ЛА, 5), плавы́ ’азёры, багатыя рыбай, пакрытыя зыбкім і непраходным дзірваном’ (Нік. Очерки), плаў, плавы ’нізкая мясцовасць, дзе рака праходзіць праз балота’ (Касп.), плавок ’дрыгвяністае балота’ (жытк., стол., Яшк.), ’забалочаны вадаём; зыбкае бязлеснае балота; гразкае месца, заліўны луг ля ракі ці возера’ (палес., Талст.; слаўг., жытк., стол., Яшк.), ’плывучае покрыва з рэштак раслін, плаў на балоце, ля возера’ (палес., ЛА, 2); ’плывучае па вадзе смецце’ (ветк., добр., Мат. Гом.). Укр. плав ’плывучы востраў з чароту і невялікіх раслін’, ’зыбучы дзірван’, ’смецце і ўсялякія прадметы, што плывуць па рацэ’, рус. наўг. пла́вы ’тарфяная багна’, пск. плавье, плавьё ’балота з купінамі’, ’заліўная сенажаць’, ’нанесены глей’, польск. pław — пра розныя прадметы, што плаваюць на вадзе і ў вадзе, ’цякучая рака, кроў’, сёння — ’водны транспарт’, ’плаванне’, ’плыт’; славен. splàv ’плыт’, ’тое, што прынесена вадой’, серб.-харв. plȃv ’лодка, човен’, splȃv ’плыт, паром; баркас’, макед. сплав ’плыт’. Прасл. *plavъ/plavь < і.-е. *plōw‑o‑s (Банькоўскі, 2, 620). Да плыць, плы́сці (гл.). Сюды ж: на пла́ве ’ў стане плавання, на вадзе’ (ТСБМ).

Плаў2 ’нераст рыбы’ (паўн.-усх., КЭС), рус. смал. плав ’нераст’, польск. pław ’выцяканне насення, палюцыя; месячныя ў жанчын’. Відавочна, з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пух1 ’мяккія варсінкі; падсцілка шэрсці, поўсць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Бес., Сл. ПЗБ; ельск., Мат. Гом.), ’пер’е наогул’: гэто пух, у нас пе́рʼе не кажуць (ТС), ’пер’е (гусінае)’ (гом., Мат. Гом.), ’адходы пры паланні, мякіна’ (Нас.; ЛА, 2; Выг.; петрык., лун., брагін., Шатал.), ’абдзіркі ад круп, высеўкі’ (ПСл; ветк., Мат. Гом.), ’пушны хлеб’ (Нас. Сб.), мн. л. пу́шʼе ’пер’е’ (ТС), параўн. укр. пух ’пух, дробныя валаскі’, рус. пух ’пух; шалупінне з проса, мякіна’, польск. puch ’мяккае, дробнае пер’е, валаскі’, чэш. puch ’дробнае пер’е’, славен. puh ’пух, пушок; галаўня ў збожжы’, балг. пух ’пух’, макед. пувка ’чубок’. Прасл. *puxъ — аддзеяслоўны назоўнік, семантыка зыходнага дзеяслова ’дуць, дзьмуць’, параўн. пу́хаць ’выпускаць паветра; ферментаваць’ (гл.), польск. puchać ’пыхаць, пускаць дух’, харв. púhati ’тс’, славен. pūhati ’пыхаць, дуць, дымець’ (< *puxati); літаральна ’тое, што адлятае пры подыху (дыхання, ветру)’. Узводзяць да і.-е. *p(h)eu̯s‑ ’пыхаць, пухкаць’ імітатыўнага паходжання (Бязлай, 3, 134; Скок, 3, 70), параўн. санскр. púšyati ’паспяваць’, грэч. φῦσα ’пухір’, лац. pussula, pustula ’тс’; параўнанне з літ. paustìs ’шэрсць жывёлы’, зафіксаваным на Віленшчыне (гл. Фасмер, 3, 414; Сной, 514 і інш.), сумнеўнае, паколькі апошняе хутчэй за ўсё запазычана з бел. поўсць ’тс’ (< прасл. *pьlstь або *pl̥stь).

Пух2 ’агаткі, Antennaria dioica Gaertn.’ (віц., Кіс.). Да пух1, параўн. укр. пух ’расліна Eriophorum vaginatum L.’ і чэш. дыял. peři ’тс’, названых так з-за знешняга выгляду пладоў.

Пух3 — выклічнік, імітуе лопанне, стрэл і пад. (ТСБМ, ЭШ, Сл. ПЗБ; полац., мсцісл., Нар. лекс.). Гл. пу́хаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц!тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́тач ‘каганец, лучнік, прыстасаванне трымаць лучыну’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Жд. 2, Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл., Мат. Маг., ЛА, 4), перан. ‘пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды і культуры’ (ТСБМ); іншыя варыянты: сьве́тыч (Бяльк.), све́таш, свя́таш, све́туш, світа́ч (Сл. ПЗБ). Укр. сві́та́ч ‘маленькі жалезны падсвечнік пры іконе, жалезная рашотка для лучыны ў палескай курной хаце’, све́тич, сві́тич ‘каганец, ліхтар’, рус. кніж. све́точ ‘вялікая свечка, ліхтар’ да паловы XIX ст., потым толькі ў пераносным значэнні ‘свяцільнік, зніч’ у высокім рытарычным стылі, гл. Вінаградаў, Этимология–1963, 87 і наст.; дыял. (зах.) светыч ‘прыстасаванне для асвятлення’, ст.-рус. свѣтычь ‘каганец, свяцільня’. Да асновы свет‑ (гл. свет, святло). Суфіксацыя выклікае цяжкасці. Для рускага слова Вінаградаў (там жа) першаснай лічыць форму светыч, а форма светоч магла ўзнікнуць па фанетычных прычынах у акаючых гаворках, а таксама пад уплывам марфалагічных змяненняў з-за ізаляванасці суф. ‑ыч‑, яго архаічнага і дыялектнага характару. Аднак Слаўскі (SP, 1, 103) выводзіць з пашыранага фармантам ‑jь суф. ‑okъ праславянскі суф. ‑očь, прадстаўлены ў польск. дыял. żarłocz ‘абжора’, widocz ‘прывід; уяўленне’ і інш., што не выключае яго рэалізацыі ў светач. Вярхоў (Бел. мова, 80 і наст.) дапускае магчымасць запазычання слова з рускай мовы, але падкрэслівае, што поўнасцю гэта можна сцвярджаць толькі для пераносных значэнняў беларускага слова, якія з’явіліся пад уплывам рускай мовы. Не выключана і адваротнае запазычанне ў рускую мову зыходнага светач, улічыўшы шырокае распаўсюджанне слова ў народнай мове, формы з канцавым націскам на суф. а́ч і дзеяслоў све́таць ‘свяціць’ (іўеў., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страха́ ‘верхняя, звычайна саламяная частка будынка, якая накрывае яго’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стрэ́ха ‘тс’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., ЛА, 4), стрэ́ха, стрэха́ ‘тс’ (Пятк. 1, ТС), стрі́ха, стрэ́ха ‘страха; лядзяш’ (Сл. Брэс.), ‘застрэшак’ (Сл. ПЗБ), стрыха́, стрэ́шка, стры́шка ‘край страхі, які навісае над сцяной’, ‘саламяны дах’, ‘казырок франтона’ (Шушк.), стрэ́шка памянш. да страха ‘навес над калодзежам, стогам і да т. п.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стрі́ха, рус. дыял. стреха́, польск. strzecha, в.-луж. třěcha, н.-луж. tśěcha, stśěcha ‘выступ страхі, навес’, чэш. střecha ‘страха’, славац. strecha, славен. strẹ́ha, серб.-харв. стре̏ха ‘выступ страхі’, балг. стря́ха, макед. стреа, ст.-слав. стрѣха. Прасл. *strěxa утворана з суф. ‑xa ад дзеяслова *strojiti ‘укладваць, прыводзіць да парадку, будаваць’ (гл. строй); гл. Слаўскі, SP, 1, 71. Супраць па семантычных прычынах Бязлай (3, 326). Іншыя рэканструкцыі: *strěxa < *stersā ад і.-е. *ster‑ ‘распасціраць’ (Младэнаў, 614); *strěxa < *strojgsā да і.-е. *strei‑g‑ ‘пакрываць’ < і.-е. *ster‑ ‘распрасціраць’ пры ўмове роднасці з літ. *striẽgti/*stríegti ‘накрываць дах саломай’, striẽgė ‘саламяны дах’, straĩgas ‘жэрдка ў плоце’ (Фрэнкель, 92; Бязлай, там жа; Махэк₂, 585); Борысь (583) мяркуе, што славянскае слова ўзыходзіць да і.-е. *strojgsā > *strojksā з далейшым развіццём *ks > *x. Фасмер (3, 776) усе гэтыя варыянты лічыць сумніўнымі. Гл. яшчэ Глухак, 588 (рэканструюе і.-е. *stroi‑sā, дзе *stroi‑ тое ж, што ў *strojь, *strojiti, гл. строй1, 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лаві́ць, лаўлю, ловіш, ловіць; незак., каго-што.

1. Хапаць каго‑, што‑н. на ляту. Лавіць мяч. □ Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі і на ляту блінцы лавілі. Колас. // Імкнуцца дагнаць, схапіць таго (тое), што аддаляецца, ухіляецца. Увішна Нінку ловіць Петрык. Смагаровіч. // Намацваючы, адшукваючы, браць, затрымліваў. Лёгшы ў пасцель, [Міхаська] мяккімі пальчыкамі ловіць матчыну руку. Скрыган. А падыдзе Нямко, дык [конь] ловіць губамі яго руку, трэцца мордаю аб вопратку, ла[шчы]цца як шчанё. Кулакоўскі.

2. Здабываць (рыбу, звяроў, птушак) з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Лавіць невадам рыбу. Лавіць сеткай птушак. □ Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў. // Мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н. Ён — паляўнічы, ён — рыбак, Страляе, ловіць, пяе песні. Колас. [Бацька:] — Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце. Якімовіч.

3. Разм. Высочваць, вышукваць, каб затрымаць, арыштаваць, абясшкодзіць. Лавіць кантрабандыстаў. □ Седас уеўся людзям у косці так, што .. перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Чорны. // Старацца заспець, захапіць каго‑н. у пэўным месцы, за пэўным заняткам. Каля самай вёскі Вару сустрэў Даніла. Ён часта лавіў яе на вячэрніх сцежках. Дуброўскі.

4. Не прапускаць магчымасці для ажыццяўлення чаго‑н., выбіраць зручны момант. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці .. па чарзе падрамаць. Шамякін. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Колас.

5. перан. Успрымаць слыхам, зрокам, розумам. Лавіць погляд таварыша. □ Лемяшэвіч з непакоем назіраў, з якой зачараванасцю лавіў Алёша кожнае слова сакратара. Шамякін. Ніна прагна, з вострай увагай прыглядалася да ўсяго, лавіла гукі жыцця. Мележ. // Убіраць у сябе, паглынаць, затрымліваў. Праходжу моўчкі я начную плошчу, і ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Непадалёку ўжо стаяць аграмадныя люстры, ловяць сонца, даюць энергію для мініяцюрных буравых машын і адбойных малаткоў. Гамолка.

6. перан. Разм. Настройваць радыёпрыёмнік на пэўныя хвалі, прымаць радыёсігналы. Сёння свята. Па радыё Я лаўлю Маскву. Куляшоў.

7. перан. Разм. Выкрываць, абвінавачваць каго‑н. у чым‑н. Лавіць на хлусні.

•••

Варон лавіцьтое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лавіць бягучага воўка след — пра марныя пошукі каго‑н.

Лавіць вецер у політое, што і шукаць ветру ў полі (гл. шукаць).

Лавіць вухам — прыслухоўвацца.

Лавіць на ляту — лёгка успрымаць пачутае.

Лавіць на слове (словах) каго — а) карыстаючыся сказаным, прымусіць каго‑н. зрабіць або паабяцаць зрабіць што‑н. з таго, аб чым было сказана; б) скарыстаўшы агаворку, супярэчнасць у словах субяседніка, прыпісваць яму тое, чаго ён не думаў гаварыць. — Гэта што — пагроза, таварыш Наготка? — ловіць на слове Кацялёў. Шамякін.

Лавіць сябе на чым — нечакана заўважаць у сабе якую‑н. новую схільнасць, асаблівасць і пад. Я часта лаўлю сябе на тым, што пішу не так, як гавару. Скрыган.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць — мець выгаду з чаго‑н., карыстаючыся няяснасцю абставін, чыімі‑н. цяжкасцямі, няўдачамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́лата, ‑а, М ‑лаце, н.

1. Хімічны элемент, высакародны метал жоўтага колеру, які валодае вялікай гібкасцю і цягучасцю (скарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў і як мера каштоўнасцей). Здабыча золата. Золата сустракаецца ў выглядзе жыл і рассыпаў. □ Вугаль на Украіне, Золата на Калыме, Нафта з каспійскіх глыбіняў, З нетраў казахскіх медзь. Звонак. Не ўсё тое золата, што блішчыць. Прыказка. / у перан. ужыв. [Буслы] падымуцца над балотам.., купаючыся ў растопленым золаце сонца. Бядуля.

2. зб. Вырабы з гэтага металу; залатыя рэчы. Чаго толькі Сцяпанка .. не ўбачыў! .. Якія лямпы, люстэркі, столікі, крэслы, цацкі, статуі, абразы, золата, серабро. Бядуля. — Я вольны марак і просты чалавек і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пазалочаныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання. Шыты золатам сцяг.

3. зб. Залатыя манеты; грошы. Купіць рэч за золата. □ Калі перавесці на золата гэтыя савецкія чырвонцы, дык будзе іх цэлых трыццаць рублёў — мікалаеўскім золатам. Брыль. // перан. Багацце. — Не пакідайце ніводнага каліва. Цяпер яно граша не каштуе, а зімой — золатам абернецца. Асіпенка.

4. Пра таго (тое), што вылучаецца добрай якасцю, вартасцю. — Братка ты мой! — гаворыць адзін [гаспадар]: — твой Алесь золата, а не чалавек. Колас. — Я ж казаў, унучак, што гэта — золата, а не карова... Шуцько. // Ласкавы зварот да каго‑н. Сынок, золата ты маё!

•••

Белае золата — бавоўна.

Чорнае золата — а) нафта; б) каменны вугаль.

На вагу золата гл. вага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)