укліні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Увайсці, удацца клінам, вузкаю палосай у сярэдзіну чаго‑н. Сабраўся быў павярнуць у вёску, як заўважыў у маладым калгасным садзе, што глыбока ўклініўся ў поле, чалавечую постаць. Хадкевіч. На мяккай мураве ў зацішку. Дзе лес густы ўклініўся ў луг, Гуляюць [дзеці] у ката і мышку. Смагаровіч. У вярхоўях Бярэзіны, прытоку Дняпра, паміж марэннымі ўзвышшамі ўклінілася Верхне-Бярэзінская нізіна. Прырода Беларусі. // Уварвацца куды‑н. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ. Лыжныя батальёны, разведка, конніца, пяхотныя падраздзяленні глыбока ўклініліся ў варожы тыл. Асіпенка. // Уціснуцца паміж кім‑, чым‑н. [Марынка] ўклінілася паміж Паходнем і Заранікам, сунула Паходню свой пакунак і ўзяла абодвух пад рукі. Хадкевіч. // перан. Разм. Умяшацца ў што‑н. — Дык можа б за гэта і па чарцы выпілі? — нарэшце дачакаўся моманту Басько, каб уклініцца ў гаворку мужчын. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́дны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Схільны навязваць сваю волю, загадваць, падначальваць сабе. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Ермакоў] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. Мужчына ішоў з сабакам, моцны і шыракаплечы, уладны і пераможны і сам падобны на Геракла. Караткевіч. // Які выражае ўладу, волю, рашучасць; уладарны. [Жанчына] акінула Анатоля з галавы да ног уладным позіркам.. і лагодна ўсміхнулася. Ваданосаў. — Стой! Не варушыся! — пачуў .. [Карніцкі] уладны і моцны шэпт, як толькі выбраўся на супрацьлеглы бераг. Паслядовіч.
2. (звычайна з адмоўем «не»). Які мае права, уладу што‑н. рабіць. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном... М. Стральцоў.
3. перан. Неадольны, усемагутны. Уздыхне зямля шчасліва — і з пачуццём асалоды, Уся аддасца ўладнай сіле рук працоўных чалавека. Буйло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што.
1. Выклікаць вагальны рух, ад якога ўтвараюцца хвалі. Вецер хваляваў паверхню вады. // перан. Выклікаць рух, падобны на хваляванне паверхні вады. А вецер хвалюе ў бязмежным прасторы Духмянага жыта шумлівае мора. Хведаровіч. // Хвалявацца (у 1 знач.). Шуміць вада, хвалюе мора, Мой човен шпарка ўдаль ляціць. Гурло. Вось шырокім залацістым возерам паміж лесу ледзь-ледзь хвалюе жыта. Мурашка.
2. Прыводзіць у трывожны, узбуджаны стан; непакоіць. Адначасовы ўзлёт мноства самалётаў заўсёды хваляваў Смірына. Алешка. [Оля:] — Бацька здаўна хварэе на сэрца, ён да вайны цераз гэта зусім не працаваў. Яго стараюцца аберагаць, не хваляваць нічым. А тут такая бяда! Мележ.
3. Падбухторваць, схіляць да хваляванняў (у 3 знач.); выклікаць хваляванні (у 3 знач.). Хваляваць народ. □ Народная па духу і форме, [паэзія] хвалявала шырокія масы, натхняла на барацьбу за лепшае будучае. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хмель, хмелю, м.
1. Павойная расліна сямейства тутавых, некаторыя віды якой выкарыстоўваюцца ў піваварэнні. Дзве альтанкі хаваліся ў зеляніне дзікага вінаграду і хмелю. Васілевіч.
2. зб. Суквецце гэтай расліны ў выглядзе шышак, насенне яе. [Дзядзька:] — Ён [дзед Хвядос] ужо за Нёманам хмель збірае... Бажко.
3. Хмельны напітак. [Андрэй:] З дзён маладых я хмелю не ўжываю. Клімковіч.
4. Стан ап’янення, выкліканы алкагольнымі напіткамі. Міхась быў чалавек вясёлы. А яшчэ быў весялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Колас. Бяседа ўжо ўвайшла ў тую каляіну, калі хмель развязвае языкі нават маўклівым людзям. Сабаленка. // перан. Стан пад’ёму, узбуджанасці, выкліканы чым‑н. Калі ж іх [грошай] не стала, Пад хмелем азарту Паклаў Фенька Рваны гадзіннік на карту. Арочка.
•••
Пад хмелем (пад хмяльком) — у стане лёгкага ап’янення. — А гэта?.. — зноў выкрыквае Клаўдзя пад хмелем. — Помніш, як спектакль у Рудні ставілі? Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цані́ць, цаню, цэніш, цаніць; незак., каго-што.
1. Вызначаць грашовы кошт тавару, назначаць цану. Колькі вы цэніце гэты дыван?
2. Даваць ацэнку; ацэньваць. — Цаніць ты маеш права І недруга і друга Па іх сапраўдных справах, Па іх жывых заслугах. Глебка. — Камуніста мы цэнім па рабоце. Алешка. // Лічыць значным, важным, каштоўным; прызнаваць высокія якасці каго‑, чаго‑н. Практыка даўно навучыла .. [Апейку] цаніць канкрэтнасць, дзелавую дакладнасць у кожнай гаворцы. Мележ. Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. // Даражыць чым‑н., шанаваць што‑н. Цаніць час. □ Марынка, як многія прыгожыя дзяўчаты, не пазбаўленыя хлапечай увагі, не надта цаніла чужое пачуццё. Шыцік. Праўду кажуць людзі, што волю цэніш тады, калі страціш яе. Машара. Тамара Аляксандраўна Кажура .. усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цік 1, ‑у, м.
Спец. Нервовы стан, пры якім назіраецца міжвольнае перасмыкванне мышцаў твару, радзей шыі, рук. [Цывільны] стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў раз-поразу яго губы. Чорны. Лявон паволі злез з печы, пачаў гаварыць з жонкай і... падміргваць. Гэта ён учора вечарам .. напалохаўся, і ў яго з’явіўся нервовы цік. Сабалеўскі.
[Фр. tic.]
цік 2, ‑у, м.
Спец. Шчыльная льняная або баваўняная тканіна (звычайна паласатая), якая ўжываецца для абіўкі мэблі, для пашыўкі чахлоў і пад. Набіўны цік.
[Гал. tijk, англ. tick.]
цік 3, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Дзікарослае дрэва сямейства вербенавых з моцнай драўнінай, якое расце ў лясной паласе Індыі, Індакітая.
2. ‑у. Драўніна гэтага дрэва, якая выкарыстоўваецца ў караблебудаванні.
[Англ. teak.]
цік 4, цік-ці́к і цік-цік-ці́к, выкл.
Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ча́ша, ‑ы, ж.
1. Старадаўняя пасудзіна для піцця ў форме паўшар’я. З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі Патомак гэты наш: Згібацца ўжо не будзе і не будзе Піць з недапітых чаш. Купала. // Уст. паэт. Кубак для віна. Давайце ўзнімем чашы За Час, працуе што на нас, На спадзяванні нашы. Вярцінскі. // перан.; чаго або якая. Пра ступень радасці, пакут і пад., якія прыйшлося перанесці каму‑н. Поўна з краем чаша гневу майго На людскія грахі ды бясчыннасці. Багдановіч. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці. Караткевіч.
2. Якая‑н. пасудзіна, ёмішча круглай формы. Палошчацца ў бронзавай чашы Вечны агонь. Аляхновіч. На прыгожай драўлянай падстаўцы ўзвышаецца велічная, акаймаваная каласамі чаша. «Маладосць».
•••
Перапоўніць чашу (цярпення) гл. перапоўніць.
Поўная чаша — багаты, заможны (пра дом).
Чаша (цярпення) перапоўнілася — няма больш сіл, магчымасці цярпець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́ласць, ‑і, ж.
1. Здольнасць успрымаць знешнія раздражненні органамі пачуццяў. Чуласць пальцаў музыканта. □ [Нявідны] абярнуўся ў нежывога, страціўшага чуласць і прытомнасць чалавека. Колас. // Тонкае, вострае ўспрыманне. Вясна і праца выгналі з думак [Зосі] рэшткі хваравітай чуласці да ўспамінаў. Чорны. З чуласцю прыслухоўваецца .. [Ілька] да вясковых зыкаў, як скрыпяць вароты і стукаюць цапы, як спяваюць вясковыя, дзяўчаты. Каваль. // Адчувальнасць. Унутраная чуласць да навакольнага памагае герою зліць душу з прыродай, і, наадварот, тонкае адчуванне прыроды выклікае прыліў унутраных сіл і творчасці. Гіст. бел. сав. літ. Паэт валодае павышанай чуласцю да хараства жыцця, ён улюбёны ў родную прыроду, ва ўсё светлае, чыстае, высакароднае. Перкін.
2. Увага да людзей; спагадлівасць, спачувальнасць. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Максім Танк — паэт-лірык, які заўсёды вызначаўся чуласцю да гора і радасці народа. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́рствы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў свежасць, мяккасць, стаў цвёрдым, сухім. Чэрствая булка. □ Калі акраец хлеба браў ты Рукой шурпатай са стала, Скарынка чэрствая, як праўда, Тваім пасведчаннем была... Грахоўскі. На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Барадулін. // Закарузлы, зацвярдзелы; жорсткі. З громам і маланкай ходзяць хмары, І грукоча дождж па чэрствай глебе. Хведаровіч. У вятрах, у клубах пылу, у громе страпянецца чэрствая зямля. Вялюгін.
2. перан. Нячулы, бяздушны. Чэрствы чалавек. □ Жах агарнуў.. [Клаву]. «Чаму ніхто не ратуе.. [хворага Паўлоўскага], што гэта за чэрствыя людзі! Я памагла б ім ратаваць яго». Чорны. [Настачка] не хацела паказаць.. [слёз] сваёй чэрствай сястры. Ракітны. // Які сведчыць пра нячуласць, бяздушнасць. Чэрствае слова. Чэрствы позірк. □ І пэўна не скажа патомкам Радзіма, Што з чэрствай душою прыйшоў я на свет. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчаці́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты, зарослы густым шчаціннем (пра жывёл). Ні заду, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава з шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай. Маўр. // Густа парослы кароткімі жорсткімі валасамі (пра твар). Дзіцячая рука сутаргава паднялася і жорстка кранулася.. шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Мужчына прычмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай.
2. Жорсткі, цвёрды, які нагадвае шчацінне (пра валасы, поўсць). Смех недзе бушаваў у яго сярэдзіне, і ад яго толькі торгаліся шчаціністыя рудыя вусы. Сабаленка. Гэты рабочы быў худы з твару, аброслы шчаціністай барадой. Пестрак. // перан. Паверхня якога пакрыта чым‑н. калючым, што нагадвае шчацінне. А дома ў гэту самую пару рахманы верасень бесклапотна валочыцца за статкам кароў па шчаціністым іржэўніку. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)