укліні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Увайсці, удацца клінам, вузкаю палосай у сярэдзіну чаго‑н. Сабраўся быў павярнуць у вёску, як заўважыў у маладым калгасным садзе, што глыбока ўклініўся ў поле, чалавечую постаць. Хадкевіч. На мяккай мураве ў зацішку. Дзе лес густы ўклініўся ў луг, Гуляюць [дзеці] у ката і мышку. Смагаровіч. У вярхоўях Бярэзіны, прытоку Дняпра, паміж марэннымі ўзвышшамі ўклінілася Верхне-Бярэзінская нізіна. Прырода Беларусі. // Уварвацца куды‑н. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ. Лыжныя батальёны, разведка, конніца, пяхотныя падраздзяленні глыбока ўклініліся ў варожы тыл. Асіпенка. // Уціснуцца паміж кім‑, чым‑н. [Марынка] ўклінілася паміж Паходнем і Заранікам, сунула Паходню свой пакунак і ўзяла абодвух пад рукі. Хадкевіч. // перан. Разм. Умяшацца ў што‑н. — Дык можа б за гэта і па чарцы выпілі? — нарэшце дачакаўся моманту Басько, каб уклініцца ў гаворку мужчын. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)