Неда- прэфіксальны комплекс у складзе слоў тыпу недаесці, недасеяць, недаспелы і пад., што надае дзеясловам і вытворным ад іх значэнне непаўнаты, недастатковасці дзеяння, якасці і г. д., утварыўся аб’яднаннем адмоўя не з прыстаўкай да‑ ў дзеясловах: не дакурыць > недакурыць, параўн. недаку́рак ’акурак’ (карэл., Нар. словатв.) або ў спалучэнні з прыназоўнікам да, параўн. недарэчны ’неразумны, дзіўны, бесталкова з не да рэчы; пазней пры дапамозе гэтага прыставачнага комплекса ўтвараюцца словы, якія могуць не мець суадносных утварэнняў без не-, параўн. недабача́ць ’дрэнна бачыць’ (Расторг.), недамага́ць ’адчуваць недамаганне’ (Сл. ПЗБ). Утварэнні тыпу недачалаве́к ’непаўнацэнны чалавек’ узніклі, відаць, як калькі з ням. Untermensch ’тс’. Параўн. Махэк₂, 393.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Несамавіты ’непрыгожы, няважны; нястрыманы’ (Гарэц.), ’несамастойны, непрыгожы; не маючы ўнутранай годнасці’ (Касп., Шат.), ’няякасны’ (Сл. ПЗБ), несамовіты ’неразумны, дурнаваты’ (ТС), nisamavity ’не зусім добры’ (Варл.), укр. несамови́тий ’раз’юшаны, сам не свой; у вышэйшай ступені моцны’, рус. пск. несамови́тый ’непрыгожы, нязграбны’, польск. niesamowity ’які мае зносіны з д’яблам; сам не свой’ (з укр., Варш. сл.). Утворана пры дапамозе адмоўя не ад менш ужывальнага самавіты (гл.); развіццё «адмоўнай» семантыкі звязана з канкрэтызацыяй зыходнага значэння, якое мае агульны (аморфны) характар, параўн. у Насовіча: самовитый ’настоящий, самый лучший’, у сваю чаргу «адмоўная» семантыка магла ўплываць на значэнне зыходнага слова, параўн. самовіты ’разумны’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ні́зкі ’невысокі’ (Яруш., ТС), ні́зкі́ ’невысокі; нізінны; дрэнны па якасці’ (Сл. ПЗБ), укр. низьки́й ’невысокі’, рус. низкий ’тс’, польск. nizki ’тс’, чэш. nízký ’тс’, славац. nizky ’тс’, в.-луж., н.-луж. niski ’тс’, славен. nizek ’тс’; серб.-харв. ни̏зак ’тс’, макед. низок ’тс’, балг. ни́сък ’тс’ (< низък), низък ’нізкі (у маральных адносінах)’. Прасл. *nizъkъ, вытворнае ад *nizъ, гл. ніз. Прыватнае значэнне ’блізарукі’, параўн. нізкі на вочы (Сцяц., Жд. 1, Ян., ТС), нызкий на вочы (Клім.), параўн. укр. низький на очі, рус. низкий на глазы, літ. žemių, akių развілося, відаць, на базе ’той, які нізка схіляецца (каб разглядзець нешта)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нітка ’прадзіва, нітка’ (Бяльк., Яруш.; мсцісл., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), рэдка ніць ’тс’ (Яруш.), ніткі мн. ’прадзіва’ (Бесар.), параўн. укр. нить, ни́тка, рус. нить, ни́тка, польск. nić, nitka, чэш. nit, славац. niť, в.-луж. nić, nitka, н.-луж. niś, nitka, палаб. nait, славен. nit, nȋtka, серб.-харв. ни̏т, макед. дыял. нитка. Да прасл. *nitь, роднаснае літ. nýtis ’аснова’; усё ўзыходзіць да і.-е. кораня nēi‑ ’прасці’, г. зн. ’прадзіва’ (Фасмер, 3, 76; Махэк₂, 399; Бязлай, 2, 224; Шустар-Шэўц, 13, 1001). Значэнне ’нізка’, параўн. нітка грыбоў (Сл. ПЗБ, Шатал.; Мат. Гом., ТС), хутчэй за ўсё вынік пераасэнсавання дээтымалагізаванай назвы нізка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кары́сць, укр. користь, рус. корысть, чэш. kořist ’здабыча, трафеі’, польск. korzyść ’карысць’, серб.-харв. ко̏рист, славен. korȋst ’здабыча’. Зыходнае значэнне ’здабыча’ (Фасмер, 2, 343). Тады прасл. koristь ад koriti ў значэнні ’пакараць’ (чэш. kořiti, в.-луж. korić, рус. корить і інш.) (Міклашыч, 130), гл. карыць. Аднак гэта версія не мае тлумачэння з пункту гледжання словаўтварэння. Мы не ведаем суфікса ‑stь, з дапамогай якога б фарміраваліся назоўнікі ад дзеясловаў. Вельмі праблематычная версія аб koristati < ko‑ristati (ristati ’гнацца’) (Варбот, Этимология, 1970, 65–70). Іншыя этымалогіі яшчэ менш надзённыя. Агляд версій гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 71–73.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ачу́ціць ’прывесці ў прытомнасць, ажывіць’ (КСП, Сцяц., Сцяшк.), ачу́ніцца ’апрытомнець’ (Янк. I), укр. очу́тити ’прывесці ў прытомнасць’, рус. тул. ачю́тытца ’апрытомнець’, польск. ocucić ’прывесці ў прытомнасць’, ц.-слав. ощутити ’адчуць’, ст.-слав. оштоутити ’пазнаць, адчуць’. Звязана чаргаваннем галосных з ачнуцца; прасл. ot‑jutiti (sę), шляхам дэкампазіцыі ўспрынятае як o‑tjułiti (sę); адпавядае літ. atjaũsti ’спачуваць’ ад jaũsti, jaučiù ’адчуваць’, гл. Махэк, Studie, 41. Няроднаснае да чуць, чую, бо ў апошнім ч‑ мае праславянскі характар, а не з tj‑, гл. Фасмер, 3, 179; Слаўскі, 1, 108. Формы з націскам на канцы развілі значэнне ’апынуцца’, параўн. ачуці́цца ’аказацца, апынуцца’, укр. очути́тися, рус. очути́ться.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Аўрач, овра́ч ’кій, якім заганяюць рыбу ў сетку’, рэч. (Браім, Весці АН БССР, 1973, 1). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суфіксам ‑ач, характэрным для назваў прылад дзеяння паводле значэння дзеяслова; магчыма, ад незафіксаванага *овраць, вытворнага з коранем ‑ver‑, для асноў з якім у славянскіх мовах характэрна значэнне ’піхаць, соўгаць’ (гл. Фасмер, 1, 293), а таксама ’кій, рычаг, з дапамогай якога што-небудзь паварочваюць, прыводзяць у рух’, параўн. укр. вирло ’асноўны шост рыбалоўнай прылады, пры дапамозе якога яе падымаюць і апускаюць’, ’дышаль манежа’, ’доўгі рычаг, якім паварочваюць ветраны млын’ (гл. Куркіна, Этимология, 1970, 101). Параўн. аўраць. З семантычнага боку магчымы ўплыў літ. varýti, vãro ’гнаць, выганяць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бамбэ́лак невялікі барабан з бразготкамі’; пераносна ’жывот’ (Янк. Мат.). Запазычанне з польск. bąbel, bębel ’пухір, бурбалка’, памянш. bąbelek, кантамінаванага з польскім bębenek ’бубен, барабан’ (першае — да слав. асновы bǫb‑, другое — таксама да bǫb‑; экспрэсіўна-гукапераймальныя асновы, гл. Слаўскі, 1, 29, 31). Кантамінацыя мела месца, мабыць, ужо ў бел. мове. Але не выключаецца, што бамбэ́лак проста з польск. bąbelek ’бразготка’. Параўн. значэнне бел. слова: ’невялікі барабан з бразготкамі’ (!). Параўн. укр. бамбу́лька ’круглая ягада (бульбы)’ < польск. Да фанетыкі такіх запазычанняў гл. Зілынскі, PF, 12, 376. Пра магчымасць захоўвання групы ‑ом‑ (< прасл. — ‑ǫ‑) у слав. мовах гл. Махэк₂, 44 (але непераканаўча).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маладосць, моладасць, моладась, мо́лодосць ’маладыя гады жыцця’, ’уласцівасць маладога’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мо́лодість, рус. мо́лодость, польск. młodość, н.- і в.-луж. młodosć, чэш. mladost, славац. mladosť, славен. mladóst, серб.-харв. мла̏дост, макед., балг. младост. Цэйтлін (Лексика, 22) дапускае, што ў ст.-слав. мове было слова младость са значэннем ’ранняе дзяцінства’, параўн. серб.-харв. мла́дити ’народжваць дзіцянят’, харв. mladíti ’тс’, н.-луж. ga sy ty młody? ’калі ты нарадзіўся?’. На бел. моўнай тэрыторыі гэта лексема мае кніжны характар. У ст.-рус. мове младость азначала ’дзяцінства’, а значэнне ’маладосць’ у рус. мове зафіксавана толькі ў 1704 г. (Палікарпаў).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кры́нка ’гладыш’ (Мат. Маг., Ян., Мат. Гом.). Рус. кринка ’тс’, ст.-рус. крина ’мерка збожжа’, балг. крина ’тс’, серб.-харв. крина ’тс’, славен. krínja ’чан’, в.-луж. krina ’карыта’. Астатнія славянскія паралелі маюць памяншальную суфіксацыю. Развадоўскі (Wybór, 2, 174–175) аддзяляў слова са значэннем ’крыніца’ ад слова са значэннем ’пасудзіна’. Першае ён выводзіў са ст.-грэч. κρήνη ’крыніца’, другое — з невядомай нам таксама грэчаскай формы. Калі браць пад увагу значэнне ’драўлянае начынне’, то не выключана сувязь з лац. scrinium ’скрынка’ (Бернекер, 1, 617). Прыняць генетычную сувязь паміж славянскімі і лацінскай лексемамі нельга. Хутчэй тут старое лексічнае пранікненне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)