абысці́ся, абыдуся, абыдзешся, абыдзецца; пр. абышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. абыдзіся; зак.
1. Задаволіцца тым, што ёсць; знайсці выйсце са становішча, абмяжоўваючыся наяўнымі сродкамі. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышліся без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. // Здолець пражыць без каго‑, чаго‑н., не выкарыстаць каго‑, чаго‑н. Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Ніводнае вяселле без іх не абышлося. Гарэцкі.
2. Так ці інакш паставіцца да каго‑, чаго‑н., выявіць пэўныя адносіны. Абысціся па-людску. Ветліва абысціся. □ Тут дзед пачаў пералічаць усе здарэнні, дзе з сялянамі абышліся несправядліва. Колас.
3. Выклікаць пэўныя расходы, страты; каштаваць. Перавозка грузаў абышлася ў 50 рублёў. □ Маёрава смерць дорага абышлася немцам. Гурскі.
4. Закончыцца добра, без непрыемнасцей; уладзіцца. Андрэй быў рады, што ўсё абышлося шчасліва. Шахавец. [Шафёр:] — Добра, што ўсё так абышлося. Кулакоўскі.
•••
Абысціся ў капейку (капеечку) — дорага каштаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агарну́ць, агарну, агорнеш, агорне; зак., каго-што.
1. Укрыць з усіх бакоў, абкруціць. Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы [Джуліі]. Быкаў. // Абняць, абхапіць каго‑, што‑н. Аберуч агарнуў [хлопчык], як з маткаю абняўся, І ў споласе сачыў за бамбавозам, І нават у пажары не расстаўся з бярозай. Вітка. // перан. Настаць, заспець (пра ноч, цемру і пад.). Зося гэтак шчыра запрацавалася, што не пабачыла, як яе агарнула ноч. Чарот. Ціхі летні вечар агарнуў зямлю. Якімовіч.
2. перан. Завалодаць, захапіць, падпарадкаваць сабе; адолець, апанаваць. Дома Міця доўга не мог супакоіцца. Думкі пра Сюзану ўладна агарнулі душу. Навуменка. // Ахапіць каго‑н. (пра пачуцці, стан). [Іван і Джулія] не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца — выдасць аўстрыяк ці не? Быкаў. [Язэп:] — «Што ты, Віктар, выдумляеш, хто пра мяне гаворыць?» А ў самога сэрца ў пяткі заскочыла, і млявасць агарнула ўсё цела. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падасла́ць 1, ‑дашлю, ‑дашлеш, ‑дашле; ‑дашлём, ‑дашляце; зак., каго-што.
1. Паслаць, накіраваць спецыяльна, з якой‑н. тайнай мэтай. Я ўжо не сумняваўся, што Сцяпана падаслалі, каб выведаць, што я ведаю пра іх справы. Асіпенка. Можа гэта.. [Люба] падаслала сваю маці, каб тая і Шуру адгаварыла ехаць [у вёску]. Арабей.
2. Прыслаць, даставіць дадаткова. Падаслаць рабочых на будаўніцтва. Падаслаць яшчэ адну фурманку. Падаслаць грошай да стыпендыі.
3. Разм. Своечасова, к пэўнаму моманту, прыслаць. [Кастусь:] — Ты, брат, як ведаў, што я да цябе збіраюся: падводу падаслаў. Якімовіч.
падасла́ць 2, падсцялю, падсцелеш, падсцеле; зак., што і чаго.
Паслаць што‑н. пад каго‑, што‑н. Падаслаць кажух пад бок. Падаслаць пярыну. □ — Эх, — уздыхнуў Лабановіч, — каб ведаў, дзе павалішся, там саломкі падаслаў бы... Колас. // каму, каго і без дап. Пакідаць подсцілу пад ногі жывёле. Падаслаць карове. Падаслаць гусей. □ Раз у тыдзень, а можа і радзей, браў.. [Сымон] жытнюю салому, каб падаслаць у хлявах. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падаткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак.
1. што. Падабраўшы канец, край чаго‑н., падсунуць, засунуць пад што‑н. Мар’ян паклаў свой шынель на мяне, падаткнуў і мой, і свой мне пад бакі. Васілёнак. [Жанчына] скупа кінула мне «добры дзень», не саромеючыся, падаткнула падол спадніцы, выцерла рукой мокры ад дажджу твар і ўзялася мыць падлогу. Хомчанка. // Заткнуць пад што‑н. [Піліп] падаткнуў пад паху верхнюю адзежу, пералез цераз паркан і агародамі падаўся да свайго дому. Сачанка.
2. што і чаго. Разм. Падсунуць, падкінуць чаго‑н. куды‑н. — Каб ведалі, хто падаткнуў агню [у пасеку], — судзілі б, не шкадуючы. Пташнікаў.
3. перан.; каго. Разм. Падбухторыць на што‑н. Напіўшыся,.. [Антось Кнюх] успамінае ўсе крыўды і можа зрабіць усё, хто на што ні падаткне. Дуброўскі.
4. перан.; на каго і з дадан. сказам. Разм. Удаць, данесці на каго‑н. Нехта з «добрых» людзей падаткнуў, што стары ў партызанскім атрадзе. Кудравец.
•••
Камар носа не падаткне гл. камар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кішэ́нь і кішэ́ня, ‑і, ж.
1. Частка адзення (штаноў, паліто, пінжака) у форме прышытага або ўшытага мяшочка для дробных рэчаў і грошай. Бакавая кішэнь. Нагрудная кішэнь. □ Кавалёва задумалася, дастала з кішэні паліто некалькі зярнят грэчкі і, разглядаючы, перагортвала іх на далоні. Дуброўскі.
2. перан. Разм. Дабрабыт, багацце, грошы. Проста дзіва, як «клапоцяцца» рускія міністры аб кішэні [паноў] фабрыкантаў! Ленін. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр.
3. Асобнае аддзяленне ў партфелі, чамадане і пад.
4. Спец. Пра паглыбленне, выемку ў чым‑н. Кішэнь раны. Кішэнь тоўстай кішкі.
•••
Біць па кішэні гл. біць.
Вецер гуляе ў кішэні гл. вецер.
За словам (па слова) у кішэнь не лазіць гл. лазіць.
Класці (сабе) у кішэню гл. класці.
Набіць кішэнь гл. набіць.
Не па кішэні каму — занадта дорага для каго‑н.
Пустыя кішэні ў каго — пра беднага чалавека.
Тоўстыя кішэні ў каго — пра багатага чалавека.
Трэсці (калаціць) кішэні гл. трэсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зба́віць 1, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., што.
1. Адняць (якую‑н. частку) ад агульнай колькасці, вагі і пад. Збавіць кілаграм вагі.
2. таксама чаго. Зменшыць велічыню або колькасць чаго‑н.; убавіць. Збавіць цану. Збавіць крок (пайсці цішэй). Збавіць вагі, у вазе (пахудзець). □ Нам нічога не аставалася, як толькі збавіць ход, каб ненарокам не перакуліць лодку. Сачанка. // Зменшыць сілу чаго‑н.; аслабіць, знізіць. Збавіць тон. □ Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей.
•••
Збавіць газ — зменшыўшы наступленне гаручага, сцішыць ход машыны.
зба́віць 2, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., каго-што.
Памагчы пазбегнуць каго‑, чаго‑н.; пазбавіць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Збавіць ад бяды. Збавіць душу ад пакут. □ Адзіны выхад іх ад смерці збавіць — У час зацішша з крэпасці адправіць. Бачыла.
•••
Божа збаў гл. бог.
зба́віць 3, збаўлю, збавіш, збавіць.
Зак. да бавіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зжыць, зжыву, зжывеш, зжыве; зжывём, зжывяце; зак.
1. каго. Стварыўшы для каго‑н. невыносныя ўмовы, загубіць, знішчыць. Зжылі злоснікі добрага чалавека.
2. што. Пазбавіцца ад чаго‑н., ліквідаваць што‑н. Зжыць недахопы. □ — Вось тут і там, пад гэтымі стрэхамі, жывуць людзі. Жывуць яны ў цемнаце і ў гразі, і многія з іх думаюць, што толькі і свету, што тут, пад гэтымі шэрымі стрэхамі. У сваім жыцці гэтыя людзі як бы ненавідзяць адзін аднаго... Што ж рабіць тут такое, каб зжыць гэта ўсё? Чорны.
3. Пражыць (жыццё, гады і пад.). — Я дык не помню, каб так усё гарэла пад восень. І мама не помніць, не расказвала, а сем дзесяткаў зжыла. Пташнікаў. Век зжыць — не мех сшыць. Прыказка.
•••
Зжыць са свету каго — тое, што і зжыць (у 1 знач.).
Зжыць сябе — выявіць сваю нежыццёвасць, аказацца мала прыгодным, непатрэбным; састарэць. Прыгонніцтва канчаткова зжыло сябе. Ларчанка. Сентыменталізм як плынь зжыў сябе. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць, прызначаецца для прыёму каго‑, чаго‑н. Прыёмная антэна. Прыёмная радыёстанцыя. // Створаны, арганізаваны для прыёму каго‑, чаго‑н. «Хіба ў нас такая ферма ёсць? У актах прыёмнай камісіі і ўпамінку няма». Ракітны. У інстытуце ішлі прыёмныя экзамены. Карпаў. // Назначаны для прыёму, наведвання (пра час). Прыёмныя гадзіны. □ У нядзелю .. [Нічыпара] пацягнула ў бальніцу да Агнёва. Быў прыёмны дзень. Асіпенка.
2. Які ўсынавіў каго‑н. або ўсыноўлены кім‑н. [Гіго] вучыўся мове сваіх прыёмных бацькоў. Самуйлёнак. З той пары дзяўчынка пачала жыць як прыёмная дачка ў сям’і вартаўніка могілак. Галавач.
3. у знач. наз. прыёмная, ‑ай, ж. Пакой, у якім прымаюць наведвальнікаў або дзе яны чакаюць прыёму. У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Шамякін. У прыёмнай рэдактара было бязлюдна. Хадкевіч. Без шапкі, загарэлы, .. [Коля] і цяпер быў такі, як тады, калі нёс .. [Рыну] на руках у прыёмную клінікі. Грамовіч.
•••
Прыёмны пакой гл. пакой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́ступ, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыступаць — прыступіць.
2. Момант абвастрэння, узмацнення якой‑н. хваробы, хваравітая з’явы. Прыступ апендыцыту. Сардэчны прыступ. □ Пачнуцца прыступы радыкуліту, і ўжо зусім няможна будзе паехаць у камандзіроўку. Асіпенка. Праз тыдні тры ў Андрэя пачаліся прыступы малярыі. Дуброўскі. // Рэзкае, вострае праяўленне якога‑н. душэўнага стану, пачуцця. Прыступ гневу. Прыступ рэўнасці. □ Ніколі, ні ў гестапа, ні ў лагеры, ні перад аперацыяй, у .. [Зосі Савіч] не было такіх прыступаў страху, якія здараюцца часамі цяпер. Шамякін. — Мартыне! Родны!.. — усклікнуў Коўбец, і голас яго асекся, перахоплены прыступам рыдання. М. Ткачоў.
3. Атака, штурм. Ісці на прыступ. □ Толькі ўбачыўшы купкі сваіх таварышаў, якія .. рашучым прыступам бралі «варожую крэпасць» — высокі сумёт, хлапчук з крыкам ура пабег да іх. Лынькоў.
•••
Ані прыступу да каго — немагчыма падысці, звярнуцца да каго‑н. [Аленка] добра памятае, як хацела дагнаць.. [Сцёпку], а ён толькі воўкам зірне на яе — і ані прыступу. Колас.
Няма прыступу да каго гл. няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак., каго-што.
1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца чым‑н. да каго‑, чаго‑н., прыкласці на момант. Дануся праз вочка металічнай сеткі прыткнула губы да маёй шчакі. Карпюк.
2. Разм. Наблізіць што‑н. да чаго‑н., размясціць што‑н. упрытык з чым‑н. Акаловіч пераскочыў цераз .. [Паліводскага] і рынуўся ў акно, але адразу [ў]скочыць на падаконнік не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла. Чорны.
3. Змясціць, размясціць, пакласці што‑н. Аўтамат.. [баец] прыткнуў між калень. Быкаў. «Няма дзе чалавеку спаць, — падумаў Андрэй. — Хоць бяры ды яшчэ адзін ложак стаў у хаце... А куды яго прыткнуць!..» Чарнышэвіч. Ты ідзі, цябе не зачэпяць, — зашаптаў Сіла Прохаравіч. — Прыткні іх [магнітныя міны] дзе-небудзь у кар’еры. Навуменка.
4. перан. Разм. Прыстроіць, прыладзіць каго‑н. куды‑н. (на якую‑н. пасаду, месца). Дзеда Піліпа абыходзіла балюча пытанне адносна лёсу старых у калгасе. Куды ты іх там прыткнеш? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)