бру́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Нячысты, нямыты, з прыкметнымі слядамі пылу, бруду на паверхні. Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі. Лынькоў. Уздыхае барадаты, а потым ідзе назад у сенцы, цяжка ступаючы бруднымі патрэсканымі нагамі па гладкай, як ток, зямлі. Мурашка. Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль. / у знач. наз. бру́днае, ‑ага, н. Да чыстага бруднае не прыстае. Прымаўка. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Цьмяны дрыготны агонь асвятліў раскошную хату — амаль пустую і страшэнна брудную. Зарэцкі.

2. Такі, дзе асноўны колер выступае невыразна, няярка. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Лобан.

3. Прызначаны для адкідаў. Бруднае вядро. // Які мае дачыненне да чаго‑н. нячыстага, маркага. Брудная работа.

4. перан. Грубы, непрыстойны, агідны. Брудная лаянка. Брудныя думкі. Брудныя плёткі, намеры.

5. перан. Які выклікае маральную агіду. Брудная справа. Брудная роля. Брудная душа. □ [Ціхан] прызнаўся Мальвіне, што даўно хацеў уцячы з-пад начальства Мачуліна, бо той — чалавек нікчэмны і брудны. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зіхаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць і зіхце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

1. Блішчаць, ззяць яркім, пералівістым святлом. Дні плылі спякотныя.., сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Мележ. Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж. Шыцік. // Ярка, асляпляльна ўспыхваць. На двор жа страшна было вылезці: само неба, здаецца, лілося на зямлю і раз-поразу зіхацелі агністыя маланкі. Мурашка. І ў зорныя ночы, і ў ясныя дні Зіхцяць электрычнае зваркі агні. Гілевіч.

2. Ярка блішчаць, пералівацца, адбіваючы святло, праменне. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Асляпляльна зіхацеў снег. Шчарбатаў. // чым і без дап. Быць асветленым, упрыгожаным чым‑н. яркім. Елка ўся ў агнях зіхаціць, у цацках, істужкамі розных колераў прыбраная. Пянкрат. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. // Вылучацца яркім або светлым колерам. З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Ваданосаў. // Вылучацца навізной, чыстатой. У .. пакоі ўсё зіхацела ад чыстаты. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыві́цца, жыўлю́ся, жы́вішся, жы́віцца; незак.

1. Карміцца, харчавацца. [Родны:] Што ж, тыгр — звер, як звер. Яму так прыродай вызначана — жывіцца мясам. Крапіва. Наступалі голад і смага. Байцы жывіліся жменяй макухі, дзесяткам гарошын. «Звязда». // Здабываць сродкі для існавання. Людзі з трох вёсак займаліся вырабам гонты і гэтым жывіліся. Чорны. Што зарабіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Гарэцкі.

2. Забяспечвацца тым, што неабходна для нармальнага існавання, развіцця, дзейнасці. Ірвецца [расток] да святла, расце бясконца І п’е зямлі сыры духмяны сок, І жывіцца магутнай сілай сонца... З. Астапенка. Маторы ў майстэрнях жывяцца электрычнай энергіяй. Шахавец. // перан. Падтрымліваць, узмацняцца чым‑н. (пра разумовую і творчую дзейнасць, псіхічны стан і пад.). [Беларуская] сатыра ўрастала ў народную глебу, жывілася яе сокамі. Казека. У многіх аўтараў паэзія жывіцца ўспамінамі. «ЛіМ».

3. Разм. Атрымліваць для сябе выгаду, карысць; нажывацца, абагачацца. — Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вяне́ц, ‑нца, м.

1. Карона, якую трымаюць над галовамі маладых у час вянчання ў царкве. [Вашыновіч:] — Я сам за шафера быў, вянец трымаў. Чорны. // Вянчанне. Малодшая ж [дачка] хітрэйшай, Відаць, была, — махнула ў Кустанай І там сышлася з камбайнерам, Па сэрцу, без вянца. Корбан.

2. Уст. Каштоўны галаўны ўбор, які надзяваўся ў знак высокага звання або асаблівых заслуг. Царскі вянец.

3. чаго, перан. Апошняя, вышэйшая ступень, верх чаго‑н. [Дзянісаў:] — Думка застаецца думкай. Вянцом яе заўсёды з’яўляецца справа. Гамолка. Чалавек — ён цар прыроды. Чалавек — вянец тварэння. Зарыцкі.

4. Радужны круг вакол сонца, месяца, зорак. Мароз на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае. Колас.

5. Тое, што і вянок (у 2 знач.). Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў. Бядуля. Бялеюць укопаныя ў зямлю дубовыя слупы вялікай будыніны, у якую пакладзена некалькі вянцоў. Паслядовіч.

•••

Ісці пад вянец гл. ісці.

Стаяць пад вянцом гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ружо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які атрымліваецца ад змешвання чырвонай фарбы з белай (пра колер); светла-чырвоны. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. Сонца схавалася, і толькі ружовая палоска на небасхіле нагадвала пра скончаны дзень. Кавалёў.

2. З румяным, здаровым колерам твару (пра чалавека). Ружовы, тугі, як мяч, хлапчук барабаніў ножкамі па начоўках — толькі пырскі ляцелі ва ўсе бакі. Васілевіч. Хто там можа давесці, што .. [дзяўчынка] ўжо ела, што пара было б падкурчыць пад пухлую, ружовую шчочку кулачок і спаць. Брыль.

3. перан. Нічым не азмрочаны, радасны, светлы. І палкоўнік аддаўся самым ружовым марам аб недалёкім будучым. Лынькоў. З Петрусём усё ехала: радасць, шчасце, ружовыя надзеі. Нікановіч.

•••

Глядзець праз ружовыя акуляры на каго-што гл. глядзець.

У ружовым святле гл. святло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схлы́нуць, ‑не; зак.

1. Сцячы з сілаю; хлынуўшы, збегчы (пра ваду). Снег .. неяк увачавідкі растаў і схлынуў патокамі ў рэчкі і вадаёмы. Сабаленка. Андрыян Цітавіч думаў аб тым, як неўзабаве канал будзе закончаны і па ім схлынуць спрадвечныя гнілыя воды балота. Марціновіч. // перан. Адначасова пайсці аднекуль (пра вялікую масу людзей). Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно плячо, перакінуў вінтоўку і, калі схлынуў натоўп, падаўся к выхаду. Грахоўскі. Як схлынуць турысты, прыеду я ў вёску Хатынь У надвечар чысты — пад неба гарачую стынь. Гаўрусёў. // перан. Хутка, адразу знікнуць, аслабнуць (пра стан, пачуццё). Калі першая ўзрушанасць схлынула, хлопцы сталі распытваць Міколу. Навуменка.

2. Хутка прайсці. Перад дажджом крымская прырода страціла фарбы .. Але схлынуў лівень, выбліснула сонца, і вочы зноў захапляе бясконцая, невымерная, невымоўная сінеча. Лужанін. // перан. Мінуцца, скончыцца. Назаўтра, як толькі схлынула навала тэлефонных званкоў, Васіль Пятровіч сам пайшоў у сектар адводу зямель. Карпаў. Крыху пацішэла, першая хваля гаворкі схлынула, узбуджэнне паступова спала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укры́цца, укрыюся, укрыешся, укрыецца; зак.

1. Накрыцца, закрыцца поўнасцю, з усіх бакоў, ухутацца. Алаіза паслала ложак. Лягла, укрылася з галавою. Арабей. [Мялешка:] — І вазьмі вось мой плашч, укрыйся. Васілевіч.

2. Накрыцца, запоўніцца, усеяцца чым‑н. па паверхні. У пакоях, дзе раней панаваў строгі парадак, чысціня, усё нібы пастарэла, укрылася пылам. Карпаў. Укрылася лёдам возера — не правіць было рыбакам пелькі. Мыслівец. Пастаяўшы нейкі час каля куста вярбы, што ўкрыўся жоўтымі коцікамі, павярнуў дадому. Ігнаценка. // Ахутацца, ахінуцца чым‑н. Апілкі сонца церушыла. Як цыркуляркаю-пілой, І далеч доўга не спяшыла Укрыцца шызаю імглой. Гаўрусёў. // Стаць пакрытым чым‑н., што выступіла на паверхні чаго‑н. У Сузона ў момант твар укрыўся кроплямі поту, шчокі пачалі падрыгваць. Галавач.

3. Схаваўшыся дзе‑н., засцерагчы сябе ад каго‑, чаго‑н. Вялічка і хто быў з ім убачылі, што выйсці з дома і дзе-небудзь укрыцца ад бомб няма як: усё навокал кіпела і рвалася. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.

2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.

3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.

•••

Гуляць у хованкі гл. гуляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́йсці, вы́йду, вы́йдзеш, вы́йдзе; вы́йшаў, -шла; вы́йдзі; зак.

1. Пайсці адкуль-н., пакінуць межы чаго-н.

В. з хаты.

В. з акружэння.

В. са складу камісіі.

2. З’явіцца, апынуцца дзе-н. (пайшоўшы адкуль-н.).

В. на дарогу.

Сонца выйшла з-за хмар.

В. з адстаючых (перан.).

3. перан., з чаго, з-пад чаго. Перастаць быць у якім-н. стане, становішчы.

В. з цярпення.

В. з сябе (раззлавацца). В. з ужытку.

В. з-пад улады.

4. Быць выдадзеным, надрукаваным, выпушчаным, падрыхтаваным.

Кніга выйшла з друку.

Фільм выйшаў на экраны.

5. безас. Прыйсціся, дастацца, выпасці.

На кожнага выйшла па мільёну рублёў.

6. Зрасходавацца, кончыцца.

Выйшлі ўсе запасы.

Выйшаў тэрмін.

7. (са словам «замуж» або без яго; разм.), за каго. Стаць чыёй-н. жонкай.

В. замуж за інжынера.

В. за ўрача.

8. Атрымацца, утварыцца ў выніку якой-н. апрацоўкі, падрыхтоўкі, якіх-н. дзеянняў.

Выйшла добрая рэч.

З такога куска выйдзе дзве кашулі.

З яго выйшаў добры майстар.

9. Здарыцца, адбыцца ў выніку чаго-н.

Выйшла непрыемнасць.

Выйшла, што я праў.

10. кім-чым. Зрабіцца, стаць кім-н.

В. пераможцам.

11. з каго-чаго. Пра паходжанне каго-н.

В. з асяроддзя людзей працы.

|| незак. выхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць (да 1—10 знач.).

|| наз. вы́хад, -у, М -дзе, м. (да 1, 2, 4 і 7 знач.).

На в. (каманда выходзіць).

|| прым. выхадны́, -а́я, -о́е (да 4 знач. і ў некаторых спалучэннях да 1 знач.).

Выхадныя даныя (у друкаваным выданні: звесткі пра месца, год выпуску, выдавецтва). Выхадная адтуліна.

В. комін.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

аго́нь, агню́, мн. агні́ і агнёў, м.

1. Гаручыя святлівыя газы высокай тэмпературы; полымя.

Згарэць у агні.

2. Святло ад асвятляльных прыбораў.

Запаліць а.

Агні горада.

3. Стральба (ружэйная, артылерыйская).

Адкрыць а.

Шквальны а.

Агонь! (каманда страляць).

4. перан. Палымянасць, жвавасць, душэўны ўздым.

З агнём у сэрцы.

Антонаў агонь — гангрэна, заражэнне крыві (уст.).

Баяцца як агню — вельмі баяцца.

Днём з агнём не знойдзеш — нідзе не знойдзеш (разм.).

З агню ды ў полымя — з адной непрыемнаці ў другую, яшчэ большую (разм.).

Паміж двух агнёў — пра небяспеку з двух бакоў.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

У агонь і ў ваду пойдзе за каго-н. — гатовы на ўсё дзеля каго-н.

Гарэць (пячы) агнём — вельмі моцна балець.

Увесь у агні — у гарачцы.

Не жартаваць (не гуляць) з агнём — не рабіць таго, што можа пацягнуць за сабой непрыемныя вынікі.

Агнём і мячом — з бязлітаснай жорсткасцю.

Як агню ўхапіўшы — вельмі хутка.

На агеньчык зайсці да каго-н. — зайсці выпадкова, мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.

Працаваць з аганьком — з запалам, з захапленнем, праяўляючы ініцыятыву, выдумку.

|| памянш. аге́ньчык, -а і -у, мн. -і, -аў, м. і аганёк, -нька́, м. Гарыць а.

|| прым. агнявы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.), агнёвы, -ая, -ае (да 1 знач.), агні́сты, -ая, -ае (да 1 знач.) і во́гненны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Агнявая сушка (на агні). Агнявы пункт (артылерыйскі, кулямётны). Агнявыя сродкі (снарады). Агнёвыя прамяні сонца.

Агністая чырвань на ўсходзе.

Вогненныя языкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)