Га́музам ’агулам’ (БРС). Рус. дыял. га́музом, укр. га́музом. Паводле Фасмера (1, 391), адносіцца да дзеяслова гомза́ть ’кішэць’ < *gъmъz‑. Трубачоў (Эт. сл., 7, 195) пад *gъmъz‑ разглядае многа славянскіх лексем, у тым ліку рус. гомоз ’мноства’, го́мозом ’усе разам’, га́маз ’маса, мноства’, га́мазам ’разам, агулам’, укр. га́муз ’мякаць; бацвінне (ад буракоў, лісты капусты)’, га́музом ’агулам’, бел. га́музам ’тс’, гаму́з ’шум’. Што гэта слова адносіцца іменна да групы *gъmъz‑, можна не сумнявацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наспі́чнік ’дэталь у коле воза (рэхва, якая набіваецца на калодку каля спіц)’ (ТС), наспішнікі мн. ’тс’ (Маслен.). Да спіца ’дэталь у коле’ (гл.); паколькі рэхва набівалася не на спіцы, а на калодку, у якую яны ўстаўляюцца, застаецца няяснай зыходная прыназоўнікавая канструкцыя, на базе якой мог утварыцца тэрмін, параўн., аднак, заспічнікі ’тс’ (Маслен.), дзе матывацыя больш празрыстая; субстытуцыя прыназоўніка — прыстаўкі магла адбыцца пад уплывам дзеяслова набіваць ’насаджваць’, хаця тэарэтычна яна здаецца натуральнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наста́рчыцца ’назапасіцца, старанна ўдосталь нарыхтаваць чаго-небудзь’ (Нас., Сцяшк. Сл.), укр. настарчити ’прыпасці, даставіць удосталь’. Відаць, запазычана з польск. nastarczyć (się) ’успець дастаць што-небудзь; задаволіць патрэбу’, ад starczyć ’зрабіць дастатковым’ (гл. старчыць), што паводле Брукнера (514), з першапачатковага statczyć (да *stati, параўн. даститак, дастатковы і пад.), гл. стачыць ’быць дастатковым’; параўн. настичыцца ’набрацца’ (Юрч.), укр. настачитися ’назапасіцца’ рус. настачиться ’запасціся чым-небудзь у дастатковай колькасці’ і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўсёды ’заўсёды’ (Яруш.). Відаць, наватвор пачатку XX ст.; на- замест за‑, пашыранага ў большасці славянскіх моў у адпаведніках бел. заўсёды (гл.), магчыма, пад уплывам рус. навсегда ’назаўсёды’, дакладвай структурнай копіяй (не калькай!) якога з’яўляецца разглядаемае слова; аднак параўн. наусёгда: помні наўсёгда (ТС), наўсягды ’назаўсёды’ (Жд. 1), наўсюдых ’усюды’ (Нас.), наўсюды ’тс’ (Бяльк.), што можа сведчыць аб старажытным характары пачатку слова, пра фарміраванне пачатковага словаўтваральнага комплексу гл. таксама паў-.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́гле ’нельга, немагчыма’ (ТС). У выніку перастаноўкі зычных ад нельга ’тс’; канчатак ‑е можна вытлумачыць па-рознаму: або *негля > негле пад уплывам адпаведных прыслоўяў на -е тыпу добра (на думку Карскага, 2–3, 76, з польскай ці ўкраінскай), або як захаванне старажытнай формы дав. скл. ад льга (гл.), параўн. ст.-слав. нельзѣ, з узнаўленнем непалаталізаванага зычнага г. Фармальна падобнае рус. нёгли, негли ’хіба, няўжо’ мае іншае паходжанне (нег‑ли?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нуд ’халера, зараза, нуда’ (слонім., Нар. словатв.; Сл. ЦРБ), ’нуда; моташнасць’ (драг., Нар. словатв.), ’сум, маркота’ (Чэрн.), ’неахайнасць’ (Нік. Очерки), нудзь ’нуда, журба, маркота’ (ТС), укр. нуд ’нуда; млоснасць’, рус. нуд ’кароста’. Аддзеяслоўны назоўнік ад нудзіць (гл.); першапачатковае значэнне захавалася, відаць у ну́ддзе ’прымус’ (Нас.), параўн. нуддзю ’прымусам, гвалтам’ (там жа), з якіх натуральным шляхам маглі ўзнікнуць формы нуд, нудзь, параўн. хлуд і хлуддзе, по́скудзь і по́скуддзе і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няве́хна ’нявеста, маладзіца’ (Гарэц., Анік., Мал.), ’нявестка, жонка сына’ (Нас., Федар., Кліх, гом., Шн.; Жд. 1, Сл. ЦРБ, ТС, Ян.), неві́хна ’тс’ (Маш.), укр. невіхна ’тс’, рус. неве́хна ’тс’. Відаць, да нявеста (гл.); канец слова зменены пад уплывам’ слоў на ‑хна, параўн. цётухна, матухна, параўн. заўвагу Насовіча: Невѣхна… Тоже, что Невѣстухна». Менш верагодна з няве́сна (гл.), параўн. балг. дыял. неве̑хчи, неве́хчо ’зварот да нявесты’ (радоп., БД, 2) з чаргаваннем с/х.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нікчэ́мны, нікчо́мны ’нікуды не варты, непрыдатны’ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ, ТС). Прыметнік, утвораны на базе словазлучэння тыпу ні к чаму не варты, параўн. нікчо́му ’ні да чога, без патрэбы’ (ТС). Меркаванні пра запазычанасць з польск. nikczemny ’благі, подлы’ (Сл. ПЗБ), што паходзіць ад nikczemu (Брукнер, 359), здаюцца неабавязковымі, паколькі ў народных гаворках магчымы пераход о > э пад націскам, параўн. штонікі і штэнікі. Параўн. таксама чэш. ničemny < ničemu (nenaučený), Махэк₂, 399.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аста́нкі ’прах’ (БРС), ’памінкі па нябожчыку’ (Бяльк.). Рус., укр. останки ’прах’, ст.-слав. останъкъ ’астатак’, балг., макед. останка (звычайна ў множным ліку) ’астатак; прах’; серб.-харв. о̀станак, славен. ostânek ’астатак’, ст.-рус. останъкъ ’астатак, спадчына’. Геаграфія і семантыка сведчаць пра магчымасць пашырэння пад стараславянскім уплывам (КЭСРЯ, 315); менш верагодна паралельнае паўднёва-ўсходнеславянскае ўтварэнне. Утворана ад дзеепрыметніка *останъ (КЭСРЯ), які да остати (гл. астацца). Адсюль жа і астанне ’астатак’ (Яруш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барда́1 ’брага’ (Сцяшк., Сцяшк. МГ). Рус. барда́, укр. барда. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тое ж самае, што і бурда́ (гл.). Фасмер (1, 126) указвае на паралелі салта́н|султа́н. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 43; Рудніцкі, 80. Сюды і бел. бардахлы́ст ’п’яніца’ (Нас.) да барда́ і хлыста́ць. Парася. рус. бурдохлы́ст ’вельмі дрэнная ежа, дрэнны напітак’ (гл. Фасмер, 1, 207, пад брандахлы́ст).

Барда2 ’тупая сякера’ (Касп.). Гл. барта.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)