Прас ’прылада для гладжання бялізны, адзення’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Мік., Сцяшк. Сл., Гарэц., Сл. ПЗБ), прац, пра́сло ’тс’ (Сл. Брэс.), ’два валы, па якіх спускаецца вытканнае палатно на варштаце’ (Уладз.), ’электраплітка’ (Сл. Брэс.). Польск. дыял. prasa, praska ’прас’. Прымаючы пад увагу адрозненні ў родзе, трэба лічыць бел. слова, насуперак Кюнэ (Poln., 89), адваротным утварэннем ад прасаваць (гл.). Значэнне ’электраплітка’ ўзнікла, відаць, у выніку пераносу значэння ’электрычны прас’ — ’іншы электрычны прыбор’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)