разуме́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разумець.

2. Здольнасць разумець, спасцігаць розумам змест, сэнс, значэнне чаго‑н. Даступныя для разумення факты. Разуменне псіхалогіі падлетка дапаможа настаўніку знайсці правільныя шляхі яго выхавання і развіцця. □ Растлумачыўшы гаспадару і яго жонцы мэту свайго прыходу, я сустрэў з іх боку поўнае разуменне і жаданне памагчы. В. Вольскі. // Здольнасць разабрацца ў чым‑н. [Юзя:] — Ніякага ў цябе разумення яшчэ няма. Бажко.

3. Пэўны пункт погляду на што‑н., пэўнае вытлумачэнне чаго‑н. [Пракоп:] — Павінен жа я выказаць свае думкі, сваё разуменне, а не кідацца галавою ў букту. Колас. Бог у разуменне цёмных людзей — гэта самае страшнае, а значыць — самае святое. Пестрак.

4. Уяўленне аб чым‑н., погляд на што‑н. Гэтае новае было зусім ужо блізка. Заўтра яно павінна ўвайсці ў вёску, і тады адразу зменяцца многія разуменні. Галавач.

5. Свядомасць, розум. Да майго разумення даплывалі рэдкія, глыбока мною не прадуманыя дзедавы словы. Нікановіч.

6. Тое, што і паняцце (у 1 знач.). Помню, .. [старшыня] часам ашаламляў мяне, маладога камуніста, даверлівым разважаннем пра тыя з’явы, якія пасля ХХ з’езда мы абагулілі разуменнем «культ асобы». Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скінуць што‑н. з чаго‑н. у некалькі прыёмаў. Скідаць дровы з воза.

2. Кідаючы, сабраць што‑н. у адно месца. Скідаць каменне ў кучу. □ Зрэзалі .. [сасну] з пня, ацерабілі. Не прыбралі ні верху, ні сукоў — не скідалі ў кучу. А летам тады — пажар... Пташнікаў. [Міхась] узяў рукзак, скідаў туды свае пажыткі, падхапіў на плечы і падаўся ў хмызняк. Ваданосаў.

3. Кідаючы ў адно месца (сена, салому), скласці стог. На Доўгім грудзе расце добрая дзяцеліна, дзікі гарошак. Калі лясгас дазволіць, яны, хлопцы, скосяць гэтую траву і скідаюць там стажок. Паслядовіч.

4. Разм. Зрабіць сяк-так якую‑н. будыніну. Папрацаваўшы гэтак усё лета, Ільюк пад зіму скідаў сабе хатку. Лобан. Асталася .. [Грасыльда] адна. Хату ёй скідалі сяк-так талакой. Пташнікаў. [Анішчук:] Трэба гумно якое скідаць, а то жыта няма дзе складаць... Гурскі.

5. Разм. Сшыць што‑н. на скорую руку. Я таксама маю світку. Маці скідала мне яе з бацькавай старой, і выйшла яна, як новая. Баранавых.

скіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да скінуць.

•••

(Аж) з ног скідае (валіць) — пра вецер, буру і пад., што не даюць магчымасці ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скок 1, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. скакаць (у 7 знач.). Цяжкі скок каня. // у знач. прысл. ско́кам. Разм. Скачкамі; наўскач. Пасля размовы са сваім земляком, Яўхім кінуўся скокам з шастом да вады. Ракітны. // Разм. Скачок. У два скокі апынуцца ля акна. □ Здавалася, што .. [Апанас] вось-вось чакаў з кустоў скоку якога-небудзь ворага. Пестрак.

2. Тое, што і скокі. Нават стары Позняк, і той гатоў быў ўскочыць з лаўкі і закруціцца ў шалёным скоку з Янінаю. Мурашка.

•••

На жабін скок — вельмі мала.

На скаку; на ўсім (поўным) скаку — у час руху наўскач. Шмат было тады ў стэпе дзікіх коней, і не кожны батыр мог на скаку накінуць на шыю важаку табуна аркан. Даніленка.

То бокам то скокам гл. бокам.

скок 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. скакаць — скокнуць. Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Колас. А жабка як квакне — ды скок у ставок... Грамыка. [Пятро:] — Успомніў пра ружжо і — скок назад у хату, а госць [воўк] тут і выкінуў свой манеўр. Ракітны.

•••

Скок-паскок (нар.-паэт.) — скача, паскоквае, паскакаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убо́р, ‑у, м.

Убранне, адзенне; строі. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы. Асіпенка. [Сяргей з Таняй] спыніліся каля палаткі з дзявочымі ўборамі. Машара. Выходзіць Домна Іванаўна — маці паэта, вясковая кабета ў простым чысценькім уборы. С. Александровіч. // Адзенне, убранне, прызначанае на якія‑н. пэўныя акалічнасці. Шлюбныя уборы. □ Усе леснікі былі ўжо ў зборы, у лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Тое, што і галаўны ўбор. Дождж, я верыў, дабрадзей, І чакаў яго штодзень. Дачакаўся І — на двор, З галавы здымаю ўбор. Калачынскі. // Якое‑н. упрыгожанне або дадатак да ўбрання чаго‑н. Хоць гаспадар і ўздыхнуў па ім [кані], ды зняў сядло з уборам залатым. Дубоўка. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (лісце, снег, іней і пад.). Бярозы былі ў прыгожым уборы, на ветры трапяталася зялёнае, з ружовым адценнем лісце. Гурскі. Пахіліліся галіны пад белым уборам. Лынькоў. Мне на плечы ніцыя акацыі Сыплюць свой пялёсткавы ўбор. Шымук.

•••

Галаўны ўбор — агульная назва рэчаў, якія надзяваюцца на галаву (шапкі, капелюшы і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухілі́цца, ухілюся, ухілішся, ухіліцца; зак.

1. Адхіліцца ўбок, адхіснуцца. Жаўнер, на якога замахнуўся дзед, пабялеў, як палатно, і падаўся крута ўбок, каб ухіліцца ад сякеры. Колас.

2. Звярнуць, павярнуць у якім‑н. напрамку. [Сцяпанаў:] — Вяртаючыся дамоў, я знарок ухіліўся ад курсу ў правы бок. Алешка.

3. перан. Адысці, адхіліцца ад чаго‑н. асноўнага, першапачатковага. [Клёст:] — Э, сябры мае мілыя, ды мы ж ад тэмы ўхіліліся! Вася, налівай. Зробім яшчэ па адной. Шашкоў.

4. перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. Міхал ідзе ды йдзе ў абходы, І не ўхілішся ад шкоды: То дуб ссякуць, бярозу зваляць. Колас. Нават самаму вопытнаму драматургу вельмі цяжка ўхіліцца ад памылак «тэхнічнага» характару. Ярош.

5. перан. Адмовіцца, устрымацца ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў. Няхай сабе і ноч ідзе, Не ўхілюся ад сустрэчы З усім, што прыйдзе да мяне. Буйло. Мне ўхіліцца б лепш тады адразу і ад спрэчак, і ад вашых спраў. Русецкі. // Пазбегнуць прамых, адкрытых выказванняў, меркаванняў. — А хіба мы з табой адны на свеце? — спытаўся я, каб ухіліцца ад адказу. Гарбук. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся.. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчамі́ць, ушчамлю, ушчэміш, ушчэміць; зак., каго-што.

1. Заціснуць, сціснуць з двух бакоў; зашчаміць. Ушчаміць палец. □ [Сабака] кідаўся на вароты, на шчыльныя веснічкі, і ўжо не брахаў, а сычэў, нібы яму хвост ушчамілі. Сабаленка. // Сціснуць у клюшні, ушчыпнуць. Страшны рак быў, грозны рак, Як ушчэміць — будзе знак. Колас. // Уціснуць, усунуць паміж чаго‑н. Каб дзікі звер не нішчыў пасеваў, яшчэ пры цары павялося гарадзіць ад лесу поле такім густым частаколам, што парася галаву не ўшчаміла б. Карпюк.

2. Разм. Запрэгчы. Тады Даніла Шчупак ушчаміў у аглоблі Мышака і выехаў у Луцішчы на кірмаш. Баранавых. [Бацька:] — От ушчаміў коніка і прывёз воз галля. Ракітны. А калі надышоў адвячорак і пасыпаліся фурманкі на Заброддзе, не сцярпеў Верамейчык: ушчаміў кабылу ў аглоблі і па хвасце — услед за людзьмі. Крапіва.

3. перан. Абмежаваць (чые‑н. магчымасці, правы і пад.). Ушчаміць у правах. Ушчаміць самалюбства. // Паставіць у няёмкае становішча. І змоўклі ўсе адразу ў хаце: Як адказаць? З чаго пачаці? — Ага! — Тут хлопцы падхапілі: — Цяпер і мы вас ушчамілі. Колас.

•••

Ушчаміць хвост каму — абмежаваць свабоду дзеяння, учынкаў каго‑н.; паставіць у нязручнае або нявыгаднае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халадзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

1. Рабіць халодным; ахалоджваць, астуджваць. Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Чорны. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. / у безас. ужыв. Сёння ў машыне не было да чаго прычапіцца, таму.. [Якаў] адчуў, як пачало халадзіць спіну, і хутка вылез. Кулакоўскі.

2. і без дап. Выклікаць адчуванне холаду. Два грузчыкі.. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварамі супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Ніна прыпала да вады, якая здалася вельмі чыстай і прыемна халадзіла, — піла, піла і ўсё не магла задаволіцца. Мележ.

3. перан. (звычайна са словамі «сэрца», «душу», «кроў» і пад.). Агортваць холадам пры моцным хваляванні, страху і пад. [Сцяпан] моцна адчуў сваю самотнасць. Гэта пачуццё пракрадвалася і халадзіла яго душу і раней. Дуброўскі. / у безас. ужыв. Ад страху ўсяго.. [Лёньку] халадзіла, і ляцеў ён бы на крылах. Капыловіч.

4. безас. без дап. Пра халоднае надвор’е. Дні стаялі пагодлівыя, а па начах ужо халадзіла, сяды-тады націскаў марозік. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цуд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Паводле рэлігійных уяўленняў — невытлумачальная з’ява, якая выклікаецца чарадзействам. [Селянін:] — Заўсёды перад кірмашом штогод.. бывае яшчэ адзін цуд: за год святыя сляды абрастаюць мохам. Бядуля.

2. Што‑н. нечаканае, незвычайнае. І тады стаўся цуд: Капейка ўстаў і пачаў гаварыць. Брыль. Можа стане цуд і з’явіцца Якім, як бы нічога не бывала! Машара. // у знач. прысл. цу́дам. Разм. Незвычайным, неверагодным чынам; выпадкова. На Ленінградскай вуліцы Тумаш павёў іх [варшаўцаў] у чатырохпавярховы дом, які цудам уцалеў у час бамбёжак. Новікаў.

3. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваімі выдатнымі якасцямі, прыгажосцю і пад. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка. Ну не кулеш, а — цуд! Духмяны, залацісты, смакавіты. Валасевіч. // чаго. Пра тое, што з’яўляецца ўзорам дасканаласці ў якой‑н. галіне. Задаволеная, што так добра выканала даручэнне, Муза Сымонаўна хутка везла цуд мастацтва. Арабей. Крок за крокам прасочвае паэт ператварэнне дрэва ў цуд музыкі і весялосці. Бярозкін.

4. у знач. вык. Дзіўна, незвычайна. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. Лужанін.

•••

Цуда ў рэшаце — пра што‑н. незвычайнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маку́ха1 ’рэшткі семя (ільнянога, сланечнікавага і пад.) пасля выціскання з яго алею’ (ТСБМ, Інстр. I, III, Гарэц., Мат.; гродз., Мат. АС; усх.-гом., КЭС, Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ). Укр. маку́ха, польск. makuch, makuchy, рус. маку́ха ’макуха макавага, гарчычнага, канаплянага і інш. насення’. Паводле формы магло б быць нават прасл. утварэннем ад мак і суф. ‑уха (< ‑uxa), які, аднак, надаваў экспрэсіўнае адценне. Калі ўлічыць польск. kuch, kuchy olejne, якія з ням. Kuchen (Брукнер, 279), а гэта даволі старажытнае слова, роднаснае з англ. cake, швед. kaka ’пячэнне, торт’, ст.-в.-ням. kuocho, тады можна гаварыць аб славянскім запазычанні з ням. Mohnkuchen, параўн. таксама швейц. Mägikuchen ’макавая макуха’ (Трубачоў, Дополн.; Фасмер, 2, 562).

Маку́ха2, маку́шка ’вяршыня, верхавіна дрэва, гары’, ’верхняя частка галавы, макаўка’, ’галоўка маку’, ’бязрогая карова’ (Нас., Др.-Падб., ТСБМ, Гарэц., Шат., Бяльк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ; дзв., Нар. сл.), маку́шка ’вяршыня’, моку́шка ’ніжняя частка цыбулі’ (ельск., Мат. Гом.), ’кончык пальца на руцэ’ (расон., Шатал.), маку́шка ’верхавіна дрэва’ (ТСБМ, ТС). Рус. маку́шка, маку́ха ’тс’, укр. маківка ’галоўка маку’. Усх.-слав. утварэнне ад мак (гл.) з суфіксам ‑uxa, якое мела пеяратыўнае значэнне. Першапачаткова макуха абазначала ’галоўка маку’ (параўн. рус. алтайск. маку́шка ’тс’, валаг. ма́кушка ’мак’. Бел. макуша магло ўтварыцца самастойна (а не як кантамінацыя макуха і макушка) і, магчыма, вельмі даўно (адыменныя ўтварэнні гл. Слаўскі, SP, 1, 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крапіва́ ’травяністая расліна сямейства крапіўных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Бяльк., Жд. 2, Кіс., Нар. лекс., Жыв. сл., Сержп. Грам., Янк. II, Яруш., Др.-Падб., Сцяшк.). Укр. кропива, рус. кропива, ст.-рус. кропива ’тс’, балг. коприва, серб.-харв. ко̀прива, славен. kopríva ’тс’, польск. pokrzywa, чэш. kopřiva, славац. koprva, в.-луж. kopřiwa, н.-луж. kopśiwa, палаб. küöpreiva ’тс’. Прасл. kopriva не мае надзейнай этымалогіі. Перш за ўсё нельга не адзначыць падобнасць словаўтваральнай структуры славянскай лексемы да італійскай. Таму трэба думаць аб магчымасці адпаведнай крыніцы. У якасці вельмі асцярожнай гіпотэзы можна дапусціць італійскую крыніцу: *kapr‑īva. Каранёвая частка гэтай рэканструяванай формы ўзыходзіць да назвы казы (лац. capra ’каза’). Тады гэта «казіная трава» (параўн. казіна ’дзікая трава, неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая, дзікая трава (пустазелле)’ або ў адпаведнасці з іншай матывацыяй ’едкая’). Параўн. сінонім да казлы, казлякіказялец едкі і сінонім да крапіважыгучка, жгучка. Згодна з традыцыйнай версіяй, да koprъ ’кроп’ (Младенов, РФВ, 68, 384–386). Семантычнае тлумачэнне тут таксама ненадзейнае (у адпаведнасці з моцным пахам крапівы). Да таго ж сербскахарвацкі прыметнік kopriv ’крапіўны’ нельга разглядаць як вытворны з суфіксам ‑iv, паколькі ён не мае значэння ’кропны’. Гэта прыметнік з ётавай суфіксацыяй (параўн. рус. крапивь). Іншыя этымалогіі яшчэ менш надзейныя. Махэк (ZfSIPh, 17, 261) звязвае *kropiva (яго рэканструкцыя) з kropiti, паколькі крапіву залівалі варам перад скормліваннем жывёле. З апошняй літаратуры гл. Хінце LISL, А, 19/2, 170–171.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)