блок 1, ‑а, м.

Прасцейшае прыстасаванне для падняцця грузаў у выглядзе кола з жолабам, цераз якое перакінуты вяроўка, канат або ланцуг.

[Англ. block.]

блок 2, ‑а, м.

Аб’яднанне дзяржаў, палітычных партый, груповак для сумесных дзеянняў. Ваенны блок. Блок камуністаў і беспартыйных.

блок 3, ‑а, м.

1. Частка якой‑н. пабудовы, прылады, машыны і пад., якая сама складаецца з дэталей, элементаў. Блок цыліндраў. Блок матора. □ [Максім:] — Сам жа [Косця] прасіў паказаць будаўніцтва суцэльнымі блокамі. Грамовіч.

2. Штучна зроблены з бетоннай сумесі будаўнічы камень у выглядзе вялікай цагліны. Пустацелы блок. Шлакабетонны блок.

3. Комплекс будынкаў, якія маюць аднолькавае прызначэнне. Блок цэхаў жалезабетонных вырабаў. Хірургічны блок. Лагерны блок. □ Блокамі называюць баракі. Іх дзесяткаў чатыры, усе выходзяць тарцамі на адзіную вуліцу. Карпюк.

[Фр. bloc — аб’яднанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кача́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Крэсла з выгнутымі палазамі, на якіх яно качаецца. — Ты помніш, Вера, Адэсу, Люсдорф? — гайдануўшыся ў качалцы, спытаўся Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Цёплымі вечарамі, усеўшыся ў качалцы, падоўгу адпачываў [Стальноў] на балконе. Шашкоў.

кача́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Круглая палка для раскачвання цеста або разгладжвання бялізны качаннем. Слаўлю чысты абрус, толькі што пакачаны качалкай, каляны, калі яго маці ў нядзелю раніцай засцілае на стол шырокі. Барадулін. // Прадмет падобнай формы. Сцёпка дастаў з-пад кажуха бляшаную качалку, у якой быў план і ўсякія дакументы. Колас. Усюды былі відаць тоўстыя качалкі пачаткаў. Паслядовіч.

2. толькі мн. (кача́лкі, ‑лак). Прыстасаванне для разгладжвання, качання бялізны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рага́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для перагароджвання доступу куды‑н. у выглядзе некалькіх накрыж збітых калоў, прымацаваных да доўгага бруса. [Людзі] усхапіліся з зямлі, падмялі пад сябе вартавых, .. раскідалі калючыя рагаткі і ў адзін момант зніклі ў густым хмызняку. Лынькоў. // перан.; звычайна мн. (рага́ткі, ‑так). Перашкода, замінка. Рагаткі царскай цэнзуры. Бюракратычныя рагаткі.

2. Рагулька з прывязанай да абодвух яе канцоў гумкай для кідання. Страляць з рагаткі. □ У .. [Кастуся] рагатка ёсць, зручная такая, з жоўтай гумы... Рылько.

3. Палка з развілінай для падтрымання якіх‑н. прадметаў. Падбеглі [мужчыны] бліжэй, убачылі .. кацёл, падвешаны на дзвюх нізкіх рагатках. Кулакоўскі.

4. Уст. Жалезны нашыйнік з доўгімі вастрыямі ўнутры, які надзявалі на шыю каму‑н. як пакаранне за правіннасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́кавіна, ‑ы, ж.

1. Вонкавае шкілетнае ўтварэнне беспазваночных жывёл у выглядзе вітай, авальнай або створкавай каробкі. Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы Упадзе пясчынка хоць адна, — Жэмчугам патроху робіцца яна! Багдановіч.

2. Назва розных прадметаў, якія сваім знешнім выглядам, формай нагадваюць ракавіну (у 1 знач.). У ракавіне летняй сцэны парку пачалі збірацца музыканты з трубамі. Сабаленка. / Пра некаторыя органы і часткі цела такой формы. Вушная ракавіна. Насавая ракавіна. Ракавіна капыта.

3. Кухоннае або туалетнае прыстасаванне ў выглядзе міскі са злівам пад водаправодным кранам. Тут, у кухні, .. [жанчына] адкрывае кран над белай ракавінай умывальніка. Мікуліч.

4. Спец. Пустата ў метале, бетоне, гіпсе і пад., утвораная пры пераходзе рэчыва з вадкага стану ў цвёрды. Усадачная ракавіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да рука (у 1 знач.).

2. Частка прадмета, за якую бяруцца рукой пры карыстанні ім. З калідора нехта ўзяўся за ручку дзвярэй. Васілёнак. На куфэрку ручка з медзі, Зверху ручку ўбачыш ледзьве. Дубоўка. // Прыстасаванне ў машынах, апаратах, якое служыць для прывядзення іх у дзеянне шляхам пакручвання рукой. Клімянок пакруціў ручкі прыёмніка. Шыцік.

3. Пісьмовая прылада ў выглядзе палачкі, стрыжня, куды ўстаўляецца пяро. Потым я дастаў з дзедавай шафы чарніліцу, ручку. Бядуля.

•••

Аўтаматычная ручка — тое, што і аўтаручка.

Шарыкавая ручка — аўтаматычная ручка з шарыкам замест пяра для падачы чарнільнай масы.

Дабіць да ручкі гл. дабіць.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Дайсці (дабіцца) да ручкі гл. дайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вусы́1 ’кліны ў адзенні’ (Сакал., Малчанава, Мат. культ., 150; Некр. 166: «белая світка з вусамі»). Да вус (гл.) з-за падабенства па форме; параўн. апісанне рэаліі (Бел. нар. адзенне, 61).

Вусы́2, вусэ́прыстасаванне з трох жэрдак у выглядзе трохвугольніка, якое кладзецца на воз для перавозкі сена’ (навагр., Нар. сл.). Відаць, да вус (бо «тарчаць» з двух бакоў воза); параўн. вуса́тые калё́сы ’даўнейшы воз з драўлянай воссю’ (мядз., Жыв. сл.).

Ву́сы1 ’шнуры, якія прытрымліваюць адтуліну жака ў раскрытым стане’ (КСТ); ’пяньковыя вяроўкі для ўмацавання плыта’ (жытк., З нар. сл.). Да вус (гл.) на падставе вобразнай метафары (бо «разведзены» ў два бакі).

Ву́сы2 ’асцюкі ў коласе’ (Жд., 2), ву́са ’тс’ (брэсц., Сігеда, вусн. паведамл.; параўн. укр. ву́си ’тс’. Да вус (гл.) з-за падабенства па форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́йка1прыстасаванне ў выглядзе конуса для пералівання і фільтравання вадкасці’, ’палівачка’, ’чарпак для вылівання вады’ (Бяльк., Касп., Яруш., Гарэц.; лях., Сл. паўн.-зах., ТСБМ). Укр. лі́йка, рус. ле́йка, польск. lej, ст.-польск. lej (XIV ст.), lejek, lij, lijek, н.-луж. lějk, lejk, в.-луж. lik, чэш. lejík, lejček, славен. lȋj, lijec, серб.-харв. чакаўск. лиј, леј, істрыйск. ли̏јак, lȉjevak ’тс’. Магчыма, яшчэ прасл. lějь, lějьkъ — спачатку як nomen agentis, а пазней nomen instrumenti (параўн. іншыя ўтварэнні з тым жа коранем: каш. ledło ’лейка’, в.-луж. lijidło ’адліўка’, рус. лия́ло ’адлівачная форма’). Утворана ад леяць (гл.), якое з прасл. lějati (Слаўскі, 4, 119–120).

Ле́йка2 ’вылівак’ (стаўб., Нар. сл.; карэліц., З нар. сл.). Відавочна, паходзіць з е́як < *левак < вылівак; другая частка слова ‑йка — у выніку кантамінацыі з лексемай яйка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́вер1, лівар ’прыбор для набірання вадкасці ў выглядзе трубкі, пашыранай пасярэдзіне’ (Нас., ТСБМ), лі́вар ’лейка’ (Жд. 1), прыстасаванне, пры дапамозе якога паднімаюць цяжкія прадметы’ (глус., КЭС) і, магчыма, ліварэ́ ’вялікія трэскі, якія сколваюцца з бервяна’ (Шат.). Укр. лі́вар, ліва́рок, лі́вер ’лейка, дамкрат’, ’сіфон, рычаг’, рус. ле́вер, ливер ’лейка для палівання гародніны’, польск. lewor, liwor, lewarek ’прыбор для паднімання цяжкіх прадметаў’, таўкач’, ’журавель у калодзежы’, ’лейка’. З с.-лац. levarius, leverius ’рычаг-пад’ёмнік’ < лац. levāre ’паднімаць’ (Слаўскі, 4, 187) праз польскую мову. У рус. мове, аднак, са ст.-франц. levëour (< лац. levātōrem) праз англ. lever ’рычаг’ (Фасмер, 2, 493).

Лі́вер2 ’вантробы забойнай жывёлы, з якіх вырабляюцца прадукты харчавання’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80), куды прыйшло з англ. liver ’печань’, або з с.-н.-ням., гал. lever ’тс’ (Фасмер, 2, 493).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кало́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да калона (у 1, 2 знач.).

2. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі. Апошнія старонкі былі густа запоўнены незнаёмымі чарцяжамі і доўгімі калонкамі лічбаў. Шуцько. // Слупок тэксту ў газеце, кнізе і пад. Белыя старонкі з калонкамі вершаў заціснуты ў масіўную, цёмнага колеру, вокладку. Галавач.

3. Назва розных прыстасаванняў, якія маюць форму падоўжанага цыліндра (напрыклад, цыліндрычнага катла для награвання вады ў ваннай, прыстасаванне ў выглядзе высокага цыліндра з ручкай і кранам для адпускання вады, бензіну і інш., якія паступаюць сюды з цэнтральнага рэзервуара). На цэментавай пляцоўцы каля чырвонай бензінавай калонкі стаяла з паўдзесятка аўтамабіляў. Шамякін.

•••

Водаразборная калонка — калонка з водаправодным кранам, устаноўленая на паверхні зямлі і злучаная з водаправодам трубой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замо́к, ‑мка, м.

1. Прыстасаванне для запірання на ключ чаго‑н. (дзвярэй, чамаданаў і пад.). Дзвярны замок. Вісячы замок. Унутраны замок. // Засцежка на бранзалеце, ланцужку і пад. // Разм. Від засцежкі ў адзенні. Замок-маланка.

2. Спец. Дэталь у некаторых відах агнястрэльнай зброі, пры дапамозе якой робіцца выстрал. Замок гарматы. □ [Дубінін] з кулямётам пачаў адпаўзаць .., а калі выбіўся з сілы, кулямёт укінуў у варонку ад бомбы, а замок узяў з сабою. Гурскі.

3. Спосаб злучэння частак драўляных канструкцый. Рубіць вугал у замок.

4. У архітэктуры — цэнтральны камень аркі, скляпення.

•••

За сямю (дзесяццю) замкамі — старанна схаваны, надзейна ахоўваецца.

Пад замком (на замку) — замкнуты. Сельмаг цэлы дзень на замку, бо прадаўшчыца таксама пайшла за жняяркай. Брыль.

Сядзець пад замком гл. сядзець.

Трымаць пад замком гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)