Лі́вер 1, лівар ’прыбор для набірання вадкасці ў выглядзе трубкі, пашыранай пасярэдзіне’ (Нас., ТСБМ), лі́вар ’лейка’ (Жд. 1), прыстасаванне, пры дапамозе якога паднімаюць цяжкія прадметы’ (глус., КЭС) і, магчыма, ліварэ́ ’вялікія трэскі, якія сколваюцца з бервяна’ (Шат.). Укр. лі́вар, ліва́рок, лі́вер ’лейка, дамкрат’, ’сіфон, рычаг’, рус. ле́вер, ливер ’лейка для палівання гародніны’, польск. lewor, liwor, lewarek ’прыбор для паднімання цяжкіх прадметаў’, таўкач’, ’журавель у калодзежы’, ’лейка’. З с.-лац. levarius, leverius ’рычаг-пад’ёмнік’ < лац. levāre ’паднімаць’ (Слаўскі, 4, 187) праз польскую мову. У рус. мове, аднак, са ст.-франц. levëour (< лац. levātōrem) праз англ. lever ’рычаг’ (Фасмер, 2, 493).
Лі́вер 2 ’вантробы забойнай жывёлы, з якіх вырабляюцца прадукты харчавання’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80), куды прыйшло з англ. liver ’печань’, або з с.-н.-ням., гал. lever ’тс’ (Фасмер, 2, 493).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)