Прыні́ць (прыні́ці) ’прымацоўваць паплёт паверх саломы’, пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ТС; лун., столін., ЛА, 4). Падаецца, што можна прапанаваць два шляхі ўтварэння дзеяслова. Найбольш верагодны — вытворны адсубстантыўны: ад назоўнікаў пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы, якія ў сваю чаргу утварыліся як размоўныя другасныя карэляты першасных пры́мі́ца, прамі́ца, параўн. асабліва прімні́ца ’паплёт (у страсе паверх саломы)’, гл. пры́міна. Другая магчымасць — семантычны перанос з адначасовым сцяжэннем ткацкага тэрміна прыні́ціць ’прывязаць кабылку ў ніце’ (брагін., Нар. сл.), прэфіксальнае да ні́ціць (гл.), у гэтым выпадку назоўнікі кшталту пры́ні́ца маюць аддзеяслоўнае паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ваґе́ра1 ’зух’ (гук ґ выбухны) (Нас.), вогер, вогерка ’тс’ (КТС). Насовіч падае таксама вогер, якое тлумачыць, як ’жарабец’ і як ’угарь-молодец’. Ці не сюды рус. огурь, огурный, огуряться, якія прыводзіць Фасмер (3, 120), лічачы іх няяснымі, а таксама рус. ухарь? Укр. вагера ’тс’. Семантычна вогер, вагера можна наблізіць да агура ’неслух’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’ (Нас.). Паводле версіі Карскага, Белорусы, 176, вогер ’жарабец’ < цюрк. ajge̥r. Далей семантычны пераход ’жарабец’ > ’зух (пра чалавека)’, што пацвярджаецца наступнай паралеллю: адлётныя (коні) (Нас.) — адлёт ’зух’ (Бір. дыс., КТС). Параўн. Рудніцкі, 1, 289.

Ваге́ра2 ’танец на кукішках’ (Нас.). Няясна. Магчыма, звязана з папярэднім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́лачнік1, ві́лашнік, ві́лышнік ’палка; цаўё, шасток, на якія насаджваюць вілы ці вілкі’ (БРС, КТС, Бяльк., Мат. Гом., Янк. I, лаг., КЭС; Касп., Выг.; бых., бялын., Янк. Мат.), палес. вілочнік ’вожаг’, ві́лошнік ’частка калаўрота, на якой трымаюцца «вілкі» (Уладз.). Вытворныя ад прыметніка вілачны і суф. ‑ік. Да ві́лы, ві́лкі (гл.). ‑Ш‑ у гукаспалучэнні ‑шн‑ замест ‑ч‑ з’яўляецца характэрнай рысай усходнебеларускіх гаворак.

Ві́лачнік2 ’вугал ля печы, дзе стаяць вілы, ажогі, качэргі і інш.’ (БРС, КТС; бых., Янк. Мат., Інстр. I, Касп., Мат. Гом.) да вілачнік1; тут маецца семантычны перанос значэння слова з суф. ‑нік (Nomen actionis перайшло ў Nomen loci).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нэ́ндза ’нуда; ныцік; пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ, Цых.), ’худы, знясілены чалавек’ (камян., Жыв. сл.), нэ́нджа ’пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ), нэ́нза ’нуда, ныцік, плакса’ (Сл. ПЗБ), нэ́нда ’нуда’ (Сл. ЦРБ), не́нза ’клопат, турботы’ (ТС), ст.-бел. нендза, надза, недза (1580 г.). Запазычана са ст.-польск. nędza ’беднасць; нядоля; бядняк’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78); магчыма, шматразовае запазычанне ў больш позні час і семантычны ўплыў з боку нуда́ (гл.). Сюды ж нэ́ндзны ’дробны’ (Сл. ПЗБ), нэ́нзны ’дрэнны, мізэрны’ (Крыў., Дзіс.) (польск. nędzny ’варты жалю, убогі, мізэрны’), нэ́нзлы ’пераборлівы’, нэндзлы ’плаксівы’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), нэ́ндзіцца ’капрызіць’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мігаце́ць1 ’паказвацца на кароткі час і знікаць з поля зроку’, ’свяціць няроўным бляскам’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Растарг.), ’ярка блішчэць’ (Шат.), ’пералівацца колерамі’ (КЭС, лаг.), мігце́ць ’тс’, ’ледзь свяціць’ (ТСБМ, Яруш.). Да прасл. migъtěti ’бліскацець, міргаць’ (Мяркулава, Этимология–1973, 58–59), і.-е. аснова *meig‑, якая ў балт. групе моў лае значэнні ’спаць’ (гл. міг) і ’туман’ (літ. miglà, лат. migla), як і ў ст.-грэч. (ὀμίχλη), алб. (mjegull), ст.-інд. (mēgha), авест. (māeɣa) мовах (Скок, 2, 420).

Мігаце́ць2 ’імжыць’ (рэч., Нар. сл.). Семантычны балтызм. Параўн. літ. miglà, лат. migla ’туман’, літ. miglóti(s) ’засцілацца туманам’. Да мігаце́ць1, міг (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́мнік ’залатацень, залатая розга, Solidago virgaurea L.’ (маг., мін., Кіс.). Параўн. укр., сму́тник ’вятроўнік, Filipendula hexapetala Gilib.’. Няясна; магчыма, з-за падабенства з вятроўнікам мае тую ж матывацыю, звязаную з даўнімі забабоннымі ўяўленнямі ці практыкамі — вытворнае ад сумнысум, гл.), аналагічна да ўкраінскай назвы (гл. смутак), што ўключаецца ў семантычны рад назваў раслін з падобнай матывацыяй: польск. старое tużobnik, чэш. tužebník славац. túžobník, балг. тъ́жник (гл. туга). Параўн. Махэк, Jména, 101; ЕСУМ, 5, 332. Менш верагодна ад сумна2 ’надта многа’ (гл.), што магло быць звязана са шматлікасцю кветак (“буйная расліна з мяцёлкай жоўтых суквеццяў”, гл. Расл. св., 168) або іх шматпялёсткавасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляту́н ’лётчык, пілот’ (Бяльк., б.-каш., Мат. Гом.) (рус. лету́н, чэш. letoun ’лятаючае насякомае’, ’кажан’, ’самалёт’, славац. letún ’тс’). Новае ўтварэнне — семантычны перанос з ляту́н ’той, хто лётае, хутка ходзіць, бегае’ (ТСБМ). Да лётаць (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 134–135), Сцяцко (Афікс. наз., 68). Зусім новае ў бел. мове ’той, хто часта мяняе месца працы’ — з рус. лету́н ’тс’, якое (іран.) ’селянін, які не хацеў жыць у сваёй вёсцы, а шукаў дзесьці дадатковыя заробкі’. Крукоўскі (Уплыў, 151) разглядае гэта як сэнсавую кальку. Сюды ж: ляту́н ’дробны лешч, Abramis brama L.’, ’гусцяра, Blicca bjoerkna L.’ (Інстр. II), а таксама ляту́ха ’тая, што шпарка ходзіць, бегае’ (міёр., З нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апра́ва ’рамка, аклад абраза; пераплёт кніжкі’. Рус. оправа ’рамка, аклад’, укр. оправа ’пераплёт; рамка, аклад’, польск. oprawa ’пераплёт, рамка’. Да апраўляць ’апрацоўваць, прыводзіць у адпаведны выгляд’, адкуль і ’ўстаўляць у аправу’. Значэнні ’рамка’ і ’аправа абраза’ адносна новыя з больш старога аправа ’рамка’. Ст.-бел. оправа ’паправа, наладка’ (магчыма, з чэшскай, сустракаецца ў Скарыны, хаця вядома і ў старапольскай); ’дакумент на права карыстання маёмасцю’ і ’маёмасць, запісаная на чыёсьці імя’ (Юрэвіч–Яновіч, Бел. мова, 97), звязана са старапольскім значэннем дзеяслова oprawić ’забяспечыць’, ст.-бел. оправити ’ўнагародзіць’ (Гарб.). Семантычны пераход у дзеяслове, магчыма, такі: ’паправіць, прывесці ў адпаведны выгляд, зрабіць аправу’ і ’паправіць (матэрыяльнае становішча), запісаць маёмасць, узнагародзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́ха1 ’знакі з лапак елкі, якімі ўзімку даказваюць дарогу’ (Сцяшк. МГ). Да вяха́1 (гл.).

Ве́ха2 ’цыкута’ (лоеў., Мат. Гом.). Да вяха́2 (гл.).

Ве́ха3 ’вехаць’ (светлаг., Мат. Гом.). Да вяха́3 (гл.).

Ве́ха4 ’пладаносная частка сцябла проса’ (рэч., Мат. Гом.). Да вяха́4 (гл.).

Ве́ха5 ’камета’ (Мат.), укр. віха́ ’тс’, бук. ві́ха (уст., рэдк.) ’прадвесце’, рус. сіб. веха́ ’вестка, навіна, паведамленне’. Да вяха́1 ’знак з саломы, галінак, жэрдкі, які папярэджвае аб чым-небудзь’. Тут адбыўся семантычны перанос: ’папераджальны, паведамляльны знак’ → ’прадвесце чаго-небудзь, напр., вайны’. Гэтаму дапамагае і знешняя форма: вяха часам выглядае, як мятла, бо замест саломы на шост надзяваюць дзяркач; параўн. укр. мітла́ ’камета’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маркоўнік1 ’расліна, падобная да морквы, Anthriscus silvestris Hoffm.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Растарг., ТС; маг., Кіс.; в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), рус. варон., укр. морковник ’тс’; морко́внік ’бядрынец каменяломкавы, Pimpinella saxifraga L.’ (стол., петрык.; Бейл.), рус. уладз. морковь ’тс’; ’чубатка пустая, Corydalis cava (L.) Schweigg.’ (стол., Бейл.), рус. табол. морковки ’Corydalis caphoides L.’, маркоўнік ’астранцыя вялікая, Astrantia major L.’ (стол., Бейл.). Да маркоўны < морква (гл.). Стол. морковнік ’сон лугавы, Pulsatilla pratensis Mill.’ (Бейл.) паходзіць з ⁺маркотны ’сонны, маркотны, пахілены’; параўн. чэш. poniclec < прасл. poniknǫti ’схіліцца’.

Маркоўнік2 ’сасновы абалоністы лес’ (слаўг., Яшк.). Магчыма, роднасным да яго будзе рус. новасіб. морковник ’дрэва з тонкім ствалом і вялікім, тоўстым камлём’. Да морква (гл.). Семантычны перанос паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)