шлак, ‑у, м.

1. Расплаўленая ці застылая маса розных прымесей, попелу і флюсаў, якая з’яўляецца пабочным прадуктам металургічнай вытворчасці. І кожны раз, калі вырываецца цяжкі паток металу з латкоў домнаў і мартэнаў, людзі гарачых цэхаў бачаць, як усё менш і менш выходзіць шлаку, усё больш мацнейшай робіцца сталь. «Беларусь». [Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку. Карпаў. // перан. Пра тое, што непатрэбна, не мае каштоўнасці, з’яўляецца лішнім, шкодным. Фашызм — шлак чалавецтва.

2. Попел каменнага вугалю ў топцы, які сплавіўся ў цвёрдую масу. Шура ссунуўся з вагона, назбіраў каля рэек шурпата-наздраватых камякоў шлаку, падаў дзядзьку Мікалаю. Ставер. Там [на гарадской ускраіне] не толькі вуліцы, нават гароды засыпаны шлакам ад перагарэлага вугалю. Ус.

3. Слой, які ўтвараецца на паверхні наплаўленага металу пры дугавой электразварцы.

4. звычайна мн. (шла́кі, ‑аў). Адходы фізіялагічных працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме (не засвоены бялок і інш. рэчывы).

[Ням. Schlacke.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́жа 1, ‑ы, ж.

1. Месца ў глядзельнай зале, аддзеленае перагародкаю для невялікай колькасці асоб. У ложы паблісквалі маноклі і ордэнскія крыжы генералаў. Мехаў. Увечары .. [Эльга], нібы цень, прашмыгнула ў артыстычную ложу, забілася ў кут, каб не ўбачылі яе з залы. Мікуліч.

2. Уст. Аддзяленне масонскай арганізацыі.

[Фр. loge.]

ло́жа 2, ‑ы, ж.

Драўляная частка ружжа ці аўтамата, да якой прымацаваны ствол. Падняў я стрэльбу. Снег абцёр з рулі і ложы. Сачанка. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.

ло́жа 3, ‑а, н.

1. Паглыбленне ў грунце, па якім цячэ водны паток; рэчышча. Вось як цяпер, перада мною Устае куточак той прыгожа, Крынічкі вузенькае ложа. Колас.

2. Уст., паэт. Пасцель.

•••

Пракрустава ложа (кніжн.) — мерка, пад якую сілком падганяюць, прыстасоўваюць што‑н. (Ад імя міфічнага грэчаскага разбойніка Пракруста, які клаў захопленыя ім ахвяры на сваё ложа і абсякаў ногі тым, хто быў даўжэй ложа, а тым, хто карацей, выцягваў іх.)

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улі́цца, увальецца і уліецца; пр. уліўся, улілася, ‑лося; заг. уліся; зак.

1. Наліцца ўнутр чаго‑н. Хоць у лодку і ўлілося трохі вады, аднак цяпер яна пайшла шпарчэй, бо мне памагаў вецер. Кірэенка. // Зліцца з чым‑н., льючыся, уцячы ў што‑н. Каціліся [патокі вады] аж да моста, каб уліцца ў рахманую Безымянку. Курто. / у перан. ужыв. У пакой улілося святло. // перан. Пранікнуць, напоўніць (пра пачуцці і пад.). Нейкая дзіўная хваля ўлілася ў грудзі і буйнай цёплай слязой скацілася на шчокі. Васілевіч. Бацькоўскі дом у цішыні лясоў, Даўно цябе надоўга я пакінуў, І свет шырокі ў вочы мае хлынуў, Уліўся ў грудзі клічам галасоў. Гаўрусёў.

2. перан. Далучыцца да чаго‑н., увайсці ў склад чаго‑н., папоўніць сабою што‑н. Усе [хлопцы] набіраліся новых свежых сіл, каб ноччу перайсці фронт і зноў уліцца ў чырвонаармейскую масу для заядлай барацьбы з панамі. Нікановіч. Мацнеў, рос, пашыраўся калгас, ужо суседнія дзве вёскі ўліліся ў яго. Мікуліч. [Усцін Тарасавіч] выйшаў за бальнічныя вароты, уліўся ў людскі паток і накіраваўся дадому. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанта́н, ‑а, м.

1. Струмень вады або якой‑н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта, Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед. Купала. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. Васілёнак. Кроў лінула фантанам. Дамашэвіч. // Архітэктурнае збудаванне, з якога б’юць уверх струмені вады. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін. // перан.; чаго або які. Маса чаго‑н., якая высока ўзлятае ўгору, з сілай вырываецца адкуль‑н. Высока ў неба падняўся вогненны фантан. Новікаў. Снарады і бомбы, уздымаючы фантаны гразі, глуха падалі ў балота. Няхай.

2. перан. Разм. Невычэрпны паток чаго‑н. (слоў, лаянкі і пад.). Фантан красамоўства. □ Радасць рабочага пісьменнік цесна звязвае са свабоднаю працаю. Гэта не тая беспрадметная радасць, якая яшчэ зусім нядаўна біла фантанам у многіх творах маладнякоўцаў, але сутнасці якой некаторыя маладыя пісьменнікі яшчэ часта не тлумачылі. Арабей.

3. Збудаванне для падачы вады пад напорам.

[Ад лац. fons, fontis — крыніца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́ка ’труна для мошчаў святых’ (ТСБМ), ’дамавіна’ (Ласт.). Параўн. рус. ра́ка ’склеп, каўчэг, куфэрак’, ст.-рус. рака ’куфэрак з мошчамі святых’, палаб. rakåi/råtʼåi ’каробачка, скрыня’, чэш. rakev ’труна’, славац. rakev ’скрыня’, славен. raka ’магіла, склеп’, rakev ’труна’, серб. ра̏ка ’пахавальны склеп’, ’выкапаная магіла’, балг. ра́ка ’куфэрак з мошчамі святых’, ст.-слав. рака ’тс’. У беларускую мову трапіла, імаверна, з ц.-слав. мовы. Як і paкавіна2 (гл.), узыходзіць да *raky з метатэзай *ork‑ > *rak‑, што можа ўспрымацца як пранікненне з германскіх, параўн. гот. arka, ст.-в.-ням. arahna/archa, звязаныя з семантыкай ’зачыняць’ і роднасныя да лац. arco ’каўчэг’, arca ’скрыня, склеп’ < arceō ’зачыняю, затрымліваю’ (Праабражэнскі, 178; Фасмер, 3, 437–439; БЕР, 6, 169–170; ESJSt, 12, 746). Гл. таксама Жураўлёў, Язык и миф, 204 (з літ-рай).

Рака́ ’прыродны вадаём, які пастаянна цячэ’ (ТСБМ, Бяльк.), рэка́ (ашм., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. укр. ріка́, рус. река́, польск. rzeka, в.-луж. rěka, палаб. rʼéka, чэш. řeka, славац. rieka, славен. reka, серб. ре́ка, харв. rijéką, балг. река́, ст.-слав. рѣка. Большасць этымалогій адносіць прасл. *rěka да і.-е. *erei‑ ’цячы’, параўн. ст.-інд. rayah/ráyas ’струмень’, rīyatē ’рухаецца, пачынае цячы’, ri‑ ’даць цячы’, rī‑ ’цячы’, rīti‑ ’рака’, rītís ’рух, бег’, retas ’цячэнне’, rīnas ’той, што цячэ’, с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, с.-н.-ням. rîn ’ток вады’, гальск. Renos ’рака Рэйн’, венг. Rajna ’тс’. Традыцыйна звязваецца з прасл. *rěj‑ati ’цячы’, *rei‑/*roi‑ > *roika > *rěka (Фасмер, 3, 464 з аглядам папярэдняй літ-ры). Рэшткі дыфтангічнага вымаўлення *rej‑/*roj‑ у некаторых слав. мовах, напрыклад, харв. rijeka, яшчэ больш пацвярджаюць гэту тэорыю. Брукнер (461) параўноўвае польск. rzeka з польск. zdrój ’крыніца’ < *roj‑ ’усё, што выцякае, пырскае’. Параўн. таксама праро́й ’праліўны дождж’ (бяроз., Шатал.), рус. дыял. заройный дождь ’залева’, ст.-рус. нарои ’раз’юшанасць, імкненне’. Адсюль рака можа азначаць не проста тое, што цячэ, а што цячэ бурліва, імкнецца, рве (Этимология–1978, 98), таму звязана з рынуць, рынуцца ’імкліва кінуцца’, рус. рвение ’імкненне’, нарыв ’тое, што імкнецца прарвацца’, рьяный ’імклівы’, што таксама ад праслав. *roj‑/rьj‑/*rьu‑. Параўноўваючы лац. rīvŭsпаток, струмень’ з прасл. *rěka следам за Марцінэ (Word 12, I, 3), Мартынаў (БЛ, 5, 64–65) узнаўляе развіццё: прасл. *rěka < *roi‑u‑ka < і.-е. *roi‑u‑/*rei‑u > лац. rīvŭs. Важна, што лац. rīvŭs адначасова азначае і ’канал’, параўн. ням. rinnen ’цячы, працякаць’, а Rinnen ’жолаб, канава’. У гаворках сустракаецца атаясамліванне назвы ракі і рэчышча: рэчанне ’рака і рэчышча’, за рэчаннем ’за ракой’, параўн. таксама рача́ліна ’месца стоку талай і дажджавой вады’ (навагр., Нар. словатв.), гл. Можна меркаваць, што рака, як і ручай, азначалі роў, а не паток вады, і належалі да этымалагічнага гнязда з каранямі *rъv‑/*rū‑ > *ryti/*rъvati ’рваць’; тады *ryti < *rūti < *routi/*roiti ’рыць’, а не ад *rějati ’цячы’. Адсюль *rěka < *roi‑ka ’тое, што прарывае зямлю’, а не ’тое, што цячэ па зямлі’, параўн. рус. маск. ру́тина ’глыбокае месца ў рацэ’. Лявіцкі (2, 88) мяркуе, што герм. rain з семай ’мяжа, край леса, край канавы’ з’яўляецца пашырэннем і.-е. *rei‑/*roi‑ ’драпаць, рэзаць, секчы’, што абвастрае ў *roi‑ka > *rěka семантыку ’мяжа’, а гэта функцыя спрадвечна была ёй уласціва. Пры розных версіях слова ўзыходзіць да адной і.-е. базы *rei‑/roi‑, што магло азначаць ’рваць, рыць’ і ’цячы, імкнуцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

інфарма́цыя, ‑і, ж.

1. Тое, што і інфармаванне.

2. Паведамленне аб становішчы спраў у якой‑н. галіне, аб чыёй‑н. дзейнасці і пад.; звесткі аб чым‑н. Атрымаць інфармацыю. Бюро тэхнічнай інфармацыі. Палітычная інфармацыя. □ Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас. Неўзабаве Юзік меў ад Аннушкі і Каліны поўную інфармацыю аб камендатуры. Няхай. // Артыкул, нататка інфармацыйнага характару. Апублікаваць інфармацыю з месц. □ Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я. Арабей.

3. Сукупнасць якіх‑н. звестак, ведаў. Паток інфармацыі.

4. Звесткі, сігналы аб навакольным свеце, якія ўспрымаюць арганізмы ў працэсе жыццядзейнасці. Інфармацыя праз органы пачуццяў перадаецца ў мозг.

5. Звесткі, якія з’яўляюцца аб’ектам захоўвання, перадачы і перапрацоўкі. [Назвы паселішчаў] з далёкага мінулага нясуць нам інфармацыю пра нашых продкаў, пра ўклад народнага жыцця. «Маладосць».

6. Сукупнасць колькасных даных, выражаных пры дапамозе лічбаў, крывых або графіка, якая выкарыстоўваецца ў зборы і апрацоўцы якіх‑н. звестак. Даныя тэлеметрычнай інфармацыі. З борта штучнага спадарожніка Зямлі наступае навукова-тэхнічная інфармацыя.

7. У біялогіі — сукупнасць хімічна закадзіраваных сігналаў, якія перадаюцца ад аднаго жывога аб’екта другому (ад бацькоў патомкам) або ад адных клетак, тканак, органаў другім у працэсе развіцця арганізма.

•••

Тэорыя інфармацыі гл. тэорыя.

[Ад лац. informatio — растлумачванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стру́га1 ‘вельмі грузкая даліна, балоціна’ (ТС), ‘дрыгва’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.; бяроз., ст.-дар., Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл.; ЛА, 5), ‘рукаў ракі’ (ЭШ, рук.), ‘затока’ (бярэз., Сл. ПЗБ), струга́ ‘гразкае балота’ (ст.-дар., Нар. сл.), ‘месца на балоце, зверху зацягнутае травой’ (люб., Бел. дыял.), ‘ручай, струмень’: пот ліецца стругою (беласт. Ніва, 1973, 23 верас.), ‘самы шпаркі і глыбокі праток вады ў рацэ’ (Ласт.), зах.-палес. стру́га ‘мокрае месца, зарослае хмызняком’, ‘балоцістая мясціна’ (Сл. Брэс.), ‘невялікая рэчка’ (Мат. Гом.), ‘невялікае цячэнне на балоце’, усх.-палес. стру́жка ‘старое зарослае русла ракі’ (Талстой, Геогр., 194–195), ст.-бел. струга ‘струмень, ручай’. Укр. стру́га ‘ручай; струмень’, паўн.-рус., наўг., курск. стру́га ‘глыбокае месца, лужа, якая застаецца летам ад амаль перасохлай рэчкі’, вялікалук. истру́га ‘частка старога рэчышча’, стараж.-рус. струга ‘цячэнне’, польск. struga ‘струмень, цячэнне’, в.-луж. truha ‘ручай’, н.-луж. tšuga ‘тс’, чэш. strouha ‘жолаб, канава’, славац. struha ‘тс’, славен. strúga ‘русла, рукаў ракі’, ст.-слав. строуга ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struga, дэрыват з суф. ‑ga ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’; ‑t‑ устаўное, звязана з струя, востраў, гл. Гл. Борысь, 582; Махэк₂, 583; Шустар-Шэўц, 1549; Міклашыч, 318. Генетычна роднасныя лат. straũga ‘нізкае месца, дзе можна праваліцца’, struga ‘балота’, stūga ‘струмень вады’, strũgla ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 783 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 450; Папоў, Из истории, 87 (беспадстаўна лічыць запазычаннем з польскай).

Стру́га2 ‘венцер (з дубцоў)’ (касцюк., ЛА, 1). Параўн. балг. радоп. стро̑́га ‘варотцы ў плоце або кашары’, дыял. стръ́га ‘цесны праход у загоне, праз які праходзяць авечкі па адной’, престръ́га ‘шчыліна паміж пярэднімі зубамі’, серб.-харв. strȕga ‘тс’. Бярнар (Бълг. изсл., 324–326) выводзіць з прасл. *strǫga. Сюды ж, магчыма, і рум. strungă ‘цесны праход’, далейшыя сувязі якіх няясныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́несці, ‑несу, ‑несеш, ‑несе; пр. вынес, ‑ела; зак., каго-што.

1. Несучы, выдаліць адкуль‑н., выставіць за межы чаго‑н. Вынесці мэблю з кватэры. Вынесці смецце. □ — Прыхавай шрыфт дзе-небудзь, — папрасіў Мікола. — Вынесі з хаты. Навуменка. // Змясціць частку чаго‑н. асобна, за межамі цэлага, сістэмы. Вынесці дробавы лік за дужкі. // Завесці што‑н. куды‑н. І зімою Галя не гуляла: то пойдзе карове дасць, то вынесе свінням, то дроў унясе ў хату. Сабаленка.

2. Хутка вывезці, вымчаць куды‑н. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. Конь мігам вынес.. [байца] за сяло. Мележ.

3. Захапіўшы ў агульны паток, прынесці, прыбіць куды‑н. Плынь вынесла лодку на сярэдзіну ракі. □ Гаманкі натоўп пасажыраў вынес мяне на прыстанцыйную плошчу. Савіцкі.

4. перан. Атрымаць, набыць у выніку знаёмства, вывучэння чаго‑н. Вынесці ўражанне. □ Ад знаёмства з.. людзьмі я вынес два неразлучныя пачуцці — захапленне і ўдзячнасць. Брыль.

5. Вытрымаць, перажыць, перанесці. Не такія, як сёння, удары прыходзілася вынесці вось гэтай пасівелай без пары галаве. Брыль.

6. Прапанаваць на абмеркаванне, вырашэнне. Вынесці пытанне на разгляд сходу.

7. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: утварыць дзеянне, якое адпавядае значэнню гэтых назоўнікаў. Вынесці падзяку, пастанову. Вынесці прысуд, вымову.

•••

Вынесці на сваіх плячах — вытрымаць на сабе ўвесь цяжар выканання якой‑н. справы, працы.

(Ледзь) вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. Яшчэ немаведама, як вынесці адсюль ногі, а .. [Блішчынскі] ужо бядуе, што не ўдасца трапіць на курсы. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стры́жань ‘асяродак, сарцавіна расліны’, ‘згустак гною ў нарыве’, ‘вось або апора чаго-небудзь’, ‘сярэдзіна ракі, быстрыня’ (ТСБМ, Варл.), ‘асяродак нарыва’, ‘сарцавіна смалістага дрэва або смалісты сук’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сарцавіна’, ‘шчыльная драўніна’, ‘палена’, ‘асяродак (у морквы)’, ‘адросткі пяра пасля лінькі птушак’, ‘згустак малака’ (Сл. ПЗБ), ‘стрыжань дрэва’, ‘асяродак скулы’, ‘быстрыня; незамерзлае месца ў рацэ’ (Бяльк., Сцяшк.), ‘асяродак у хвоі’, ‘бруд, гной у нарыве’ (Янк. 1, Сл. Брэс.), ‘самае глыбокае месца ў возеры, рацэ’, ‘згустак гною ў нарыве’ (Растарг.), ‘стрыжань скулы’ (кіраў., нараўл., Шатал.; Юрч. Вытв.), ‘стрыжань дрэва, нарыва’ (ТС, Шымк. Собр., Касп.), стры́жэнь ‘моцны струмень у цячэнні ракі’ (ТС), ‘агрэх’ (ПСл), стрыжэ́нь ‘галоўны корань дрэва’ (Сцяшк.), стрыжі́нь ‘смалістае дрэва’ (кам., Ск. нар. мовы), стрыжо́нак ‘стрыжань (дрэва, нарыва)’ (Мат. Гом.), стрыжэ́ністый ‘з тонкім слоем абалоні (пра дровы)’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.). Параўн. укр. стри́жень ‘стрыжань (дрэва, скулы, ракі)’, рус. сте́ржень ‘тс’, ‘стрыжань у механізмах’, стре́жень ‘быстрыня ў рацэ’, рус.-ц.-слав. стрьжень ‘сарцавіна’, ц.-слав. стържьнь ‘тс’, польск. rdzeń, zdrżeń, чэш. stržeň ‘стрыжань нарыва’, славац. stržeň ‘сарцавіна дрэва; мядовы сот’, серб.-харв. стр̏ж ‘сарцавіна’, харв. старое stržen ‘тс’, славен. stržên ‘стрыжань дрэва, нарыва, ракі’, макед. срж ‘касцявы мозг; сарцавіна’. Прасл. *strьženь або *strьžьnь (рэканструкцыя Фасмера, 3, 757–758), роднаснае ст.-прус. strigeno ‘мозг’, далей, швед. streke ‘стрыжань цячэння’ (*strikan‑); гл. Траўтман, 290; Мее, Études, 432. Фасмер (там жа) першасным значэннем слова лічыць ‘сарцавіна’. Бязлай (Eseji, 138) фармальныя адрозненні тыпу рус. стержень ‘асяродак’ і стрежень ‘быстрыня’ лічыць неістотнымі, паколькі яны ўзаемазамяняльныя і адлюстроўваюць старыя (мажліва, яшчэ даславянскія) адрозненні ў даўжыні. Сной (у Бязлай, 3, 336–337) рэканструюе прасл. *strьžę, Р. скл. *strьžene, В. скл. *strьženь ‘сярэдзіна рачнога патока’, якое, на яго думку, узыходзіць да прасл. *strigti ‘стрыгчы’, з семантычным развіццём ‘нешта адрэзанае’ > ‘стужка, паласа’ > ‘рачны паток’. Значэнні ‘стрыжань дрэва, нарыва’ ён тлумачыць як метанімічны перанос ‘сярэдзіна рачнога патока’ > ‘сярэдзіна ствала дрэва, нарыва і да т. п.’. Гл. яшчэ Сной₁, 617; ЕСУМ, 5, 441 (разглядаюцца як амонімы стрижень1, 2 ‘асяродак’, ‘быстрыня ў рацэ’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́рла, ‑а, н.

1. Храстковая трубка, якая змяшчаецца ў пярэдняй частцы шыі і з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў. Прапаласкаць горла. Пяршыць у горле. □ Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка. // Пярэдняя частка шыі, у якой змяшчаецца гэта храстковая трубка. [Алік] ляжаў і чакаў, што вось-вось нехта наваліцца на яго, схапіць за горла, пачне душыць. Шашкоў. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

2. Верхняя звужаная частка пасудзіны. Горла бутэлькі.

3. Вузкі праход з заліва або ўнутранага мора ў адкрытае мора. // Рукаў у вусці ракі. // перан. Пра ўсякі вузкі праход у чым‑н. Прайшоўшы праз вузкае горла маста, .. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана веерам. Брыль.

•••

Браць (узяць) за горла гл. браць.

Вырваць з горла гл. вырваць.

Горла перагрызці гл. перагрызці.

Горлам браць гл. браць.

Драць (ірваць, надрываць) горла гл. драць.

Засесці ў горле гл. засесці.

Заткнуць горла гл. заткнуць.

З горла лезе (валіцца, прэ) гл. лезці.

Клубок у горле гл. клубок.

Ком у горле гл. ком.

Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) гл. кусок.

На ўсё горла — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, спяваць і пад.).

Па горла — а) вельмі моцна (заняты, перагружаны і пад.). Завален работай па горла; б) вельмі многа (спраў, клопатаў і інш.). На прадвесні ў Хаіма Плаўніка работы было па горла. С. Александровіч.

Прамачыць горла гл. прамачыць.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.

Стаяць калом у горле гл. стаяць.

Стаяць папярок горла гл. стаяць.

Сыты па горла гл. сыты.

У горла не лезе гл. лезці.

Як косць (кветка) у горле гл. косць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)