расхіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Адхінуўшы, адкінуць, развесці ў бакі краі, крыссе адзення. Расхінуў тут дзед халат Ды з кішэні-бакавушкі Выняў дудку-весялушку. Колас. Падпалкоўнік расшпіліў кіцель і расхінуў на грудзях кашулю. Асіпенка. // Адхінуць, адвесці ў бакі што‑н. прыхінутае адно да аднаго. Я падпоўз да сяла, калі гаснулі зоркі, Расхінуў асцярожна кусты і знямеў — Каміны ... каміны... Дух пажарышча горкі. Панчанка. Расхінеш траву, а там — гняздзечка з яечкамі або птушаняты рассыплюцца, як гарох, у розныя бакі. Якімовіч. // Распасцерці, развесці ў бакі. Бусел расхінуў крылы. □ — Не схіляй, — крычалі, — галавы, Расхіні свае ў палёце крылы! Бялевіч.

2. Раскрыць (дзверы, акно, заслону і пад.). Людзей поўна, яблыку недзе ўпасці, а заслону на сцэне быццам некаму расхінуць. Гроднеў.

3. Разгарнуць што‑н. (згорнутае, складзенае). Расхінуць палатку. □ Дзядзька расхінуў лісток лінаванай паперы. Баранавых. Вось скруткі белага льнянога палатна, Нібы сама заснула ў іх зіма, Здаецца, расхіні — дыхнуць буранам снежным. Танк.

4. Раскрыць, зрабіць вольным доступ куды‑н., да чаго‑н. [Віцька] тыцнуў Глечыку пару ануч і зноў расхінуў торбу. Быкаў.

5. перан. Рассунуцца, расшырыцца. — Трэба, каб з твайго нарыса было відаць, як Савецкая ўлада расхінула перад былымі цёмнымі, занядбанымі сялянамі ўсе дарогі ў жыццё. Сабаленка.

•••

Расхінуць душу — тое, што і адкрыць душу (гл. душа). Мне захацелася расхінуць сваю душу перад гэтай жанчынай, расказаць ёй усю праўду. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ць, ламлю́, ло́міш, ло́міць; ламі; лама́ны; незак.

1. што. Згінаючы або ўдараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго-н. або раздзяляць што-н. на часткі.

Л. вецце.

Л. лёд.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць.

Л. крылы.

Л. ногі.

3. што. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць.

Л. стары дом.

4. перан., што. Пераадольваць, знішчаць што-н. аджыўшае.

Л. старыя звычаі.

5. перан., каго-што. Рэзка (крута) змяняць.

Л. свой характар.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты.

Ломіць косці.

Ламаць галаву над чым (разм.) — біцца над рашэннем якой-н. задачы, якога-н. пытання.

Ламаць шапку перад кім (уст.) — уніжацца, ліслівіць.

|| зак. палама́ць, -ламлю́, -ло́міш, -ло́міць; -лама́ны (да 2 знач.) і злама́ць, зламлю́, зло́міш, зло́міць; зламі; злама́ны (да 1—4 знач.); наз. пало́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак, ж. (да 2 знач.).

|| наз. лама́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і ло́мка, -і, ДМ -мцы, ж. (да 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

узру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. каго. Вельмі моцна ўсхваляваць; устрывожыць. Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Шамякін. Над .. балотам аж стогнуць канюхі. .. Узрушыў іх нехта, носяцца, выпрастаўшы крылы. Пташнікаў. Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? Колас. Песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі.

2. што. Разм. Узрыхліць, узварушыць паверхню чаго‑н. Узрушыць зямлю па градах. Вецер узрушыў гладзь возера. // перан. Пазбавіць устойлівасці, трываласці; пахіснуць. Хіба не магло так здарыцца, што сярод .. [бальшавікоў] убачылі б мы і Пуліхава, калі б толькі да дзён, што ўзрушылі свет, яму выпала дажыць!.. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрэ́заць сов.

1. в разн. знач. подре́зать;

п. валасы́ — подре́зать во́лосы;

п. хле́ба — подре́зать хле́ба;

п. дзёран — подре́зать дёрн;

няўда́ча ~зала яго́ — неуда́ча подре́зала его́;

2. перен., разг. (словом) подде́ть;

ло́ўка я яго́ ~заў — ло́вко я его́ подде́л;

3. перен., разг. (о болезни) подкоси́ть;

хваро́ба яго́ ~зала — боле́знь его́ подкоси́ла;

4. подре́зать; (пилой — ещё) подпили́ть;

п. кры́лы — подре́зать кры́лья

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

апусці́ць сов.

1. опусти́ть;

а. руку́ — опусти́ть ру́ку;

2. (наклонить) опусти́ть; склони́ть; (голову — ещё) пону́рить; (бессильно) урони́ть; (глаза — ещё) поту́пить;

3. (поместить в жидкость, газ и т.п.) опусти́ть, погрузи́ть;

4. (ослабить уход) забро́сить;

а. гаспада́рку — забро́сить хозя́йство;

5. (сделать пропуск) опусти́ть, пропусти́ть;

а. сло́ва — опусти́ть (пропусти́ть) сло́во;

а. ру́кі — опусти́ть ру́ки;

а. кры́лы — опусти́ть кры́лья;

а. нос — пове́сить нос;

а. галаву́ — опусти́ть го́лову

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

абрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Адразаючы па краях ці з канцоў, пакараціць, паменшыць што‑н.; падрэзаць. // Аддзяліць, адрэзаць што‑н.; зрэзаць. Абрэзаць на яблыні сухія галіны. □ Не марудзячы ні хвіліны, ён [Маеўскі] абрэзаў стропы і адскочыў убок. Шамякін. // Зняць, зразаючы збоку, па ўсёй паверхні. Абрэзаць гарэлую скарынку ў хлебе. // перан. Паменшыць, скараціць памеры ці колькасць чаго‑н. Абрэзаць паёк. □ У адных абрэзалі зямлю, другім далі. Каваль.

2. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. [Жэнька] яшчэ не ўмее жаць, — раз прабавалі: ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Крапіва.

3. перан. Разм. Рэзка перапыніць, абарваць чым‑н. гаворку, прымусіць змоўкнуць. — Як з цябе прымак, калі кашуля ў цябе чорная, як у камінара, — абрэзала жартаўніка бойкая Зоя. Грахоўскі.

•••

Абрэзаць (падрэзаць) крылле (крылы) каму — перашкодзіць каму‑н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць, выкарыстаць свае здольнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цямне́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цёмным, больш цёмным. Сонца ўсё ніжэй хілілася па захад. Даўжэлі, цямнелі цені. Асіпенка. Расправіўшы шэрыя крылы, Хмурынка на захадзе ўстала, Цямнела, плыла, вырастала, Як бы набіралася сілы. Гілевіч. // Траціць свой бляск, яркасць. Зоркі цямнеюць. Срэбра цямнее. // перан. Станавіцца змрочным, хмурым. Твар яе .. цямнеў, вочы рабіліся сумнымі, і мне здавалася, што мама вось-вось заплача. Шыловіч. Карпусь аж цямнеў ад злосці, не знаходзячы слоў. Баранавых.

2. безас. Пра надыход цемнаты, набліжэнне прыцемку, змроку. Цямнела, было суха ад лёгкага марозу і холадна. Чорны. Цямнела. А цемень падвойвала страхі, узмацняла трывогі, паддавала супярэчлівых, мітуслівых думак. Каваленка.

3. Вылучацца сваім цёмным колерам, віднецца (пра каго‑, што‑н. цёмнае). Быў канец жніўня, і на палях яшчэ цямнелі сланечнікі і чырванелі пераспелыя памідоры. Якімовіч. Цямнее край зубчаты бору... Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апяша́лы ’лянівы, аслаблены’ (Нас.), апе́шыный ’разгублены’ (Бяльк.). Укр. дыял. зах. опішілий ’лянівы, павольны’. Польск. opieszały ’лянівы, марудны, які не любіць спяшацца’. Параўн. рус. опешить ’астацца без каня’, ’разгубіцца’, укр. уст. опішити ’астацца без каня’, укр. зах. опішіти ’зрабіцца павольным, марудным’ («Кінь опішів»). Ст.-рус. опѣшити ’зрабіць пешым; аставіць без крыл’, опѣшати ’стаць пешым (без каня)’. Параўн. яшчэ чэш. уст. opěšalý ’хто стаў без каня’, opěšati ’астацца без каня’, ст.-чэш. opěšalý. Серб.-харв. уст. opješati стаміцца’, славен. pȇšati ’стамляцца’, pẹ̑h ’стамленне’. Найбольш пашырана ўяўленне аб тым, што рус. опешить і падобныя ўтварэнні этымалагічна тлумачацца значэннем ’стаць пешым’ (Праабражэнскі, 2; Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 191; Фасмер, 3, 144). Прыводзячы ў дадатак да адзначаных ужо фактаў ст.-польск. pieszeć і ст.-чэш. pěšěti ’стаць слабым’, а таксама ст.-рус. припѣшати зрабіць пешым, падрэзаць крылы’, Безлай (Južnoslav. leks., 9–10) параўноўвае гэту групу слоў з літ. paikė́ti, лат. (iz‑)paiki ’дурнець’, узводзячы корань да і.-е. *poik‑ (што ў сваю чаргу параўноўваецца з коранем слоў псаваць і інш.). На нашу думку, тут магчыма кантамінацыя двух слоў: слова, якое ўзнікла пазней і першасна азначала ’стаць пешым’, і другое, больш ранняе, якое суадносіцца, магчыма, з тым коранем, аб якім піша Безлай, або ўваходзіць у іншую сям’ю слоў. Хаця спех, спяшацца звычайна ўзводзіцца да групы спець, магчыма, суадносіны спешна — ’марудна’ (апяшала), паспяхова — ’няўдала’ (апяшала) не выпадковыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. аду́жай зак., каго-што.

1. Падужаць, перамагчы, адолець, узяць верх над кім‑, чым‑н.; справіцца з кім‑, чым‑н. Пачуў [Васіль], як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Мележ. Што нам мяцеліца, Вецер і сцюжа? Што маладосць нашу Зможа адужаць? А. Александровіч. // Авалодаць якім‑н. рамяством, умельствам. [Дзед:] — Малады яшчэ ты дужа падымаць у кузні молат. Рамяство маё адужаць — гэта іншая размова. Дубоўка.

2. Змагчы, здолець. Конь такі, што гадай, ці адужае прывалачы столькі лесу. Мележ. [Гіляр:] — Я згодзен ісці пехатой да самых Бацяновіч і несці на сябе столькі арэхаў, колькі адужаю, абы ў нас сталася так, як тут. Дубоўка.

адужа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; заг. адужа́й; зак.

Набрацца сілы; ачуняць пасля хваробы. Мы адлятаць гатовы ў родны край, Туды, дзе адужалі нашы крылы. Барадулін. Каб адужалі дрэўцы, Каб цешыліся сэрцы, Калі там зашуміць здалёк Зялёны хвойнік ці гаёк. Лужанін. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Раскалоць, раздзяліць на часткі. Расшчапіць палена. □ Вострым канцом дроту Толіку нарэшце ўдалося расшчапіць драўляны круглячок, якім была заткнута гільза, на дробныя кавалкі і павыцягваць іх па аднаму. Зуб. Другі снарад расшчапіў сасну, на якой сядзеў жвавы канаплянік. Чыгрынаў. // Моцным ударам разбіць, раздрабіць. Калі дзед Талаш пачынаў прыпамінаць, як абышліся з ім жаўнеры, то злосць з новаю сілаю агортвала яго, і тады ён шкадаваў, чаму не расшчапіў галоў гэтым грабежнікам. Колас.

2. Перастаць сціскаць; разняць, раз’яднаць. Расшчапіць зубы. Расшчапіць рукі. □ Аксеня ўжо адсунулася ад замка і апусціла рукі. А потым працягнула адну з іх у бок Гаўруся і расшчапіла кулак. Ключ упаў на зямлю. Брыль. — Т-так... — пачаў .. [Алёша] аглядаць шэрага птаха. Паглядзеў пад крылы, расшчапіў чырвоную дзюбку і доўга глядзеў у рот. Нядзведскі.

3. Спец. Раздрабіць, прымусіць распасціся на часткі. Расшчапіць валокны.

4. Спец. Раскласці на часткі пры дапамозе хімічнай рэакцыі. Расшчапіць эфір.

5. Спец. Фізічным уздзеяннем прымусіць распасціся (атам). Расшчапіць атам у рану.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)