запа́с, -у, мн. -ы, -аў, м.

1. Тое, што назапашана, сабрана для чаго-н.; тое, што маецца для скарыстання.

Харчовыя запасы.

Запасы паліва.

Непарушны з.

З. ведаў (перан.). У з. або на з. (на выпадак, калі спатрэбіцца). У нас яшчэ ёсць многа часу ў запасе (маецца ў нашым распараджэнні).

2. Загнуты за шво лішак тканіны, які пакідаюць на выпадак, калі спатрэбіцца павялічыць у шырыню або даўжыню якую-н. частку адзення.

Сукенка з запасам.

3. Катэгорыя грамадзян, якія прайшлі вайсковую службу і прызываюцца зноў у войска ў выпадку неабходнасці.

Перавесці ў з.

Прызваць з.

|| прым. запасны́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

З. выхад.

З. ігрок.

З. полк.

Прызыў запасных (наз.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Крыні́ца1выхад падземных вод на паверхню зямлі’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., Мядзв., Яруш., Сержп. Пр., Гарэц., Маш., Мал., Сержп. Ск., Бяльк., Яшк., ТС, Касп., Сл. паўн.-зах.). Крыніца < крын ’расліна, цвет, лілея’ (Булг.). Укр. криниця, рус. крыница, ст.-рус. криница ’тс’, польск. krynica ’тс’. Лексема паходзіць ад свайго амоніма, які рэфлексуецца як ст.-рус. криница ’миска’, серб.-харв. кри̑ница ’тс’, славен. krníca ’драўлянае начынне’, балг. криница ’тс’. Яны ў сваю чаргу да прасл. krina ’драўлянае начынне’ (гл. крынка). Не выключана палеабалканскае паходжанне слова (параўн. ст.-грэч. κρήνη ’крыніца’).

Крыні́ца2 ’ямачка каля пупавіны, па якой пазнаюць карову, добрая на малако ці не’ (Шатал.). Гл. крыніца1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́бух, ‑у, м.

1. Хімічная рэакцыя з імгненным вылучэннем энергіі, якая суправаджаецца моцным гукам, успламяненнем і выклікае разбуральныя дзеянні. Выбух дынаміту. Выбух гранаты. Ядзерны выбух.

2. Выбуховая хваля. У гэты момант магутны раскацісты выбух скалануў вагон. Паслядовіч.

3. перан. Раптоўнае праяўленне якога‑н. дзеяння ці пачуцця. Рэвалюцыйны выбух. Выбух смеху, абурэння. □ Прамова скончана. У зале Выбух воплескаў, як шквал. А. Александровіч.

4. Форма скачкападобнага пераходу якой‑н. з’явы ад старой да новай якасці.

5. Імгненны выхад струменю паветра пры вымаўленні некаторых зычных гукаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́льсць1 ’поўсць’ (мсцісл., З нар. сл.). З польск. pilść ’лямец’, ’валасяны матэрыял, унутранасць матраца’. Вакалізм складу пе‑ трэба разглядаць разам з пельсць ’шалушэнне скуры, пархі’ (мсцісл., ЛА, 3), дзе ‑е‑ — пад уплывам лексемы пе́рхаць, параўн. персць ’шалушэнне скуры’ (мядз., там жа).

Пе́льсць2, пелясць, пе́люсці, пэ́лютэ ’праход у печ, а таксама месца ў коміне пад гэтым праходам’ (Сцяшк. МГ, Скарбы, Сл. ПЗБ; бяроз., Шатал.), ’жарало ў печы’ (навагр., Нар. сл.), ’выхад з печы’ (слонім., Нар. лекс.), ’чалеснікі’ (ЛА, 4), ’верх пад чалеснікамі’ (там жа). Гэта рэалія ўяўляе сабой ’тонкую цагляную сценку ў печы, пасярэдзіне якой знаходзіцца ўваход у печ’ (ваўк., В. В.) і семантычна, як ’нешта плоскае’, лексему, што называе гэтую рэалію, можна звязаць з пелюсць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кватэ́ра, ‑ы, ж.

1. Частка жылога дома, якая складаецца звычайна з некалькіх пакояў і мае асобны выхад. Двухпакаёвая кватэра. □ Кватэра Белавуса не багата абстаўлена, але ўтульная і чыстая. Гурскі. // Жылое памяшканне, жыллё наогул. Вырашыць пытанне з кватэрай. // Памяшканне, якое часова наймаецца для жылля. Жыць на кватэры. Наймаць кватэру.

2. Уст. Лясніцтва, памяшканне, дзе жыў ляснічы. Міхал ступіў на двор кватэры З душою, згрызенай без меры. Колас.

3. толькі мн. (кватэ́ры, ‑тэр). Месца размяшчэння войск у населеным пункце. Размясціцца на зімнія кватэры.

•••

Галоўная кватэра (уст.) — месца прабывання галоўнакамандуючага і яго штаба ў час вайны; стаўка.

Стаць на кватэру гл. стаць.

[Ням. Quatier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за..., прыстаўка.

I. Утварае дзеясловы са знач.:

1) пачатак дзеяння, напр.: заапладзіраваць, захварэць, закрычаць, заспяваць, забегаць, замахаць;

2) закончанасць, вынік дзеяння або стану, напр.: забяліць, завязаць, запакаваць, засохнуць, зацвярдзець;

3) выхад дзеяння за межы звычайнага або дапушчальнага, напр.: забавіцца, загаварыцца, захваліць;

4) распаўсюджанне дзеяння за якія-н. межы, напр.: заехаць (за дом), зайсці (за сцяну), заслаць (на край свету);

5) адхіленне ўбок ад асноўнага напрамку руху з кароткачасовым спыненнем, напр.: забегчы, заехаць, заглянуць (да знаёмых).

II. Утварае назоўнікі, прыметнікі, прыслоўі са знач.: які знаходзіцца на тым баку чаго-н., ззаду або за межамі чаго-н., напр.: заакіянскі, завуголле, загарадны, задворкі, залетась, заўчора.

III. Утварае якасныя прыметнікі і прыслоўі і абазначае перавышэнне якасці, напр.: завельмі, завузкі, завялікі, замнога, занадта.

IV. Утварае прыслоўі са знач.: у межах таго перыяду, які называецца словам без прыстаўкі; да наступлення новага перыяду, напр.: замалада, засветла, зацемна, зацепла.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

го́рла, -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Храстковая трубка ў пярэдняй частцы шыі, якая з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў.

У горле перасохла.

Браць за г. (таксама перан.: сілай прымушаць рабіць што-н.). Г. перагрызці (таксама перан.: бязлітасна расправіцца з кім-н. са злосці).

2. Агульная назва зева, глоткі і гартані.

Хвароба г.

3. Верхняя звужаная частка пасудзіны.

Г. збана.

4. Вузкі выхад з заліва, вусце (спец.).

Прыстаць з нажом да горла — назойліва патрабаваць.

Прамачыць горла — трохі выпіць.

Стаяць папярок горла — вельмі замінаць.

У горла не лезе — зусім не хочацца есці.

З горла лезе (разм., неадабр.) — вельмі многа мець чаго-н.

На ўсё горла (разм.) — з усёй сілы (спяваць, крычаць).

Па горла (разм.) — Надта многа.

Работы па горла.

Яды хапае па горла.

Стаяць косткай у горле (разм., неадабр.) — не даваць спакою, перашкаджаць.

|| прым. гарлавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Трубо́й ‘вертыкальна, прама, уверх, угору’ — жыты … ўсталі трубою (ТСБМ); дым валіць трубой (Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, у трубы віцца ‘вельмі добра расці’ (ТСБМ): Каб наша жыта / У трубы павілося (навагр., Песні нар. свят). Няясна; параўн. рус. труба́ трубо́ю валить (пра вялікую колькасць людзей, Даль). Хутчэй за ўсё, да труба1 ‘сцябло збожжа перад калашэннем’, пра выключнае значэнне гэтай стадыі развіцця расліны для земляробаў сведчаць спецыяльныя тэрміны трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых, выхад у трубку’ (ТСБМ), укр. трубкува́ння ‘тс’, рус. трубить ‘выпускаць, утвараць сцябліну (пра расліны)’: озими уже трубят (Даль), а таксама сімвалічнае выкарыстанне трубы: «вечарам пасля вяртання з поля селянін браў трубу і пачынаў трубіць. Гэта рабілася для таго “щобы так трубыло жыто”, г. зн. каб забяспечыць добры ураджай» (Теодорович Н. И. Волынь в описании городов, местечек и сёл. Т. V. Почаев, 1903, 391). Паводле Талстых, у гэтым выпадку «народная этимология порождает … ритуал» (Слав. языкозн. X, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясня́нка1 ’вяснушка на твары’ (ветк., Мат. Гом.), укр. весня́нки, рус. кастр., пск. веснянки ’тс’. Усходнеславянскае ўтварэнне, ад вясняны (гл.) < vesnьnъ і суф. ‑к‑а.

Вясня́нка2 ’вясенняя песня’ (БРС), вяснянкі ’благавешчанскія вясеннія песні’ (Шн., 1), укр. веснянка ’вяснянка’, рус. веснянки ’вясеннія песні, якія спяваюцца ў карагодах ад благавешчання да ўзнясення’. Польск. wiośnianka. Новае запазычанне. Усх.-слав. лексема, утвораная ў выніку семантычнай кандэнсацыі выражэння вясенняя песня, як, напрыклад, чыгунка (< чыгуначная дарога).

*Вяснянка3, весня́нка ’яравая пшаніца’ (Выг.). Да вясна́ (гл.). Утварэнне, аналагічнае да папярэдняга слова.

Вясня́нка4 ’насякомае з сям’і Plecoptera’ (БРС). Запазычана, відаць, з рус. мовы. Названа так таму, што выхад з вады і вылет даспелых насякомых пачынаецца ранняй вясною.

Вяснянка5 ’апенька’ (б.-каш., Мат. Гом.), відавочна, ’летняя апенька, Pholiota mutabilis’. Да вясна́ (гл.). У дадзеным выпадку вясна азначала ’вясна і лета’, таксама як у балт. мовах. І наадварот, у некаторых слав. гаворках (напр., сілезскіх) lato ’перыяд вясны і лета’. Утварылася шляхам семантычнай кандэнсацыі з вясняная апенька. Сюды ж вясьнянкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.

2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.

3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)