перасы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., што.

1. Сыплючы, перамясціць, высылаць у другое месца, другую тару. Ігнат Андрэевіч зачэрпнуў жменю зярнят, перасыпаў з далоні на далон[ь], узяў адно зерне на зубы. Шамякін.

2. і чаго. Насыпаць больш, чым трэба; перадаць. Перасыпаць цукру ў чай.

3. чым. Насы́паць чаго‑н. паміж чым‑н.; абсыпаць, насыпаць. Перасыпаць адзенне нафталінам.

4. перан.; чым. Перапоўніць (мову) якімі‑н. заўвагамі, спецыфічнымі зваротамі, словамі і пад. Перасыпаць апавяданне дыялектызмамі.

5. Разабраць і сабраць нанава што‑н., замяніўшы пашкоджаныя часткі; абнавіць. А ўрэшце яно і не так важна, каму належала хата, тым болей, што дзед Талаш перасыпаў яе і можа па справядлівасці лічыцца яе гаспадаром. Колас. Кола трэба перасыпаць, шасцярню зрабіць зусім новую. Чорны.

перасыпа́ць ​1, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да перасыпаць.

перасыпа́ць ​2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да пераспаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пі́сар 1 ’ніжэйшая службовая асоба, якая займалася перапіскай’, канцылярскі служачы’, ’сакратар’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Гарэц., Сл. ПЗБ); ст.-бел. писаръ ’пісар’; стараж.-рус. писарь ’мастак, жывапісец’ (1045 г.), укр. писарь ’пісар’, польск. pisarz, н.-луж. pisaŕ ’пісьменнік’, в.-луж. pisar ’перапісчык’, чэш. písař ’пісец’, ’пісар-перапісчык’, славац. pisár ’тс’, славен. pisár той, хто піша’, ’пісец’, ’пісар’, ’пісьмавод’, серб.-харв. пи̏сар ’пісар’, ’перапісчык’, макед. писар ’пісар’, балг. пѝсар ’тс’, ’пісец’. Новае слова, утворанае ў Сярэднявеччы ад пісаць са значэннем ’пісаць’. Суфікс ‑ар узыходзіць да познепрасл. *‑arʼь, які ўтвараў назвы выканаўцаў і быў запазычаны з германскіх ці (у меншай ступені) раманскіх моў, з носьбітамі якіх суседнічалі славяне. Апошняй крыніцай з’яўляецца лац. ‑ārius (Слаўскі, SP, 2, 21–23).

Пі́сар 2 ’госць на вяселлі, які дзеліць каравай’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, з польск. pisarz weselny ’вясельнік, які камічна важна танцуе з маладой, частуе пры расплятанні касы’. Генетычна узыходзіць да пі́сар 1 (гл.).

Пі́сар 3 ’шрам на скуры жывёлы’ (чач., ЛА, 1). Таго ж паходжання, што і пісаг (гл.), суф. ‑ар, як у шнар ’шрам’.

Пі́сар 4 пісарка ’рыба быстранка. Alburnus bipunctatus L.’ (Інстр. 2). Відаць, запазычана з рус. писарь, писарка ’тс’ або ўкр. писар, писарка ’тс’, што звязаны з *pьsati ’маляваць’ (з-за стракатай афарбоўкі), гл. пісаць (Каламіец, Рыбы, 29).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зато́е, злучн.

1. Злучае сказы і члены сказа пры замяшчальным супастаўленні; па значэнню адпавядае словам: «аднак», «але», «у той жа час». Жыта на «лужках» вымакла зусім, затое на гары і пад лесам сцяной ідзе. Лынькоў. У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. / Часта ў спалучэнні з «але», «ды». Не важна, хто каго перамог, але затое ўсім весела. Скрыган. І сілу [Марылька] мела, як у таго камара. .. Ды затое была .. такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Ужываецца для выражэння выніку; па значэнню адпавядае словам: «таму», «у выніку гэтага». Нібы па кнізе ён чытае Чужыя мыслі ў галаве. Затое ж ён так хіліць, горне К сабе паноў і панскіх слуг. Колас. Часам кавалак у рот не лез ад стомы. Затое ж запас вадзіўся. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разло́жысты, ‑ая, ‑ае.

1. Развесісты, раскідзісты, шырокі (пра дрэва, крону, галіны і пад.). А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі. Колас. З-пад цяжкіх, разложыстых шатаў струменіць духмянае і чыстае, як крынічная вада, паветра. Гамолка. Ад шляху пайшла бярозавая алея і ўперлася ў разложысты сад. Пестрак. // Які пашыраецца, расходзіцца кверху; развілісты. Буйвалы, важна несучы разложыстыя рогі, павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. Сям-там выглядалі з-пад .. [лістоў] запозненыя, разложыстыя кветкі белых лілей. Арочка.

2. Шырокі, пакаты; адкрыты, роўны. Добры луг там быў, трава расла, як чарот. Месца ўдалае, роўнае, разложыстае. Скрыган. І толькі ўздоўж рэчкі Пітамкі ляжалі разложыстыя паплавы. Асіпенка.

3. Які далёка чуецца, адбіваючыся рэхам. Магутны разложысты выбух скалануў вагон. Паслядовіч. Неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак і расколвалі разложыстыя ўдары грому. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балбата́ць, ‑бачу, ‑бочаш, ‑боча; незак.

Разм.

1. што і без дап. Шпарка, несупынна гаварыць. Эдзік жа балбатаў без перапынку, расказваў пра леташняе жыццё ў палатцы і пра ўсё, што толькі траплялася на язык. Гаўрылкін. // без дап. Бегла гаварыць на замежнай мове. Балбатаць па-французску.

2. без дап. Гаварыць гучна, але невыразна. [Платон:] — Салдатня балбатала, бразгала кацялкамі, вёдрамі — ранак марозны, усё аж грыміць. М. Ткачоў. // Утвараць гукі, падобныя на невыразную гаворку (пра птушак). За бярэзнікам, каля сасновага бору, балбатаў цецярук. Ляўданскі. [Лубяніха:] — У двары індыкі балбочуць, куры-цацаркі важна пахаджваюць. Ракітны.

3. што і без дап. Распускаць чуткі; гаварыць пра тое, пра што лепш маўчаць. [Кулеш:] — Балбочуць у вёсцы, што партызаны заходзяць да Масола. Праўда гэта? — Сам кажаш, што балбочуць. Значыць, балбатня і ёсць, — адказала Палагея. Шамякін. [Цётка К у ліпа:] — Ад злога вока нікуды не схаваешся. Цяпер пачнуць рознае балбатаць. Жычка.

4. без дап. Займацца пустымі размовамі, а не справай. Балбатаць, вядома, лягчэй, чым рабіць. Паслядовіч.

5. без дап. Булькаць — пра ваду, што бяжыць або кіпіць. Так весела ў каменьчыках Балбоча ручаёк. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самату́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саматужнікаў, належыць ім. Саматужны я майстэрні. □ Вытворчасць саней — з даўняга часу вельмі пашыраны і скрозь вядомы саматужны промысел на Беларусі. «Помнікі». // Зроблены ўручную, не фабрычным спосабам. Дзядзька Марцін рэзаў сечку на саматужнай сячкарні, — відаць, збіраўся ехаць араць папар. Колас. // Недасканалы, прымітыўны па выкананню. Атрымалася [лістоўка] нягеглая з выгляду і нікога не ўзрадавала. Адразу кідалася ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.

2. перан. Неарганізаваны, распылены, адасоблены. Галоўная рыса нашага руху, якая асабліва кідаецца ў вочы ў апошні час, гэта яго раздробленасць, яго саматужны, калі можна так сказаць, характар: мясцовыя гурткі ўзнікаюць і дзейнічаюць амаль зусім незалежна ад гурткоў у іншых месцах і нават (што асабліва важна) ад гурткоў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць адначасова ў тых жа цэнтрах. Ленін. // Не падрыхтаваны належным чынам. [Шыянок:] — Мне здавалася, што я пагаварыў немаведама чаго. Нават баяўся, што сакратар парткома заўтра ўсыпле за маё саматужнае выступленне. Сабаленка. // Малакваліфікаваны. Адным словам, падрыхтоўка мая была неважнецкая, саматужная. Лужанін. [Пан Галыга:] — Ну! Музыка саматужны, Пакажыся, што за «грач». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дурны́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Разумова абмежаваны, тупы; неразумны. Дурная галава. □ Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурны. Якімовіч. // Наіўны, неспрактыкаваны, нездагадлівы. Лявон важна сказаў: — Дурныя вы, могілкі — самае бяспечнае месца. Асіпенка. // Які выражае разумовую абмежаванасць, сведчыць аб дурасці. — Калі сустрэнеш папа на дарозе — не к дабру, — кажуць людзі. Міхалка плюе, нібы верыць у гэты дурны забабон. Бядуля. // Выпадковы, беспадстаўны. Дурны смех.

2. у знач. наз. дурны́, ‑о́га, м. Тое, што і дурань. Дурному закон не пісан. Прыказка.

3. Варты асуджэння; дрэнны, непрыемны. [Караневіч:] Была адна дурная гісторыя, пра якую мне не хочацца гаварыць. Крапіва. — Я гэта табе кажу для таго, каб ты зразумела мяне і не дакарала за мой дурны і недаравальны ўчынак. Лобан. / у знач. наз. дурно́е, ‑о́га, н. Дурное лезе ў галаву.

4. Цяжкі, благі. Нешта садніла сэрца ў Ганны, настрой дурны навяваўся на яе. Нікановіч.

•••

Дурны як бот; дурны як баран — пра разумова адсталага чалавека.

Дурным голасам гл. голас.

З дурнога розуму гл. розум.

Няма дурных! гл. няма.

Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

моц, ‑ы, ж.

1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.

2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.

3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.

4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.

5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.

6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.

•••

Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Частка тонкага ствала або галіны, ачышчаная ад парасткаў. Выразаць палку. □ Неўзабаве вёскаю, пасярод вуліцы, ішоў чалавек — у лапцях, шарачковых портках і старым суконным палітоне. На плячы, на сукаватай палцы, торбачка з хлебам. Крапіва. Двое другіх калгаснікаў насыпалі сечку ў цабэркі.., нанізвалі цабэркі на доўгую тоўстую палку і неслі каровам. Колас. // Аб такім адпаведна апрацаваным прадмеце, які ўжываецца як апора пры хадзьбе або для іншых мэт. Клопікаў апранаўся ў лепшы свой пінжак, насоўваў на галаву стары, [пазелянелы] ад старасці і часу кацялок і, абапіраючыся на такую ж старую палку-крывулю,.. важна выходзіў на вуліцу. Лынькоў. Зіна палезла на палкі, вырвалася на [лыжах] наперад. Шыцік. // звычайна мн. (па́лкі, ‑лак); перан. Пра палачныя ўдары, пабоі. Свату першая чарка і першая палка. Прыказка. // перан. Пра гвалт, прымус. Вам з нараджэння невядома Нядоля палкі і ярма. Глебка.

•••

З-пад палкі — быць вымушаным, пад прымусам (рабіць, выконваць што‑н.).

Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай гл. кій.

Палка з двума канцамі — пра тое, што можа скончыцца і добра і дрэнна.

Перагнуць палку гл. перагнуць.

Устаўляць (ставіць) палкі ў колы гл. устаўляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассе́сціся, ‑сядуся, ‑сядзешся, ‑сядзецца; пр. рассеўся, ‑селася; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Сесці, размясціцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Усе мае таварышы даўно ўжо расселіся ў вагоне, уладзіўшы транспартныя справы, а майго чамадана ўсё не было. Лынькоў. На тратуары расселася чародка галубоў, якія нешта дзяўблі на асфальце. Гроднеў.

2. Разм. Сесці свабодна, заняўшы шмат месца. — Пасуньцеся, вельмі шырока расселіся, — пачуў .. [чалавек], як праз сон, нечы голас. Прокша. Глушэц чым далей, то ўсё болей Дзесь на суку за тоўстай хвояй Рассеўся важна і балбоча. Колас. // Пасяліцца. Там, дзе на разлегласці раней яшчэ быў рассеўся Мазавецкі з сваім новым хутарам, цяпер быў проста-такі цэлы фальварак. Чорны. // перан. Шырока разрасціся. Высока, разл[о]жыста Расселася пры хаце Стара-старая ліпа, Паважная, як свацця. Купала.

3. Сеўшы, затрымацца доўгі час; сесці дзе‑н. надоўга. Прайшло некалькі хвілін у здранцвення «Чаго ж гэта я расселася? Трэба нейкую раду даваць», — спахапілася нарэшце Ірына Віктараўна. Пальчэўскі. — Ну і што там з гэтай кнігай рассеўся? Дроў сушэйшых пайдзі прынясі!.. Брыль.

4. Даць трэшчыны, раскалоцца. [Алегу] ўявілася вялікая крыга, якая плыла па шырокай рацэ, потым натужліва цярнулася аб [нешта] неадольнае, мацнейшае за яе, крыгу, і расселася папалам. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)