Літва́ ’ліцвіны, беларусы’ (Крачк.; паўд.-усх.; Кос.), ст.-бел. литвин ’беларус’, укр. литва́, кіеў. литвинок ’тс’ (БНТ, Лег. і пад.), рус. анеж. литва́ ’народ, народнасць’, том. ’мясцовае нярускае насельніцтва’, наўг. ’перыяд шведскай інтэрвенцыі XVII ст.’ Бел. лексема запазычана з літ. Lietuvà ’Літва’. Сюды ж ліцвя́к, ліцвін, лецвя́к, літвін ’літовец’ (Касп., Нас., гродз., трок., Сл. ПЗБ), літвячка ’жанчына з Літвы’ (Сцяшк.), літві́н, ліцві́н(ы) ’літовец’, ’беларус з пэўнай мясцовасці’ (Сл. ПЗБ); усх.-маг. ліцьві́н ’літвін’, ’заходнія (з усходняй Магілёўшчынай) суседзі’ (Бяльк.). Паводле Клімчука (Tarptautinė baltistų konferencija, Vilnius, 1985, 168–169), этнонімы літвіны, ліцвякі, літва ў большай ступені адносяцца да паўн.-зах. Беларусі, але пашыраюцца і на ўсю Беларусь, а таксама на рад абласцей РСФСР і паўночнай Украіны. Гл. таксама Непакупны, Связи, 153–155. Трубачоў (Эт. сл., 15, 159) прасл. litva (рус. уладз. литва ’моцны дождж’, іван. ’ліцейшчыкі на заводзе’, чэш. litba ’лівень’, серб.-харв. ли̏тва ’штодзённы лівень’) выводзіць з дзеясл. liti > ліць (гл.), не выключаючы магчымасць развіцця (пашырэнне на ‑а) асновы супіна litŭ ад гэтага ж дзеяслова. Прасл. litva можа лічыцца блізкім адпаведнікам (або паралелізмам) літ. Lietuvà, якое, аднак, Фрэнкель (1, 368) збліжае з лат. lītus ’бераг мора’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мата́ць, мота́ць, мыта́ць, мота́тэ ’віць, накручваць’, ’махаць’, ’плесці (аб павуку)’, ’хутка ісці, бегчы, уцякаць, неразумна траціць грошы’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), матану́ць ’кінуцца, прамільгнуць’, ’махнуць’ (ТСБМ, Нас., Юрч.), мата́цца ’перашкаджаць, церціся’, ’матляцца’, ’сноўдацца’, ’калыхацца’, ’добра старацца’ (Нас., Бяльк., Растарг., ТС), мотну́цца, мотну́ць ’кінуцца’ (ТС). Укр. мота́ти, мота́тися, рус. мота́ть(ся), ст.-рус. мотатися ’бязладна рухацца’, ’жыць абы-як’, польск. motać (się), н.-луж. motas (se), в.-луж. motać (so), чэш. motati (se), славац. motať (sa), славен. motáti (se), серб.-харв. мо̀тати (ce), макед. мота (се), балг. мотая (се), ц.-слав. мотати сѧ. Прасл. motati (), аснова якога mot‑ чаргуецца з met‑, параўн. ст.-слав. мести ’кінуць’, літ. mèsti ’тс’. Прасл. motati ўтворана так, як літ. matúoti ’тс’, ’мераць’, роднасным да якога з’яўляецца matarúoti ’махаць’, ’матаць’, ст.-грэч. μόθος ’гарачы бой’, μόθουρα ’ручка вясла’ (Бернекер, 2, 40; Фасмер, 2, 665–666; Скок, 2, 413; Покарны, 732). Махэк₂, 375 разумее форму motati як інтэнсіў на ‑t‑ ад асновы mov‑ (параўн. лац. movēre ’рухацца’) і выводзіць прасл. праформу mov‑ta‑ti, у якой пасля ‑v‑ перад ‑t‑ выпала, а дзеяслоў стаў экспрэсіўным. Бязлай (2, 197) неапраўдана выводзіць і.-е. рэканструкцыю кораня ў выглядзе *menth‑ (Куркіна, Этимология–83, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Моль1, міль, муль, мэль, мыль, муоль, маля́, молька ’матылёк Tineola biselliella, які псуе футра і шэрсць, а таксама іншыя матылькі з атрада лускакрылых’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Дразд., Янк. 1, Сл. ПЗБ), муоль ’чарвяк’ (Федар. 4). Укр. міль, рус. моль, польск. mole, н.-, в.-луж. mól, чэш. mol, славац. moľ, славен. mòlj, серб.-харв. мо̀љац, макед. молец, балг. моле́ц. Прасл. molʼь, роднаснымі да якога з’яўляюцца гоц. malô, ст.-ісл. mǫlr ’тс’ — усе ўзыходзяць да malan ’малоць’ (< і.-е. *mol‑), што Махэк₂ (372) лічыць непраўдападобным. Прыводзяць яшчэ роднасныя ст.-інд. malũkas ’від чарвяка’, арм. mlukn ’клоп’ (Бернекер, 2, 74; Мацэнаўэр, LF, 10, 332; Фасмер, 2, 648; Бязлай, 2, 192).

Моль2, молька, молю́га ’рыбы-маляўкі, малькі, дробныя рыбкі’ (Янк. 1, Крыв., ТС, Ян.; гродз., Сл. ПЗБ; шчуч., Сцяшк. Сл., паўн.-усх., КЭС), молька ’дробная рэч, на якую не трэба звяртаць увагі’ (Бяльк.). Рус. моль, мольва, молька, мольга. Відаць, балтызм. Параўн. літ. malė ’дробная рыбка’, лат. male ’рыба Blicca argyrolenca’ (Мюленбах-Эндзелін, 557; Фасмер, 2, 648–649). Гл. таксама мальга́.

Моль3 ’лес, які сплаўляецца па рацэ шарашом, асобнымі бярвеннямі, не звязанымі ў плыт’ (ТСБМ; Маслен., ТС; навагр., Нар. лекс.). Да мальём (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муж ’жанаты мужчына ў адносінах да сваёй жонкі’, ’дзеяч у якой-небудзь галіне’ (ТСБМ, Маш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш., Пан. дыс.), му́жні, му́жны, му́зькі ’ўласцівы мужу’, ’мужчынскі’, ’храбры, рашучы, вытрыманы, статны’, мужне́ць ’рабіцца дарослым, больш мужным, развівацца’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп.). Укр., рус. муж; ст.-рус. мужъ, мужь ’мужчына’, ’знакаміты, важны, вольны чалавек’, польск. mąż, н.-, в.-луж. muž, чэш., славац. muž, славен. mǫ̑z, серб.-харв. му̑ж, макед. маж, балг. мъжъ́т, ст.-слав. mѫż. Прасл. mǫžь лічыцца роднасным са ст.-інд. mánuṣ (mánu‑, mánuṣ) ’мужчына, чалавек’, авест. manuš‑, гоц. manna, ст.-ісл. maðr, лац.-герм. Mannus — імя прабацькі германцаў, фрыгійск. Μάνης — роданачальнік фрыгійцаў < і.-е. *manu‑/*monu‑ (Траўтман, 169; Мее, 209, 354; Фрыск, 1, 83; Фасмер, 2, 670–671; Покарны, 1, 700; Бязлай (М. Сной), 2, 198–199). Мартынаў (Язык, 56) мяркуе, што прасл. mǫžь з’яўляецца іран. інгрэдыентам у прасл. мове (з іран. manuš, якое аформілася пад уплывам прасл. мадэлі, параўн. vǫžь, gǫžь). Жураўлёў (Тезисы докл. Междунар. симп. по пробл. этимол., историч. лекс. и лексикограф. M., 1984, 12) аспрэчвае гэта, спасылаючыся на тое, што слав.-скіфск. пранікненні мелі месца за 1500 год да падзення рэдукаваных. Гл. таксама Шаўр (Etymologie, 17–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мядзве́дзь1, мядзьве́дзь, недзве́дзь, вядзьме́дь, мідве́дь, мыдьві́дь, мэдві͡едь, хоц. мадзмедзь; мядзве́дзіца, мыдвідэ́ха, мядзьве́дзіха, медзве́жыца, мядзьвіга ’драпежная млекакормячая жывёліна Ursus arctos’, ’няўклюдны, непаваротлівы дужы чалавек’ (ТСБМ, Бес., Зн., Нас., Кліх, Яруш., Касп., Бяльк., Сцяшк., Шат., Нар. Гом., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Маг.). Укр. ведмі́дь, медві́дь, рус. медве́дь, польск. niedźwiedź, miedźpiedź, н.-луж. mjadwjeź, в.-луж. mjedujedź, чэш. medvěd, nedvěd, славац. medveď, славен. médvẹd, серб.-харв. мѐдвјед, медо; макед. мечка, мечор, мечок, мечорок, балг. медвед, мечка, ц.-слав. медвѣдь. Прасл. medvědь ’той, хто есць мёд’ — да мёд і е́сці (гл.) — табуістычная замена і.-е. назвы мядзведзя *r̥k̑tþos: параўн. ст.-інд. ṛkṣá‑, ст.-грэч. ἄρκτος, лац. ursus (Бернекер, 2, 30; Фрэнкель, ŻfSlPh, 13, 207; Фасмер, 2, 589; Скок, 2, 398; Бязлай, 2, 175).

*Мядзве́дзь2, драг. мыдьві́дь, мэдві́дь, мыдвэ́дык ’грыб пеўнік жоўты, Hydnum repandum’ (драг., пін., Жыв. сл.); лід. мядзведзія вушы, в.-дзв. мядвежжы вушы ’пеўнік стракаты, Sarcodon imbricatum’ (Сл. ПЗБ). Рус. калуж. медвежьи ухи ’грыбы (якія?)’. Да мядзве́дзь1 (гл.). Названы паводле карычневага колеру грыба і варсістага покрыва яго капялюшыка. Параўн. таксама літ. meškà ’нейкі карычневы грыб’ і ’мядзведзь’, а таксама назвы іншых жывёл, напр. каза6 (гл.).

Мядзве́дзь3 ’бульбяная каша’ (Жд. 1). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Міг ’імгненне, момант’, мігам, мігом ’вельмі хутка, у адзін момант’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Яруш.; докш., Янк. Мат.), мігаць, мыга́ты ’хутка паднімаць і апускаць павекі’, ’мільгаць’, ’бліскаць (пра маланку)’, ’мігцець’, ’хутка праносіцца перад вачыма’ (ТСБМ, Анім., Бяльк., ТС; стол., Нар. лекс.). Укр. миг, ми́га́ти, рус. миг, мигать, ст.-рус. мигати, польск. mig, migać, палаб. mʼėgojĕ să vicaima, н.-луж. mikaś, migaś, в.-луж. mikać, чэш. mih, mihati, славац. mih, mihať, славен. mȋg, migati, серб.-харв. ми̏г, ми̏гати, макед. мига, балг. миг, мигам, ц.-слав. мьгнѧти, ст.-слав. по‑мизати очима. Прасл. migati (). Найбліжэйшыя адпаведнікі: літ. mìgti ’засынаць’, miegóti ’спаць’, miẽgas ’сон’, лат. miêgt ’заплюшчваць вочы’, ст.-прус. meicte ’спаць’, maiǫġun ’сон, спячка’, лац. micāre ’блішчэць, міргаюць’, сагдыйск. nimiž ’маргаць’, с.-перс. miž ’павека’, с.-н.-ням. micken ’накіроўваць позірк, назіраць’. І.‑е. аснова *meĭg‑/*meĭkʼ‑ (Бенвеніст, BSL, 38, 280; Ван–Вейк, IF, 28, 124; Бернекер, 2, 57; Фасмер, 2, 618–619; Скок, 2, 419–420; Махэк₂, 362; Бязлай, 2, 183; ЕСУМ, 3, 457; Мяркулава, Этимология–1973, 59). Фасмер і аўтары БЕР (3, 782–783) мяркуюць, што дзеяслоў migati ўтварыўся ад migъ, наадварот Махэк і Бязлай. Сюды ж мігунь! ’раптам, у адзін момант’, ’міг’ (Нас. Доп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асі́на ’Populus tremula’, ясеннічак ’тс’ (Кіс.), асо́ва ’дрэва (асіна?), у дупле якога жывуць пчолы’ (Сцяшк.); осоўка, осиноўка ’лодка, выдаўбаная з ствала асіны’ (Бейл.); асовы ’асінавы’ (Бейл., Федароўскі, 6, 25). Гл. яшчэ асавец, асавік. Рус., укр. оси́на, укр. осика, польск. osina, osika, дыял. osa, чэш., славац. osika, в.-луж. wosa, wosyca, н.-луж. wosyca, славен. osíka, jesíka, jasíka, серб.-харв. ја̀сика (у тапонімах таксама з je‑), балг. осика, ясика, макед. јасика, ст.-рус. осина. Праслав. *osa < *opsa роднаснае літ. ẽpušė, ãpušė̃, лат. apse, ст.-прус. abse ’тс’, а таксама германскім словам тыпу ням. Espe ’тс’ (ст.-в.-ням. aspa). Іншыя індаеўрапейскія паралелі (напр., з грэч. ἄσπρις ’бясплодны дуб’) выклікаюць сумненні. Няясныя сувязі з цюрк. (Радлаў, Опыт) апсак ’асіна’, якое некаторыя лінгвісты лічаць запазычаным з іранскай (Хоопс, Reallex., 1, 132) ці армянскай (Педарсан, KZ, 39, 462). Іншыя лінгвісты (Мейе, RS, 2, 70; Махэк, Jména rostl., 132; Скок, 2, 759) лічаць слова протаеўрапейскім. Апрача літаратуры, указанай тут і ў Фасмера, 3, 159, гл. яшчэ Покарны, 55 (*apsā); Фрэнкель, 14; Махэк₂, 418. На агульнаславянскі характар бел. асіна ўказваў Булахаў, Курс суч., 144; гэта правільна адносна кораня, суфікс усходнеславянскі і польскі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Купа́ла1 ’свята 24 чэрвеня’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Крачк., Сцяшк., Гарэц., Чач., Кліх, ТС). Укр. купала, купало, рус. купала, ст.-рус. купала ’тс’. Вядома, што, згодна з традыцыяй, купала разглядаецца як усходнеславянскі пераклад са ст.-грэч. βαπτιστής ’хрысціцель’. Іван Купала адпавядае грэч. Ἰωάννης ά βαπτιστής (Іаан Хрысціцель). Але ёсць падставы меркаваць, што лексема купала мае старажытнае, яшчэ дахрысціянскае сакральнае значэнне. Аб гэтым сведчаць шматлікія этнаграфічныя і фальклорныя даныя. У Заходнім Палессі купала мае значэнне ’касцёр, агонь’, якое можна суаднесці з бел. купець, купаць ’гарэць без полымя, дымець’ (гл.), kupěti/kǫpati з сакральным значэннем ’ачышчаць агнём’ (параўн. лац. pūrus ’чысты’ і ст.-грэч. πύρος ’агонь’). Тады да ліку суадносных лексем можна аднесці ст.-грэч. καπνός ’дым’ (< κϜαπνος), лац. vapor ’пара, дым, агонь’ (< *ku̯apos), прасл. kopъtь (< *kvopъtь): *ku̯op‑/kou̯p‑. Незалежна ад верагоднасці гэтай этымалогіі бел. купала ’касцёр, агонь’ звязваецца з бел. купаць ’гарэць’. Прадуктыўны суфікс ‑ла для назваў дзеячаў (параўн. купала) сведчыць аб анімізацыі назвы ’кастра, агню’. З гэтага пункту погляду купала адначасова ’касцёр, агонь’ і нейкі ’дух агню’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210–211 з літаратурай).

Купа́ла2 ’братаўка дуброўная, Melampyrum nemorosum’ (Жыв. сл., Кіс.). Сакральна звязана з Купаллем. Гл. купала1. Параўн. таксама купалка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаза́, лоза́ ’кусты і галлё некаторых парод вярбы, вінаграду’ (ТС, ТСБМ, Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’вярба вушастая, Salix aurita L.’ (Кіс.), ’вярба попельная, Salix cinerea’ (Кіс.), лаза белая ’вярба белая, Salix alba L.’ (Касп.). Укр. лоза, рус. лоза, лозина, ст.-рус. лоза ’вінаград’, польск. łoza, ст.-чэш. loza, славац. loza, lodza, славен. lóza, серб.-харв. ло̀за, макед. лоза, балг. лоза, ст.-слав. лоза. Прасл. loza ’гнуткі дубчык, галінка’, пазней ’вярба’, ’вінаградная лаза’. На след першаснай матывацыі наводзяць балг. ло́зя ’віцца, выгінацца, зварочваць’ і літ. lóžinti ’выгінаць, згінаць трохі’ (Слаўскі, 5, 240). Роднаснымі з’яўляюцца літ. lazdà ’кій, арэшнік’, ’націна бульбы, бобу, цыбулі’, lazà ’палка’, ’арэшнік’, лат. lagzda, lazda, lęgzda (аб балт. ‑zd‑, якое адпавядае слав. ‑z‑, гл. Уленбек, KZ, 40, 552–561; Леві, KZ, 40, 422; Слаўскі, SP, 1, 427), ст.-прус. laxde ’тс’, алб. lajthí, lejthí, lethí ’арэшнік’, перс. räz ’лаза’. Магчыма, лаза звязана са слав. lěska ’кій’ (Эндзелін, ИОРЯС, 17, 4, 120). Непераканаўча Бернекер (736): прасл. loza < lasā; неверагодна Махэк (Recherches, 10, 25 і наст.), які параўноўвае лексему з літ. lasà, lèsti ’корм’, ’дзяўбці’; няпэўна звязваць яе са ст.-грэч. ὀ‑λόγινονὀζὦδες (у Гесіхія). Непрымальнымі з’яўляюцца і іншыя версіі, педалічаныя Фасмерам (2, 512–513), Слаўскім (5, 240–241).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́хаць1, ла́хыць, лахъць ’бегаць у пошуках чаго-небудзь’ (Янк. II, КТС; докш., бял., Янк. Мат.; міёр., Нар. лекс.), ’насіцца, шукаць спажывы’ (Юрч.), ’шукаць’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; б.-каш., Мат. Гом.), ’хадзіць’, ’абхадзіць’ (Бяльк.), ’бегаць’ (добр., Мат. Гом.), ’бегаць без патрэбы, гайсаць’ (КЭС, лаг.), ’бегаць, блукаць’ (Яўс.) ’хадзіць без справы, бадзяцца’ (брас., Сл. паўн.-зах.), ’гультаяваць’ (Мат. Гом.). Укр. лахати ’збіраць калоссе’, рус. брат лахать ’бегаць, гайсаць, мітусіцца’, польск. сувалк. obłachnąć ’захапіць, завалодаць, апанаваць’, харв. дуброўн. láhati ’хутка выходзіць’, ’хутка хадзіць (экспрэсіўнае)’, ’пераганяць з аднаго месца ў другое’, ’квапіцца, галіцца на што-небудзь’, прасл. laxati. Суадносіцца генетычна з літ. lakstýti ’бегаць’, ’лётаць’, лат. lakstît ’бегаць туды і назад’ праз пераходную форму ла́хтаць (гл.) насуперак Скоку (2, 261), які бачыць у ім анаматапеічнае ўтварэнне.

Ла́хаць2, ла́хыць, ла́хъць ’гаварыць недазволенае’ (міёр., Нар. лекс.), навагр. ’пляткарыць, балбатаць’ (З нар. сл.), ’балбатаць, пустасловіць’ (Юрч.), ’гаварыць недарэчнае’ (паст., маст., смарг., Сл. паўн.-зах.). Рус. ёнаўск. (ЛітССР), прэйльск. (ЛатвССР) ла́хаць ’гаварыць пра тое, чаго не ведаеш’, наўг. ’смяяцца’, польск. łachać ’лаяць, ганьбаваць’. Экспрэсіўнае дзеяслоўнае ўтварэнне ад лаяць (гл.), як maxati < majati ’махаць’, baxati < bajati ’гаварыць’ (Слаўскі, 4, 405).

Ла́хаць3 ’трахаць, напр., лыжкай па лбе’ (полац., Нар. лекс.). Гукапераймальнае. Да лах!3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)