угна́цца, уганюся, угонішся, угоніцца; пр. угнаўся, угналася; зак., за кім-чым.
1. Пабегчы так, каб дагнаць. Гаспадыня з крыкам выбягала на двор, каб угнацца за хлапчукамі. Лобан. — Угналася [суседава карова] за пашай Лыскай, а яна, ратуючыся, скочыла цераз плот і ўшчаміла нагу. Сабаленка.
2. (звычайна з адмоўем). Не адстаючы, ісці, бегчы за кім‑, чым‑н. або побач з кім‑, чым‑н. — За вамі не ўгнацца, — раптам прамовіў Уладзік, і толькі цяпер Андрыян Цітавіч заўважыў, што сапраўды ён ідзе вельмі шпарка. Марціновіч. Ні адзін конь не мог угнацца за рысаком. Сіняўскі. — Не ляці так. Мне за табою не ўгнацца. — Жонка гаварыла гэта ўжо недзе ззаду. Ваданосаў. // перан. Паспець за кім‑, чым‑н., зраўняцца з кім‑, чым‑н. — Гм! Глядзі, Саўка, ужо [хлопцы] носяць. За імі нідзе не ўгонішся, — заўважыў Шайдоб. Федасеенка. [Максім:] — Чорт яго ведае, як ляціць жыццё. Проста не ўгонішся... Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
1. Падняць бунт, паўстанне. [Андрэй Каржакевіч:] У Кранштаце чуваць матросы ўзбунтаваліся. Сіла вялікая. Караблі і гарматы ўсе захапілі. Крапіва. Восенню 1846 года ў бліжэйшых ад Слоніма вёсках узбунтаваліся сяляне. «Полымя». // перан. Рэзка выступіць супраць каго‑, чаго‑н., выказаць пратэст, запярэчыць. Часам [у Ваўчка] ўзнікала жаданне ўзбунтавацца, пакрычаць на Андрэенку і выйсці, а — не мог, сядзеў, бязвольны, і слухаў. Хадкевіч.
2. Прыйсці ў стан непакою, трывогі; узбударажыцца, усхвалявацца. Але калі пачала выступаць Кіра Варакса, усё зноў узбунтавалася ў Комліку. Карпаў. Я прачытаў гэты загад, узбунтаваўся, і першае, што намысліў, — адразу ж пайсці і гаварыць з Віктарам, давесці яму, што ў загадзе дапушчана памылка. Савіцкі.
3. Пакрыцца хвалямі; прыйсці ў рух (звычайна пра ваду). Так і чакай цяпер, што рака вось-вось узбунтуецца. Хадкевіч. Уся пухкая бель [снегу] ўзбунтавалася, узнялася над зямлёй і ляціць са свістам і гікам уздоўж вуліцы Пятроўкі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Вельмі ўважліва, напружана глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; углядацца. Карней Пятровіч прыстаўляе да вачэй руку і ўзіраецца ўдалеч. Даніленка. Час ад часу хлопчык адрываўся ад работы і пільна ўзіраўся ў бок вёскі: ці не ідзе хто чужы да іх. Курто. Усе бедавалі, войкалі, скрыжаваўшы рукі на грудзях, узіраліся ў дзіця. Марціновіч. Пятро Фёдаравіч задумаўся і доўга ўзіраўся на дарогу, выціраючы рукою запацелае шкло. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У будучнасць людзі ўзіраюцца смела. Купала. // Пазіраць за кім‑н., прыглядацца да каго‑н. [Шыковіч] пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Шамякін.
2. Разглядаць сябе ў чым‑н., глядзецца ў што‑н. Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмацне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узмацніцца, павялічыцца ў сіле (пра вецер, дождж і пад.). Вецер узмацнеў і са злосцю круціў вадзяныя струмені. Хадкевіч. / Пра голас, гукі. Шум, які пачаў спадаць, узмацнеў. Шахавец. — Гэта ваша апошняе заданне. — Голас у Хмары ўзмацнеў. Шашкоў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Потым, як пайшлі ў школу, дружба .. [Федзькі з Эдзікам] яшчэ больш узмацнела. Пальчэўскі. // Стаць больш трывалым, цвёрдым. Лёд узмацнеў. // перан. Стаць больш дасканалым, выразным. Лірычны маналог у творчасці Брыля асабліва ўзмацнеў у апошнія дзесяцігоддзі. Мальдзіс.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш моцным; умацавацца. Калгас гэтым часам узмацнеў. Пачала папаўняцца малочная ферма. На другі год вялікі прыбытак даў лён. Чарнышэвіч.
3. Стаць больш здаровым, вынослівым; падужэць, паздаравець. Вось выраслі дзеткі, За лета ўзмацнелі, Пад восень у вырай Яны паляцелі. Журба. / Пра расліны. Маладая вішанька ўзмацнела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узнаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.
1. Стварыць нанава. Узнавіць капітал.
2. Аднавіць, адрадзіць што‑н. разбуранае. Вы [камуністы] здолелі ўзняць народ — і на руінах Варшавы, пры дапамозе сяброў, узнавіць Варшаву. Лось.
3. Пачаць зноў што‑н. перапыненае. Адзін нязначны выпадак узнавіў наша даўнейшае знаёмства. «Маладосць».
4. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; аднавіць. Усе непрыемныя хвіліны са свайго жыцця .. [Міхась] мог узнавіць з дакладнасцю і перажываў іх нанава. Дамашэвіч. Сотнікаў ўчуў новы голас, ён здаўся яму знаёмы, ды толькі спакутаваная яго свядомасць не магла ўзнавіць у памяці, хто гэты чалавек. Быкаў.
5. Перадаць у мастацкіх вобразах рэчаіснасць, прадметы, здарэнні; творча аднавіць. Толькі той пісьменнік можа па-сапраўднаму ўзнавіць жыццё, у якога сапраўдны народны талент. Сабаленка. У паэме «У тыя дні», напісанае да 20‑годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, П. Глебка праўдзіва ўзнавіў найбольш важныя падзеі 1917 года. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уле́гчы, улягу, уляжаш, уляжа; уляжам, уляжаце, улягуць; пр. улёг, улегла і улягла, улегла і улягло; заг. уляж; зак.
Разм.
1. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Улегчы ў навуку. □ [Андрэй] сапраўды гэтак улёг у работу, што нават не глядзеў па баках. Савіцкі. Ціхон прамаўчаў, выкарпаў з гэбля стружку і зноў улёг габляваць. Лобан.
2. перан. Уцягнуцца ў што‑н., набыць моцную схільнасць да чаго‑н. Дзівак, дзівак, нарэшце, растлумач ты: Чаго ты падарожнічаць улёг? Панчанка.
3. Кінуцца наўздагон за кім‑, чым‑н. І раптам пад самымі нагамі прашмыгнула рудая вавёрка. Нават не памятаў Алесь, як улёг за ёй. Ваданосаў. // Накіравацца ў якім‑н. напрамку. [Самалёты] доўга ішлі над лесам. Змянілі курс над нейкай леснічоўкай і ўляглі на поўдзень. Лінія іхняга палёту была ламаная, часам пакручастая. Алешка.
4. Пачаць заляцацца да каго‑н. Не на жарты [Галаўня] ўлёг за Клавай. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упо́перак, прысл. і прыназ.
1. прысл. У шырыню, па шырыні чаго‑н.; проціл. удоўж. Клава шпарка перабегла ўпоперак гасцінец і апынулася дома. Чорны. Разрэваныя ўпоперак дошкі на тых жа ваганетках адвозяць да цыркульных піл, дзе яны ператвараюцца ў роўныя брускі. Рунец. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. // Пасярэдзіне. [Сяргей:] — Схапіў я.. [пана] ўпоперак і павалок у пакой. Машара.
2. прысл.; перан. Насуперак. [Паддубны:] — Там жа, перад народам, расстралялі сабаку. [Камлюк:] — Правільна! Караць бязлітасна такіх! Яны ж са сваім марадзёрствам упоперак нам... М. Ткачоў.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «упоперак» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па шырыні чаго‑н. А раніцою на Дняпры ля плёса, Упоперак вялікае ракі, Вялі выпрабаванне землясоса Славутыя балтыйцы-маракі. Астрэйка. — Дадому, Дамка! — злосна загадаў аграном і першы стомлена патупаў упоперак кусцістых радкоў руні. Даніленка.
•••
Удоўж і ўпоперак гл. удоўж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упя́цца, упнуся, упнешся, упнецца; упнёмся, упняцеся; пр. упяўся, упялася; заг. упніся; зак.
1. Уперціся ў што‑н. для апоры, адштурхоўвання, супраціўлення. Не здольны ўжо разважаць,.. [Яўхім], як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў: — Не пушчу!!! Мележ. Тады Ігналь пабег у парог, зняў з вешалкі кажух і апрануў; сунуў босыя ногі ў валёнкі, упяўся ў дзверы. Лупсякоў. // Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. — А-а! — Славік завыў, як дзікун. Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Шамякін.
2. Напружыць свае сілы, напяцца. Гняды аж упяўся крыху, пакуль з месца крануў, але нічога, павёз. Чарнышэвіч.
3. перан. Разм. Уперціся, не захацець згадзіцца з чым‑н. — Не, браце, ты мне дай не кабылу, а жаробку.. — Хведар пасунуўся следам за Варывонам і ўсё шаптаў сам сабе разважліва: — Такі, мусіць, жаробкі не дасць. От як упяўся. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утапі́цца, утаплюся, утопішся, утопіцца; зак.
1. Загубіць сваё жыццё, кінуўшыся ў ваду. Некалі адна дзяўчына з нашай вёскі не вытрымала, што яе каханага ажанілі з другой, і ўтапілася. Карпюк.
2. Патануць у вадзе пад уздзеяннем сілы цяжару. Лодка ўтапілася. // Загінуць у вадзе. [Людзі:] — Кажуць, што ледзь сам [хлопчык] не ўтапіўся, бедны... Не ўмеў добра плаваць, а кінуўся на выручку. Кулакоўскі. // Праваліцца ў што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. І ўтапілася, укрылася глыбока ў валок Ганначка, сорамна неяк стала, што зманіла матцы. Нікановіч. Апошнія снапы Андрэй падкінуў пад ногі — стаяў пасярод воза; яны ўтапіліся, што ў яму, задраўшыся ўверх камлямі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У вочы [Алесі] глянеш — так і ўтопішся ў іх бездані. Васілевіч. // Разм. Стаць нябачным, схавацца ў якой‑н. вельмі прасторнай, шырокай адзежы. Максім, гледзячы на тое, як Толя ўтапіўся ў яго вялікай кашулі, засмяяўся, нібы набраўшы ў рот вады. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; незак., каго-што.
1. Нахіляць, нагінаць. Я падняўся ад сырой пліты, але нехта хінуў маю галаву долу, і я не бачыў сцежкі. Пташнікаў.
2. перан. Выклікаць прыхільнасць да сябе, схіляць на свой бок. Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. М. Стральцоў. // Накіроўваць на што‑н. (думку, справу і пад.). — Адным словам, усё ў вас там ціха і гладка, — не зусім ясна для мяне было, куды хінуў сакратар. Кухараў.
3. Прыхіляць, гарнуць да сябе. Малога на рукі бярэ, Хіне да грудзей яго горача, Каб матчыным сэрцам сагрэць... Калачынскі. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч. І .. [Чыжык] хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)