узмацнець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узмацніцца, павялічыцца ў сіле (пра вецер, дождж і пад.). Вецер узмацнеў і са злосцю круціў вадзяныя струмені. Хадкевіч. / Пра голас, гукі. Шум, які пачаў спадаць, узмацнеў. Шахавец. — Гэта ваша апошняе заданне. — Голас у Хмары ўзмацнеў. Шашкоў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Потым, як пайшлі ў школу, дружба .. [Федзькі з Эдзікам] яшчэ больш узмацнела. Пальчэўскі. // Стаць больш трывалым, цвёрдым. Лёд узмацнеў. // перан. Стаць больш дасканалым, выразным. Лірычны маналог у творчасці Брыля асабліва ўзмацнеў у апошнія дзесяцігоддзі. Мальдзіс.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш моцным; умацавацца. Калгас гэтым часам узмацнеў. Пачала папаўняцца малочная ферма. На другі год вялікі прыбытак даў лён. Чарнышэвіч.

3. Стаць больш здаровым, вынослівым; падужэць, паздаравець. Вось выраслі дзеткі, За лета ўзмацнелі, Пад восень у вырай Яны паляцелі. Журба. / Пра расліны. Маладая вішанька ўзмацнела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)