Тоц у выразе: тоц у тоц ’вельмі падобны’ (ТС). Няясна; відаць, не можа разглядацца асобна ад падобнага выраза точ у точ ’вельмі дакладна, падобна’, гл. точ. Праблему складае канец слова, гл. аналагічнае чаргаванне ў цот (гл.) пры рус. чёт ’парнасць, пара’. Параўн. макед. дыял. тоцки ’толькі, адзіна; зусім мала’, якое Тодараў (Этим. етюди, 83) выводзіць з то́лку ’столькі’ (< *толцки); разм. тоцне ’цюкнуць’. Магчыма, пад уплывам тыц (гл.) таго ж паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труя́1 ‘атрута’ (ТС). Утворана пры дапамозе прасл. суф. *‑ja ад першаснай формы дзеяслова *tru‑ti ‘труціць’, як руя́ ‘гайня’ ад *ru‑ti ‘раўсці’ (Махэк₂, 532). Параўн. труі́зна (гл.).

Труя́2 ‘пацяруха’ (ТС, Альп.). Узыходзіць да прасл. *trouti ‘пераціраць, есці’, у якім ‑ou‑ перад зычным развілося ў ‑ū‑ ў аснове *tru‑ (ст.-слав. трути ‘пераціраць, есці’, рус. дыял. трутить ‘церці’), да якой далучаўся суф. *‑j‑a. Параўн. труха́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысцё ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’, ‘пласцінкі ў бёрдзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Др.-Падб.), трысцё, тра́сце ‘пласцінкі ў бёрдзе’ (Мат. Гом.), трысте́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тростье, тростие ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. трістя ‘чарот’, ‘балота’, рус. зборн. тре́стье ‘чарот, трыснёг’, ‘пласцінкі ў бёрдзе’, польск. trzcia ‘месца, зарослае чаротам’, чэш. třtí зборн. ‘трыснёг’, славац. зборн. trstje ‘тс’, ст.-слав. зборн. трьстиѥ ‘тс’. З прасл. *trьstьje, зборн. ад trъstь, гл. тросць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тузінак, ст.-бел. тузинокъ, тузынокъ ‘гатунак сукна’: сукна тузинку локти пять (1680 г., ГСБМ), параўн. смал. тузинок ‘сукно дрэннай якасці’ (Бел.-рус. ізал.). З польск. tuzinek, tuzynek ‘сукно сярэдняга гатунку’, вытворнага ад tuzin (Брукнер, 585), гл. тузін. Сюды ж ст.-бел. тузинковый: сукна тузинкового локтей пять (ГСБМ) з польск. tuzinkowy ‘зроблены з тузінку’, ‘звычайны, просты, абы-які, дрэнны’, апошняе значэнне, відаць, з-за масавай вытворчасці ці продажу вялікімі партыямі (тузінамі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рлачка ‘голуб Turtur auritus’ (Мядзв.); сюды ж турлу́шка ‘глушэц’ (Бяльк.). Укр. турлу́шка ‘дзікі голуб туркаўка’, рус. смал. ту́рлушка, турлы́шка ‘тс’. У аснове іх ляжыць імітацыя буркавання галубоў, падобнага да турлу, турлы, параўн. турлушка турлыча (Дабр.), гл. турлыкаць. Гукапераймальныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 124; ЕСУМ, 5, 681). Па аналогіі з імі ту́рлушка ‘жаба, што крычыць брынклівым голасам’ (Нас.), турлу́шка ‘мядзведка’ (Жыв. сл.), у фразеалагізме глухая турлушка, глухая цяцера — пра глухаватага чалавека (БНТ, Выслоўі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тындаль (тындэль) ‘капуста’ ў загадцы: тындэлічка невялічка, тындэль большой (кобр., Рам. Мат. Гр. 1, БНТ, Загадкі). Параўн. укр. дыял. ти́ндель ‘дэталь у возе’ няяснага паходжання (ЕСУМ, 5, 569). Штучна ўтвораныя назвы, відаць, ад гукапераймальнага імітатыва, як укр. ти́нди‑ри́нди — пра пустую балбатню, рус. ты́нда — пра дурную, неахайную жанчыну, польск. tyndyrundy ‘ступа’ ў загадцы. Параўн. трынды-рынды (гл.) і каш. tindlac są ‘корпацца, марудзіць’, польск. дыял. tindlåčka ‘маруда’ (SEK, 5, 149).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́сечнік ‘лекавая расліна’ (брэсц., Сл. Брэс.), ‘крываўнік звычайны, Achillea millefolium L.’ (лях., Сл. ПЗБ). Калька з польск. tysięcznik ‘цвінтарэй, Centauram Hill’, параўн. запазычаную форму тысё́нчнік ‘тс’ (свіст., Шатал.), альбо ўсечаная форма рус. золототысячник — кніжная назва з лац. Erythraea centaurium < ст.-грэч. κενταύριον ‘эрытрэйская трава кентаўраў’, якую (праз народную этымалогію) сталі разумець як centum ‘сто’ і aurum ‘золата’, праз ням. Tausendgüldenkraut, Hunderttausendguldenkraut ‘тс’ (Праабражэнскі, 1, 256; Фасмер, 2, 104; ЕСУМ, 2, 276).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёрзаць, ёрзацца ’неспакойна сядзець, круціцца’ (БРС, ТСБМ, Шат., Нас., Касп., Бяльк., ТС), ёрза ’непаседлівы чалавек’ (Мат. АС, З нар. сл.). Рус. ёрзать ’неспакойна сядзець, круціцца, мітусіцца, церціся аб штосьці, дамагацца’, ёрза ’непаседа, дураслівец, свавольнік, гарэза’, ёрзун ’які любіць заляцацца да жанчын, распуснік’, ёрзунья ’распусніца’. Гэта беларуска-рускае слова, магчыма, балтыйскага паходжання. Параўн. літ. er̃žilas, ar̃žilas ’жарабец’, eržùs, aržùs ’прагны, пахатлівы’. У якасці непасрэднай крыніцы ў такім выпадку была б заходнебалтыйская форма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́лка1 (БРС, ТСБМ, Бяльк., Жыв. сл., З нар. сл., Касп., КТС, Нік., Оч., Сержп., Сцяц. Словаўтвар.). Укр. дыял. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, в.-луж. kobyłka, палаб. tʼübälə, чэш. kobylka, славен. kobylka, мак. кобилка, балг. кобилка. Прасл. (па думку Слаўскага, 2, 308, БЕР, 2, 504, прасл. дыял.) kobylъka памянш. да kobyla гл. кабыла1.

Кабы́лка2 ’драўляная падстаўка пад струны’ (БРС, ТСБМ, Касп.: лаг., КЭС, Маш., Некр., Шат.). Укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobylka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. Паўн.-слав., узыходзіць непасрэдна да кабылка1 — перанос паводле падабенства або ўжыванне ўжо «тэрміналагічнага» kobylka, якім абазначалі розныя падстаўкі і прыстасаванні. Магчыма, гэта «вандроўны» культурны тэрмін, хаця і даволі старажытны, як можна меркаваць зыходзячы з лінгвагеаграфіі слова.

Кабы́лка3 ’лугавая казяўка-траскун, конік’ (БРС, Дразд., Інстр. II). Этымалогія няясная. Параўн. укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. На поўдні як быццам не ведаюць гэтага слова; паўн.-слав. слова — старажытны перанос ад kobyLka паводле знешняга падабенства, параўн. конік і інш.

Кабы́лка4 ’адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты’ (ТСБМ), магчыма, сюды ж кабылкі ’палачкі ў кроснах для падцягвання нітоў’ (З нар. сл.). Аб значэнні і ўсходнім распаўсюджанні слова на польск. тэрыторыі гл. Фалінская, III, 2, к. 93 (пыт. 107). Лінгвагеаграфія слова сведчыць аб тым, што гэта паланізм, які праз гаворкі (магчыма, у выніку пранікнення рэаліі) трапіў у бел., сумежныя рус. і пагранічныя ўкраінскія гаворкі, або пра сумесную інавацыю часоў Вялікага княства Літоўскага.

Кабылка5 ’вочка (у ніце)’ (З нар. сл., Касп., Мат. Гом., Уладз.), кабылкі ’тс’ (Мат. Гом.), кабулка (аб фанетыцы гл. кабулка) ’тс’ (Мат., Нар. сл.), ’частка ніта’ (Шат.). Славяне (польск., славац.; рус. цвяр., пск., смал.; укр. закарп.) ведаюць гэту назву ў дачыненні да вочак ніта ў залежнасці ад іх тыпу (двух- або трохпетлевыя ніты), аб рэаліі гл. спецыяльна малюнкі ў Грынчэнкі, 2, 533, і Фалінскай, 111, 1, 80. Так, закарп. у Галіцыі, паводле Грынчэнкі, кабылкай называюць ніжнюю частку петляў, а на Палессі — петлі верхняга раду. Культурны характар тэрміна і відавочныя сепаратныя лексічныя сувязі гэтых моўных зон з беларускімі гаворкамі дазваляюць сумнявацца ў вялікай старажытнасці інавацыі. Магчыма, яна і была беларуска-польскай, а магчыма, толькі ўласна беларускай і ўжо адносна пазней слова магло пранікнуць у гаворкі іншых моў. Што датычыць этымалогіі, то хоць сувязь з кабылка1 відавочная (параўн. укр. зах. коник ’верхняя пятля ў ніце’, кобилка — ’ніжняя’), матывацыя няясная, магчыма, перанос з іншых пазваў дэталей красён. Рус. (іркуц.) кобылка ’пятля, вузел, якія ўтвараюцца пры скручванні вяроўкі, дроту’ ўказвае па магчымасць пошуку этымону для значэння ’пятля наогул’, якое першапачаткова магло ўзнікнуць на базе выразу (з адмоўным значэннем) «рабіць кабылу», ’рабіць памылку (блюзну, пропуск пятлі пры тканні)’, ’блытаць вяроўку і г. д.’ На гэта ўказваюць даныя бел. гаворак (параўн. гарад. кабылка ’блюзна’) і літ. калькі з бел. слоў (параўн. kumẽlė).

Кабылка6 ’грыб’ (Жыв. сл.), кабылкі ’чорныя грузды’ (узд., КЭС), кабылы ’грыбы’ (Жд. 3, Мат. Гом.), кобыльнік ’грыб, які часам ужываецца ў ежу’ (Нас.). Да кабылка1, кабыла1 (гл.); кобыльнік утворана суфіксальным спосабам ад кабыла1 ці на базе выразу кабыльны грыб. Адносна этымалогіі гл. кабыла5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламу́ціць ’муціць, рабіць каламутным’ (ТСБМ), ’выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну’ (ТСБМ). Укр. каламутити ’муціць; бунтаваць’, каломутити ’тс’, рус. варонеж., зах.-бран. каламутить ’муціць ваду’, кур., зах.-бран. ’выклікаць разлад, смуту; баламуціць’, польск. kołomącić ’муціць, баламуціць, круціць’, kalamacić ’муціць (напр., ваду), баламуціць’ (там жа), kałamucać ’муціць, боўтаць’ з усх.-слав. фанетыкай; сведчыць, магчыма, аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў бел. мове, славац. zkolomutit ’закрануць, падражніць, пашавяліць’. На поўдні славянскай тэрыторыі адзначана серб.-харв. каламу́тити (у Вука), якое RHSJ (4) суадносіць з kalabúriti. Адносна першага слоўнік мяркуе, што яно магло ўтварыцца ў выніку кантамінацыі kalabúriti і дзеяслова mutiti; адносна другога — ад kalabàluk ’вялікая колькасць людзей, шум, мітусня’, якое з тур. galabalyk. Відаць, такое меркаванне нельга прыняць, паколькі ёсць дакладныя адпаведнікі ў паўн.-слав. мовах. Цікава і серб.-харв. калабу́рити, якое суадносіцца з прасл. buriti са значэннем ’хваляваць’ і да т. п. Звернем яшчэ ўвагу на дзеяслоў buniti ў дэфініцыі як на вельмі сімптаматычны (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 3, 99: «buriti… родственно *bura, а также глагольно-именной паре *buna‑ *buniti…». Наяўнасць у слав. мовах фанетычна розных лексем (першая частка ‑kala‑ і ‑kolo‑) зацямняе этымалогію. Слаўскі (2, 371) мяркуе аб злучэнні *kolomǫtiti ’муціць навокал’, як аргумент прыводзяцца паралельныя чэш. (у Юнгмана) kolotáceti se ’круціцца’, рус. колобродить, дыял. колобродить, бел. каламесіць. Надзейнасць гэтых прыкладаў не вельмі высокая, аднак структура такая з’яўляецца магчымай: параўн. укр. коломыя ’яма, вымытая вадой’, серб.-харв. kolòvada («složeno od kolo osnove glagola voditi…», RHSJ, 5, 214), рус. коловодиться ’вазіцца, многа займацца чым-н. і да т. п.’, магчыма, рус. маск. коломыка ’пляткарка і да т. п.’ Фанетычныя недакладнасці Слаўскі тлумачыць ад’ідэацыяй першай часткі да kalъ ’гразь’ і да *balamutiti ’муціць’. Махэк₁ (419). Махэк₂ (514) мяркуе аб праформе *kalomǫtiti, дзе першая частка паходзіць ад kalъ ’гразь і да т. п.’ Фанетыку слав. утварэнняў ён тлумачыць наступным чынам: форма kala магла быць вынікам прагрэсіўнай асіміляцыі (укр. каламутити), а польск. і чэш. рэгрэсіўнай. Такое тлумачэнне не вельмі добра спалучаецца з паралельнымі формамі koło‑ і kało‑ ў польск. дыял. словах, а семантыку слав. прыкладаў нельга звесці да семантыкі kalъ. Параўн., у прыватнасці, бел. дыял. каламут ’вір’ і сінонімы; рус. дыял. коловерть, коловорот, круговорот. Аднак, калі прыняць версію Слаўскага, відавочна, што нельга проста вытлумачыць серб.-харв. прыклады, паколькі на поўдні ўтварэнні з першай часткай bala‑ не адзначаюцца. Гэта значыць, што на серб. лексемы або сапраўды ўплывалі семантычна падобныя турцызмы, або тут дзейнічалі ўласна фанетычныя працэсы. Не выключана, што прапанаваныя этымалогіі наогул няпэўныя і больш верагодна бачыць тут кампозіт, у якім першая частка ўспрымаецца як экспрэсіўны фармант. Так разглядаў Кноблах (JC, 1969 (2), 141) лексемы балагур, баламут і інш. Найбольш істотным момантам такой версіі з’яўляецца магчымасць утварэння экспрэсіўнага фарманта на базе слова. Тады змяненне фанетыкі лёгка вытлумачыць як натуральнае для экспрэсіўнай лексікі або фармантаў. Не выключана, што з такімі фармантамі ўтвораны рус. бран. коломат ’крык, шум’, аб другой частцы гл. Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 70; укр. усх.-палес. калабушить ’ласкатаць’, магчыма, бел. каланытка (гл.) і інш. Параўн. славац. galamuta ’змяшэнне, смута’ і balamuta ’тс’, што сведчыць, па-першае, аб блізкай семантыцы ўтварэнняў з рознымі фармантамі ў пачатку слова, па-другое, аб змяненні фанетыкі. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што нельга выключыць уплыву паўн.-слав. balamǫtiti на разглядаемую групу лексікі, аднак характар гэтага ўплыву не вельмі ясны. Магчыма, balamǫtiti ўласна славянскае ўтварэнне (гл. агляд версій Трубачоў, Эт. сл., 1, 146–147), не выключана, што паралельнае да kalamǫtiti. Версія аб запазычанні слова (баламуць) з манг. balamut больш верагодная, калі прыняць пад увагу аргументацыю Папова (Из истории, 35, заўвага 4), які адзначае, што ў іранскіх дыялектах Паміра balāmū́t ’віхор’. Робіцца таксама слушная заўвага, што складанасць лексемы і семантыка не дазваляюць меркаваць аб выпадковым супадзенні. Аднак апошнія прапановы не праясняюць справу, хоць лінгвагеаграфія і не пярэчыць версіі аб магчымым запазычанні слова (ва ўсякім разе слова баламут). Таксама не вельмі ясным з’яўляецца словаўтварэнне, калі дапускаць славянскае паходжанне слоў. Тут можна бачыць складанне назоўнік + дзеяслоў, або дзеяслоўны назоўнік (гл. прыклады вышэй).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)