падда́ць, -а́м, -асі́, -а́сць; -адзі́м, -асце́, -аду́ць; -а́ў, -ала́, -ло́, -лі́; -а́й; -а́ны; зак.

1. што. Дапамагчы падняць што-н. (звычайна на спіну, плечы).

П. мех на плечы.

2. што. Падкінуць уверх ударам.

П. мяч.

3. што. У некаторых гульнях: падставіць праціўніку (разм.).

П. шашку.

4. Многа выпіць спіртнога (разм.).

Учора так паддалі, што і сёння ўваччу цёмна.

5. чаго. Узмацніць, павялічыць (разм.).

П. пары (у лазні). П. жару каму-н. (перан.: узбудзіць у кім-н. энергію, прымусіць дзейнічаць актыўна).

6. каму. Ударыць каго-н. (разм.).

|| незак. паддава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́; -даём, -даяце́, -даю́ць; -дава́й.

|| наз. падда́ча, -ы, ж. (да 1, 2, 3 і 5 знач.) і паддава́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. падкінь; зак., каго-што.

1. Кінуць уверх. Падкінуць мяч. □ Нехта падкінуў угару кіну лістовак. Гурскі. [Люба] хапіла на рукі сына, падкінула яго ўгару, паставіла назад на падлогу і ўзялася грэць ваду. Чорны. // Штуршком узняць уверх. Грымнулі ўзрывы. Зямля колькі разоў падкінула Смірына. Алешка. / у безас. ужыв. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў. Задрамаў ён ці не, дзед не памятаў. Раптам яго нібы спружынай падкінула. Курто. // Узняць уверх рэзкім рухам (рукі, ногі і інш.). Тут як падскочыць конь, як падкіне ўгору заднія ногі, не ўтрымаўся дзед і лёгкай птахай узвіўся ў паветра. Лынькоў.

2. Закінуць пад што‑н. Падкінуць сякеру пад лаву.

3. і чаго. Кідаючы, дадаць да чаго‑н. Падкінуць вугалю ў топку. Падкінуць гною ў глебу. □ Уладзік памаўчаў, падкінуў у агонь кавалак смаліны. Краўчанка. // перан. Разм. Даць, паслаць дадаткова. Падкінуць грошай. Падкінуць воз дроў. □ Нам няма як паветрам ці сушай Падмогу падкінуць. Куляшоў. [Лясніцкі:] — Дні праз два.. прадуктаў нам на лодках падкінуць. Шамякін. / безас. Падбавіць. — Цяпер [Андрэй] чакае, каб добра падмарозіла ды пабольш сняжку падкінула, каб вывезці калоды з лесу. Машара. // перан. Разм. Сказаць у дадатак. — Няхай курыць, .. [Валодзя] да панскага курыва прывычны, — падкінуў з’едлівае слаўцо Кастусь. Машара.

4. і чаго. Разм. Даць корму жывёле. Падкінуць карове канюшыны. □ На хаду [фурманшчык] скубянуў пярэбірак сена з чужых саней і падкінуў свайму каню. Чорны.

5. Кідаючы, наблізіць. Ахрэменка падкінуў .. [Карагу] бліжэй кісет з махоркаю. Колас.

6. Употай, тайком падлажыць. Падкінуць лістоўку. // Употай пакінуць (пра дзіця). І цёмнай восеньскай ноччу, баючыся, каб не загінуў Томі на яе руках галоднай смерцю, .. [Роза] падкінула яго на ганак аднаго прытулку для бяздомных дзяцей. Лынькоў.

7. Разм. Падвезці куды‑н. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў .. [шафёр] машыну. Васілевіч. «Падкінуць» на мове шафёра значыць падвезці. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спружы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак. і (рэдка) зак.

1. Змяняць (змяніць) сваё становішча пад уздзеяннем якой‑н. сілы і вяртацца (вярнуцца) у ранейшае становішча пасля спынення гэтага ўздзеяння; аказваць (аказаць) супраціўленне ціску. Падводная гаць з жэрдак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі. — Эх! — уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў [той, хто ішоў] наперадзе, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк.

2. Разм. Напружваючы, рабіць (зрабіць) пружыністым, пругкім. Спружыніць мускулы. // Напружыўшыся, адштурхоўвацца (адштурхнуцца). Сашка спружыніў абедзвюма нагамі аб дно і крута пайшоў уверх. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́ць, -німу́, -німеш, -німе і уздыму́, узды́меш, узды́ме; -ня́ў, -няла́, -ло́; -німі́ і уздымі́; -ня́ты; зак.

1. каго-што. Нагнуўшыся, узяць што-н. (з зямлі, падлогі і пад.).

У. лыжку.

2. каго-што. Падняць, аддзяліць ад зямлі, маючы дастаткова сілы, каб утрымаць (навісу).

У. бервяно.

3. каго-што. Падняць уверх, надаць чаму-н. вышэйшае становішча.

У. рукі.

У. бровы.

У. галаву (таксама перан.: стаць бадзёрым, смелым). У. сцяг.

У. заслону сцэны.

4. каго-што. Прымусіць устаць, скрануцца з месца з якой-н. мэтай.

У. полк у атаку.

У. з ложка каго-н. (разбудзіць). У. мядзведзя з бярлогі (успудзіць, выгнаць).

5. што. Падняць уверх (пыл, снег і пад.).

Машына ўзняла на дарозе пыл.

6. перан., каго (што) на што. Натхняючы, схіліць да актыўных дзеянняў.

У. народ на барацьбу.

7. што. Зрабіць вышэйшым.

У. узровень вады.

У. чый-н. аўтарытэт (перан.: зрабіць больш значным у чыіх-н. вачах).

8. перан., што. Павялічыць, павысіць.

У. прадукцыйнасць працы.

У. цэны.

9. перан. Зрабіць больш актыўным, прыўзнятым, палепшыць.

У. настрой.

10. што. Наладзіць, палепшыць, развіць.

У. гаспадарку.

У. эканоміку.

11. што. Зрабіць, пачаць дзеянне, названае назоўнікам.

У. плач (расплакацца). У. шум.

У. трывогу.

У. пытанне.

12. што. Тое, што і узараць (спец.).

У. цаліну.

13. звычайна безас., перан., каго. Узлаваць, вывесці з сябе.

Сказанае чалавека ўзняло.

|| незак. узніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і уздыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. узня́цце, -я, н. (да 3, 6, 10—12 знач.), узды́м, -у, м. (да 2, 3, 6 і 10 знач.), узніма́нне, -я, н. і уздыма́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перакулі́цца, ‑кулюся, ‑кулішся, ‑куліцца; зак.

Разм. Перавярнуцца дном, нізам уверх; паваліцца набок, абярнуцца. На павароце каля моста машына з’ехала пад адхон і перакулілася. Жычка. Бітончык, неасцярожна крануты нагою, перакуліўся, і малако пацякло па пыльным тратуары. Пальчэўскі. // Упаўшы, перавярнуцца на спіну, перакаціцца. Варона перакулілася дагары, выставіла ногі з сагнутымі кіпцюрамі і падрыхтавалася да абароны. Якімовіч. // Перавярнуцца цераз галаву. Цела мешкавата перагнулася, перакінулася цераз галаву і пляснула нагамі ў ваду. Лобан. // Перакінуцца цераз каго‑, што‑н. Перакуліцца цераз плот. □ [Міхась] не мог супакоіцца, пакуль знясілены, паранены ў абедзве нагі, той [Сёмка Ларывонаў] пад раніцу не перакуліўся цераз бруствер траншэі. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ахлу́п ’суцэльнае бервяно, якое кладзецца над вокнамі, дзвярамі’ (Інстр. лекс.), ахлупавата ’не крута’, ахлупны ’ахопліваючы, верхні’ (Касп.), рус. о́хлуп, о́хлупь ’вільчык, верхняя частка страхі’, о́хлупень ’тс’. Звязана з гукапераймальным хлопаць ’стукаць, ляскаць, выдаваць адрывістыя гукі’ чаргаваннем галоснага асновы, якая мае значэнне ’выдаваць шум, закрываючы ці адкрываючы адтуліну’, параўн. захлупі́цца ’задыхнуцца (ад раптоўнага недахопу паветра)’, рус. бранск. адхлупнуть ’адклеіцца, адстаць’, балг. захлупвам ’закрываць накрыўкай, пераварочваць уверх дном’, захлупак, похлупак ’накрыўка’ (адносна апошніх гл. Мірчаў, БЕ, 10, 2–3, 218–220); з захаваннем галоснага о рус. захлопнуть ’рэзка закрыць’, захлопка затычка’, славац. chlopňa ’накрыўка’; Махэк₂ (287) выводзіць рус. охлупень ад *xlupěti ’вісець, падаць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага *xlup — для абазначэння розных рухаў, галоўным чынам раптоўных, нечаканых (там жа, 200 і наст.). Неверагодна перш за ўсё па лінгвагеаграфічных прычынах адносна рускага слова Фасмер, 3, 176 (з о‑ і хлупь ’хвост’, ’гузка ў птушак’). Параўн. ашлап.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́паўзень ’маленькая птушка атрада вераб’іных, якая вельмі спрытна лазіць па дрэвах уверх і ўніз галавой. Šiito europaea L (ТСБМ, Жыв. св.), сюды ж попыўзінь ’паўзун (пра дзіцё)’ (Бяльк.). Назва птушкі, хутчэй за ўсё, запазычана з рус. поползень ’Sitta europaea’, у аснове якой ползти (m. паўзці), што да *рьЬаіі, *ръЫи параўн. балг. дыял. пльзаннца. пьлзач ’усякая жывая істота, што поўзае’ (БЕР, 5, 45, 65), славен. дыял. plezar, plezcirćek ’Sitta europaea L.’, pleziih, pležith ’Certhia familiaris’, plazica, plazica ’назва птушкі або рэптыліі’ (Бязлай, 3, 57). Суфіксацыя характарызуе носьбіта якасці ці дзеяння, параўн. певень, лежань, рус. дыял. лежень ’рыба налім’. глушень ’глушэц’ і пад. Народныя назвы Sitta europaea L. — каваль. дзятлік, якія Ластоўскі адносіць да сям’і ’попаўзьнеў” (навуковы тэрмін?); параўн., аднак, паўзунок ’Ceilhia familiaris’ (Ласт.), у аснове якога тая ж адзнака. Іншыя назвы паўзнік (стол., ЛП), глінянка, сівы дзятлік (Федз. — Даўб.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубо́й ‘вертыкальна, прама, уверх, угору’ — жыты … ўсталі трубою (ТСБМ); дым валіць трубой (Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, у трубы віцца ‘вельмі добра расці’ (ТСБМ): Каб наша жыта / У трубы павілося (навагр., Песні нар. свят). Няясна; параўн. рус. труба́ трубо́ю валить (пра вялікую колькасць людзей, Даль). Хутчэй за ўсё, да труба1 ‘сцябло збожжа перад калашэннем’, пра выключнае значэнне гэтай стадыі развіцця расліны для земляробаў сведчаць спецыяльныя тэрміны трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых, выхад у трубку’ (ТСБМ), укр. трубкува́ння ‘тс’, рус. трубить ‘выпускаць, утвараць сцябліну (пра расліны)’: озими уже трубят (Даль), а таксама сімвалічнае выкарыстанне трубы: «вечарам пасля вяртання з поля селянін браў трубу і пачынаў трубіць. Гэта рабілася для таго “щобы так трубыло жыто”, г. зн. каб забяспечыць добры ураджай» (Теодорович Н. И. Волынь в описании городов, местечек и сёл. Т. V. Почаев, 1903, 391). Паводле Талстых, у гэтым выпадку «народная этимология порождает … ритуал» (Слав. языкозн. X, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

струме́ніцца, ‑ніцца; незак.

Ліцца, цячы струменямі. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ў пачатку, струменяцца .. [ручаі], як слёзы, па твары зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі. Колас. Нават рэчка каля моста, дзе берагі яе густа зараслі арэшнікам, разамлела ад сонца і, стомленая, ледзь-ледзь струменілася. Сіўцоў. Салдат адскочыў убок; ён падняў уверх левую руку, па кісці якой струменілася свежая кроў. Якімовіч. // перан. Пашырацца, разыходзіцца струменямі (пра паветра, святло, пах і пад.). Не ад цяпла, якое шчодра струменілася з расчыненых дзверцаў грубкі, а ад тых добрых слоў, што казаў дзед Сопат, цяплела, грэлася, як пры невідочным агні, Галіна душа. Сабаленка. І Ружу песціў асцярожна вецярок, І ад яе струменіўся духмяны тонкі водар. Валасевіч. / у паэт. ужыв. Струменіўся бляск вялікіх чорных вачэй. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пну́цца ’напружвацца, натужвацца, пяцца’, лезці, праціскацца праз натоўп наперад’ (Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк. МГ, ТС, Растарг., Стан.), ’сердаваць, злавацца’ (Ян.), пнуць ’перці, напіраць’ (Растарг.), ’штурхнуць, піхнуць’ (Ян., ТС). Укр. пнутися (< пʼя́сти) ’нацягваць’, рус. пнуть, пинать ’даваць выспятка, штурхаць, удараць нагою’, стараж.-рус. пяти, пнути ’штурхануць’, польск. piąć (się) ’звязваць’, ’караскацца уверх, лезці’, ’віцца (аб раслінах)’, ’рушыць, накіравацца’, н.-луж. pěś, в.-луж. pjeć ’нацягваць, напружваць’, ’злучаць’, чэш. pnouti se ’ўзвышацца’, ’віцца, паўзці’, славац. pnúť sa ’тс’, славен. pẹ́ti ’цягнуць’, ’імкнуцца’, pẹ́ti se ’ўзыходзіць, паднімацца’, серб.-харв. пе́ти се ’паднімацца, лезці ўверх, узыходзіць (на гару)’, макед. напне се ’нацягнуцца’, ’напружыцца’, ’націснуць, наваліцца’, балг. пъ́на ’нацягваю’, напъ́на се ’напружыцца’, ст.-слав. съ‑пинати ’звязваць’. Прасл. *pęti (), pьnǫti, роднасныя літ. pìnti ’плясці’, лат. pît ’заплятаць’, ’путаць (каня)’, літ. pynė̃ ’каса (валасоў)’, арм. hanum ’тку, сшываю’, ст.-грэч. πένομαι ’(цяжка) працую’, гоц. spinnan ’прасці’, нова-в.-ням. spinnen, spannen ’нацягваць’, ’напружвацца’, тахар. A pänw‑, тахар. B pänn‑ ’цягнуць’, ’напружваць’ (Фасмер, 3, 292; Махэк₂, 464–465; Бязлай–Сной, 3, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)