А́стра ’садова-дэкаратыўная расліна Aster L.’ (БРС). Рус., балг. астра, укр. айстра, гайстра, польск. aster, чэш., славац., славен. astra. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе з канца XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 166). Рускае слова лічаць запазычаным з ням. Aster ці франц. aster (Фасмер, 1, 94), што, аднак, не тлумачыць рускія формы. Хутчэй трэба лічыць непасрэдным запазычаннем з лацінскай, дзе astrum, aster мае ў множным ліку форму astra, якая і была запазычана. Лацінскае з грэч. ἀστήρ ’зорка’; назва кветкі паводле яе формы ўжо ў грэчаскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аха́лак ’кароткая тоўстая палка’ (Касп.), ’бясформенны кусок (хлеба)’ (полац., Суднік, вусн. паведамл.), рус. охалок ’кароткая палка даўжынёй каля аршына’ (арл., КСРНГ). Няясна. Па каранёвай частцы ‑хал‑ яны могуць быць з найбольшай верагоднасцю аднесены да групы слоў са значэннем ’непатрэбнае, малакаштоўнае, непрыгоднае’, параўн. халусце ’хлам’, халь ’дрэнь, старызна’, рус. хал, халовщина ’танна купленае, дзяшоўка’ і інш., адносна якіх гл. Фасмер, 4, 216 і наст. Трубачоў (ZfSl, 4, 1959, 84) звязвае гэту групу слоў з рус. холудина, хлуд, а Львоў (ЭИРЯ, 1, 32) узводзіць рускія словы да *xl‑ǫd‑, *xal‑ǫd‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перамяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Злучыцца, змяшацца з чым‑н. другім. Пшаніца перамяшалася з жытам. □ Дымы розных гатункаў тытун[ё]ў і папярос перавіліся, перамяшаліся і цэлым воблакам звісалі пад нізкаю столлю сялянскай хаты. Колас. / Пра гукі. Усе начныя гукі перамяшаліся і паплылі разам з ветрам. Лупсякоў. // Размясціцца ўперамешку з кім‑, чым‑н. Як вокам глянуць, мора шапак, хустак, перамяшалася, застыла ў цішыні... Пестрак. Рускія, немцы, французы .. перамяшаліся, абдымаючы адзін другога ў танцы. Скрыпка.

2. Змешваючыся, перамясціцца з аднаго месца на другое, памяняцца месцамі. // перан. Стаць невыразным, хаатычным; пераблытацца (пра думкі, уражанні і пад.). У галаве ўсё перамяшалася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сырапе́ня ’кіслае малако’ (Касп.; барыс., Сл. ПЗБ; гарад., Нар. словатв.; віц., ЛА, 4), сырапе́ня, сырапі́ха ’тс’ (віц., Шн. 3), сырапе́ня, сырапо́ня ’толькі што ўкіслае малако’ (Барад.), сырапо́нь ’сыракваша’ (бярэз., Жд. 1), сырапо́ня ’кіслае знятае малако’ (Мядзв.), сырапонка ’тс’ (бых., ЛА, 4), сарапо́ня ’рэдкае недакіслае малако’ (полац., Нар. сл.), сурупо́ня ’кіслае малако’ (Мат. Маг.). Рус. пск. сыропы́ня, сыропы́ха ’сыракваша’. З сыр‑ (гл. сыры) і літ. píenas ’малако’. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) мяркуе, што ў першым кампаненце адбылося другаснае набліжэнне да слав. *syrъ; першакрыніца ў лат. siera piens ’малако для сыра’, Р. скл. siera piena. Рускія дыялектныя словы, відаць, з беларускай (Анікін, Опыт, 284); змены ў другой частцы слова ў выніку дээтымалагізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нахлабу́чыць (ныхлабу́чыць) ’сядзець як папала’ (чавус., Нар. сл.), сюды ж нахлабу́чка ’праборка, натацыя’ (Бяльк.), рус. нахлобу́чить ’накрыць чым-небудзь зверху; набіць, пакараць’, нахлобу́чка ’высокая шапка’ і інш. канкрэтныя значэнні, а таксама ’біццё’ (СРНГ). Рускія словы выводзяць са спалучэння на і клобук ’высокая шапка’ (Праабражэнскі, 1, 316, 596; Гараеў, 266) у якасці экспрэсіўнага ўтварэння пад уплывам хло́пать ’стукаць’ (Фасмер, 3, 50); беларускія словы, магчыма, арэальнае пранікненне на беларускую тэрыторыю з рускай, на іх экспрэсіўны характар і семантыку маглі ўплываць дзеясловы тыпу хлабыста́цца ’шлёпацца’ (рагач., Шатал.) і пад. Параўн., аднак, балгарскія паралелі нахлбу́ча, нахлбу́чвам ’нацягваць шапку і інш. нізка на лоб’, на якія звярнуў увагу Талстой (ZfSl, 1976, 6, 834 і інш.), што могуць сведчыць аб значнай старажытнасці слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снягі́р ‘гіль, лясная птушка’ (ТСБМ, Сцяшк.), снягу́р, снягу́рка, снягу́рчык ‘тс’ (Жыв. св.), снегу́р ‘тс’ (лях., Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), снегі́рчык, снігі́р, сныгі́р, сногі́р ‘тс’ (ТС), снігі́р ‘птушка Pyrrhula vulgaris Briss.’ (Пятк. 2), сняжо́к ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), сняжу́рка ‘птушка падарожнік, Piectrophanes nivalis’ (Ласт.). Укр. сніга́р, снігу́р, сниги́р, рус. снеги́рь, сниги́рь ‘гіль’; з іншымі суфіксамі: польск. śniegula ‘птушка падарожнік зімні’, чэш. sněhule, в.-луж. sněhula, н.-луж. sněgula ‘снягір’, славац. snehuliak. Да *sněgъ ‘снег’ з суф. ‑urъ, ‑yrъ, ‑ulъ; гл. Шустар-Шэўц, 1328. Рускія формы з ‑и‑ у корані тлумачацца асіміляцыяй галосных: *снѣгырь > снигырь. Гл. Міклашыч, 312; Фасмер, 3, 698. Сюды ж таксама снягу́рка ‘сінічка’ (Янк. 1). Назвы звязаны са з’яўленнем птушак на фоне выпаўшага снегу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кло́пат1 ’неспакойная думка пра што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сержп. Грам., Гарэц., Сцяшк., КЭС, лаг., Ян.). Гл. клапаціцца. Насуперак Кюнэ (Poln. 64) не з’яўляецца пранікненнем з польск. kłopot.

Кло́пат2 ’квактанне’ (Сл. паўн.-зах., Яруш.). Утварэнне на ‑otъ ад гукапераймальнага дзеяслова. Гл. клопалка.

Клопат3 ’у жорнах дошчачка ад жалабка, якая прыціскаецца да чатырохграннай часткі корбы і пры вярчэнні механічна рэгулюе перадачу зерня на камень’ (Нар. словатв., Выг., Кліх, Дразд.). Укр. клопіт ’тс’, польск. kłopot ’тс’. Да прасл. klopotъ ’стук, шум’, але ў значэнні ’частка жорнаў’ толькі польскае, беларускае і ўкраінскае. Паколькі рускія дыялекты (апрача заходніх) практычна не ведаюць гэтага слова, можна меркаваць аб тым, што яно ўзнікла як тэхнічны тэрмін на польскай моўнай глебе і адтуль распаўсюдзілася на беларускі і ўкраінскі арэалы (Смулкова, Бел.-польск. ізал., 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сербалі́на, сурбалі́на, сырбалі́на, сірбалі́на ‘ажыны’ (віц., ЛА, 1; Нік. Очерки), сербалі́н ‘тс’, сірбалі́ніна ‘лазіна ажыны’ (Касп.). сурмалі́на ‘тс’ (віц., ЛА, 1), рус. сорбали́на ‘ажыны’, сербали́на, сирьбяри́на ‘шыпшына’, рус. смал. цербали́н ‘ажыны’, укр. сербери́на ‘шыпшына, Rosa canina L.’. Традыцыйна звязваюць з літ. serbentà ‘смародзіна’ < літ. sir̃pti ‘спець (пра ягады)’ (Фасмер, 3, 721), збліжэнне з свярбець (гл.), на думку Бязлая (Eseji, 135), народнаэтымалагічнае. Насуперак гэтаму Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 272) узводзіць адпаведныя рускія словы да *s(v)orb‑, *s(v)rьb‑ ‘свярбець, часаць’, а Варбат (Этим. исслед., 7, 7) рэканструюе *svьrborina, што асабліва адпавядае раздражняльным уласцівасцям насення шыпшыны. Формы ўтвараюць адзіны беларуска-рускі арэал з выхадам на ўкраінскую моўную тэрыторыю. На некаторым формы паўплывала слова маліна (гл.). Да фанетыкі параўн. сербе́ть ‘свярбець’ (Растарг). Гл. таксама Баброва, ЭИРЯ, 4, 9; ЕСУМ, 5, 216.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сако́лка1 ’трыкатажная майка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), ’мужчынская безрукаўка, камізэлька’ (Янк.), сако́лачка ’майка’ (Сл. ПЗБ). Не вельмі ясна, у суседніх славянскіх мовах не адзначана. Назва ўтворана, відаць, ад назвы спартыўна-гімнастычнага таварыства “Сокал” у Чэхіі і іншых славянскіх краінах. Ва ўсялякім выпадку, адзначаны рускія со́кол, соко́льский ’сакольская гімнастыка’. Такім чынам, гэта магла быць майка з сакольскай сімволікай. Параўн. чэш. sokolka ’сакольская шапка, кепка’.

Сако́лка2, сако́льчык ’мярэжка’, сакалі́ць ’вышываць мярэжкай’ (Мат. Гом.), ’рубіць з упрыгожваннем’ (сакаліць насавы платок) (Ян.). Не вельмі ясна. Суаднесенасць рус. мережка ’тып вышыўкі’, мярёжа ’рыбалоўная сетка’ наводзіць на думку, што слова ўзыходзіць да сак1 (гл.), ад якога першапачаткова быў утвораны дзеяслоў саколіць, потым ад дзеяслова — назоўнік. Але сак ’рыбалоўная сетка’ у гаворках сустракаецца даволі рэдка, гл. ЛА, 2; таму слова хутчэй ўтворана ад кораня ‑кол‑ (гл. калоць), параўн. рус. ско́лок ’узор, зняты сколкаю, дакладны знімак іглою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)