ру́скія, -іх, адз. -і, -ага, м.

Усходнеславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва Расіі.

|| ж. ру́ская, -ай, мн. -ія, -іх.

|| прым. ру́скі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ру́скія, ‑іх; адз. рускі, ‑ага, м.; руская, ‑ай, ж.

Усходнеславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва РСФСР і шырока прадстаўлены ў іншых рэспубліках Савецкага Саюза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рускія 1/364; 2/261, 268; 4/394; 7/429, 431, 432; 8/325; 9/103, 132, 192, 194, 577; 10/444; 12/61

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІЯ,

нацыя, асн. насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Разам з беларусамі і ўкраінцамі належаць да ўсходніх славян. Жывуць таксама на Украіне, у Казахстане, Кыргызстане, Латвіі, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Францыі і інш. У Рэспубліцы Беларусь 1142 тыс. чал. (перапіс 1999). Гавораць на рускай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.

Пачатковы этап фарміравання этнасу Р. адносіцца да 12—13 ст. — перыяду распаду ўсх.-слав. этнакультурнага адзінства стараж.-рускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Фарміраванне рус. народнасці ў 14—15 ст. абумоўлена сац.-эканам. развіццём, звязана з барацьбой супраць мангола-татарскай няволі і ўтварэннем Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Кансалідацыя рус. этнасу завяршылася ў 16 ст. Асн. этнагр. групы, якія адрозніваюцца дыялектамі («оканне» і «аканне») і некат. інш. асаблівасцямі, — паўн. і паўд. велікарусы. Сярэдневелікаруская група (цэнтр. раёны з Масквою) мае ў дыялекце і культуры паўн. і паўд. рысы. Дробныя этнагр. групы — паморы, мяшчора, казакі, стараверы і інш. Сельскія паселішчы ў мінулым на Пн маладворныя, хаты рубленыя, высокія, з драўляным дахам, на Пд мнагадворныя, хаты нізкія, каркасныя, з саламянай страхой і земляною падлогаю. У наш час аблічча сельскіх паселішчаў набліжаецца да гарадскога, аднак пэўная спецыфіка на Пн і Пд яшчэ застаецца. Традыц. рус. адзенне бытавала пераважна ў вёсцы. Сялянкі ў паўн. і сярэдневелікарус. абласцях паверх кашулі надзявалі сарафан, у паўд. — панёву (звычайна ў клетку). Дзяўчаты насілі на галаве павязку-стужку, замужнія жанчыны — кічку, сароку, на святы (пераважна на Пн) какошнік; з сярэдзіны 19 ст. гэтыя ўборы паступова замяняюцца хусткаю. Мужчынскі гарнітур амаль усюды складаўся з кашулі-касавароткі, якую насілі навыпуск, паверх нешырокіх штаноў, з поясам. Верхняе жаночае і мужчынскае адзенне — суконны кафтан, зіпун, зімою — футра, кажух. У 20 ст. традыц. вопратка трапляецца дзе-нідзе на Пд, радзей на Пн і ў Сібіры.

Доўгі час этнонімамі «Р.», «русіны» называлі беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі велікаросы з’явіліся ў 14—15 ст., што было звязана з традыцыямі міждынастычных шлюбаў паміж вял. князямі ВКЛ і князямі маскоўскімі, цвярскімі, разанскімі і інш. Сярод такіх груп згадваюцца пскавічы, паселеныя Вітаўтам у Гродне каля 1405. Значная колькасць «маскавітаў» стала жыць у зах. рэгіёнах Беларусі, пераважна ў гарадах Брэст, Вільня, Драгічын, Камянец, Слонім, Навагрудак. З 16 ст. на Беларусі знаходзілі прытулак Р. — уцекачы ад праследаванняў царк. і дзярж. улад. Абсалютная большасць нашчадкаў гэтых добраахвотных перасяленцаў і ваеннапалонных паступова асімілявалася з бел. насельніцтвам, чаму спрыялі блізкасць мовы і агульнасць рэлігіі — праваслаўе. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. на Беларусь перасялілася некалькі дзесяткаў тысяч Р., якія ўтварылі замкнёную этнаканфесійную групу старавераў (гл. Стараверства). У выніку адрознення ў рэлігіі яны да нашага часу захавалі сваю этнічную адметнасць. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі рус. насельніцтва тут павялічвалася марудна. У 2-й пал. 19 ст. доля рус. насельніцтва пабольшала, што ў значнай ступені было абумоўлена ўзмацненнем этнатрансфармацыйных працэсаў пасля паўстання 1863—64, калі рус. мова заняла пануючае становішча ў асвеце, кнігадрукаванні, перыяд. друку і інш. (гл. таксама Русіфікацыя). У найб. ступені працэс атаясамлівання сябе з рус. этнасам закрануў сац. эліту, гар. насельніцтва. Развіццё прам-сці, буд-ва чыгунак і дарог у канцы 19 ст. таксама прыцягнулі значныя групы Р. Паводле тагачаснай афіц. канцэпцыі, якую адстойвалі этнографы, беларусы і ўкраінцы разглядаліся як галіны адзінага рус. народа. Паводле перапісу 1897, у 5 бел. губернях жыло 492 921 чал. Р. (дакладней асоб, якія назвалі рус. мову роднай), што складала 5,8% ад усяго насельніцтва. Самая вял. колькасць і ўдзельная вага Р. назіралася ў Віцебскай губ. (98 тыс. чал., 13,3%). Вял. групы Р. жылі ў Віцебскім, Дзвінскім, Гарадоцкім, Полацкім, Рэжыцкім, Себежскім пав. Віцебскай губ., Вілейскім пав. Віленскай губ., Беластоцкім і Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Бабруйскім і Мінскім пав. Мінскай губ., Гомельскім пав. Магілёўскай губ. Р. была характэрна высокая урбанізаванасць (37,5% усіх Р. жыло ў гарадах), даволі высокі ўзровень пісьменнасці (293 чал. на 1 тыс.), а па колькасці асоб з адукацыяй «вышэй за сярэднюю» яны займалі 1-е месца. У перыяд беларусізацыі ў 1921 пастановай ЦВК БССР за рус. мовай быў замацаваны статус адной з 4 дзяржаўных (зацверджаны Канстытуцыяй 1927). У 1926—27 створаны 14 нац. рус. сельсаветаў (13 у Гомельскай акрузе і 1 Багушэўскі ў Бабруйскім р-не; існавалі да 1935—37), дзейнічалі рус. аддзяленні ў педтэхнікумах, каля 6% вучняў вучыліся ў рус. школах. Разам з тым у ходзе беларусізацыі этнонім «беларусы» стаў набываць дзярж. сэнс і пашыраў свой уплыў на ўсё шматнац. насельніцтва рэспублікі, у т. л. на Р., што вяло да паслаблення іх самасвядомасці. Пасля Вял. Айч. вайны Р. на Беларусі сталі адной з найб. хутка растучых этнічных груп (у 1959—659 тыс. чал., у 1970—939 тыс. чал., у 1979—1134 тыс. чал., у 1989—1342 тыс. чал.). Перапіс 1999 выявіў, што пры захаванні абсалютнай большасцю Р. сваёй мовы ў якасці роднай, назіраюцца і адаптацыйныя працэсы сярод Р. да бел. мовы і культуры (9,1% назвалі бел. мову роднай). Р. ў Рэспубліцы Беларусь маюць мажлівасці для захавання сваёй мовы, культуры, гіст. спадчыны, падтрымліваюць сувязі з гіст. радзімаю. У 1995 рус. мова набыла роўны статус з беларускай. На Беларусі дзейнічаюць Бел. грамадскае рэсп. аб’яднанне «Русь» (аддзяленні ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Кобрыне, Мінску), Мінскае гар. т-ва рус. культуры «Русь». Асн. мэта іх дзейнасці — захаванне, вывучэнне, прапаганда рус. культуры, мовы, аб’яднанне людзей рус. нацыянальнасці, умацаванне дружбы рус. і бел. народаў. Пра гісторыю, гаспадарку і культуру Р. гл. ў арт. Расійская Федэрацыя.

Літ.:

Русские: Ист.-этногр. очерки. М., 1997;

Терешкович П. Русские в Беларуси // Нёман. 1992. №6;

Каспяровіч Г.І. Рускія на Беларусі (дэмагр. аспект) // Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX ст. Мн., 1997.

Г.​І.​Каспяровіч, П.​У.​Церашковіч.

т. 13, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІЯ ГО́РЫ,

горы ва Усх. Антарктыдзе, на Зямлі Каралевы Мод, паміж 72°30′ паўд. ш. і 16—19° усх. д. Даўж. каля 200 км. У склад Р.г. уваходзіць больш за 12 вяршынь (Жадання, Карпінскага, Русанава, Якаўлева і інш.), выш. да 2500 м. Складзены пераважна з гнейсаў. Вяршыні гор свабодныя ад лёду і снегу. Адкрыты сав. антарктычнай экспедыцыяй у 1959.

т. 13, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́СКІЯ СЕЗО́НЫ» (Saisons Russes) за мяжой, гастрольныя выступленні рус. оперы і балета ў 1908—29, арганізаваныя С.П.Дзягілевым. Праходзілі ў Парыжы (1908—14), Лондане (1912—14), ЗША (1916—17). Іх пачатак паклалі 1-я выстаўка рус. жывапісу і «Гістарычныя рускія канцэрты» (1906—07, Парыж). Ініцыятары стварэння «Р.с.» — мастакі і музыканты аб’яднання «Свет мастацтва». Трупа для «Р.с.» фарміравалася з артыстаў Марыінскага і маскоўскага Вял. т-раў, Опернага т-ра Зіміна. Пачаліся з оперы «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага з Ф.​Шаляпіным у гал. ролі. Сярод інш. пастановак: «Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава, «Хаваншчына» Мусаргскага ў рэд. Рымскага-Корсакава, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, опера-балет «Салавей» І.​Стравінскага, балеты «Павільён Арміды» М.​Чарапніна, «Клеапатра» («Егіпецкія ночы»; на музыку А.​Арэнскага, С.​Танеева, Рымскага-Корсакава, М.​Глінкі, А.​Глазунова, Мусаргскага, Чарапніна), «Палавецкія танцы» з оперы Барадзіна «Князь Ігар». У 1911—13 на базе «Р.с.» узнікла пастаянная трупа «Рускі балет Дзягілева». За час існавання «Р.с.» пастаўлена больш за 60 балетаў і 10 опер. «Р.с.» замацавалі рус. мастацтва як вядучае ў агульнаеўрап. муз. працэсе канца 19—1-й чвэрці 20 ст.

Літ.:

Левая Т.Н. Русская музыка начала XX в. в художественном контексте эпохи. М., 1991;

Рахманова М. Сергей Дягилев и «экспансия» русского искусства // Русская музыка и XX в.: Рус. муз. искусство в истории худож. культуры XX в. М., 1997.

К.​М.​Дулава.

т. 13, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Англа-рускія пагадненні 1873, 1885, 1907 1/323

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рускія рабоча-фермерскія клубы імя А. М. Горкага (Канада) 10/561

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ру́скі² гл. рускія.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

велікару́сы, -аў, адз. -ру́с, -а, м. (кніжн.).

Тое, што і рускія.

|| ж. велікару́ска, -і, ДМ -ру́сцы, мн. -і, -сак.

|| прым. велікару́скі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)