Нахлабу́чыць (ныхлабу́чыць) ’сядзець як папала’ (чавус., Нар. сл.), сюды ж нахлабу́чка ’праборка, натацыя’ (Бяльк.), рус. нахлобу́чить ’накрыць чым-небудзь зверху; набіць, пакараць’, нахлобу́чка ’высокая шапка’ і інш. канкрэтныя значэнні, а таксама ’біццё’ (СРНГ). Рускія словы выводзяць са спалучэння на і клобук ’высокая шапка’ (Праабражэнскі, 1, 316, 596; Гараеў, 266) у якасці экспрэсіўнага ўтварэння пад уплывам хло́пать ’стукаць’ (Фасмер, 3, 50); беларускія словы, магчыма, арэальнае пранікненне на беларускую тэрыторыю з рускай, на іх экспрэсіўны характар і семантыку маглі ўплываць дзеясловы тыпу хлабыста́цца ’шлёпацца’ (рагач., Шатал.) і пад. Параўн., аднак, балгарскія паралелі нахлбу́ча, нахлбу́чвам ’нацягваць шапку і інш. нізка на лоб’, на якія звярнуў увагу Талстой (ZfSl, 1976, 6, 834 і інш.), што могуць сведчыць аб значнай старажытнасці слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)