Ты́тул1 ‘загаловак кнігі’, ‘першая старонка кнігі, тытульны ліст’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. тытулъ, тителъ, титулъ ‘загаловак, назва’, ‘надпіс’. Са ст.-польск. tytuł ‘тс’, якое з лац. titulus ‘тс’, ‘надмагільны надпіс’, ‘подпіс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), у ВКЛ таксама ‘прычына, падстава, права’ (Жлутка).

Ты́тул2 ‘ганаровае або дараванае дваранскае званне (барон, князь, граф)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.): у каго ў шкатуле, той і ў тытуле (брасл., Рабк.), ‘вясельны чын асоб, што маюць акрэсленыя функцыі ў рытуале’ (беласт., Этнагр. зб., 112), ст.-бел. тытулъ, титулъ ‘тытул, званне’ (1438 г., ГСБМ). Са ст.-польск. tytuł < лац. titulus ‘ганаровае званне, слаўнае імя’, ‘гонар, слава’, ‘подзвіг, заслуга’, сюды ж ст.-бел. тытуловати ‘называць’ (1622 г.) са ст.-польск. tytułować ‘называць’, якое з лац. titulāre ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 198).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прычэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прычапляць — прычапіць (у 1 знач.).

2. перан. Разм. Зачэпка, прычына. Бярвенне — толькі прычэпка, галоўнае — дзяляначку новую выгаварыць. Лобан. Гарась вадзіў па хаце вачамі, хацеў знайсці яскравую прычэпку для гутаркі. Каваль.

3. перан. Разм. Несправядлівы дакор, дробязная, неістотная заўвага; прыдзірка. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Шамякін. Як хлопчыку даволі ўжо дысцыплінаванаму, не дужа прыкра было яму і ад прычэпак старога майстра Сеўрука. Гарэцкі. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку знойдзе [пан] і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.

4. Спец. Нараст на паверхні пладоў некаторых раслін, з дапамогай якога яны чапляюцца за іншыя прадметы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыклю́чыцца ’здарыцца’ (Ян., ТС), ’стаць, зрабіцца’ (светлаг., SOr, 39, 356), пріключы́цца ’тс’ (Бяльк.), прыключы́цца ’прыстаць (пра хваробу)’ (в.-дзв., мядз., Сл. ПЗБ); сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: пры́ключка ’прыгода’: ліха пры́ключкі шукае (Ян.), прыклю́чка ’падстава для папрокаў’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. приключай ’выпадак’ (Ст.-бел. лексікон), приключение ’выпадковасць’ (Сл. Скарыны), укр. приключи́тися ’здарыцца’, при́ключка ’прыгода; падстава, нагода, прычына’, рус. приключи́ться, ст.-рус. приключитися ’адбыцца, здарыцца’, прыключаи ’выпадак’, по приключаю ’выпадкова’, приключение, приклучение ’выпадковасць’ (Сразн.), славен. prikljúčiti se ’далучацца; адбывацца’, балг. старое приключа се ’здараецца’, ст.-слав. приключити сѧ ’адбыцца, здарыцца’, по приключаю ’выпадкова’. Узыходзіць да прасл. *priklʼučiti () < *klʼučiti () з шэрагам значэнняў, рэалізаваных у славянскіх мовах (ЭССЯ, 10, 50), у тым ліку ’далучацца, злучацца’, параўн. ключ4 (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 364; ЕСУМ, 2, 468; БЕР, 5, 714, 715.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́вад1 ’прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня (цяля, карову)’ (ТСБМ, Янк. 1, Янк. Мат., Шат., Касп., Маслен., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), по́выд (Бяльк.) ’тс’; ’сцябло гарбуза’ (Мат. Гом.), по́вод ’тс’ (Шатал., ТС), по́вад ’гульня: гульцы становяцца ў лінію, бяруцца за рукі, утвараючы “повад”’ (ЭБ), ст.-бел. поводъ ’кіраванне’ (1596). Укр. по́від, рус. по́вад, польск. powód, серб.-харв. по́вод ’повад’. Прасл. *povodъ ад *povoditi, параўн. пово́дить ’кіраваць валамі ў вупражы’ (Маслен.) < *po‑ і *voditi, ст.-бел. водца ’вуздэчка’, чэш. vodítko ’аброжак, павадок’. Гл. вадзіць, весці.

По́вад2 ’парода (жывёлы)’ (Касп.). Ст.-укр. поводъ ’пачатак, паходжанне’, рус. па́вод ’парода’, чэш. původ ’паходжанне’, славац. pȏvod ’тс’, параўн. яшчэ вывадак, рус. заво́д (гл.) ’гаспадарка па развядзенні жывёлы’. Да повад1 (гл.).

По́вад3прычына, падстава’ (ТСБМ). Ст.-бел. поводъ ’падстава’ (1423). Да повад1 (гл.); што да семантыкі, параўн. англ. breed ’парода’ > ’быць прычынай чаго, выклікаць што’. З іншай прэфіксацыяй параўн. пры́вад (прівод) ’слушнасць, дарэчнасць’ (Нар. лекс.), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падста́ва 1, ‑ы, ж.

Прычына, абставіны, якія даюць тлумачэнне, робяць зразумелымі ўчынкі, паводзіны і пад. каго‑н. Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. Былі ўсе падставы для таго, каб хвалявацца, але, упэўнены ў сваіх ведах, Міхась быў спакойны. Шахавец. // Абставіны, якія могуць быць асновай для чаго‑н. Але як зняць.. [Машу] з пасады брыгадзіра, Максім не мог прыдумаць. Не было падстаў. Шамякін. // Дакумент, распараджэнне, на аснове якога адбылося пэўнае афіцыйнае дзеянне, мерапрыемства. Падстава: выпіска з пратакола сходу.

•••

На падставе чаго — зыходзячы з чаго‑н., абапіраючыся на што‑н.

падста́ва 2, ‑ы, ж.

Уст. Зменныя коні ў дарозе, а таксама месца змены коней. Ноч спалі ў.. вазку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́блык, ‑а; Р мн. ‑аў; м.

Сакавіты плод яблыні, звычайна акруглай формы. Летні сорт яблыкаў. Кісла-салодкі яблык. Абіраць яблыкі. □ У кош паклалі яшчэ і яблыкаў, наогул рознай садавіны. І ў выніку — атрымаўся вялізны, прыгожы тэатральны нацюрморт. Сабалеўскі. [Сусед] узяў антонаўку, зноў пакруціў яе ў руках, удыхнуў пяшчотны пах і зноў паклаў яблык на столік. Васілевіч. Па кветках яблыкаў не лічаць. Прыказка. Яблык ад яблыні далёка не падае. Прыказка.

•••

Адамаў яблык — цвёрды выступ на горле мужчыны; кадык.

Вочны яблык — шарападобнае цела вока.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык гл. збіць.

У яблыкі — з цёмнымі круглымі плямамі на поўсці (пра коней). Пярэдні ехаў Іван Боганчык на сівым у яблыкі жарабку. Пташнікаў.

Яблык разладу (кніжн.) — прычына, прадмет спрэчкі, сваркі, разладу (паводле старажытнага грэчаскага міфа аб спрэчцы багінь Геры, Афіны і Афрадзіты з-за таго, каму з іх павінен належаць яблык з надпісам «найпрыгажэйшай»).

Яблыку няма дзе ўпасці гл. упасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куль 1, ‑я, м.

1. Тоўсты сноп выбранай няцёртай саломы, з якой звычайна робяць стрэхі. Малацілі да змроку. Тады Андрэй пачаў перабіраць салому на кулі, а Іван панёс коням канюшыну. Чарнышэвіч. Дзед Ігнат сядзеў на страсе і распускаў куль саломы. Васілевіч.

2. у знач. прысл. кулём. Пераварочваючыся, куляючыся ў час руху, падзення. З тэндэра кулём скаціўся ў будку качагар Юрка Лунец. Васілёнак. // Імкліва, вельмі хутка. Платон чагосьці шукаў. І Марына з жахам зразумела, што ён шукае сякеру. Ён усё мог зрабіць. І яна, ратуючыся, кулём кінулася ў хату. Ракітны.

куль 2, ‑я, м.

1. Вялікі, звычайна рагожны мяшок. Куль мукі. □ Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч.

2. Старая гандлёвая мера сыпкіх цел (каля 9 пудоў).

куль 3, ‑я, м.

Задняя частка рыбалоўнай снасці (невада, жака і пад.) у выглядзе вузкага доўгага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі. Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам, кулём угору. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Селязёнка ‘каса, кроватворны орган жывёл і чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 1), дыял. сало́зіца, сало́заўка ‘тс’: салозаўка грае (пра гук у жываце каня) (Ласт.). Укр. селезі́нка, рус. селезёнка, серб.-ц.-слав. слѣзена, польск. śledziona, в.-луж., н.-луж. słozyna, чэш., славац. slezina, серб.-харв. слезѝна, славен. slezȇn, slezȇna, балг. слез, сле́зен, макед. слезенка, слезина, ст.-слав. слѣзена ‘тс’. Праславянская форма ўзнаўляецца па-рознаму: *selezenь, *selzenь (Фасмер, 3, 594), *selzena (Брукнер, 531; Махэк₂, 554), *s(p)elzen‑ (Голуб-Копечны, 337). Ваян (ВЯ, 1960, 6, 66–67) прапаноўвае *sьlezena, паколькі *selzena ва ўсходнеславянскіх мовах дало б *солоз‑, што якраз і мае месца ў беларускіх дыялектных формах. Роднасныя ст.-ірл. sela ‘селязёнка’, авест. spərəzan‑, лац. lien, ст.-інд. plīhán‑, грэч. σπλήν, Р. скл. σπληνός ‘селязёнка’, літ. blužnìs, ст.-прус. blusne ‘тс’ (Траўтман, 256; Мее, 169 і наст.; Фасмер, там жа). Адзіная індаеўрапейская праформа не аднаўляецца з прычыны вялікага разыходжання паміж формамі ў розных мовах. Мяркуецца і.-е. *sp(h)elĝh‑ (en, ā), *splenĝh‑, *splēgh‑ (Покарны, 987); Борысь (615) праславянскую форму выводзіць з і.-е. *spelģh‑en‑ā. Прычына разыходжанняў — моўнае табу, або марфалагічнае спрашчэнне. Параўн. селязень. Падрабязны агляд праблематыкі гл. Бязлай, 3, 260; БЕР, 6, 615.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

След ‘адбітак ступні нагі, капыта, лапы’, ‘знак уздзеяння’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Пятк. 2, Сл. ПЗБ), ‘права, прычына, падстава’ (Нас.), ‘дарога, сцежка; часовая мяжа на сенажаці паміж участкамі (Яшк.), ст.-бел. следъ ‘мера зямлі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слід, рус. след, стараж.-рус. слѣдъ, польск. ślad, в.-луж., н.-луж. slěd, чэш., славац. sled, серб.-харв. сли̏јед, славен. slẹ̑d, балг. следа́, макед. следа, ст.-слав. слѣдъ. Прасл. *slědъ. Роднасныя літ. slidùs ‘гладкі, склізкі’, лат. sliēds ‘след, каляіна’, ст.-прус. slidenikis ‘сабака-сышчык’, с.-в.-ням. slîten ‘слізгацець’, ст.-в.-ням. slito ‘сані’, нова-в.-ням. Schlitten ‘тс’, грэч. ολισθανω ‘я слізгаю’; гл. Траўтман, 269; Торп, 539; Мюленбах-Эндзелін, 3, 932, 957–958; Фасмер, 3, 668; БЕР, 6, 858; Махэк₂ (553) літ. slidús лічыць запазычаннем з польскай. Сной₁ (579) узводзіць да і.-е. кораня *(s)lei̯dh‑ ‘слізгаць; паўзці’ з першасным значэннем для прасл. ‘каляіна, санная дарога’. Прасл. таксама *slěditi, працяг яго ў слядзі́ць, укр. сліди́ти, рус. следи́ть, польск. śledzić, в.-луж. slědźić, н.-луж. ślěźiś, чэш. slíditi, славац. sliediť, серб.-харв. слијѐдити, славен. sledíti, балг. следя́, макед. следи; гл. Фасмер, там жа; БЕР, 6, 862.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спрадве́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе ад вякоў, не перастае існаваць; адвечны. Большая частка .. [выспы] пакрыта спрадвечнымі льдамі, а на меншай жывуць эскімосы і наезджыя каланісты-датчане. Дубоўка. Яно спакойнае, урачыстае, спрадвечнае жнівеньскае неба. Навуменка. Гудзе зямля, звіняць прасторы на свой стары, спрадвечны лад. Колас. Усё ішло само па сабе, падпарадкоўваючыся спрадвечным законам. Чаркасаў. // Шматвяковы, векавы; вельмі стары. Спрадвечны бор. □ Вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў. Чорны. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч.

2. Які існуе здаўна; старадаўні. Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі; бабулі і мамы развешваюць ад елкі да бярозкі памытую бялізну, а ў нядзельныя раніцы, па старому, спрадвечнаму звычаю, пякуць у зямлянках аладкі для ўнукаў і дзяцей. Брыль. // Які вельмі даўно мінуў, вельмі даўні. Рабілі рупна і з веданнем, як робяць з часоў спрадвечных другія зямныя справы. Вярцінскі.

3. Карэнны, пастаянны, асноўны. Белавежскія зубры, спрадвечныя жыхары старадаўніх лясоў, знаходзяцца зараз і на беларускім баку пушчы. В. Вольскі. Была яшчэ адна немалаважная прычына: спрадвечнаму земляробу цяжка прызвычаіцца да гарадскога жыцця. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)