Све́пет ‘пчаліны бортны рой’ (У. Караткевіч), ст.-бел. ‘дупло, дзе жывуць дзікія пчолы’: а хто бы свепет в чыем лесе умыслне порубал и мед выбрал (Статут ВКЛ 1588 г.), ст.-рус. свепетъ ‘дзікі лясны мёд’, ст.-укр. свепеть ‘борць у дрэве для дзікіх пчол’ (1366), польск. дыял. świepiot ‘рой дзікіх пчол’, ст.-польск. świepioto ‘тс’, чэш. дыял. svapato ‘пчолы, якія жывуць у лесе’, ст.-луж. svepet ‘борць’. Прасл. *svepetъ, паходжанне якога няяснае. Выводзяць з прасл. *svepati (> *svepetati) ‘мільгаць, мітусіцца’, параўн. ст.-рус. свѣпатися ‘ківаць, хістаць’, рус.-ц.-слав. свепетати ‘хістацца, рухацца туды і сюды’, славен. svępati ‘хістаць, ківаць, трасці’ і асабліва фармальна супадаючае славен. svepȅt ‘бляск, мігценне’, роднаснае літ. sùpti ‘калыхацца’, н.-ням. swabbeln ‘рухацца ў той і другі бок (пра ваду), хвалявацца’ (Міклашыч, 330; Фасмер, 3, 573; Машынскі, Pierw., 188; Фурлан у Бязлай, 3, 348), што адлюстроўвае першаснае чыста зрокавае ўспрыманне месца гнездавання пчол. Іншае меркаванне пра роднасць з ням. Wabe ‘соты’ і “праеўрапейскае” паходжанне выказвае Махэк₂, 594. Гл. таксама Рымут, St. lingv. Polono–Jugosl., 2, 39. Меркаванне Булыкі пра запазычанне ст.-бел. свепетъ, свепето з ст.-польск. świepiot недастаткова аргументаванае, Брукнер (536) дапускаў адваротнае запазычанне для польск. świepiot ‘тс’. У сучасных гаворках звычайна слепет ‘дупло, дзе жывуць пчолы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Калохаць, калохаты ’пужаць’ (драг., З нар. сл.). Іншых фіксацый гэтай лексемы ў бел. гаворках як быццам няма. Адпаведнік да палес. слова ва ўкр. мове — колошкати ’тс’; Грынчэнка (2, 372) прыводзіць цікавы кантэкст з Паўлаградскага павета: «Я гнав овець до старости, а вони два перебігли та й давай мені колошкати овець: кшикають на вівці, одбивають од мене. Я кричу: не полохайте, а вони колошкаюць». Тут ужываюцца разам і колошкати і полохати. Выпадкаў, калі гукі ‑п‑ і ‑к‑ у пачатку суадносяцца, вельмі мала, аднак яны ёсць і выкліканы рознымі прычынамі (метатэзы складу ў слове, кантамінацыя і да т. п.), таму магчымае суаднясенне полохати і колохати ў прынцыпе цалкам натуральнае. З адпаведнікаў звяртае ўвагу рус. калін. колохнуть ’мерзнуць’, аднак прыклад вельмі двухсэнсоўны па ўтварэнню і сюды, відаць, не адносіцца (хоць можна разумець і як першапачатковае ’трэсціся і да т. п.’). Далей, магчыма, сюды адпаведнае па форме да ўкр. прыкладу колошкацца ’корпацца, марудзіць’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.), паколькі такое значэнне з’яўляецца агульным для самых розных лексем. Збліжэнне тым больш магчымае, што для бел. дзеяслова можна меркаваць аб розных першапачатковых значэннях, з якіх пазней развілося ’палохаць’. Калі меркаваць па форме ўтварэння, можна бачыць тут архаічную структуру (< *kolxъ). Экспрэсіўнае ўтварэнне (гукапераймальнае) з нерэгулярнай фанетыкай. У такім выпадку звяртае на сябе ўвагу рус. тамб. талашитьсямітусіцца, кідацца і да т. п.’. Разам з тым супастаўленне гэта не вельмі дакладвае і далейшая гісторыя слоў няясная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́мзаць ’паволі есці, жаваць’ (Нас.). Зыходным значэннем для гэтай групы слоў (якая ўваходзіць да вельмі разгалінаванага семантычна сямейства з асновай *gъmъz‑ у слав. мовах) з’яўляецца ’рабіць паволі, капашыцца і да т. п.’ Семантыка ’есці, жаваць паволі’ — гэта канкрэтызацыя больш агульнага значэння Далей сюды адносяцца гамзіць ’есці, уплятаць’ (Нас.), гамзі́ць ’рабіць неакуратна’ (Бяльк.). Аб іншых словах, якія адносяцца да *gъmъz‑, гл. гамза́ць1, гамза́ць2, гамзе́ць. Да га́мзаць адносіцца і ўкр. го́мзатися ’варочацца, капашыцца’ (Грынч.), рус. гомзи́ть ’кішэць’, гомози́тьмітусіцца’. Аб гэтым вялікім сямействе слав. слоў гл. у Фасмера (1, 435: пад гомоза́, гомза́ть) і асабліва ў Слаўскага, 1, 277–278. Вельмі падрабязны агляд гл. Трубачоў, Эт. сл., 193–195.

Гамза́ць1 ’біць штуршкамі, калаціць’ (Нас.), гамзі́ць ’ціскаць каленямі або біць кулакамі’ (Нас.). Да вялікага сямейства слоў, якія разгледжаны пад ге́мзаць, гамзе́ль, гамзе́ць, гамзі́ць (гл.). Бел. словы гамзі́ць ’біць, есці’ і гамзі́ць ’рабіць неакуратна’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 194–195) пад праформай *gъmъziti () разглядае з іншымі словамі з розных слав. моў, не высвятляючы развіцця семантыкі ў бел. лексемах. Магчыма, ’капашыцца’ ← *’капашыцца, турбаваць’ ← ’турбаваць, біць’ ← ’біць’.

Гамза́ць2 ’гнусавіць’ (БРС, Шат., Касп.). Параўн. вытворныя: гамза́ты ’той, што гаворыць у нос’ (Шат., Касп., Бяльк.), гамзу́н ’тс’ (Шат., Касп.), гамза́тка ’жанчына, што гаворыць у нос’ (Бяльк.), гамзаце́ль, гамзаце́нь ’гамзаты’ (Бяльк.). Бясспрэчна, гэта слова адносіцца да прасл. *gъmъz‑, г. зн. да вялікай групы слоў, разгледжаных пад га́мзаць, гамзе́ль, гамза́ць, гамзі́ць і г. д. Але развіццё семантыкі растлумачыць не вельмі лёгка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скака́ць, скачу, скачаш, скача; незак.

1. Рабіць скачок, скачкі; падскокваць. Крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі. Колас. Танцуюць хлопцы «Збуйніцкі» танец, Скачуць з дзяўчатамі цераз касцёр. Танк. Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго. Бяганская. Кожны раз, як з працы Вечарам прыйду я, Прада мной дачушка Скача і танцуе. Астрэйка. // Рухацца скачкамі. Скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч. На адталым дзірване Павесялелы скача верабей... Лось. // Рабіць спартыўныя скачкі; займацца скачкамі як спортам. Скакаць з парашутам. □ У сектарах было многа юнакоў і дзяўчат, якія скакалі, штурхалі ядро, займаліся на гімнастычных прыладах. Шыцік. // Кідацца ўніз скачком. — Калі купацца можна, дзед? Скакаць у рэчку з вышкі? Бялевіч. Зіна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра. Васілёнак. // перан. Імкліва цячы па ўступах, каменні і пад. (аб рэчцы, ручаі і пад.). З другога боку, унізе, скача па кам[янях] вясёлы гаманлівы ручай. Шамякін. // перан. Разм. Мітусіцца, імкнучыся дагадзіць. Такароўцы.. стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады. Бядуля. // перан. Разм. Мітусіцца (пра думкі і пад.). Цяпер думкі адна за адной скакалі ў яго [Сымона] галаве. Чарнышэвіч.

2. Стукаючыся аб што‑н. цвёрдае, адскокваць убок ці ўверх. Дождж.. Кроплямі па шкле аконным скача... Макаль. Гумавыя шыны лёгка скакалі па кар[анях], і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. Уся.. маленькая постаць [хлопчыка] цягнулася наперад да капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць. Лынькоў.

3. перан. Падскокваючы, рабіць рухі, якія нагадваюць скокі. Коні ў загарадзе пачынаюць скакаць і станавіцца на дыбкі. Мурашка. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца. Купала. // Дрыжаць, падскокваць, рабіць бязладныя рухі. Над лабавым шклом.. [аўтобуса] скакалі-калаціліся дзве фанерныя закладкі з назвамі «Бабруйск» і «Мазыр». Ракітны. Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна. Барадулін. Рукі.. [пані Яндрыхоўскай] калоцяцца, аловак скача па паперы. Крапіва. / Пра полымя, агонь і пад. Мігатлівыя языкі агню весела скакалі над распаленым вуголлем. Арочка. Полымя скакала каля самых [акон], пачынала лізаць сцены. Бураўкін. / Пра святло, цені, водблескі і пад. Сонечная ўбіраецца ў сілу раніца. Вясёлыя водблескі скачуць на люстраной роўнядзі копанкі. Навуменка. Чырвоныя водсветы гарматных выбухаў скакалі на сценах. Мележ. Ад смеху дрыжэла лучынка ў.. руцэ [Надзі], доўгія цені скакалі па сцяне. М. Ткачоў. // Пра знакі, вобразы і пад., што мітусяцца перад вачыма. У хаце быў паўзмрок, і Паўлік.. не адразу змог убачыць постаць дзеда. У вачах яшчэ некаторы час скакалі літары і малюнкі. Шамякін. // Пра вочы, якія выражаюць унутраны стан чалавека. Сцёпка сядзеў на краі табурэта, насцярожаны і натапыраны, як дзядоўнік. А ў вачах скакалі хітрыя агеньчыкі. Хомчанка. У вачах [Зіны] ужо не скакалі былыя чорцікі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Шыцік.

4. Разм. Міжвольна трэсціся, дрыжаць (пра часткі цела, твару). На твары скакаў і дрыжаў кожны мускул, трапяталася кожная рыса. Крапіва. На поўнай круглай шыі скакала жылка. Пташнікаў.

5. Разм. Нечакана хутка змяняцца. Тэмпература скача. Цэны скачуць.

6. Разм. Танцаваць. Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты Пад музыку пусціліся скакаць... Купала. — А памятаеш, Марфачка, як мы кадрыль скакалі на тваім вяселлі! — раптам загараецца ўся ўспамінам Таццяна. Васілевіч. Вось і полечка, браточкі! А чаму ж нам не скакаць, Калі ўмеем працаваць. Грамыка.

7. Бегчы наўскач, з вялікай хуткасцю (пра каня). Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў. Галіноўская. Галопам скачуць рысакі. І пада мной палоззе, Як спараваныя смыкі, Іграе на марозе. Смагаровіч. // Ехаць (на кані, конях) вельмі хутка. Скачуць тымі стэпамі казакі. Звонак.

8. Разм. Хутка бегчы да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай.

9. Разм. Часта змяняць месца работы, вучобы.

•••

Па сабаку з рота скача — пра таго, хто брыдка лаецца.

Скакаць (танцаваць) пад чыю дудку — рабіць так, як хоча хто‑н., падпарадкоўвацца чужой волі. [Сцёпка:] — Досыць скакаць пад яго [Шупіка] дудку. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ры́паць1 ’падымацца ўверх і апускацца ўніз (пра ніты)’ (петр., Шат.), ри́па ’деталь самопрялки, соединяющая верхнюю часть с подставкою’ (Влад.). Ад ры́паць2 (гл.), параўн. серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’.

Ры́паць2 ’скрабсці’, ’скрыпець’ (Др.), ’скрыпець’ (Гарэц.), ’няўмела іграць на гармоніку, скрыпцы’ (Мядзв.), ры́паць ’рыпець, скрыпець, скрыгаць; дрэнна іграць; поркацца, кешкацца’ (ТС), ры́пацца ’рыпець, выдаваць гукі пры трэнні’ (ТС), ’незадаволена бурчаць’ (Яўс.), ры́палка ’дрэнны гармонік’, ’няўмелы гарманіст’ (Янк. 2, Жд. 3), рус. ры́пать, ры́пнуть, руск. дыял. ры́пать ’скрыпець’, укр. ри́пати ’скрыпець’, рипатися ’часта адчыняць дзверы’, польск. rypać ’удараць’, ’грымець’, ’рыпець’, в.-луж. rypać ’калупаць’, славац. rýpať ’капаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, чэш. rýpati ’калупаць’, ’тыкаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, ’крыўдзіць’, rýpati se ’калупацца’, rupati ’хрусцець’, ’трашчаць’)’, серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’. Прасл. *rypati для якога можна меркаваць першаснае значэнне ’рыць’, ’капаць’, ’рваць’ (польск. дыял. rypać ’стукаць, адбіваць’, ’есці’, ’капаць’, ’крышыць’, чэш. rypati ’капаць, рыць’) і другаснае ’непакоіцца’ (рус. рыпаться, в.-луж. rypać ’чапляцца, назаляць’, балг. ри́паммітусіцца, кідацца’), было растлумачана Брукнерам як вытворнае яд *ryp (утварэнне ад *ryti з суфіксальным ‑p‑) (Брукнер, 472). Аднак наяўнасць славянскіх слоў з тым жа ‑p‑ і іншай агласоўкай кораня тыпу *rupa ’яма’ (укр. рупа, славен. rupa, серб.-харв. rupa, балг. ру́па) і *rupiti sę ’непакоіцца’ (> бел. ру́піцца), што сведчыць аб прыналежнасці ‑p‑ да зыходнай дзеяслоўнай асновы (імаверна вытворнай у сваю чаргу ад і.-е. *reu‑, які даў і прасл. *ryti). Таму больш дакладным падаецца тлумачэнне Махэка, які мяркуе, што слав. *rypati з’яўляецца ітэратывам ад незахаванага дзеяслова *rupiti, якой адпавядаў бы літ. raũpiti (Махэк, 2, 527). Аднак мяркуемы зыходны дзеяслоў прапаноўваецца рэканструяваць у форме *rъpati (*rup‑: *rъp‑: *ryp‑), паколькі захаваліся укр. по́рпати ’капацца, разграбаць, выграбаць (пра курэй)’, ’рыцца ў чым-небудзь’, польск. дыял. parpać ’рыцца, капацца’, балг. дыял. ръ́пам, ръ́пна ’рэзаць тупымі, вышчарбленымі нажніцамі або сярпом’, ’рэзаць дрэнна, няроўна’ (Варбот, Этимология 1971, 6–7; Куркіна, Этимология–1984, 111). Гл. таксама рыпе́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ркаць ’таўхаць кароткімі штуршкамі’, ’рэзкімі рухамі дакранацца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Юрч.), ’даваць, прапаноўваць’ (Нас., Юрч. Вытв.), ’тыкаць’ (Нас., Ласт.): то́ркаць у зубы ’груба падаваць, паказваць’ (Юрч. Фраз.), ’пратыкаць’ (Сцяшк.), ’штурхаць’, ’будзіць’, ’усоўваць, садзіць’ (ТСБМ, Нас.; калінк., Сл. ПЗБ), тарка́ць ’тс’ (Нас.), ’чапаць, кратаць’, ’кляваць’ (ТС; нараўл., З нар. сл.), то́ркаты ’тузаць; падсоўваць’ (драг., З нар. сл.), ’упікаць, дакараць, лаяць’ (Сл. Брэс.; малар., Нар. лекс.), ст.-бел. то́ркати ’бадаць, калоць рагамі’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ркацца ’варушыцца, калывацца’ (ТС), ’совацца, заходзіць’ (Юрч. СНЛ), то́ркнуцца ’даткнуцца’ (Ласт.), то́рнуць ’штурхаць, усадзіць, ткнуць, даць’ (Сл. ПЗБ, Юрч., Жд. 2), торкену́ць ’таўхануць, штурхануць’ (ТС), торк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (ТСБМ), ’тыц’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), торьк ’тс’ (мсцісл., Нар. лекс.; Бяльк.), торк‑торк — пра тузанне (Сержп. Прык.). Укр. то́рка́ти ’чапаць, зачапляць’, ’штурхаць’, ’рушыць’, торка́тися ’дакранацца’, рус. то́ркать ’штурхаць, грукаць’, ’ірваць’, ’выцягваць’, польск. torknąć ’ткнуць’, ’піхнуць, падштурхнуць’, ’ударыць’, ’зачапіць’, н.-луж. starkaś, starcyś ’штурхаць, піхаць’, в.-луж. storkać ’штурхаць’, ’таўчы’, чэш. trkati ’басці, калоць’, ’кідацца (у вочы)’, strkat ’штурхаць’, ’перакідаць з месца на месца’, ’падсоўваць’, славац. trkať ’басці’, славен. tŕkati ’грукаць, штурхаць’, otŕkniti ’зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым’, якое Бязлай (Linguistica, 8/1, 64), адносячы да ізаляваных славенскіх лексем, супастаўляе з літ. trìkti ’штурхаць’, ’быць перашкодай’, trė̃kti ’псаваць’, trãknys ’пацяруха’, харв. кайк. tȑkati ’грукаць у дзверы’, серб. тр́кати ’бегаць туды-сюды’, балг. тъ́ркам ’перашкаджаць’, ’церці’, ’расціраць’, ’драць’, дыял. то́ркам ’моцна калоць’, макед. трчка ’бегаць’, трчамітусіцца’. Прасл. *tъrk‑/*stъrk‑, роднаснае літ. tùrkterėti ’штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490), відаць, гукаперайманне (Фасмер, 4, 83). Да і.-е. *(s)ter(H)‑k‑ ’зацвярдзець’ (Шустар-Шэўц, 1361). Першаснае значэнне — ’біць па нечым цвёрдым’ (Сной₂, 784). Махэк₂ (651) у якасці роднаснай прыводзіць польск. trykać ’басці’. Аднак Скок (3, 504), разглядаючы лексему як анаматапеічную, звязвае яе з літ. treñkti ’грукаць, грымець, трэснуць, шпурнуць з сілай’, ’біць кулаком’, нова-в.-ням. Drang ’націск’, ’імкненне’ і адносіць да і.-е. асновы *trenq‑, якая ў славян без назалізацыі. Куркіна (Этимология–1974, 45–47) мяркуе, што іншаславянскія сувязі застаюцца не зусім яснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бі́цца, б’юся, б’ешся, б’ецца; б’ёмся, б’яцеся; заг. біся; незак.

1. Біць адзін аднаго. Старэйшы сын Сухавеяў Ваця трымаў у страху ўсю ваколіцу, біўся на вечарынках, прыставаў да дзяўчат. С. Александровіч. Не раз біліся маладыя Драздзюкі і Дзятлюкі за Мэру. Бядуля. Неяк спатрэбілася дзеду насячы роўных жардзінак, каб на іх садзіліся пеўні і сядзелі сабе, а не біліся з-за месца. Даніленка. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Трапечуцца дрэвы, кусты ў дзікім тлуме, Размахваюць, б’юцца галінай. Колас.

2. Весці бой; змагацца; ваяваць. Сержант расказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Мележ. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, пішчаць людзей. В. Вольскі.

3. Ударацца, стукацца аб што‑н. або ў што‑н. [Мікалай] з усіх бакоў натыкаўся на дрэвы, біўся аб іх галавою, адпаўзаў. Шамякін. // Парывіста, моцна ўдарацца аб што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). А хвалі Анегі шумелі і біліся ў гневе аб скалы. Машара. Позні дождж Бесперапынна ў шыбы б’ецца. Танк. Вецер скуголіў, свістаў, біўся ў сцяну, у вокны. Шамякін. Б’ецца завея аб шыбы марозныя. Купала. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці; імкнуцца пранікнуць куды‑н. (пра святло, гукі і пад.). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. / Пра пачуцці. У сэрца б’юцца ўспаміны хваляю — Ды не ўзбегчы ёй на стромы бераг... Барадулін.

4. Калаціцца, кідацца. [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. Бабка ўсхапілася, убачыўшы, як натужліва б’ецца бусел на твані, часта-часта захрысціла худыя грудзі. Дуброўскі. // Трапятацца, дрыжаць. Пад казырком ссунутай на патыліцу шапкі Злобіча білася на ветры пасма чорных валасоў. М. Ткачоў. // перан. Мітусіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). «Людзі павінны ведаць, што гаворыць Масква!» — білася ў галаве [Ганны] думка. Ус. // Імкнучыся вырвацца, трапятацца дзе‑н., ударацца аб што‑н. [Віктар] нешта трымаў, а гэтае нешта білася і вырывалася. Маўр. Трапеча, б’ецца шэры камячок у пастцы кіпцюроў. Пысін. Зялёны жук уляцеў у акно, нудна гудзеў і біўся ў шыбу. Хомчанка.

5. без дап. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Гукамер прыклаў [доктар] да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало... Крапіва.

6. перан.; над чым, з кім-чым і без дап. Прыкладаць намаганні, каб дасягнуць чаго‑н.; дамагацца з усіх сіл ажыццяўлення чаго‑н. Колькі ні біўся, колькі ні намагаўся новы шэф, яму ніяк не ўдавалася наладзіць як след паравозную службу. Лынькоў. // Разм. Жыць у цяжкіх умовах, празмерна працуючы. Але як ні б’ецца.. [Сымон] на бацькавай палосцы — усё без хлеба, усё ў нястачы жыць даводзіцца. Якімовіч.

7. Выцякаць імклівым струменем. Мішурын трымаўся за правую руку вышэй локця, стараючыся заціснуць кроў, што білася з раны. Чорны. // Выбівацца (пра бурныя праявы энергіі, пачуццяў і пад.). У іх [вершах] б’ецца гарачае пачуццё да роднай зямлі, да яе нязломнай сілы, да пакут і радасцей. Грахоўскі.

8. Прабівацца праз што‑н. Праз лісце білася наверх парыжэлая трава. Чорны.

9. Раздзяляцца, дзяліцца. Рубанаўка б’ецца на пасёлкі. Галавач.

10. Разбівацца (пра шкло, пасуду).

11. Зал. да біць (у 2, 10 знач.).

•••

Біцца аб заклад — тое, што і ісці ў заклад (гл. ісці).

Біцца галавой аб сцяну — рабіць марныя намаганні дамагчыся чаго‑н.

Біцца за пусты мех — настойліва даводзіць відавочнае, вядомае, за што няма патрэбы спрачацца.

Біцца як рыба аб лёд — гараваць, бедаваць, дарэмна дабіваючыся лепшага; жыць у бядзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)