мітусі́цца

дзеяслоў, непераходны, незакончанае трыванне, зваротны, 2-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. мітушу́ся мітусі́мся
2-я ас. мітусі́шся мітусіце́ся
3-я ас. мітусі́цца мітуся́цца
Прошлы час
м. мітусі́ўся мітусі́ліся
ж. мітусі́лася
н. мітусі́лася
Загадны лад
2-я ас. мітусі́ся мітусі́цеся
Дзеепрыслоўе
цяп. час мітусячы́ся

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

мітусі́цца, -тушу́ся, -ту́сішся, -ту́сіцца; -ту́сімся, -ту́сіцеся, -ту́сяцца; незак.

1. Хутка і без перапынку перамяшчацца ў розных напрамках.

Мітусяцца людзі на вакзале.

Думкі мітусяцца (перан.).

2. Увіхацца, хутка рабіць што-н.

М. каля печы.

3. Мільгацець перад вачамі.

Літары мітусяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мітусі́цца несов.

1. суети́ться; мета́ться;

2. (быть в хлопотах) суети́ться, хлопота́ть;

3. (перед глазами) мелька́ть; мельтеши́ть;

4. безл. (об ощущении пестроты, ряби) пестри́ть, ряби́ть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.

1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.

2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.

3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мітусі́цца, мітузі́цца, мітушы́цца, мытушы́тысь, мытушя́тысь ’хутка і бесперапынку перамяшчацца ў розных напрамках’, ’бязладна рухацца, увіхацца’, ’мільгацець перад вачыма’, ’рабацець, каламуціцца, перамешвацца’, ’перашкаджацца’, ’свяціць няроўным бляскам’, ’салавець’, ’збівацца ў размове, губляцца, саромецца’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Мядзв., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., Клім., ТС; паст., пух., іўеў., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; Крыў., Дзіс.). Рус. ми́туси́ть ’перамешваць, збіваць з панталыку’, ’глядзець адным вокам, жмурыцца’, митуси́тьсямітусіцца’, ’хвалявацца’, ’рабацець’, ’здавацца’, смал. митуса́ ’няўрымслівы’. Параўн. таксама рус. мельтеши́ть ’мільгаць’. Да мі́тусь (гл.). Карскі (Труды, 393) супастаўляе бел. мітусі́ць ’муціць, мяшаць, трывожыць’ з літ. mita, mitas ’крыло мутніка (венцера)’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) адносіць лексему мітусі́цца да балтызмаў перыяду існавання Велікага княства Літоўскага. Лаўчутэ (Балтизмы, 55–56) у якасці балт. крыніцы для бел.-рус. ізалексы падае лат. mits, mitus ’мена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мітусіцца, круціцца, таўчыся; таўпехацца (разм.); біцца, кідацца (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

замітусі́цца, -тушу́ся, -тусі́шся, -тусі́цца; -тусі́мся, -тусіце́ся, -туся́цца; зак.

Пачаць мітусіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

суети́ться несов. мітусі́цца;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сумятлі́вы, -ая, -ае.

1. Залішне мітуслівы, схільны мітусіцца.

С. чалавек.

2. Поўны мітусні, клопатаў.

С. месяц.

|| наз. сумятлі́васць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

замітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; зак.

Пачаць мітусіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)