біцца, б’юся, б’ешся, б’ецца; б’ёмся, б’яцеся; заг. біся; незак.
1. Біць адзін аднаго. Старэйшы сын Сухавеяў Ваця трымаў у страху ўсю ваколіцу, біўся на вечарынках, прыставаў да дзяўчат. С. Александровіч. Не раз біліся маладыя Драздзюкі і Дзятлюкі за Мэру. Бядуля. Неяк спатрэбілася дзеду насячы роўных жардзінак, каб на іх садзіліся пеўні і сядзелі сабе, а не біліся з-за месца. Даніленка. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Трапечуцца дрэвы, кусты ў дзікім тлуме, Размахваюць, б’юцца галінай. Колас.
2. Весці бой; змагацца; ваяваць. Сержант расказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Мележ. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, пішчаць людзей. В. Вольскі.
3. Ударацца, стукацца аб што‑н. або ў што‑н. [Мікалай] з усіх бакоў натыкаўся на дрэвы, біўся аб іх галавою, адпаўзаў. Шамякін. // Парывіста, моцна ўдарацца аб што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). А хвалі Анегі шумелі і біліся ў гневе аб скалы. Машара. Позні дождж Бесперапынна ў шыбы б’ецца. Танк. Вецер скуголіў, свістаў, біўся ў сцяну, у вокны. Шамякін. Б’ецца завея аб шыбы марозныя. Купала. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці; імкнуцца пранікнуць куды‑н. (пра святло, гукі і пад.). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. / Пра пачуцці. У сэрца б’юцца ўспаміны хваляю — Ды не ўзбегчы ёй на стромы бераг... Барадулін.
4. Калаціцца, кідацца. [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. Бабка ўсхапілася, убачыўшы, як натужліва б’ецца бусел на твані, часта-часта захрысціла худыя грудзі. Дуброўскі. // Трапятацца, дрыжаць. Пад казырком ссунутай на патыліцу шапкі Злобіча білася на ветры пасма чорных валасоў. М. Ткачоў. // перан. Мітусіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). «Людзі павінны ведаць, што гаворыць Масква!» — білася ў галаве [Ганны] думка. Ус. // Імкнучыся вырвацца, трапятацца дзе‑н., ударацца аб што‑н. [Віктар] нешта трымаў, а гэтае нешта білася і вырывалася. Маўр. Трапеча, б’ецца шэры камячок у пастцы кіпцюроў. Пысін. Зялёны жук уляцеў у акно, нудна гудзеў і біўся ў шыбу. Хомчанка.
5. без дап. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Гукамер прыклаў [доктар] да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало... Крапіва.
6. перан.; над чым, з кім-чым і без дап. Прыкладаць намаганні, каб дасягнуць чаго‑н.; дамагацца з усіх сіл ажыццяўлення чаго‑н. Колькі ні біўся, колькі ні намагаўся новы шэф, яму ніяк не ўдавалася наладзіць як след паравозную службу. Лынькоў. // Разм. Жыць у цяжкіх умовах, празмерна працуючы. Але як ні б’ецца.. [Сымон] на бацькавай палосцы — усё без хлеба, усё ў нястачы жыць даводзіцца. Якімовіч.
7. Выцякаць імклівым струменем. Мішурын трымаўся за правую руку вышэй локця, стараючыся заціснуць кроў, што білася з раны. Чорны. // Выбівацца (пра бурныя праявы энергіі, пачуццяў і пад.). У іх [вершах] б’ецца гарачае пачуццё да роднай зямлі, да яе нязломнай сілы, да пакут і радасцей. Грахоўскі.
8. Прабівацца праз што‑н. Праз лісце білася наверх парыжэлая трава. Чорны.
9. Раздзяляцца, дзяліцца. Рубанаўка б’ецца на пасёлкі. Галавач.
10. Разбівацца (пра шкло, пасуду).
11. Зал. да біць (у 2, 10 знач.).
•••
Біцца аб заклад — тое, што і ісці ў заклад (гл. ісці).
Біцца галавой аб сцяну — рабіць марныя намаганні дамагчыся чаго‑н.
Біцца за пусты мех — настойліва даводзіць відавочнае, вядомае, за што няма патрэбы спрачацца.
Біцца як рыба аб лёд — гараваць, бедаваць, дарэмна дабіваючыся лепшага; жыць у бядзе.