умяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пранікнуць куды‑н., змяшацца з чым‑н. Сашка ўмяшаўся ў натоўп.. Доўга сядзеў на скверы і, як зачумлены, пайшоў да бацькі. Чорны.

2. Увайсці, унікнуць у чые‑н. справы, адносіны, прыняць актыўны ўдзел у іх. Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі [пані падлоўчай], бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё. Колас. У час умяшалася ў звадку і мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок. Мележ. [Машы] было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Шамякін. // Прыняць удзел у чым‑н. з тым, каб спыніць што‑н. [Семянюк:] — Я прыйшоў прасіць партыйны камітэт умяшацца і прыпыніць знішчэнне барка. Мяжэвіч. Вось ухапіліся [свёкар і бацька] ўжо за бароды... Маці ўмяшалася, Іх разнімае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учу́ць, учую, учуеш, учуе; зак., што і з дадан. сказам.

Разм.

1. Успрыняць слыхам які‑н. гук; пачуць. Прыслухаўся [Юрый] да цішыні ў хаце і ўчуў, як цікае ў сталовай гадзіннік. Мікуліч. Хлапец учуў незнаёмую гамонку ў двары. Быкаў.

2. Улавіць, зразумець тое, што гавораць. [Пракоп Асіна] развітальна памахаў рукохю і нешта праказаў. Вінцусь Шавель не ўчуў і перапытаў. Той выгукнуў на ўвесь голас: — Не забудзь пазваць на блінцы! Гартны.

3. Улавіць нюхам, чуццём. Лось па момант спыніўся, трывожна панюхаў паветра і, відаць, учуўшы небяспеку, неяк дзіўна падскочыў.. і шалёна рынуўся ў гушчар. Шчарбатаў. На пераездзе першы ўчуў нядобрае баец Пшанічны. Быкаў. Учуўшы добразычлівасць ў яго голасе, я наважыўся запярэчыць: — Дзядзька Зміцер! А можа не трэба тых вершаў здымаць? Я папраўлю. Лужанін. // Адчуць. Рука апухла і пасінела. Галіна зрабіла ўкол вышэй локця, — Леанід не ўчуў болю, — убінтавала. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблі́чча, ‑а, н.

1. Твар; рысы, выраз твару. Пазнаць па абліччы. Суровае аблічча. □ З галавы ні на хвіліну не выходзіла аблічча маладой дзяўчыны. Колас. Штурхаючыся, збіваючы людзей з ног, Толя бегаў.. ўзад і ўперад, выглядаючы знаёмае аблічча. Якімовіч. // Вонкавы выгляд каго‑н. Вонкавае аблічча. Дзіўна, наколькі яго [зубра] аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі. Усё.. аблічча [дзяўчыны] выдавала яе ўсходняе паходжанне. Васілевіч.

2. Агульны вонкавы выгляд, сукупнасць адметных рыс, характэрных чаму‑н. Суровае ваеннае аблічча сталіцы. Пераўтварыць аблічча зямлі. □ Камуністы аблічча краіны змяняюць, Упрыгожваюць гарадамі, садамі, Небывалыя ў полі расцяць ураджаі, Азараюць зямлю залатымі агнямі. Танк. Сціраецца аблічча старой вёскі. Дуброўскі.

3. перан. Індывідуальнасць, унутраны змест каго‑, чаго‑н.; духоўны склад, характар. Маральнае аблічча савецкага чалавека. Творчае аблічча пісьменніка. Нацыянальнае аблічча літаратуры. □ Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.

1. Надаць музычнаму інструменту пэўную вышыню гуку. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Тым часам Віктар настроіў гітару і прыемным барытонам пачаў спяваць. Ваданосаў.

2. Падрыхтаваць да работы, наладзіць, адрэгуляваць (пра механізмы). Настроіць станкі. // Прыстасаваць для прыёму хваль (радыё, магнітных і пад.). [Сенатар] настроіў тэлевізар на другую хвалю. Гамолка.

3. Выклікаць які‑н. настрой. Простая, знаёмая з.. маленства, работа дала [Сіротку] асалоду, дзіўна хораша настроіла, зрабіла добрым, лагодным, вясёлым. Шамякін. Багатая кватэра настроіла Дземідзецкага на вясёлы лад. Новікаў. На філасофскі часам лад Настроіш думкі ты ў самоце. Колас.

4. Выклікаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі (у адносінах да каго‑, чаго‑н.). Настроіць усіх супроць сябе. □ Бацька навучыў мяне чытаць буквар і разам з маці так настроіў на вучобу, што я з радасцю пераступіў школьны парог. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тры́зненне, ‑я, н.

1. Стан паводле дзеясл. трызніць (у 1 знач.). У паўдрымоце, у гарачым трызненні .. [Саша] прыціскала .. галаву [Шапятовіча] да сваіх грудзей. Шамякін.

2. Бяссэнсавая гаворка хворага, які знаходзіцца без памяці. На задніх фурманках везлі, відаць, цяжка параненых, бо цяпер над дарогай чуліся прыглушаныя стогны, словы трызнення. М. Ткачоў. Трызненне адразу сціхла. Ранены прамармытаў нешта скрозь сон, роўна задыхаў. Лупсякоў. // Разм. Пазбаўленая сэнсу балбатня, бязглуздзіца. [Рыбакоў:] — Усё, што вы пагаварылі тут, — дзікае трызненне. Асіпенка.

3. Галюцынацыя. Некалькі гадзін .. [Іван] спаў непрабудна і глыбока, потым ліпкая мешаніна трызнення і рэальнасці пачала блытацца, кружыць у яго цьмянай, соннай свядомасці. Быкаў.

4. Мары, думкі аб кім‑, чым‑н. Але Ірма там будзе. І будзе аўтарскае трызненне ёю, шчымліва-ціхае і бясконцае — як песня падбітай птушкі. Карамазаў. Страх гэты дзіўна не цьмеў у яве, ён як бы пераходзіў з трызненняў у жыццё. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́льмі нареч. весьма́, о́чень, сли́шком, кра́йне; кре́пко; стра́шно; чрезме́рно;

не в. стара́нна — не сли́шком приле́жно;

усё гэ́та было́ в. ціка́ва — всё это бы́ло о́чень интере́сно;

в. дзі́ўна, што ты ўдзе́льнічаеш у гэ́тай спра́ве — меня́ кра́йне удивля́ет твоё уча́стие в э́том де́ле;

гэ́та мне в. надаку́чылаэ́то мне стра́шно надое́ло;

в. ўдзя́чны — весьма́ благода́рен;

в. гро́зны — чрезме́рно (сли́шком) гро́зный;

в. до́брао́чень хорошо́;

в. паважа́ны — высокоуважа́емый;

не в. (што) — не о́чень (не ахти́, та́к себе)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пацішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Стаць цішэйшым; прыглушыцца (пра голас, гукі, шум і пад.). Галасы на кухні пацішэлі, нібыта аддаліліся. Савіцкі. Калі Ніна гаварыла пра дачку, голас яе дзіўна пацішэў, задрыжаў. Мележ. // безас. Пра наступленне цішыні. Чуліся воклічы і рогат, усплёскі вады. Потым пацішэла. М. Ткачоў. // перан.; безас. Стаць больш спакойным, страціць вастрыня) (пра жыццё, падзеі і пад.). Маці, калі ён адыходзіў, чамусьці заплакала. Выціраючы ражком хусткі вочы, сказала: — Заходзьце, Карл Эрнаставіч, як пацішэе на свеце. Асіпенка. У вёсцы пацішэла, і людзі перабраліся жыць у свае спустошаныя хаты. М. Ткачоў.

2. Стаць слабейшым, страціць сілу. Бура за гэты час не толькі не пацішэла, а яшчэ больш расхадзілася. Кірэенка. Вецер прыкметна пацішэў: у мутнаватым месячным святле кружыліся шэрыя сняжынкі. М. Стральцоў.

3. Стаць больш спакойным; уціхамірыцца. [Галена:] — Як цяпер стары Нахлябіч жыве? [Зося:] — Баіцца, каб не выселілі. Пацішэў, але хто яго ведае... Чорны. [Аканом] нават трохі пацішэў, пачаў менш лаяцца. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нако́лькі, прысл.

1. меры і ступені. У якой ступені, у якой меры. [Гудовіч партызанам:] Абяцаю вам, што я выкарыстаю гэтую зброю на ўсю яе магутнасць, наколькі хопіць маіх сіл. Крапіва. Жанчына, наколькі я разумеў гэта, хварэла на сэрца, і яе, небараку, у дарозе хапіў прыступ. Чыгрынаў.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) у даданых дапаўняльных сказах. Сцяпан Каваль не раз трапляў пад паліцэйскую аблаву. Даводзілася ўсяк — і цяжка і лёгка. Усё залежала ад таго, наколькі сілы паліцыі пераважалі яго сілы. Пестрак. Сам па сабе ўзровень мастацкага твора не заўсёды з’яўляецца паказчыкам таго, наколькі пісьменнік выкарыстаў свае творчыя магчымасці. Крапіва; б) у даданых дзейнікавых сказах. Вочы .. [зубра] паблісквалі з-пад кучаравай, навісаючай грывы. Барада была чорная і густая. Дзіўна, наколькі яго аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі; в) у даданых сказах меры і ступені (звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «настолькі», «нагэтулькі» ў галоўным сказе). Наколькі дапамог.. [Чыкілевічу] Пракоп, нагэтулькі, калі не болей, пашкодзіць яму.. [Мікіта]. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стры́маны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стрымаць.

2. у знач. прым. Які ўмее валодаць сабой, не выяўляць свае пачуцці. Спакойная і стрыманая ў звычайныя часы,.. [Кацярына] нават не намагалася захаваць свайго хвалявання. Мікуліч. // Уласцівы такому чалавеку. — Добры вечар у хату, — са стрыманай ветлівасцю павітаўся Рыбак. Быкаў. // Спакойны, скупы (у рухах, мове). Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.

3. у знач. прым. Які не праяўляецца, не выяўляецца ў поўнай меры, у поўнай сіле. Па ціхіх, стрыманых галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лугановіч адчувала, як палягчэла на душы ў людзей. Мележ. [Віктар] сядзеў, як на іголках, прыслухоўваючыся да стрыманай гамонкі. Асіпенка. Дзесь ціха праплыве лодка, плясне вясло, пачуецца стрыманы смех. Васілевіч. // Спакойны, тактычны, не рэзкі (пра рухі, мову). Калі мы праходзім тут са сваім акрываўленым цяжарам, з адных насілак нас аклікае ціхі, дзіўна стрыманы голас: — Калегі, запалка ёсць? Брыль.

4. у знач. прым. Пазбаўлены сардэчнасці, гасціннасці. Стрыманая сустрэча. Стрыманы прыём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Пажыўшы або папрацаваўшы дзе‑н. некаторы час, прыстасавацца, прызвычаіцца да гэтага месца, абстаноўкі. Партызаны Ларывончыкавага атрада гэтак прыжыліся да таго густога, здавалася, непраходнага лесу, ажно некаторыя забываліся, што яны на вайне. Сабаленка. Ганялі .. [Сакалоўскага] з цэха ў цэх — нідзе не прыжыўся. Шынклер. Кінуў [бацька] зямлю, увесь набытак і падаўся ў горад. Там і прыжыўся. Сачанка. Для мяне было ясна, што яна служыць там аддана, як могуць служыць толькі працавітыя, сумленныя і адзінокія старыя жанчыны, якія з цягам часу прыжыліся ў чужой сям’і. Карпюк. [Прадзед] адстаў ад свайго табара ды так і прыжыўся ў вёсцы. П. Ткачоў.

2. Прыстасаваўшыся да новых умоў, пачаць добра расці, развівацца (пра жывёл, расліны). Маладыя дрэўцы, пасаджаныя мінулай восенню і вясной, прыжыліся. Хадкевіч. Прыжыліся буслы ў горадзе: Адчуваюць сябе як дома. Сіпакоў. // Прырасці, зрасціся з чым‑н. Прышчэпак добра прыжыўся.

3. Замацавацца дзе‑н., за чым‑н. Палявая, Лугавая, Аляксандраўская, Мікалаеўская — так называюцца вуліцы. Але назвы гэтыя не прыжыліся, завуць па-ранейшаму. Навуменка. Каўбойскія фільмы, як гэта ні дзіўна, трывала прыжыліся на італьянскіх экранах. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)