стры́маны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад стрымаць.
2. у знач. прым. Які ўмее валодаць сабой, не выяўляць свае пачуцці. Спакойная і стрыманая ў звычайныя часы,.. [Кацярына] нават не намагалася захаваць свайго хвалявання. Мікуліч. // Уласцівы такому чалавеку. — Добры вечар у хату, — са стрыманай ветлівасцю павітаўся Рыбак. Быкаў. // Спакойны, скупы (у рухах, мове). Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.
3. у знач. прым. Які не праяўляецца, не выяўляецца ў поўнай меры, у поўнай сіле. Па ціхіх, стрыманых галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лугановіч адчувала, як палягчэла на душы ў людзей. Мележ. [Віктар] сядзеў, як на іголках, прыслухоўваючыся да стрыманай гамонкі. Асіпенка. Дзесь ціха праплыве лодка, плясне вясло, пачуецца стрыманы смех. Васілевіч. // Спакойны, тактычны, не рэзкі (пра рухі, мову). Калі мы праходзім тут са сваім акрываўленым цяжарам, з адных насілак нас аклікае ціхі, дзіўна стрыманы голас: — Калегі, запалка ёсць? Брыль.
4. у знач. прым. Пазбаўлены сардэчнасці, гасціннасці. Стрыманая сустрэча. Стрыманы прыём.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)