зацвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце; зак.

1. Пачаць цвісці; распусціцца, раскрыцца (пра кветку). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў. Васілевіч. // Пакрыцца кветкамі. Сад зацвіў. □ Паглядзіш з горкі ўвесну, як зацвітуць дрэвы, здаецца, быццам хтосьці ўсё малаком абліў. Пальчэўскі.

2. перан. Зрабіцца радасным, ажыўленым (пра чалавека, яго твар, вочы). Як глянула на гэту фатаграфію, радасцю зацвіла дзяўчына, і шчокі яе макам загарэліся. Колас. Зацвіў усмешкай.. бацькаў твар. Астрэйка.

3. перан. Пачаць пышна развівацца; расквітнець. І па волі вялікага Леніна Дружна рушаць атрады на бой, Каб жыццё і квяціста і зелена Зацвіло над Бярозай-ракой. Глебка.

4. Пакрыцца, напоўніцца водарасцямі (пра ваду). Вада зацвіла.

5. Пакрыцца цвіллю, плесняй. Хлеб зацвіў. Сыр зацвіў.

6. Пакрыцца плямамі (пра шкло, метал).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаці́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты, зарослы густым шчаціннем (пра жывёл). Ні заду, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава з шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай. Маўр. // Густа парослы кароткімі жорсткімі валасамі (пра твар). Дзіцячая рука сутаргава паднялася і жорстка кранулася.. шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Мужчына прычмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай.

2. Жорсткі, цвёрды, які нагадвае шчацінне (пра валасы, поўсць). Смех недзе бушаваў у яго сярэдзіне, і ад яго толькі торгаліся шчаціністыя рудыя вусы. Сабаленка. Гэты рабочы быў худы з твару, аброслы шчаціністай барадой. Пестрак. // перан. Паверхня якога пакрыта чым‑н. калючым, што нагадвае шчацінне. А дома ў гэту самую пару рахманы верасень бесклапотна валочыцца за статкам кароў па шчаціністым іржэўніку. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́скаць ’пырскаць, паліваць’ (Байк. і Некр., Бяльк., Ян.), пры́снуть ’пырснуць (аб дажджы)’ (Растарг.), пры́скаўка ’пульверызатар’ (Гарэц., Др.-Падб.); ст.-бел. прыснуты ’захвалявацца’, укр. при́скати ’пырскаць’, рус. пры́скать ’пырскаць; лопацца’, польск. pryskać ’пырскаць; разлятацца з трэскам, лопацца’, в.-луж. pryskać ’тс’, н.-луж. pśyskaś ’усковаць’, чэш. prýskati ’пырскаць’, славац. prýštiť ’біць струмянём’, серб.-харв. пр́скати ’пырскаць’, славен. pŕskati ’пырскаць’, балг. пръ́скам ’тс’, макед. прска ’тс’. Прасл. *pyrskati, *pъrskati. Бліжэйшыя адпаведнікі літ. praũsti, praustù ’умываць’, prusnà ’пыса (у жывёліны)’, ст.-прус. В. скл. адз. л. prusnanтвар’, лат. praũslât ’пырскаць’. Гл. Траўтман, 230; Фасмер, 3, 391; Махэк₂, 489; Бязлай, 3, 129; БЕР, 5, 827; ЕСУМ, 4, 576. Да семантыкі дзеяслова гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расква́сіць1 ’размягчыць, зрабіць мяккім, гразкім’ (ТСБМ, Мат. Гом.), росквасну́ць ’размокнуць ад залішняй вільгаці, стаць гразкім, размякнуць’, ро́сквась ’бездараж’ (ТС). Гл. ква́сіць.

Расква́сіць2 ’разбіць; разбіць да крыві (нос, твар); рассячы’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Ян.): misku raskvasić (Варл.), расквасіў ён зьмею ўсе двананцаць галоў (Сержп. Казкі). Параўн. польск. rozkwasić разбіць, растаўчы, моцна параніць (да частак цела)’. Непасрэдна звязанае з расква́сіць1 (гл.), у пераносным выкарыстанні значэння ’ўвільгатніць’ ці ’размякчыць’, ’размясіць (як цеста)’, значэнне ’рассячы’ вынікае з ’разбіць да крыві’. Паводле Запруднага (дыс., 34), значэнні ’выдзеліць кроў’ і ’выдзеліць кіслую вадкасць’ звязаны наўпрост. Малаверагодная версія пра семінарызм ад лац. quatiō, quassus ’разбіваю’, хаця Фасмер (3, 444) пасля Патабні звяртае ўвагу на рус. квас.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ірдзе́ць, ірдзе́цца ’вылучацца сваім ярка-чырвоным колерам; чырванець’ (ТСБМ, Шат.), ірдзі́цца ’тс’ (Гарэц.), ірдзе́цца ’чырванець, гарэць чырванню; чырванець, наліваючыся кроўю (твар) ад злосці’ (Янк. II), ірдзі́ць ’злавацца’ (Мат. Маг.). Рус. рдеть, рде́ться ’чырванець’, укр. рди́тися ’гарачыцца’, чэш. rdíti se ’чырванець’, славен. rdeti ’тс’. Ст.-слав. рьдѣти сѧ ’чырванець’, ст.-рус. ръдѣтисѧ ’чырванець’, ’быць румяным, квітнеючым’, ’чырванець, саромецца’. Прасл. *rъděti узыходзіць да і.-е. кораня *reudh‑/*roudh‑ ’чырвоны’; параўн. лац. rubēre, ст.-в.-ням. irrotên ’чырванець’ (падрабязней агульны і.-е. фон гл. іржа1). Гл. Покарны, 1, 872–873; Фасмер, 3, 453; КЭСРЯ, 386; Махэк₂, 510; Голуб-Копечны, 310; Бахіліна, История цветообозначений, 125–134, дзе шлях семантычнага развіцця ў рускай мове. З іншым вакалізмам гл. руда, руды, рыжы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вясёлы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны радасці; жыццярадасны. Вясёлы настрой. Вясёлы характар. □ [Лейтэнант:] — Выключны быў таварыш, вясёлы хлопец, жартаўнік... Васілевіч. // Які перадае весялосць. Вясёлы твар. Вясёлыя вочы.

2. Які выклікае, нараджае весялосць, жыццярадаснасць. Вясёлы спектакль. Вясёлыя песні. □ Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў. // Светлы, яркі. Вясёлы ранак. □ Поезд хаваўся то пад кронай свежай яркай зелені, то імчаўся паміж вясёлых пералескаў. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вясня́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Абрадавая веснавая песня. Дзяўчаты хорам спявалі «вяснянкі». Колас.

2. Абл. звычайна мн. (вясня́нкі, ‑нак). Тое, што і вяснушкі. І шчокі і кірпаты нос былі ўсеяны такім мноствам вяснянак, што, калі твар трапляў пад сонца, здавалася, ён, успыхваў, як касцёр. Лынькоў.

3. Насякомае атрада сятчастакрылых.

4. Аднагадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аце́слівы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Пра хлеб, спечаны з дрэнна прыгатаванага цеста; не пульхны, глёўкі. Хлеб быў жоўта-шэры, ацеслівы, рэдкі, ён нават не пах хлебам, а так нечым кіслым. Арабей.

2. перан. Нясвежы, памяты. Сонны ацеслівы твар. // Прыдуркаваты, недапечаны. [Шпакоўскі:] — Маці не хоча аддаць Наташу за Высоцкага. Той характарам круты. А Наташа не хоча ісці за Саладуху. Гэты нейкі ацеслівы. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азы́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Хваравіта тоўсты, апухлы. Азызлы твар. Азызлыя рукі. □ Хада насцярожанай стала — страцілі ногі былую гнуткую цвёрдасць.. Цяпер ныюць ногі, цяжкія, азызлыя. Лынькоў.

2. Азяблы, настылы. На ўзгорачку, у кусточку, пырхала нейкая азызлая птушачка. Гарэцкі. Федзя запомніў больш за ўсё тую апошнюю восень — познюю, сырую, з азызлай зямлёй і нізкімі аблокамі, якія ледзь не чапляліся за вершаліны дубоў. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палагадне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць больш лагодным, памяркоўным; падабрэць. Стары неяк адразу палагаднеў, спытаў, адкуль ідзе маладзіца і ці далёка ісці. Шамякін. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра голас, твар, погляд і пад.). Пальцы гаспадыні спрытна лічылі храбусткія паперкі, голас палагаднеў. Савіцкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цяплейшым; памякчэць. Вецер палагаднеў, абяцаючы мяккую цяплынь бабінага лета. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)