зацвісці, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце; зак.
1. Пачаць цвісці; распусціцца, раскрыцца (пра кветку). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў. Васілевіч. // Пакрыцца кветкамі. Сад зацвіў. ▪ Паглядзіш з горкі ўвесну, як зацвітуць дрэвы, здаецца, быццам хтосьці ўсё малаком абліў. Пальчэўскі.
2. перан. Зрабіцца радасным, ажыўленым (пра чалавека, яго твар, вочы). Як глянула на гэту фатаграфію, радасцю зацвіла дзяўчына, і шчокі яе макам загарэліся. Колас. Зацвіў усмешкай.. бацькаў твар. Астрэйка.
3. перан. Пачаць пышна развівацца; расквітнець. І па волі вялікага Леніна Дружна рушаць атрады на бой, Каб жыццё і квяціста і зелена Зацвіло над Бярозай-ракой. Глебка.
4. Пакрыцца, напоўніцца водарасцямі (пра ваду). Вада зацвіла.
5. Пакрыцца цвіллю, плесняй. Хлеб зацвіў. Сыр зацвіў.
6. Пакрыцца плямамі (пра шкло, метал).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)