Ра́льнік ’араты’ (смарг., Шатал.). Утворана ад ралі́ць (гл.) пры дапамозе суф. ‑нік, што стварае назву асобы па занятку, параўн. пі́льнік ’той, хто пілуе’, жа́тнік ’той, хто жне’ (Сцяцко, Афікс. наз., 54), параўн. польск. rolnik ’сельскагаспадарчы рабочы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыро́мля ’сырасць’ (Нар. Гом.), ’сырое, мокрае (дрэва, сена, салома)’ (глуск., Янк. Мат.), ’сырыя дровы’ (Ян.), ’сырая, недагатаваная страва’ (Янк. 3.). Укр. палес. сиро́мля ’сырызна, нешта сырое’. Утворана ад сыры (гл.) па тыпу сухомля, сухмель, гл. сухмень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тармашы́ць ’тузаць, трасці’ (Гарэц.), тармашы́ць ’тс’ (Бяльк.), сюды ж тармашэ́нне ’тузанне, торганне’ (ТСБМ). Параўн. рус. тормоши́ть ’тузаць, трасці’. Фанетычна змененае тармасіць (гл.) па аналогіі да формы 1‑й ас. адз. л. тармашу, польск. tormoszę і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́есны ’зусім падобны, аднолькавы, такі яе’ (ТСБМ). Новаўтварэнне ад о́есць, параўн. народнае то́ісь ’дакладна значыцца’ (гл. тоісь-то), рус. то́ есть ’гэта значыць’, польск. to jest ’тс’, па тыпу рус. тождественный ’той самы, аднолькавы, такі ж’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Утварыць кароткі звонкі гук, ударыўшы па металічным, шкляным ці інш. прадмеце. Я чуў, як зачыніліся вароты ў садку, як потым бразнула клямка і шарганула ў сенцах засаўка. Баранавых. Дзверы сянец бразнулі, і босая Параска ціха, як кошка, прайшла па двары. Лобан. // чым. Ударыўшы металічным або шкляным прадметам па чым‑н., утварыць гук. Аднак варта каму бразнуць талеркай ці нават хоць бы зняць з хлеба настольнік, як.. [кот] ужо тут. Якімовіч. Варта было ветру бразнуць форткай, як.. [Іна] ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Ваданосаў.

2. каго-што. З сілай кінуць, выклікаўшы шум, гук; грымнуць. Даніла ўсё ж такі схапіў Дудзько за грудзі, падняў і бразнуў аб зямлю. Пестрак. Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу ўсё, што трымаў у руках, — кнігі.., лінейку, мел — і ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Шамякін.

3. перан. Разм. Пазваніць па тэлефоне каму‑н. — Гэта мне, ёлупу, навука! — бубніць Дзямян Лукіч. — Падвёў карэспандэнт... Абяцаў даць у газету, калі мы поўным ходам разгорнем уборку, а што атрымалася?.. Няўжо так ужо цяжка было мне бразнуць, удакладніць? Аношкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліне́йка 1, ‑і, ДМ ‑нейцы; Р мн. ‑неек; ж.

1. Прамая лінія на паперы, дошцы і пад., якая дапамагае пісаць роўнымі радкамі, рабіць патрэбны нахіл літар. Сшытак у лінейку.

2. Планка для вычэрчвання прамых ліній. // Вылічальны, вымяральны інструмент такой формы. Маштабная лінейка. □ Юрку трэба было яшчэ купіць гатавальню, чарцёжную дошку, лагарыфмічную лінейку. Карпаў.

3. Адна з дарог унутры лагера, якая падзяляе яго на прамавугольныя ўчасткі — кварталы. [Пеця:] — Накінуўшы плашч-палатку, я хадзіў па лінейцы, якую толькі што сам старанна падмёў. Шамякін.

4. Строй у адну шарэнгу. Пастроіцца ў лінейку. // Збор (вайсковы, піянерскі, школьны), на якім удзельнікі выстраены ў шарэнгі. Вячэрняя лінейка. □ Зноў горны іграюць, На збор заклікаюць, Хутчэй на лінейку ідзём. Журба.

•••

Як па лінейцы — аб чым‑н. вельмі роўным, прамым, гладкім. Адсюль дарога была роўная, як па лінейцы, і была відаць далёка-далёка. Краўчанка.

ліне́йка 2, ‑і, ДМ ‑нейцы; Р мн. ‑неек; ж.

Уст. Доўгі мнагамесны адкрыты экіпаж з падоўжнай перагародкай, у якім сядзяць бокам да напрамку руху. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. Ззаду ехала чарада карэт, фаэтонаў і проста лінеек. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пане́сціся 1, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. панёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.

1. Пачаць рухацца з вялікай хуткасцю; паімчацца. [Злобіч] штурхануў нагамі пад бакі каню, панёсся ад абоза. М. Ткачоў. Не замаруджваючы хады, цягнік панёсся далей. Арабей. Адразу дыхнула прахалодай, па дарозе закружыліся віхорчыкі і панесліся ў стэп. Даніленка. // Разм. Хутка пабегчы, накіравацца куды‑н. Выскачыў [сын] на двор, аглянуўся — маці бегла за ім — і з усіх ног панёсся цераз агароды да лесу. Капыловіч. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Краўчанка.

2. перан. Пачаць распаўсюджвацца (пра гукі, пахі і г. д.). — Бо-о-ом! Бо-о-ом! — далёка панеслася водгулле ў начной цішыні. С. Александровіч. Паняслася песня хваляй, Хваляй па азёрах. Танк. Вокліч падхапілі вязні ўсіх камар, і ён панёсся па ўсіх трох паверхах турмы. Машара. // Распаўсюдзіцца, стаць вядомым (пра чуткі, звесткі і пад.). Зноў свісты «Салаўя».. Зноў аб ім панеслася гучная слава па ўсіх маёнтках. Бядуля.

пане́сціся 2, ‑нясуцца; пр. панесліся і панясліся; зак.

Разм. Знесціся — пра птушак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Вузкая пратаптаная людзьмі або жывёламі дарожка. Хадкевіч перасек свой сад і выйшаў на сцежку, што вяла цераз жыта. Васілевіч. Пратаптаная сцежка вілася праз пасеку і спускалася да Нёмана. Пестрак. Атрад быў добра ўзброены, меў нават два кулямёты, а воўчыя сцежкі на балотах мала падсыхалі і летам. Машара. // Зробленая для хадзьбы, праезду вузкая дарога ў парках, садах і пад. [Алёшка] чуў .. частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы. Лынькоў. Вера Мікалаеўна азірнулася — нідзе нікога. Пайшла па асфальтавай сцежцы ўздоўж дома. Арабей. Мутнае святло ад фары ледзь асвятляла веласіпедную сцежку, што вілася ўскрай дарогі. Чарнышэвіч. // перан. Пра вузкі доўгі след, які пакідае што‑н. Месячык выткаў на расе срэбныя сцежкі. Шамякін.

2. перан. Кірунак, шлях дзейнасці, развіцця каго‑, чаго‑н. Насуперак лютай напасці Мы ведалі — ў гэтым жыцці На долю нам выпала шчасце Па ленінскіх сцежках ісці. Хведаровіч. Нават камень рассыпаўся б дробнай жарствой, каб прайшоў ён па сцежцы жыццёвай тваёй. Дубоўка. // Наогул кірунак, шлях да чаго‑н. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, .. умее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапта́цца, тапчуся, топчашся, топчацца; незак.

1. Пераступаць з нагі на нагу на адным месцы. На паляне Анісім доўга таптаўся на месцы, чуйна ўслухоўваўся, з якога боку дзьме вецер, — хаця б не пачуў дзік чалавека. Сачанка. // Хадзіць туды-сюды на невялікай прасторы. Яшчэ больш .. [Антон] угнуў плечы і бязмэтна пачаў таптацца каля драбін. Чорны. — Чаго ж мы будзем таптацца на ганку? — зноў парывіста загаманіў Шырокі. Колас.

2. Рабіць што‑н., не дасягаючы мэты. Часці тапталіся на месцы, наступленне, было відаць, пачынала зрывацца. Мележ. // Рабіць што‑н., завіхацца, але без значнага плёну. [Касарыцкая:] — Тут дзень пры дні круцішся, топчашся, падмятаеш, даглядаеш... Іншы раз і знаку ніякага няма, як ваду ў ступе таўчэш... Грамовіч.

3. Глуміць, ходзячы па чым‑н. [Мікалай Патапавіч:] — Чаму вось гэтая .. «Фіялка» стаіць і жолаб з голаду грызе, а побач аднагодак топчацца па сене? Кулакоўскі. // Разм. Ходзячы па чым‑н., наносіць бруд. [Санітарка:] — І ночы на цябе няма! Ідзі спаць, хлопча, і не тапчыся па чыстай падлозе, усё роўна не пушчу. Грахоўскі.

4. Зал. да таптаць.

•••

Таптацца на (адным) месцы — не развівацца, не рухацца наперад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапа́ць, траплю, трэплеш, трэпле; незак., каго-што.

1. Ачышчаць валакно спецыяльнай прыладай, выбіваючы кастрыцу. Можна было цэлы дзень трапаць поруч з .. [Аняй] лён або стаяць ля малатарні і не пачуць ад яе ніводнага слова. Васілевіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.

2. Ласкава пагладжваць, пастукваць рукой, пальцамі. [Гарлахвацкі:] (Трэпле яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра. Крапіва. — З табою, брат, не прападзеш, — сам сабе пасміхаецца Амяльян і трэпле каня па крутой шыі. Колас.

3. Тузаць, гайдаць (пра вецер). Гуллівы вятрыска трэпле падалы .. спаднічак [дзяўчат], і яны прытрымліваюць іх рукой. Асіпенка. Расшпілены кажушок трапаў вецер. П. Ткачоў.

4. Частым або неакуратным ужываннем рабіць якую‑н. рэч непрыгоднай. Шкада, што [Сафрон] новыя боты па лясных дарогах трэпле.. Але нічога не зробіш. На такую работу не ў лапцях ісці. Чарнышэвіч.

5. Разм. Ісці вялікую адлегласць. [Сцёпка:] — Я сам гатаваўся, сто вёрст [пехатой] трапаў, здаў экзамены... Колас.

6. Пачаць біць, калаціць, уцягваць ворага ў частыя баявыя сутычкі. Трапаць варожую армію.

•••

Трапаць нервы — хвалявацца; моцна нерваваць каго‑н.

Трапаць (мянціць, малоць) языком — гаварыць шмат і без толку, гаварыць бязглуздзіцу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)