Матылёк ’насякомае з дзвюма парамі крылаў’ (ТСБМ, Яруш.; калінк., ЛАПП, гродз., Сл. ПЗБ), гродз., пруж., лях., беласт. маты́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ), мату́ль, моты́ль, моті́ль ’тс’ (паўд.-гом., ЛАПП), матыль ’матылёк’, ’лічынка камара як прыманка пры лоўлі рыбы’ (ТСБМ, Бес., Дразд., Федар., Шат.; докш., Янк. Мат.), ’блешня на шнуры, якая рухаецца за лодкай і служыць прынадай драпежным рыбам’ (Крыв., Браім), мо́тыльшмат матылькоў’ (Нас.), маты́ль ’гліст, аскарыда’ (докш., Янк. Мат.), матылі́, мітулі́ ’лічынкі стужачных глістоў, якія выклікаюць захворванне ў авечак і коз’ (в.-дзв., шальч., паст., Сл. ПЗБ; ветк., Мат. Гом.). Укр. моти́ль, мете́лик ’матылёк’, ’лічынка камара’, рус. моты́ль ’матылёк’, ’гліст’, ’моль’, польск. motyl ’матылёк’ н.-луж. mjatel, mjatelik, в.-луж. mjetel, чэш. motýl, славац. motýľ, славен. metúlj, metílj ’тс’, серб.-харв. мѐтил, ’гліст фасцыёла’, ц.-слав. матыль. Прасл. motylь, metylь (Бязлай, 2, 181), metelь (Махэк₂, 375). Шустар-Шэўц (12, 927–928) адносіць (з надзейнасцю) луж. лексемы да асновы met‑/mot‑ (гл. мата́ць), прыводзячы ў пацвярджэнне значэнне ’сняжынка’ ў в.-луж. mjetel, гэтым самым падкрэсліваючы, што дзеяслоў з асновы met‑/mot‑ азначаў такі рух, які перадаецца ст.-грэч. πάλλω ’трэсціся, трапятаць, паднімацца уверх’ і які ўласцівы птушцы перапёлцы (пырхаючы палёт), — таму і названы ў славен. гаворцы матыль, гэтаксама — prepelica (< і.-е. *pel‑). У бел. гаворках такія рухі перадаюцца словам матыль! ’хуткі рух чым-небудзь’, ’нечаканы ўдар’ (Нас.). Міклашыч (194), Мее (MSL, 14, 333) дапускалі, што прасл. лексема першапачаткова азначала ’гнаявік’, і прыводзілі ў пацвярджэнне ст.-рус. мотыла, мотыло ’гной’, ц.-слав. мотыло ’кал’. Брандт (РФВ, 22, 156) выводзіў мотыль са значэння ’кідацца туды-сюды’. Кіпарскі (ВЯ, 1966, 5, 135) узводзіць да мотать ’матаць’. Прыймальным можа быць меркаванне Махэка₂ аб сваяцтве прасл. metelь з літ. petelìškė і лат. petelīgs, калі прызнаць мену губных p/m. Трэба адзначыць яшчэ, што ў слав. гаворках існуе вялікая колькасць і варыянтнасць назваў матылькоў, таму што цяпер яны ўжо не з’яўляюцца семантычна празрыстымі для гаворачых, і што часткова гэтыя назвы — табу: ёсць вераванні, быццам матылькі, асабліва начныя, увасабляюць розных злых духаў, ведзьм, нячысцікаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адзё́р1 ’прыстасаванне, на якім сушаць віку, гарох і г. д.’ (Інстр. II), адзʼор ’від вулея, які ставяць на дрэве’ (Блін., Мяц., Анох.), odzior ’памост, на якім ставяць вулкі-калоды’ (Маш., Сержп.), ozʼor ’памост пад вулеем на дрэве, пад якім тырчаць вострыя спіцы, каб мядзведзь не ўзлез’ (КСТ), одра (КСТ) «адзёр‑вулей — ад стараславянскага одръ — памост, насілкі для нябожчыка, адсюль і палаткі, памосткі для вулляў, а пасля вулей» (Блінава, Мат. конф. МГПИ, 10), рус. одёр ’памост, насілкі для нябожчыка, памосткі для вулляў, памост, каркас воза’, ст.-чэш. odr ’ложа’, чэш. odr ’стоўп, каркас’, odry ’тычкі для вінаграду, будкі для лоўлі птушак’, славац. vôdor ’памост у гумне’, польск. odra ’памост пад вулеем’, балг. одр ’ложа, аканіца’, серб.-харв. о̀дар ’ложа, насціл’, славен. oder ’памост, адрына’. Існуе шмат этымалагічных версій (найбольш поўны агляд гл. Махэк, Slavia, 18, 1–2). Ільінскі, ЖМНП, 1904, апрель, 382: odrъ < o‑drъ ’прастор, акружаны дрэвам’, інакш Сабалеўскі, ЖМНП, 1904, Март. 180; Брандт, РФВ, 23, 1, 95: odrъ < dьrati; Бэцэнбергер, БВ, 27, 174; Уленбек, РВВ, 26, 295; Мерынгер, IF, 18, 256, звязвалі odrъ з ст.-ісл. jaðar ’верхняя бэлька ў плоце’, ст.-англ. eodor ’загон’ і іншымі германскімі паралелямі; Шэфталовіц (IF, 33, 141) параўноўвае odrъ з ст.-інд. ádgaḥ ’сцябло’, літ. uodegà ’тс’; Махэк (там жа, 85): odrъ < vodrъ < vedro, vędnǫti вянуць, сохнуць’ (odrъ — прыстасаванне для сушкі); Вайян (RÉS, 24, 187) выказвае сумненні наконт этымалогіі Махэка і прапануе параўнанне odrъ і лат. adît ’плесці’ (odrъ назва агароджы, параўн. плот). Ва ўсіх пералічаных этымалогіях этымон не звязваецца са значэннем, якое захавалася ў беларускіх словах (Усх. Палессе). Між тым літ. dravìs ’борць’, drevė̃ дупло’, лат. drava, dreve ’тс’, ст.-прус. drawine ’вулей’ несумненна звязаны з прасл. dervo ’дрэва’. Гэты факт, відаць, сведчыць у карысць этымалогіі Ільінскага з мадыфікацыяй Фасмера, 3, 123, які прасл. odrъ выводзіць з o‑drъ ’насціл вакол дрэва’.

Адзё́р2 (назва хваробы) (БРС, Янк. I, Шат., Сцяшк. МГ) «адзёр — хвароба (скура хворага робіцца чырвонай, як абдзёртая)» (Блінава, Мат. конф. МГПИ) да дзерці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сала́, со́лка ’востраў сярод ракі, пакрыты лазой і кустамі’, ’камяністы выступ сярод рэчкі’ (іўеў., Арашонкава і інш., БЛ, 3, 45), сала́ ’водмель, востраў’, ’узвышанае месца сярод балота’ (іўеў., віл., швянч., Сл. ПЗБ). З літ. salá ’востраў’; гл. Арашонкава і інш. у названай крыніцы; Сл. ПЗБ, 4, 350.

Са́ла1 ’тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС, Нар. сл.), ’сала, здор’ (Сл. ПЗБ), ’курыны тлушч’ (Жд. 1), ’гусіны тлушч’ (Мат. Гом.), ’мясістая абалонка ў гарбузе’ (навагр., З нар. сл.), ’белая сарцавіна камыша’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.), салны́ця ’унутранае сала’ (Сл. Брэс.). Агульнаславянскае; рус. са́ло ’сала, нутранае сала’, укр. са́ло ’сала; здор’, стараж.-рус. сало, польск. sadło ’нутраны тлушч наогул’, в.-луж. sadło ’топленае сала, тлушч’, н.-луж. sadło ’нутраны тлушч, сала’, чэш. sádlo ’від жывёльнага тлушчу’, славац. sadlo ’тс’, серб.-харв. са̏ло ’нутраны тлушч, свіны тлушч’, славен. sál̥o ’нутраны тлушч’, балг. са́ло ’нутраны тлушч’, ’мяккая тканка вакол насення ў гарбузе, перцы і г. д.’, макед. са́ло ’свіны тлушч; нутраны тлушч’. Прасл. *sadlo. Дэрыват ад кораня *sad‑ (які ў *saditi ’садзіць’), г. зн. ’тое, што садзіцца на мяса або на нейкія часткі цела’; гл. Міклашыч, 287; Мацэнауэр, LF, 19, 244; Младэнаў, 567; Брандт, РФВ 24, 145; Фасмер, 3, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сумненні адносна словаўтварэння ў Махэка₂ (535), які праславянскай лічыць форму *sadidlo, і Рэйзака (558); апошні лічыць магчымым утварэнне слав. слова ад і.-е. sa‑ ’сыціць’. Аналагічна Сной₁, 552. Мартынаў (Этимология–1982, 9) параўноўвае з прус. saltan ’сала’, літ. lašiniai ’сала’, марфалагічна тоесных слав. *sadlo, але фанетыку кораня цяжка давесці.

Са́ла2 ’бома для прыціскання бервяна на козлах’ (дзісн., КЭС), ’рычаг (цяжкае бервяно)’ (нараўл., Сл. ПЗБ), ’груз на калодзежным жураўлі’ (Сл. Брэс.). Да сала1. Калька літ. lašinai ’сала’, ’палка або чурбан для прыціскання дошак’.

Сала3 ’«жалезныя свечы» на аржавенні-вадзе, дзе шмат жалезных спалучэнняў’ (Нік. Очерки). Да сала1 (гл.).

Са́ла4 ’ледаход’ (Байк. і Некр.). Да сала1, параўн. рус. са́ло ’першая корка лёду’; гл. Фасмер, 3, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насі́цца, насіўся, носішся, носіцца; незак.

1. Тое, што і несціся ​1 (у 1 знач.), але абазначае рух у розных напрамках, працяглы, у розны час. [Камандзір] насіўся ўдоўж лініі фронта пад жорсткім агнём. Брыль. Над нізкім іржышчам .. насіліся шпакі. Пташнікаў. Цэлымі днямі .. [Косцік] насіўся з сябрамі вакол азярца, што шапацела хвалямі за вёскай. Даніленка. // Хутка перамяшчацца (пра вецер, хмары, пыл і пад.). Па-над полем носіцца гуллівы лёгкі вецер. Галавач.

2. перан. Разносіцца, распаўсюджвацца (пра гукі, чуткі, пахі і пад.). Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі. Лынькоў. Цераз паўгадзіны па ўсім Бродзе насіліся чуткі пра вайну. Баранавых. Над поплавам носіцца пах свежазгрэбенага сена. Галавач.

3. Быць, знаходзіцца ў нашэнні. Паліто добра носіцца. □ [Дзядзька] нават раіўся з Толем, якую падэшву лепш, паставіць пад бот, каб ён даўжэй насіўся. Даніленка. // Быць ва ўжыванні, у модзе. Універсітэцкі значок носіцца з правага боку.

4. Разм. Празмерна захапляцца кім‑, чым‑н.; вельмі многа думаць, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Насіцца з ідэяй. □ [Галя:] — Не раўнуючы, як хлапчанё якое, з авантурамі рознымі носіцца. Можа яно і не авантура, можа ён [Ігнат] проста кепікі нада мной строіць. Лынькоў. // Надаваць вялікае значэнне, удзяляць шмат увагі чаму‑н. — І вось бачыш, — .. [Сяргей] паказаў на нагу, — нашуся цяпер з ёй, як з цацкай. Сіўцоў.

5. Разм. Задавацца. Ён, Юрка, паказаў бы таму Чаркашыну... Ён нават не ведае, што зрабіў бы... Але хай Чаркашын надта не носіцца... Юрка яму яшчэ не даруе. Пташнікаў.

•••

Насіцца ў паветры — пра блізкі надыход чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іго́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Прылада для шыцця — тонкі металічны шпень з завостраным канцом і вушкам для ніткі. Кравецкая іголка. Машынная іголка. Мяшочная іголка. Уцягнуць нітку ў іголку. □ Ні зямлі, ні каня.. [кравец] не меў, дома сядзеў мала, а паўвека свайго правандраваў па свеце з адмысловай іголкай, шыючы людзям кажухі.. Чорны.

2. Тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння. Патэфонная іголка. Іголка для падскурных упырскванняў.

3. Ліст хвойных дрэў і кустоў. Ядлаўцовая іголка. Хвойныя іголкі. □ Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. // Калючка ў некаторых раслін. Шыпшынавая іголка. Кактусавая іголка.

4. Тонкая калючка на целе некаторых жывёл. На сцежку з-за сасны, вакол якой ляжала шмат галля, выкаціўся, пыхкаючы і шоргаючы сваімі іголкамі, маленькі вожык. В. Вольскі.

5. чаго або якая. Тонкі востры крышталь чаго‑н. Іголкі інею. □ Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны.

6. звычайна мн. (іго́лкі, ‑лак); перан. Зласлівыя насмешкі, выказванні. Падпускаць іголкі. □ — Наогул, Шэмет дзівакаваты чалавек. Ты да яго, бывае, як ватка прыляжаш, а ён да цябе вожыкам, іголкі свае так і садзіць. Лобан.

•••

З іголкі — тое, што і з іголачкі (гл. іголачка).

Не іголка (у знач. вык.) — знойдзецца, не згубіцца.

Хоць іголкі збірай гл. збіраць.

Як іголка ў стозе сена — непрыкметны, якога нельга знайсці. — У горадзе — у натоўпе, дзе снуюць тысячы самых розных, і гарадскіх, і прыезджых, — ты будзеш як іголка ў стозе сена. Мележ.

Як на іголках — у стане нервовага ўзбуджэння, хвалявання (быць, сядзець і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Не прапасці, не знікнуць; застацца ў наяўнасці. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі... Захаваўся толькі барок на адным з узгоркаў. Хадкевіч. Аб жыцці і творчасці Паўлюка Багрыма захавалася мала дакументальных звестак, нічога пэўнага не могуць сказаць яго землякі. С. Александровіч. // Не змяніцца, застацца ў ранейшым стане. — Дзіўна, як голас .. у чалавека захаваўся. Чорны. // Застацца ў каго‑н., пры кім‑н.; не страціцца. Я ля брамкі стаю. Прыглядаюся пільна і строга. Штосьці ўсё ж захавалася, штось пазнаю Ад таго птушаняці малога. Гілевіч. // перан. Утрымацца ў памяці, запомніцца. У галаве цьмяна захаваліся толькі некаторыя эпізоды [сустрэчы з Данутай]. Карпюк. У мяне трывала захаваліся ў памяці вялікі луг з густой і высокай травой і дубы на беразе Сажа. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не папсавацца, не пашкодзіцца. Бульба ў склепе добра захавалася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не прайсці, не страціцца (пра пачуцці, настрой). І хоць часу прайшло багата і абое яны сталі не такія, якімі былі шмат гадоў назад, але ж колішняя прыязнасць захавалася. Новікаў. Ваяўнічы, прыўзняты настрой захаваўся ў Міхала і назаўтра. Карпаў.

4. Разм. Размясціцца так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схавацца. Па бацькавых старых плячах Гуляў бізун белапаляка... Са страхам жудасным у вачах Сын захаваўся й горка плакаў. Чарот. // Стаць нябачным або малапрыметным сярод чаго‑н., у чым‑н. Рады бярозавых крыжоў.. амаль што захаваліся ў густых зялёных травах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. каго-што. Пражыць даўжэй за каго‑, што‑н., застацца жыць пасля смерці, гібелі каго‑, чаго‑н. Выраслі ўнукі, а сыноў няма, усіх чатырох перажыў ён, стары бацька. Навуменка.

2. каго-што. Разм. Праіснаваць, прабыць, захавацца даўжэй за каго‑, што‑н. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Бачыла. А рэшткі колішніх збудаванняў перажылі сваіх гаспадароў. Шыцік. // Доўга не страціць свайго значэння; захаваць сваё значэнне пасля смерці аўтара, стваральніка і пад. (пра творы мастацтва і інш.). Хіба перажыла сябе брама, напісаная ў мастацкай манеры п’ес Горкага. «ЛіМ».

3. што. Пражыць, перабыць які‑н. час; знайсці ў сабе сілы перанесці, выцерпець што‑н., справіцца з цяжкасцямі. — Не плач, перажывём бяду-вайну, — Янук пачаў Раіну суцяшаць. Танк. [Карп:] — Ну, нічога, унучак... Мы перажывём гэта. Перажывём... Шамякін. [Васіль:] Я лякарствы прывёз, — тыя, што Дора Абрамаўна выпісала. Маладзец, кажа, твой бацька. Ён і не такі сардэчны прыступ перажыве. Даніленка.

4. што. Зазнаць, нацярпецца ў жыцці. Косця слухаў Таню, і яму рабілася страшна, страшна, што такое магло быць на свеце, што такое магла перажыць Таня. Арабей. — Як сям’я? Уцалела? — спытаў між іншым Павел. — Уцалела. Пісалі, шмат чаго перажыць давялося. Пальчэўскі. // Зведаць якое‑н. пачуццё. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед. Ракітны.

•••

Перажыць (самога) сябе — а) захаваць сваё значэнне пасля смерці; б) страціць сваё значэнне пры жыцці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.

1. што. Зрабіць нанава, іначай што‑н. зробленае. — Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. Знайдзі мне ў цэху такога спецыяліста, які б не папраўляў пасля кантралёраў! Ну, хутчэй называй! А яны самі перарабілі, да праверкі... Мыслівец. // Апрацоўваючы дадаткова, унесці якія‑н. змены. Перарабіць канцоўку п’есы. Перарабіць артыкул. □ Майстру жыць не даў, пакуль той не перарабіў каласнікоў у топцы на пад’ёмныя. Шынклер. // на што, у што. Зрабіць з чаго‑н. аднаго нешта іншае. Шырокую трыбуну хутка перарабілі ў падмосткі. Шамякін. Тых, хто войнамі шчасце скаваў, Даканаем... Пераробім у трактар свой танк баявы... Куляшоў. Сяргей быў добры майстра і паспеў перарабіць ужо сваю шматзарадку на аўтамат. Няхай. Багацце нявесты на шчасце не пераробіш. Прыказка.

2. перан.; што. Змяніць карэнным чынам, пераўтварыць што‑н. — Для мяне стала ясна, што толькі рабочы клас, кіруемы бальшавікамі, здольны перарабіць свет на новы лад. Гурскі. // каго-што. Прымусіць змяніцца, стаць іншым. Перарабіць характар. □ Не, бацька, цяпер не тое. Можа, гэтак калісь было, а рэвалюцыя мужыка перарабіла. Галавач.

3. Папрацаваць больш, чым трэба. Перарабіць дзве гадзіны.

4. Разм. Працуючы вельмі многа, ператаміцца.

5. што. Зрабіць, нарабіць усё, многае. Панскай работы — у гэтым я паспеў ужо добра пераканацца, — як ні старайся, як ні шчыруй, усё адно не пераробіш. Сачанка. — І твае і мае рукі шмат перарабілі работы. Паслядовіч.

6. што і чаго. Разм. Зазнаць усялякай працы, нарабіцца. Чаго ён толькі не перарабіў за сваё жыццё!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́сціць, пешчу, песціш, песціць; незак.

1. каго. Любоўна даглядаць, гадаваць каго‑н. Нічога асаблівага [Аўстра] не жадае: самой хадзіць па хаце, завіхацца каля печы, карміць і песціць дзяцей. Кучар. // пераважна з адмоўем «не». Ствараць для жыцця, дзейнасці каго‑н. вельмі спрыяльныя ўмовы. Лёс не песціў вандроўнікаў космасу. Гамолка. Жыццё дарэмна іх [дзяўчат] не песціць, Яны не ў кветніку цвітуць. Пысін. Як малодшую, .. [Зіну] песцілі можа больш, чым трэба было, не адмаўлялі ні ў чым, хаця ў хаце было не густа. Шыцік. // Патураць усім жаданням каго‑н., балаваць; распешчваць. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў. // перан.; што. З любоўю даглядаць, ахоўваць што‑н. Думаў Дзям’ян пра шмат што: пра зямлю, якую песціў і любіў; пра дом свой, пабудаваны за савецкія часы. Кавалёў. Старыя любяць сваю справу, старанна даглядаюць машыну, песцяць яе. Шынклер.

2. каго. Праяўляць ласку, лашчыць, галубіць каго‑н. Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю. Мележ. Славік пайшоў па руках, яго песцілі, падкідалі, як мячык. Гурскі.

3. перан.; каго-што. Дзейнічаючы на органы пачуццяў, выклікаць прыемныя адчуванні (пра вецер, сонца і пад.). Вецер песціць твар. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. Сонца, быццам знарок, свеціць проста ў твар, сагравае цябе, песціць. Лупсякоў.

4. перан.; што. Жадаць здзяйснення чаго‑н. прыемнага; пялегаваць. Песціць надзею ў сэрцы. Песціць мару. □ Кожны глядзеў на полымя, песцячы свае пакуль нікому не адкрытыя думкі. Пестрак.

•••

Песціць вочы — пра што‑н. прыгожае, прыемнае на выгляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.

1. Варушачы, раскінуць што‑н. складзенае, сабранае. Сцёпка разварушыў вогнішча і прыгарнуў бульбу вуголлем. М. Ткачоў. Васіль падышоў да брычкі, адвязаў лейцы, разварушыў свежае сена на сядзенні. Савіцкі. А вецер раптам друз разварушыў І разгарнуў стары вучнёўскі сшытак. Бураўкін. // Прывесці ў рух, прымусіць варушыцца. Язэпка падняўся, разварушыў сяк-так ногі і пайшоў, кульгаючы, па ржэўніку. Якімовіч. — Прачнуўся раз пад раніцу — не магу паварушыцца, зусім закалеў. Сяк-так устаў, разварушыў косці. Дамашэвіч.

2. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Паварушыўшы што‑н., раздражніўшы каго‑н., выклікаць хаатычны рух; вывесці са стану спакою. Разварушыць звера ў бярлозе. □ Мне шкада было бачыць, як разварушаныя чмялі сіратліва кружацца над сваёй разбуранай хатай. Грамовіч. [Салдаты] беглі і паўзлі, нібы з разварушанага мурашніка, залягалі і падымаліся зноў. Грахоўскі.

3. перан. Разм. Вывесці са стану апатыі, абыякавасці; ажывіць. Часамі ўдавалася .. [Тукалу] разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі і смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму. Колас. Вікторыя і так і гэтак загаворвала з .. [Генадзем], але не дала ніяк рады яго разварушыць. Сабаленка. // Выклікаць жаданне дзейнічаць, займацца чым‑н. Шмат папрацавалі Аня і яе сябры-актывісты, пакуль разварушылі вясковую моладзь, зацікавіла яе камсамольскімі справамі. Кухараў.

4. перан. Разм. Прабудзіць, выклікаць, узмацніць (якія‑н. думкі, пачуцці і пад.). Бабуля нешта думае. Казка, відаць, разварушыла ўспаміны. Брыль. // Расхваляваць, пазбавіць спакою. Разварушыць душу. □ Палонны пайшоў на кватэру засмучоны, пануры. Усё гэта, гэтае спатканне і гаворка, разварушылі яму сэрца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)