Ільну́ць ’гарнуцца, ліпнуць’ (Нас., Касп.), ’аказваць прыхільнасць’ (Нас.). Карскі (1, 262) адзначае ненародны характар слова. Рус. льнуть, смал. ильна́ти, ильну́ть, укр. линути, чэш. lnouti, славац. ľnúť, серб.-харв. прио̀нути. Ст.-слав. прильнѫти, ст.-рус. льнути. Пратэза і‑. Ступень чаргавання да ліпнуць (гл.): прасл. *lьpnǫti са спрашчэннем pn > n, Бернекер, 1, 754; Праабражэнскі, 1, 455–456; Махэк₂, 337–338; Фасмер, 2, 543.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ільні́шча ’поле, з якога сабралі лён або на якім папярэдняй культурай быў лён’ (ТСБМ, Мат., Юрч., Мат. Гом., Янк. II); параўн. рус. дыял. льни́ще, ильни́ще, укр. льони́ще, польск. lnisko, в.-луж. lenišćo, чэш. lniště, дыял. leniště, славен. laníšče, серб.-харв. ла̀нӣште, балг. ле́нище, макед. лениште. Агульнаслав. арэал пашырэння дазваляе меркаваць аб прасл. утварэнні з суф. ‑išče ад *lьnъ (гл. лён); параўн. ільнянішча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імглі́ць, імглі́цца ’імжэць’ (ТСБМ), імлі́ць (Сцяшк. МГ), імле́ць (Сцяц.) са стратай ‑г‑ у кансанантнай групе; форма і́ліць (Бяльк.), відаць, пад уплывам дзеяслова ліць. Рус. дыял. мглить, польск. mglić, mgleć, в.-луж. miholić, чэш. mlholiti, mrholiti, славац. hmliť sa, славен. megliti se, серб.-харв. ма́глити се, балг. мъгле́я се, макед. магли се. Прасл. дзеяслоў на ‑iti ад *mьgla (гл. імгла), суадносны з імжыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ісце́ц ’асоба, якая прад’яўляе іск’ (ТСБМ). Рус. истец ’тс’, польск. iściec ’уладальнік’, ’крэдытор’, ’даўжнік’, ’паручыцель’, ’сведка’, ст.-чэш. jistec ’уладальнік, крэдытор’, ’даўжнік’, ’абвінаваўца, ісцец’, серб.-харв. ѝстац ’законнае дзіця’, ’раўня’, балг. ище́ц ’ісцец’. Ст.-рус. истецъ ’ісцец’, ’адказчык’, ст.-бел. истец ’тс’. Прасл. вытворнае з суф. ‑ьcь ад *jьstъ (гл. існы). Трубачоў, Эт. сл., 8, 247; Фасмер, 2, 142; Слаўскі, 1, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рці1, перць ’ісці, лезці куды-небудзь, не зважаючы на перашкоды (ТСБМ), ’гнаць, выганяць’ (ТСБМ; Нас.; сміл., Станк.), ’хутка ехаць, бегчы’ (Шат.), ’прагна есці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’падаць (пра снег)’, (петрык., Мат. Гом.), ’напіраць, груба сунуць з сілай; перамяшчаць з энергіяй, рухацца з імпэтам’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ісці (пра дым, пыл)’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пе́рцца, пе́рца ’ціснуцца, пхнуцца’ (Бяльк.), ’выходзіць масай, напорам (пра дым, пару)’ (Юрч. СНЛ), пе́рціся ’выбівацца на паверхню (пра расліны)’ (ТСБМ). Укр. пе́рти ’перці, напіраць; гнаць; рухацца, ісці’, ’выпіраць (паветра, дух)’, пе́ртися ’лезці, напіраць’; рус. пере́ть ’ісці, прасоўвацца праз перашкоды; бегчы’, ’хутка ехаць’, ’напіраць, ціснуць’, ’есці’, польск. przeć ’напіраць, націскаць’, ’імкнуцца да чаго-н., настойліва дамагацца’, ’пяцца, тужыцца’, славен. pẹ́riti ’устаўляць зубы ў граблі, спіцы ў кола, шчаціну ў дратву’, серб.-харв. (на)пѐрити ’накіраваць, навесці’, ’утаропіцца’, ’намерыцца’, макед. (па)пери ’накіраваць, рушыць’, (на)перкува ’напіхваць’, балг. (па)пе́ря, (па)пе́рвам ’узвышацца’, ц.-слав. (на)перити ’пракалоць, прабіць, прадраць’. Прасл. *perti, *periti, роднаснае ст.-грэч. πείρω (< *perі̯о), περάω ’прарываюся, пранікаю, праходжу’, περόνη ’востры канец, джала, вастрыё’, πόρος ’праход’, ст.-інд. píparti ’перавозіць, суправаджае’, гоц. farjan ’ехаць’, лац. portus ’прыстань’ і інш. (Траўтман, 215; Покарны, 816; Фасмер, 3, 240; Бязлай, 3, 26 і 130–131; Куркіна, Этимология–1968, 95). Сной (гл. Бязлай, 3, 26) мяркуе, што прасл. *periti, хутчэй за ўсё, з’яўляецца дэнамінатывам.

Перці2 ’несці з цяжкасцю, везці што-н. цяжкае’ (Нас., Серб., ТСБМ, ТС, Юрч. Сін.; міёр., Нар. лекс.; сміл., Станк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’хутка несці цяжкую ношу на вялікую адлегласць’ (Растарг.), драг. прэ́тытэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. славен. pŕitati ’ўзяць/браць ношу на спіну; напружвацца, рабіць намаганні’, ’няўклюдна лезці’, серб.-харв. пр̏тити ’несці на спіне’. Апошнія суадносяць (Сной, гл. Бязлай, 3, 13 1) з прасл. *pъrtъ/*pьrtъ ’кавалак палатна’, а таксама ’вяроўка, рэмень’, параўн. славен. pŕča ’вяроўка, якой прывязваюць скаціну на пашы’, чак. op̏rta ’вяроўка з ліпавага лыка’. Скок (3, 58) серб.-харв. пр̏тити звязвае з пр̏тен ’ільняны, палатняны’ і pratež ’тавар, багаж’, для якіх аднаўляе корань і.-е. *per‑ з пашыральным суф. ‑t‑. Куркіна (Этимология–1975, 19–23) для групы слоў вакол серб.-харв. пр̏тити прапануе ў якасці зыходнай аснову *pъrtъ ’вяроўка, шнур, рэмень’, збліжаючы яе з літ. spartas ’стужка, завязка, абруч’, ст.-грэч. σπάρτον ’ліна, канат, вяроўка’. Тады развіццё семантыкі праходзіла наступным шляхам: ’вяроўка, шпур, рэмень’ > ’груз, ноша’ > ’цягнуць’.

Перці3 ’праць бялізну’ (глыб., Сл. ПЗБ), пе́раць ’тс’ (карэліц., бяроз., чэрв., там жа), перць ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́каць, сі́кацца ‘мачыцца’ (Нас., Федар. 6), ‘пырскаць вадой з цацкі, якая завецца “сікаўкай”’ (гл.) (Нас.), сі́кі ‘мача’ (Шат., Стан., Сл. ПЗБ). Укр. си́кати, рус. си́кать, ‘мачыцца’, польск. sikać ‘пырскаць, біць струмянём’, в.-луж. sykać, н.-луж. sykaś, чэш. дыял. sikać ‘крапіць, пырскаць’, sykať, šykač ‘пырскаць, мачыцца’, славац. sykať ‘пырскаць; мачыцца’, sikać, cikať ‘мачыцца’, серб.-харв. си́кати ‘шыпець, лаяцца’, славен. síkniti ‘шыпець, пырскнуць цурком’, балг. си́кам ‘шыпець’. Фасмер (3, 620) ставіць пытанне аб выдзяленні сярод гэтых слоў дзвюх груп: са значэннем ‘пырскаць; мачыцца’ і значэннем ‘шыпець’. Скок (3, 384) серб.-харв. си́кати разглядае ізалявана ад заходне- і ўсходнеславянскіх дзеясловаў. Таму, відаць, следам за Махэкам₂ (538), тут трэба выдзеліць усходне- і заходнеславянскія словы са значэннем ‘біць струменем; пырскаць; мачыцца’ і рэканструяваць прасл. *sikati, што лічыцца ітэратывам ад сцаць (гл.). Гл. таксама Борысь, 547 (з уключэннем славенскага дзеяслова). Інакш Праабражэнскі (2, 284 і наст.), які схіляецца да гукапераймальнага ўтварэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раўні́вы ’ахоплены зайздрасцю, недаверам, нявер’ем у каханні’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сюды ж раўні́ць ’раўнаваць’: раўніў ка ўсім (Ян.); рэўні́вы ’тс’ (ТС), ст.-бел. ревн​ѕикъ ’раўнівы’ (XVI ст., Карскі 2–3, 36). Параўн. укр. ревни́вий, рус. ревни́вый ’хто сумняваецца ў адданасці, шчырасці пачуццяў’, польск. rzewniwy ’расчулены, усхваляваны’, чэш. řevnivý, серб.-харв. ревнив, ревњив (з рускай, Глухак, 526), балг. ревни́в, ст.-слав. рьвьнивъ, ревнивъ ’хто падазрае ў нявернасці’. Прасл. *rьvьnivъ(jь) утворанае ад *rьvьnъ ’старанны, імклівы’, параўн. серб.-харв. ре́ван ’сумны’, славен. réven ’бедны, жалюгодны’, польск. rzewny ’чулы, чуллівы; шчыры, адданы’, якое звязваюць з раўці (гл. раўсці), гл. Фасмер, 3, 455; БЕР, 6, 199. У народнай мове звязваецца з дзеясловам раўнава́ць ’прыраўноўваць, супастаўляць’, параўн. раўнаваць (ровнова́ць) ’зраўноўваць; параўноўваць; даваць правільны кірунак, прымяняць; не давяраць у каханні’ (Нас.); роўнова́ць ’пытаць (?)’: До крыніцы побежала / Гей ліце свое раўнавала (Доўн.-Зап., Пін.), што да роўны (гл.). Гл. таксама рэўнасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́рзнуць ’адчуваць холад’, ’гінуць ад марозу’, ’рабіцца халодным, дубець’ (ТСБМ, Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), мёрзлы ’зацвярдзелы, сапсаваны ад марозу’, ’вельмі халодны’ (ТСБМ). Укр. ме́рзнути, рус. мёрзнуть, ст.-рус. мьрзнути, польск. marznąć, каш. mʼařǫc, н.-луж. marznus, в.-луж. mjerznyc, чэш. mrznout, славац. mrznuť, славен. mŕzniti, серб.-харв. мр̏знути, макед. мрзне, балг. мръзна, ст.-слав. мръзнѫти. Прасл. mьrznǫti, якое з’яўляецца інхаатывам ад mьrzěti: ст.-бел. меръзки(й), меръзокъ (спачатку) ’халодны’, потым ’гадкі, агідны, брыдкі, непрыстойны’ (Булахаў, Гіст., 130–131), рус. мерзкий, серб.-харв. мр̏зак, чэш., славац. mrzký, mrziti і г. д., аснова якога з’яўляецца другой ступенню кораня morz‑ (гл. мароз). Зычны ‑z‑ у ёй узыходзіць да і.-е. *‑g̑‑ у аснове *merg̑‑, параўн. ірл. meirc ’згорнуты ў складкі’, с.-в.-ням. murc > новав.-ням. morsch ’гнілы, стары, трухлявы, паморхлы’ (Скок, 2, 472–3). Аб прагерм. marzjan — пранікненні з прасл. mьrzěti, morziti гл. Мартынаў (Лекс. взаим., 218–220). Гл. таксама мерзці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навой ’дэталь у кроснах’ (Бяльк., Гарэц., Тарн., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ, ТС), навоі ’частка кроснаў’ (Воўк-Лев., Татарк.), навойка ’тс’ (полац., Нар. сл.; Янк. 1, Мат. Гом., ТС). Укр. навій, рус. наво́й, польск. nawój, чэш. návoj, славац. návoj, н.-луж. nawój ’тс’, серб.-харв. дыял. на́вој ’дзве расошкі, на якія кладзецца задняе вараціла пры навіванні асновы’. Да навіваць, віць, параўн. навіць ’наматаць’ (Бяльк.), першапачаткова адносілася, відаць, да задняга вала ў кроснах, пра што сведчыць значэнне серб.-харв. дыялектнай назвы (Машынскі, Kultura, 1, 349), і звязвалася з навіваннем нітак асновы на яго; не выключана, што гэтым словам называлася само навітае прадзіва, пра што можа сведчыць балг. дыял. навой ’тонкая звітая вяроўка, якой абвязваюць абмоткі на нагах’, перанос назвы на вараціла і іншыя дэталі, якія звычайна маюць праславянскія назвы, праз стадыю ’вал з навітым на яго прадзівам’, параўн. докш. Навой — пяць губак і болей (Сл. ПЗБ). Адносна чаргавання гл. Шустар-Шэўц, 994.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кічка1 ’гронка’ (Мат. Гом.), ’хамуціна, падціснутая пад клешнямі хамута’, ’валік з ануч, які насілі маладзіцы пад чапцом’ (Нар. словатв., Тарнацкі, Studia). Рус. кичка ’сабраныя ў пучок валасы жанчыны’, укр. кичка ’старадаўні галаўны ўбор жанчыны’, ’пракладка пад хамутом’, балг. кичка ’галаўны ўбор’, серб.-харв. (ц.-слав.) кычька ’валасы’, польск. kiczka ’пучок, звязка, маленькі сноп саломы, валік валасоў у жанчыны’, чэш. kyčka ’пучок валасоў, чуб, кутас, вязка’. Да прасл. kyčьka < kyka. Параўн. укр. кика ’галаўны ўбор маладой’, рус. кика ’жаночы галаўны ўбор’, ’частка хамута’, ст.-рус. кыка ’валасы на галаве, павязка’, ст.-слав. кыка ’пучок валасоў’, балг. кика ’тс’, серб.-харв. ки̏ка ’каса’, славен. кіка ’пучок валасоў’. Параўн. апафанічныя варыянты: лат. kika ’чуб’, ст.-інд. kucáte ’звіваецца’. Махэк₁, 243 мяркуе аб першасным значэнні ’пучок валасоў, чуб’ для прасл. kyka.

Кі́чка2 ’сечка (для рубкі чаго-небудзь)’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма кантамінацыя, семантычнае прыпадабненне кічка1 да сечка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)